рускія кампазітары і харавыя дырыжоры, бацька і сын. Аляксандр Васілевіч (13.4.1883, с. Плахіна Захараўскага р-на Разанскай вобл. — 8.7.1946), нар.арт.СССР (1937). Д-р мастацтвазнаўства (1940). Ген.-маёр (1943). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1913), з 1918 выкладаў у ёй (праф. з 1922). Арганізатар (1928) і кіраўнік Ансамбля песні і танца Сав. Арміі (цяпер яго імя). Прызнанне атрымалі яго песня «Свяшчэнная вайна» і апрацоўка далёкаўсх. партыз. песні «Па далінах і па ўзгорках». Аўтар музыкі былога Дзярж. гімна СССР (1943). Пісаў оперы, вак.-сімф., інстр. творы. Дзярж. прэмія СССР 1942 і 1946. У 1971 устаноўлены залаты і 3 сярэбраныя медалі імя Аляксандравых за лепшыя творы на ваен.-патрыят. тэму. Барыс Аляксандравіч (4.8.1905, г. Балагое — 18.6.1994), нар.арт.СССР (1958). Герой Сац. Працы (1975). Ген.-маёр (1973). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1929), у 1933—41 выкладаў у ёй. З 1929 дырыжор, у 1946—86 нач. і маст. кіраўнік Ансамбля песні і танца Сав. Арміі. Аўтар шматлікіх песень, аперэт, у т. л. «Вяселле ў Малінаўцы» (1937), балета «Ляўша» (1954), араторый і інш. Ленінская прэмія 1978, Дзярж. прэмія СССР 1950, Дзярж. прэмія РСФСР 1985. Залаты медаль імя А.В.Аляксандрава (1971). Памяці бацькі прысвяціў кн. «Песня кліча» (1982).
Літ.:
Поляновский Г. А.В.Александров. 2 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎГУСТ ((Augustus) Гай Актавій) (з 44 да нашай эры Гай Юлій Цэзар Актавіян; Gaius Julius Caesar Octavianus; 23.9.63 да нашай эры, Рым — 19.8.14 нашай эры),
рымскі імператар [27 да нашай эры — 14 нашай эры]. Сваяк і прыёмны сын Юлія Цэзара. Пасля забойства Цэзара па яго завяшчанні стаў наследнікам і пачаў барацьбу за ўладу. У 43 да нашай эры заключыў саюз з Маркам Антоніем і Лепідам (2-і трыумвірат). У 42 да нашай эры трыумвіры разбілі войскі Брута і Касія, забойцаў Цэзара. Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж Актавіянам і Антоніем (абодва імкнуліся да адзінаўладдзя) прывяло да грамадз. вайны. У 31 да нашай эры ў бітве каля мыса Акцый Аўгуст разбіў войскі Антонія і Клеапатры VII і стаў фактычна неабмежаваным правіцелем Рыма. У 27 да нашай эры атрымаў тытул «Аўгуст» (вялікі, свяшчэнны). У часы яго праўлення закладзены асновы прынцыпату. Аўгуст меў вышэйшую ваен. ўладу, пажыццёвую трыбунскую ўладу, быў вялікім пантыфікам (першым жрацом), 11 разоў выбіраўся консулам. У адносінах да народа праводзіў палітыку «хлеба і відовішчаў». Пры ім пашыраны межы дзяржавы. Праўленне Аўгуста супала з т.зв. «залатым векам» рым. л-ры і мастацтва. Месяц смерці Аўгуста быў назв. «аўгустам». Аўгуст і яго час услаўлялі Гарацый, Праперцый, Вергілій і інш.
Статуя імператара Аўгуста з Прыма-Порта. 1 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЧЭ́ЛЬ-ЗАГНЕ́ТАВА (Данута Янаўна) (н. 3.12.1937, в. Біскупцы Лідскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. паэтэса. Скончыла Гродзенскі пед.ін-т (1962). Настаўнічала. З 1982 у Гродзенскім гіст.-археал. музеі, з 1995 дырэктар Музея М.Багдановіча ў Гродне. Друкуецца з 1958. Першы зб. вершаў «Дзявочае сэрца» (1961). У творчасці Бічэль-Загнетавай — шчырасць, пачуццё грамадз. адказнасці, годнасці і гонару, болю і радасці за бацькоўскую зямлю, праблемы сучаснасці і гіст. мінулага, матывы вернасці высокім маральна-этычным прынцыпам дружбы, сяброўства, кахання, мацярынства. Зб. лірыкі «Божа мой, Божа» (1993) — малітва за Беларусь, адраджэнне душы, мовы, трывожны роздум пра лёс роднага краю (верш «Малітва»), Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за зб. вершаў «Дзе ходзяць басанож» (1983). Для дзяцей зб-кі «Перапёлка» (1968), «Дагані на кані» (1973), «Габрынька і Габрусь», (1985), «Гараднічанка» (1993) і інш. Складальнік альманаха «Краю мой — Нёман» (1986, з А.Цяжкім), зб. твораў Л. і Ю.Геніюшаў «Маці і сын» (Беласток, 1992, з С.Яновічам).
