птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Еўропе, Зах.Азіі, Манголіі, на ПнУ Кітая. Жыве пераважна на вярховых балотах, у поймах азёр і рэк, радзей на сухіх травяністых астравах, лугах і палях побач з мокрымі поймамі. На Беларусі рэдкі від, занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на ўсёй тэр., часцей у Бел. Паазер’і і на Палессі. Нар. назвы вялікі кулён, вялікі бакас.
Даўж. да 70 см, маса да 1 кг, самкі большыя за самцоў. Афарбоўка бура-шэрая з чорнымі падоўжнымі стракацінамі, надхвосце і бруха белыя. Дзюба даўж 12—18 см, загнутая ўніз. Ногі доўгія. Гняздуецца невял. калоніямі або асобнымі парамі; гняздо на зямлі або на купіне. Выседжвае 4, вельмі рэдка 3 або 5 птушанят. Корміцца малюскамі, чарвямі, насякомымі і іх лічынкамі, дробнымі жабамі, зрэдку ягадамі і насеннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ ШАЎКО́ВЫ ШЛЯХ,
караванны шлях з Кітая ў краіны Сярэдняй і Пярэдняй Азіі ў 2 ст. да н.э. — 15 ст.н.э. Адкрыты ў час падарожжа Чжан Цяня. Ішоў з Сіяня праз Ланьчжоў у Дуньхуан, дзе раздвойваўся: паўн. дарога ішла ў Ферганскую даліну, паўд. перасякала горныя хрыбты Паміра, вяла ў Індыю і на Б. Усход. Гал. таварам быў кіт. шоўк, асн. гандлярамі — сярэднеазіяцкія купцы-пасрэднікі. Актыўна выкарыстоўваўся для дыпламат. сувязей, асабліва на мяжы 1—2 ст., калі ў Кітай і з Кітая штогод адпраўляліся пасольствы, якія суправаджаліся гандл. караванамі. У 3—6 ст. выкарыстоўваўся як «дарога пілігрымаў», па якой будыйскія манахі ішлі з Кітая ў Індыю і назад. У 10 ст. па шляху ўстанавіліся сувязі Кітая з Візантыяй, арабамі. У 13—14 ст. злучыў аддаленыя раёны Манг. імперыі. Заняпаў з развіццём марскіх зносін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЧЫ́ЦА (Sinapis),
род кветкавых раслін сям. капуставых. 10 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Еўропе, Зах.Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі як пустазелле на палях, агародах, каля дарог трапляюцца гарчыца палявая, або дзікая (S. arvensis), і гарчыца белая, або англійская (S. alba). Гарчыцу белую культывуюць як кармавую, алейную і вострапрыпраўную расліну. Гарчыцай таксама называюць некат. віды капусты, марской гарчыцы.
Адна-, рэдка двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом выш. да 1 м. Лісце суцэльнае ці лірападобна-надрэзанае, чаргаванае, апушанае. Кветкі невялікія, двухполыя, жоўтыя ці белавата-жоўтыя, у доўгіх гронках. Плод — двухстворкавы стручок з доўгім носікам. Вострапрыпраўныя, харч., кармавыя, лек. і меданосныя расліны, некаторыя віды — пустазелле. Насенне мае да 40% тлустага алею, гліказід сінігрын, фермент міразін. З яго робяць харч. гарчычны і эфірны алеі, сталовую гарчыцу, мед. гарчычнікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КІ ВІНАГРА́Д (Vitis sylvestris),
лясны вінаград, дзікі еўрап.-азіяцкі від вінаграду. Паводле інш. уяўленняў, падвід або форма вінаграду культурнага — звычайнага (V. vinifera) ці яго здзічэлая форма, магчыма, продак. Пашыраны ў Сярэдняй і Паўд. Еўропе, Закарпацці, Прыднястроўі, Крыме, на Каўказе, у Малой, Сярэдняй і Зах.Азіі. Расце дзіка ў далінах рэк, поймавых лясах, у хмызняках і на камяністых схілах.
