АЎТАГЕНЕ́З (ад аўта... + ...генез),
у эвалюцыйным вучэнні адна з канцэпцый, у аснове якой ляжыць перадумова аб незалежнай ад знешніх умоў эвалюцыі жывой прыроды, што накіроўваецца і рэгулюецца ўнутр. нематэрыяльнымі фактарамі. Аўтагенез блізкі да віталізму. Аўтагенетычны характар маюць вучэнні аб градацыі Ж.Б.Ламарка, арыстагенез Г.Осбарна, батмагенез Э.Копа, номагенез Л.С.Берга і інш. Прыхільнікі аўтагенезу бачаць доказы аўтагенетычных тэндэнцый эвалюцыі ў з’явах эвалюцыйнага паралелізму і канвергенцыі ў біялогіі.
т. 2, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДАЛІ́ВА»,
прыватнаўласніцкі герб. У блакітным полі сярэбраная перавязь з левага верхняга кута ў ніжні правы, на перавязі 3 чырвоныя 4-пялёсткавыя (або 5-пялёсткавыя) ружы; клейнод — 2 чорныя валовыя рагі, паміж імі 3 пастаўленыя адна над адной ружы. Існуе варыянт герба: поле чырвонае. Паводле падання, узнік у пач. 11 ст. У ВКЛ існаваў з пач. 15 ст. Гербам карысталіся больш за 130 шляхецкіх родаў Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны.
А.К.Цітоў.
т. 6, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛІ́НА СМЕ́РЦІ (Death Valley),
міжгорная бязводная ўпадзіна на ПдЗ ЗША (штат Каліфорнія), у пустыні Махаве. Даўж. з ПнЗ на ПдУ каля 250 км. Адна з найб. глыбокіх (85 м ніжэй узр. м.) і бязводных упадзін на Зямлі, самае нізкае месца Паўн. Амерыкі. Абс. максімум т-ры паветра 56,7 °C (самая высокая ў Зах. паўшар’і). Назва звязана з золаташукальнікамі, якія загінулі тут у 1849 ад недахопу вады. Нацыянальны помнік прыроды (1933).
т. 6, с. 19
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАТЫЯРА́ЛЬНЫЯ (Dothiorales),
парадак сумчатых грыбоў падкл. аскалакулярных. Пашыраны ў субтрапічных і трапічных раёнах, многія — ва ўмеранай зоне. На Беларусі трапляюцца віды з родаў батрыясферыя, датыёра, гіньярдыя. Сапратрофы на розных раслінных рэштках, паразіты на лісці, сцяблах, пладах розных раслін.
Пладовыя целы (псеўдатэцыі) падушка- або коркападобныя, чорныя, з адной ці некалькімі локуламі, часам зрастаюцца. Сумкі 2—16-споравыя, булавападобныя, на кароткай ножцы. Споры адна- ці шматклетачныя. У цыкле развіцця адзначаны канідыяльныя стадыі.
т. 6, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШМА́, гашга,
адна з формаў цюркскай паэзіі. Складаецца звычайна з 5 строф па 4 радкі (у радку 11 складоў). Схема рыфмаў — abcb у 1-й страфе, у астатніх — dddb, eeeb і г.д. Са стараж. часоў такой формай карысталіся нар. паэты-ашугі. У азерб. пісьмовай л-ры 16—17 ст. гашма прадстаўлена ў творчасці Хатаі, Амані і інш. Як асн. форма сілабічнага верша замацавалася ў 18 ст. дзякуючы майстэрству Вагіфа і Відадзі.
т. 5, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗЯЛЁНЫ ПАТРУ́ЛЬ»,
добраахвотныя аб’яднанні школьнікаў-юннатаў (атрады), якія ствараюцца з мэтай аховы зялёных насаджэнняў, выхавання беражлівых адносін да прыроды, прапаганды ведаў і ажыццяўлення практычных мерапрыемстваў па зялёным будаўніцтве; адна з форм дзіцячага руху за ахову прыроды. На Беларусі дзейнічаюць з 1961 на базе школ. Першы «З.п.» на базе школьнага лясніцтва створаны ў 1967 пры Караваціцкай сярэдняй школе Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. Дзейнічае каля 200 школьных лясніцтваў і атрадаў «З.п.» (1997).
т. 7, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕНХІ́МА (ад грэч. kolla клей + enchyma літар. налітае, тут тканка),
адна з першасных механічных (апорных) тканак раслін. Паводле будовы падобная на асн. тканку (парэнхіму). Трапляецца пераважна ў першаснай кары маладых сцёблаў двухдольных раслін, павялічвае іх эластычнасць. Жывыя клеткі К. з ядром і хларафілавымі зярнятамі здольныя да ўтваральнай актыўнасці. Абалонкі значна патоўшчаныя, складаюцца з цэлюлозы і пекціну, не драўнеюць. Па месцах патаўшчэння абалонак клетак адрозніваюць К. вугалковую, пласціністую і рыхлую.
т. 7, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНГ-ФУ́, кун-фу (кіт. старанныя заняткі, трэніроўка),
адна з сістэм адзінаборстваў без зброі (практыка псіхафізічнага трэнінгу): аснова кэмпо; частка сістэмы ушу. Сфарміравалася ў Кітаі каля 960—1200. Дала пачатак яп. сістэмам джыу-джыцу і каратэ. У ЗША культывуецца з 1940-х г., у Еўропе — з сярэдзіны 1950-х г. Адметныя рысы стылю — псіхічны трэнінг, загартоўванне цела, развіццё скорасна-сілавых якасцей. Папулярызатар і распаўсюджвальнік К.-ф. — Б.Лі (ЗША).
т. 9, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КАХА́НАЧКА»,
гарадскі бытавы танец. Муз. памер . Тэмп умераны. Як бальны танец створаны ў пач. 20 ст. рус. балетмайстрам М.Гаўлікоўскім. На Беларусі пашыраны ў сял. побыце, спарадзіў шэраг харэаграфічных мадыфікацый. Выконваецца парамі па крузе слізготным крокам. Адна з характэрных фігур: партнёры, стоячы тварам адзін да аднаго, удараюцца спачатку правымі, потым, пасля пляскання ў далоні, левымі рукамі. Сцэн. варыянт танца «Полька-каханачка» стварыў бел. балетмайстар В.Партной.
Л.К.Алексютовіч.
т. 8, с. 189
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШЫ́ ЗАДАЧА,
адна з асн. задач тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў. Зводзіцца да адшукання рашэння (інтэграла) дыферэнцыяльнага ўраўнення, якое задавальняе пач. умовам. Напр., знайсці закон руху матэрыяльнага пункта, калі зададзены рухальная сіла, яго пач. месцазнаходжанне і скорасць. Ад краявых задач адрозніваецца тым, што папярэдне не абумоўліваецца вобласць вызначэння рашэння. Узнікае пры аналізе працэсаў, якія вызначаюцца дыферэнцыяльным законам і пач. станам. Адзінасць і існаванне рашэння гэтай задачы ў шэрагу выпадкаў даказаў А.Кашы.
т. 8, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)