Тв.:
Ты — гэта ты. Мн., 1976;
Браткі. Мн., 1979;
Даўняе сонца. Мн., 1987;
А на Палессі. Мн., 1990.
Літ.:
Бярозкін Р. Святло і рух // Маладосць. 1976. № 6;
Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 73—75, 111—113;
Тарасюк Л. Вернасць вытокам. Мн., 1985. С. 47—52, 111—114.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮМА́ (Dumas) Аляксандр, Дзюма-бацька (Dumas pére; 24.7.1802, г. Вілер-Катрэ, Францыя — 5.12.1870), французскі пісьменнік, Сынрэсп. генерала. Дэбютаваў вадэвілем «Паляванне і каханне» (1825). Вядомасць Дз. прынеслі рамант. драма «Генрых III і яго двор» (1829), п’есы «Антоні» (1831), «Нельская вежа» (1832), «Кін» (1836). У 1835 апублікаваў першы гіст. раман «Ізабэла Баварская». Творчы росквіт прыпадае на 1840-я г., калі былі выдадзены яго вядомыя гіст.-авантурныя раманы: трылогія «Тры мушкецёры» (1844), «Праз дваццаць гадоў» (1845), «Віконт дэ Бражэлон» (т. 1—3, асобнае выд. 1848—50); трылогія пра Генрыха Наварскага «Каралева Марго» (1845), «Пані Мансаро» (асобнае выд. 1846), «Сорак пяць» (асобнае выд. 1847—48); «Граф Монтэ-Крыста» (асобнае выд. 1845—46). Абапіраючыся на вял.гіст. матэрыял, Дз. цікава і дынамічна ўзнаўляе быт і норавы эпохі, характары гіст. асоб. Аднак яго раманы не вызначаюцца глыбокім гіст. і псіхал. аналізам, значныя гіст. падзеі часта тлумачацца выпадковым збегам абставін, што стварае эфектныя сітуацыі і заблытаныя інтрыгі. Літ. спадчына Дз. ўключае таксама кн. «Мае мемуары» (т. 1—22, 1852—54), пуцявыя нататкі (у т. л. «З Парыжа ў Астрахань», т. 1—5, 1858), творы самых розных жанраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМІ́ДАВЫ,
дынастыя рас. горнапрамыслоўцаў, землеўладальнікаў, мецэнатаў у канцы 17 — пач. 20 ст. Паходзілі з заможных сялян-кавалёў Тульскай губ. Родапачынальнік — Мікіта Дзямідавіч Антуф’еў, празваны паводле імя па бацьку Дзямідаў (5.4.1656, Тула — 28.11.1725). Вылучыўся пры Пятру I, пабудаваў першы чыгунаплавільны з-д у Туле (1696), пазней — шэраг металургічных з-даў на Урале. У 1720 атрымаў спадчыннае дваранства. Найб. значныя прадстаўнікі: Акінфій Мікітавіч (1678, Тула — 16.8.1745). Сын Мікіты Дзямідавіча. У 1725 на яго Ніжнетагільскім з-дзе пушчана першая домна — найб. ў тагачасным свеце. Да 1745 валодаў 25 чыгунаплавільнымі, жалезаапр. і меднымі з-дамі. Павел Рыгоравіч (9.1.1739—13.7.1821). Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це і Фрайбергскай горнай акадэміі (Германія). Заснаваў Дзямідаўскі ліцэй у Яраслаўлі. Мікалай Мікітавіч (20.11.1773, с. Чыркавіцы Воласаўскага р-на Ленінградскай вобл. — 2.1.1829), ваен. дзеяч, дыпламат. Садзейнічаў пашырэнню вытв-сці фамільных з-даў. Павел Мікалаевіч (17.8.1798, Масква — 6.4.1840). Ганаровы чл.Пецярб.АН. Скончыў Парыжскі ліцэй Напалеона. У 1831 заснаваў Дзямідаўскія прэміі пры Пецярб.АН. Валодаў сіб. чыгунаплавільнымі з-дамі. Павел Паўлавіч (21.10.1839, г. Веймар, Германія — 29.1.1885). Скончыў Пецярб.ун-т (1860). Заснаваў першую на Урале ф-ку бесемеравання сталі. Усяго Дз. заснавалі больш за 50 з-даў, якія давалі 40% чыгуну ў Расіі.