Двухдомная лістападная ліяна або куст, які сцелецца, з лазячымі парасткамі даўж. да 10 м і дыям. 10—15 см. укрытымі буравата-шэрай карой. Лісце амаль цэласнае, 3—5-лопасцевае, круглаватае, ныркападобнае, па краі няроўна буйназубчастае, на чаранках. Кветкі дробныя, зеленаватыя, сабраныя ў складаныя мяцёлчатыя суквецці. Плод — чорная, з шызым налётам, зрэдку белая ягада. Харч., вітамінаносная расліна, выкарыстоўваецца ў селекцыі культ. сартоў вінаграду. Дз. в. часам наз. расліны з роду дзявочы вінаград.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАВО́ЛЬСКІ (Іван Вікенцьевіч) (1780—90-я г., Магілёўшчына — 1851),
скрыпач, дырыжор, кампазітар, фалькларыст, педагог, муз. дзеяч. Быў рэгентам хору і капельмайстрам духавой і інстр. музыкі магілёўскага епіскапа Анастасія. Каля 1810 пераехаў з капэлай у Астрахань. Адзін з арганізатараў астраханскага т-ра (з 1820 яго антрэпрэнёр, разам з Ц.Цімафеевым). З пач. 1840-х г. працаваў настаўнікам музыкі ў Гродзенскай гімназіі; узначальваў аматарскі аркестр. Вял. значэнне мела выданне Дабравольскага «Азиатского музыкального журнала» (1816—18), дзе ўпершыню ўжыты літаграфскі спосаб у нотадрукаванні, а таксама запіс, публікацыя і апрацоўка муз. фальклору народаў Сярэдняй Азіі і Каўказа з выкарыстаннем прыёмаў еўрап. кампазітарскай тэхнікі. У часопісе друкаваліся і інстр. п’есы для хатняга музіцыравання, у т. л. самога Дабравольскага («Паланэз» для скрыпкі і інш.).
Літ.:
Коростин А.Ф. Начало литографии в России. М., 1943. С. 73—77;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЕ́НАВЫЯ (Hyaenidae),
сямейства млекакормячых атр. Драпежных. 3 роды: гіены паласатыя (Hyaena), гіены плямістыя (Crocuta) і ваўкі земляныя (Proteles). 4 віды: гіена паласатая (H. hyaena), гіена бурая (H. brunnea), гіена плямістая (C. crocuta), воўк земляны (P. cristatus). Пашыраны ў Афрыцы, Пярэдняй, Сярэдняй і Паўд.-Зах.Азіі. Жывуць пераважна ў паўпустынях і пустынях. Гіена бурая і падвід гіена барбарыйская (H. hyaena barbara) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. цела 55—165 см, хваста 20—33 см, маса 10—80 кг. Поўсць жаўтавата-шэрая ці брудна-бурая з плямамі і папярочнымі палосамі. Пярэднія канечнасці даўжэйшыя за заднія; шыя тоўстая, галава масіўная, зубы і сківіцы моцныя. Анальныя залозы выдзяляюць сакрэт з рэзкім пахам. Нараджаюць 2—4 (зрэдку 6) дзіцянят. Начныя драпежнікі, жывяцца пераважна мярцвячынай, нападаюць на дзікіх капытных, зрэдку на свойскую жывёлу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАГІ́МНІЯ (Hypogimnia),
род лішайнікаў сям. гіпагімніевых. Каля 60 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, за выключэннем стэпавых і пустынных зон пераважна ва Усх.Азіі. На Беларусі трапляюцца 4 віды: найчасцей гіпагімнія ўздутая (H. physodes), радзей мучністая (H. farinacea), стужачная (H. vittata) і трубчастая (H. tubulosa). Пераважна аблігатныя эпіфіты. Растуць на ствалах і галінках дрэў і кустоў, зрэдку на апрацаванай драўніне, камяністым субстраце, грунтавых агаленнях і глебе. Гіпагімнія ўздутая часта ўкрывае ствалы дрэў (асабліва хвоі).
