АСУЭ́ЛА ((Azuela) Марыяна) (1.1.1873, г. Лагас дэ Марэна, Мексіка — 1.3,1952),
мексіканскі пісьменнік. Раманы «Няўдачнікі» (1908), «Пустазелле» (1909) пра грамадскае жыццё Мексікі ў часы дыктатуры П.Дыяса. Удзельнік Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17, падзеі якой адлюстраваў у рамане «Тыя, хто ўнізе» (1916). У раманах «Касіки» (1917), «Муха», «Хваляванні добрапрыстойнай сям’і» (абодва 1918), «Таварыш Пантоха» (1937), «Новая буржуазія» (1941), «Праклён» (1955) і інш. расчараванне вынікамі рэвалюцыі, непрыняцце паслярэв. рэчаіснасці. Раманы «Ліхадзейка» (1923), «Адплата» (1925), «Светлячок» (1931) пазначаны рысамі сюррэалізму, псіхааналізам з ухілам у паталогію.
Тв.:
Рус.пер. — Те, кто внизу: Роман о мексик. революции // Асуэла М. Те, хто внизу;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРЫГА́НЬЕЎ (Мікалай Аляксеевіч) (1823, Чарнігаўская вобласць — 14.6.1892),
рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це інжынераў шляхоў зносін. У 1845—48 служыў на Каўказе. Удзельнік «Т-ва выставак маст. твораў». З 1860-х г. наведваў Беларусь, з пач. 1880-х г. да канца жыцця жыў у Магілёўскай губ., там і памёр. Пісаў пейзажы: «Краявід у Магілёўскай губерні» (Пецярбургская АМ за гэты пейзаж прысвоіла Атрыганьеву званне «Ганаровы вольны супольнік»), «Восень», «Вечар» (усе ў 1886), «Перад заходам сонца» (1889), «Дубовы гай» і «Пасля дажджу» (1890) і інш. У Нац.маст. музеі Беларусі карціны «Вечар у Мінскай губерні (Пейзаж з капліцай)» (1854), «Расшчэплены дуб» (1889).
М.Атрыганьеў. Вечар у Мінскай губерні (Пейзаж э капліцай). 1854.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́МАЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (24.2.1899, г. Цвер, Расія — 22.1.1985),
савецкі ваен. дзеяч. Герой Сав. Саюза (1934), ген.-палк. авіяцыі (1944), засл. лётчык СССР, праф. (1937). На ваен. службе з 1918. Скончыў школу лётчыкаў (1918). Удзельнікграмадз. вайны. У 1934 устанавіў сусв. рэкорд далёкасці палёту (больш за 12 тыс.км), у 1937 разам з А.Б.Юмашавым і С.А.Даніліным здзейсніў беспасадачны пералёт Масква—Паўн. полюс—ЗША. У Вял.Айч. вайну са снеж. 1941: камандзір авіядывізіі, потым каманд.ВПС Калінінскага фронту, 3-й і 1-й паветр. арміямі (удзельнічалі ў Беларускай аперацыі 1944). У пасляваен. час на камандных пасадах у ВПС, у Мін-ве авіяц. прам-сці (1949—55).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГО́Р’ЕЎ (Вісарыён Вісарыёнавіч) (н. 17.4.1907, г. Данкоў Ліпецкай вобл., Расія),
савецкі ваенна-марскі дзеяч. Віцэ-адмірал (1945). Канд.геагр.н. (1965). Скончыў Вышэйшае ваен.-марское вучылішча імя Фрунзе (1930), Ваен.-марскую акадэмію (1940). У ВМФ з 1926. Служыў у Далёкаўсходняй (Амурскай) ваен. флатыліі (1930—37). Нач. штаба Дняпроўскай (1940), Дунайскай (1940—41), Волжскай (1943) ваен. флатылій, Новарасійскай ваен.-марской базы (1941—42). Камандуючы Дняпроўскай ваеннай флатыліяй (1943—45). Удзельнік абароны Ачакава, Мікалаева, Херсона, Керчы, Адэсы, Севастопаля, Каўказа, баявых дзеянняў на Волзе, Беларускай аперацыі 1944, вызвалення Польшчы, штурму Берліна. З 1947 у ледакольным флоце (Зах. Арктыка), у ін-це «СаюзморНДІпраект». Аўтар кніг «І караблі штурмавалі Берлін» (1984), «Дэсант у Берлін» (1989).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСО́ЦКІ (Іван) (Ян) Станіслававіч (каля 1803, Гродзенская губ. — не пазней 1854),
удзельнік руху дзекабрыстаў. Уваходзіў у тайнае т-ва «Заране» ў Свіслацкай гімназіі (1823). З 1824 у Беластоку, у 1825 уступіў у т-ва«Ваенныя сябры», быў адным з кіраўнікоў яго арганізацыі ў Беластоку. 14.5.1826 арыштаваны, прыгавораны да пакарання смерцю. Па царскай канфірмацыі (1827) пазбаўлены дваранства і прыгавораны да крапасных работ тэрмінам на 5 гадоў з далейшым пасяленнем у Сібіры. Летам 1827 сасланы ў Омскую, потым у Усць-Каменагорскую крэпасці. У 1830 прызначаны радавым у Сібірскія лінейныя батальёны. Служыў у г. Петрапаўлаўск Табольскай губ. У 1845 звольнены ў адстаўку, жыў у Петрапаўлаўску пад тайным наглядам паліцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЮЯ́Р ((Vuillard) Жан Эдуар) (11.11.1868, г. Кюізо, Францыя — 21.6.1940),
французскі жывапісец, графік і дэкаратар. З 1886 вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў і ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Удзельнік групы «Набі» (1892). Зведаў уплыў П.Гагена, А.Тулуз-Латрэка, яп. гравюры. У партрэтах, пейзажах, бытавых карцінах, дэкар. пано спалучаў сімвалізм з падкрэсленай дэкаратыўнасцю формаў, плоскаснай трактоўкай прасторы, вытанчанай эмацыянальнасцю і гармоніяй фарбаў, імкненнем да інтымнасці вобразаў. Асн. творы: аўтапартрэт (тры пано, 1809), «У ложку» (1891), «У пакоі» (1893), «Сады Парыжа» (тры пано, 1894), «На канапе», «У садзе», партрэт мадам Бенар (1930).