Літ.:
Старков В.В. Демидовы: Их жизнь и деятельность. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКАЕ КНЯ́СТВА (да канца 15 ст. — Гарадзецкае княства),
феадальная адм.-тэр. адзінка ў 14—16 ст. у ВКЛ у нізоўях р. Гарынь. Цэнтр — Давыд-Гарадок (Гарадок). Вядома з 1382, калі дачка вял.кн.літ. Альгерда Марыя выйшла замуж за князя Давыда Дзмітрыевіча Гарадзецкага. Каля 1390 у дакументах згадваюцца кн. Іван і Юрый Гарадзецкія, верагодна, мясц. Рурыкавічы, нашчадкі Ізяславічаў. Да 1440 княствам валодаў кн. Мітка Давыдавіч, сын Давыда Дзмітрыевіча. Потым вял.кн. Казімір аддаў яго кн. Свідрыгайлу, а пасля яго смерці ў 1452 — ўдаве Ганне Іванаўне з роду цвярскіх князёў (памерла да 1486). Каля 1492 Казімір падараваў Давыд-Гарадоцкае княства выхадцу з Расіі кн. Івану Васілевічу Яраславічу, а пасля яго смерці (1507) яно адышло да сына Фёдара (памёр у 1521 або 1522). Як вымарачнае ўладанне належала вял.кн. Жыгімонту Старому, які ў 1522 перадаў яго сваёй жонцы Боне Сфорцы. З таго часу Давыд-Гарадоцкае княства — састаўная частка Пінскага княства. У 1554 у Давыд-Гарадоцкім княстве праведзена валочная памера. З 1556 яно пад кіраваннем велікакняжацкай адміністрацыі. У 1558 вял.кн. Жыгімонт Аўгуст перадаў яго кн. Радзівілам (адпаведная грамата выдадзена ў 1551), якія замест Давыд-Гарадоцкага княства і Клецкага княства ўтварылі ў 1586 Клецкую ардынацыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́КЛ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі адзін з найвыдатнейшых герояў, сынЗеўса і Алкмены, жонкі фіванскага цара. Меў незвычайную сілу. Сярод шматлікіх міфаў пра Геракла найб. вядомы цыкл паданняў пра 12 подзвігаў Геракла: забіў немейскага льва, шматгаловую лернейскую гідру, утаймаваў пачварную керынейскую лань, знішчыў сцімфалійскіх птушак, перамог эрыманфскага вепрука, вычысціў аўгіевы стайні, адолеў крыцкага быка, перамог цара Дыямеда, які кідаў іншаземцаў на з’ядзенне сваім коням, перамог амазонак і здабыў пояс іх царыцы Іпаліты, выкраў кароў трохгаловага велікана Герыёна, здабыў залатыя яблыкі з саду Гесперыд, утаймаваў і прывёў да мікенскага цара Эўрысфея вартавога Аіда — Цэрбера. Паводле інш. міфаў, вызваліў таксама прыкаванага да скалы Праметэя, перамог у адзінаборстве Антэя, абапал Гібралтарскага праліва паставіў 2 скалы, т.зв.Геркулесавы слупы і інш. Быў атручаны, пасля смерці Зеўс зрабіў яго бессмяротным і забраў на Алімп. Міфы пра Геракла шырока адлюстраваны ў выяўл. мастацтве (размалёўкі храмаў у Алімпіі, Афінах, Дэльфах, Фівах, творы А.Дзюрэра, Я.Тынтарэта, П.П.Рубенса, Дж.Цьепала), л-ры (Сафокл, Эўрыпід), музыцы (І.С.Бах, Г.Ф.Гендэль). У рым. міфалогіі Гераклу адпавядае Геркулес.