Слаявіна (талом) ліставатая, шаравата-зеленаватая, белавата-шараватая, знізу цёмная да чорнай, распасцёртая па субстраце, у цэнтры шчыльна прымацаваная да яго. Лопасці на канцах з масай сарэдый (спец. утварэнняў для вегетатыўнага размнажэння) у выглядзе белых мучністых скопішчаў. Пладовыя целы (апатэцыі) сядзячыя або на ножках. Сумкі (яскі) 8-споравыя. Споры аднаклетачныя. Сыравіна для антыбіятычнага прэпарата «Эвазін-2». Індыкатары загазаванасці паветра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕДЫ́ЧЫЯ (Gleditsia),
род кветкавых раслін сям. бабовых. 12 відаў. Пашыраны ў Амерыцы, Усх.Азіі і трапічнай Афрыцы. У Талышскіх гарах (Усх. Закаўказзе) расце вельмі рэдкі рэліктавы від — гледычыя каспійская (G. caspia). На Беларусі ў паўд. і цэнтр. раёнах у культуры зрэдку трапляецца паўн.-амер. від гледычыя звычайная, або трохкалючкавая (G.triacanthos), інтрадукаваная ў канцы 19 ст.
Лістападныя дрэвы выш. да 28 м, на радзіме — да 45 м, дыям. ствала да 1 м, з ажурнай кронай. Ствол і галінкі ўкрыты доўгімі разгалінаванымі калючкамі. Лісце парнаперыстаскладанае даўж. 15—30 см. Кветкі дробныя, зеленаватыя, у гронкападобных суквеццях. Плады — цёмна-карычневыя струкі; пераважна шматнасенныя. Цвіце ў чэрвені. Доўга жыве (у Высокаўскім парку ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. Гледычыя звычайная мае ўзрост больш за 100 гадоў). Размнажаюць насеннем і каранёвымі атожылкамі. Дэкар. і тэхн. расліны, меданосы, маюць каштоўную драўніну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБО́НЫ (Hylobates),
род сям. гібонавых атр. прыматаў. 9 відаў. Жывуць у густых трапічных лясах Паўд.-Усх.Азіі і Зондскіх а-воў на дрэвах невял. сямейнымі групамі. 4 віды занесены ў Чырв. кнігу МСАП: гібон аднакаляровы (H. concolor), гібон серабрысты (H. moloch), гібон чорнашапачны (H. pileatus), сіяманг карлікавы (H. klossi).
Даўж. цела 45—90 см, маса 5—13 кг. Целасклад грацыёзны. Афарбоўка валасянога покрыва ад чорнай да жаўтавата-карычневай або серабрыста-шэрай. Пярэднія канечнасці доўгія, з іх дапамогай гібоны перамяшчаюцца па галінах дрэў. Ёсць невял. сядалішчныя мазалі. Іклы вялікія. Палаваспелыя ў 5—7 гадоў, нараджаюць 1 дзіцяня. Кормяцца пладамі, лісцем, маладымі парасткамі, насякомымі, павукамі, зрэдку птушынымі яйцамі і птушанятамі. Пры ўсходзе сонца «пяюць» (адсюль другая назва — «пявучыя малпы»), у сіяманга (H. syndactylus) ёсць вял. няпарны гарлавы мяшок для ўзмацнення гукаў.
Гібоны: 1 — сіяманг; 2 — серабрыстыя рознай афарбоўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ЎТАЕ МО́РА,
кіт.Хуанхай, паўзамкнёнае мора Ціхага ак., каля ўсх. берагоў Азіі, паміж п-вам Карэя і берагамі Кітая. Пл. 417 тыс.км². Найб.глыб. 106 м, сярэдняя 40 м. Буйнейшыя залівы: Бахайвань, Ляадунскі і Зах.-Карэйскі. У Ж.м. ўпадаюць р. Хуанхэ, Хайхэ, Ляахэ, Ялуцзян. Клімат умераны, мусонны. Сярэдняя т-ра вады на паверхні: ніжэй 0 на ПнЗ і 6—8 °C (люты) на Пд; ад 24 на Пн да 28 °C на Пд (жнівень). Паўн.-зах.ч. Ж.м. з ліст. да сак. замярзае. Салёнасць ад 30‰ і менш на ПнЗ да 33—34‰ на ПдУ. Прылівы паўсутачныя, каля берагоў Карэі да 9 м, у інш. раёнах да 3—4 м. У Ж.м. водзяцца селядзец, марскі лешч, траска, вугор, мідыі, вустрыцы. Найб. парты ў Кітаі — Цяньцзінь, Інкоў, Цындао, Далянь (Дальні), Люйшунь (Порт-Артур), у Карэі — Інчхон (Чэмульпо).