Літ.:
Крючкова В.А. Символизм в изобразительном искусстве: Франция и Бельгия, 1870—1900. М., 1994. С. 190—219.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́ТАЎ (Аляксандр Ільіч) (17.8.1879, станіца Арэнбургская Арэнбургскай вобл., Расія — 7.3.1921),
адзін з кіраўнікоў белага руху (гл.Белая гвардыя) у грамадз. вайну 1918—20 у Расіі. Ген.-лейтэнант (1919). Скончыў Акадэмію Генштаба (1908). Удзельнік 1-й сусв. вайны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 выбраны старшынёй савета Саюза казацкіх войск, у чэрв. 1917 узначальваў Усерас. казацкі з’езд, падтрымліваў сувязь з ген. Л.Г.Карнілавым; з вер. 1917 атаман Арэнбургскага казацтва. У ліст. 1917 узняў антысав. мяцеж у Арэнбургу (ліквідаваны Чырв. Арміяй у 1918). У чэрв. 1918 у ходзе антысав. мяцяжу Чэхаславацкага корпуса арганізаваў белы рух на Урале. У ліст. 1918 — канцы 1919 камандаваў асобнай Арэнбургскай арміяй у складзе войск А.В.Калчака. У 1920 эмігрыраваў у Кітай, дзе забіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМБІ́НСКІ ((Dembiński) Генрык) (16.1.1791, в. Стшалкаў Келецкага ваяв., Польшча — 13.6.1864),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве. Вучыўся ў ваенна-інжынернай акадэміі ў Вене, служыў у войску герцагства Варшаўскага. Удзельнічаў у кампаніях войск Напалеона. У час паўстання 1830—31 капітан, пасля палкоўнік, генерал брыгады. Пад Райградам разбіў рус. атрад ген. Ф.В.Остэн-Сакена (29.5.1831). Летам 1831 уступіў на тэр. Беларусі, але неўзабаве адышоў у Польшчу. Нам. галоўнакамандуючага, потым губернатар Варшавы і галоўнакамандуючы польскім войскам. Здаў Варшаву рус. войскам. Пасля паражэння паўстання жыў за мяжой, служыў у егіпецкай арміі. Удзельнік венгерскай рэвалюцыі 1848—49, галоўнакамандуючы рэв. арміяй. Пасля паражэння рэвалюцыі жыў у Турцыі, Францыі. Аўтар успамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСАЛІ́Н ((Dessalines) Жан Жак) (20.9.1758, Гана — 17.10.1806),
дзеяч нац.-вызв. руху на в-ве Гаіці. Пажыццёвы ген.-губернатар (з 1804). Негр, да 1790 раб (узяў прозвішча свайго б. ўладальніка). Удзельнікнац.-вызв. паўстання пад кіраўніцтвам Ф.Д.Тусэн-Луверцюра, пасля паланення якога французамі (1802) на чале арміі паўстанцаў (з мая 1803) дамогся вызвалення в-ва ад франц. каланізатараў (канец 1803). З кастр. 1804 імператар Гаіці (правіў як Жак I). Цяжкае эканам. становішча краіны (у т. л. з-за блакады вострава Францыяй, а з 1806 і ЗША), агр. палітыка (перадача дзярж. зямель пераважна ва ўладанне неграм) і жорсткія метады праўлення Д. выклікалі ў кастр. 1806 паўстанне землеўладальнікаў-мулатаў, у час якога Д. загінуў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАПО́Н (сапр.Гапон-Новых) Георгій Апалонавіч
(17.2.1870, в. Белякі Палтаўскай вобл., Украіна — 10.4.1906),
свяшчэннік, удзельнік падзей 1905 у Расіі. Скончыў Палтаўскую семінарыю (1893), у 1898—1903 вучыўся ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі. З 1902 быў звязаны з нач. Маскоўскага ахоўнага аддзялення С.В.Зубатавым. У 1903 стварыў арг-цыю «Сход рускіх фабрычна-заводскіх рабочых Санкт-Пецярбурга». Ініцыятар петыцыі пецярбургскіх рабочых да імператара Мікалая II і шэсця да Зімняга палаца дзевятага студзеня 1905, якое закончылася расстрэлам дэманстрантаў. Да кастр. 1905 у эміграцыі. Намагаўся пранікнуць у «баявую арг-цыю» эсэраў, але быў выкрыты і паводле прыгавору павешаны ў Азёрках (каля Пецярбурга).
Тв.:
История моей жизни. М., 1990.
Літ.:
Лурье Ф.М. Гапон и Зубатов // Лурье Ф.М. Полицейские и провокаторы. СПб., 1992.