Л.М.Драбовіч.
Да арт.Геракл. Немаўля Геракл душыць змей. Сярэбраная чаша. 1 ст.н.э.Да арт.Геракл. Геркулес (Геракл) і Как. Скульптурная група Б.Бандынелі. 1534.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РШЭЛЬ (Herschel),
сям’я англійскіх астраномаў, оптыкаў і механікаў.
Уільям (Фрыдрых Вільгельм; 15.11.1738, г. Гановер, Германія — 25.8.1822), адзін з заснавальнікаў зорнай астраноміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1781), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1789). У 1757 пераехаў у Англію. Астраномію і матэматыку вывучыў самастойна. З 1774 з дапамогай зробленых ім люстэркавых тэлескопаў вёў сістэматычныя астр. назіранні. Адкрыў планету Уран (1781) і 2 яго спадарожнікі (1787), 2 спадарожнікі Сатурна (1789), больш за 2500 туманнасцей і 806 падвойных зорак. Склаў каталогі падвойных зорак, туманнасцей і зорных скопішчаў. Выявіў рух Сонечнай сістэмы ў напрамку да сузор’я Геркулеса (1783). У канструяванні і вырабе тэлескопаў яму дапамагаў малодшы брат Александэр — таленавіты механік; у назіраннях дапамагала сястра Караліна Лукрэцыя (16.3.1750, г. Гановер, Германія — 9.1.1848). Джон Фрэдэрык Уільям (7.3.1792, г. Слау, каля Лондана — 11.5.1871), сын Уільяма, чл. Лонданскага каралеўскага т-ва, чл. Пецярбургскай АН (1826). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1813). Астраноміяй займаўся з 1816 пад кіраўніцтвам бацькі. Правёў сістэматычныя назіранні Паўд. неба (мыс Добрай Надзеі, 1834—38). Адкрыў шэраг новых туманнасцей, зорных скопішчаў і больш за 3000 падвойных зорак; склаў 11 каталогаў падвойных зорак і каталог 5079 туманнасцей і зорных скопішчаў. Зрабіў значны ўклад у развіццё фатаграфіі.
Літ.:
Еремеева А.И. Выдающиеся астрономы мира. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБН СІ́НА (Абу Алі Хусейн ібн Абдалах) (латынізаванае Авіцэна; Avicenna; 16.8.980, с. Афшана, каля г. Бухара, Узбекістан — 18.6.1037),
філосаф, вучоны-энцыклапедыст, урач, паэт. Па паходжанні таджык. Жыў і працаваў у Бухары, Харэзме, Іране. Аўтар 456 твораў на арабскай і 23 на мове фарсі (таджыкскай), прысвечаных праблемам логікі, філасофіі, фізікі, матэматыкі, рыторыкі, паэзіі. Найважн. творы: «Кніга збавення» (18 тамоў), «Кніга справядлівасці» (20 тамоў), «Філасофія ўсходнікаў», «Кніга ўказанняў і павучанняў»; больш за 40 прац прысвечаны медыцыне, у т. л. «Канон урачэбнай навукі» (у 5 кнігах). Яго філасофія працягвае традыцыі ўсх. арыстоцелізму і неаплатанізму; прызнанне аб’ектыўнасці і вечнасці быцця, дыялект. сувязі матэрыі і руху. Адстойваў прынцып адзінства мыслення і доследных ведаў, сцвярджаў існаванне свету ідэй незалежна ад свету рэчаў. Аўтар вершаў (пераважна ў форме рубаі), а таксама вялікай «Касыды аб душы», філас. аповесцей «Жывы, сын Нядрэмнага», «Пасланне пра птушку», «Саламан і Абсал» і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Математические главы «Кнігі знания». Душанбе, 1967;
Избр. филос. произв. М., 1980;
Поэзия Ташкент, 1980;
Канон врачебной науки Кн. 1—5. 2 изд. Ташкент, 1979—82.
Літ.:
Завадовский Ю.Н. Абу Али ибн Сина: Жизнь и творчество Душанбе, 1980;
Сагадеев АВ. Ибн-Сина (Авиценна). 2 изд. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛУЭ́ (Clouet),
сям’я французскіх жывапісцаў эпохі Адраджэння.
Найб. вядомыя: Жан К. Малодшы [празваны Жанэ (Janet); каля 1485—90, вобл. Фландрыя — каля 1540—41], партрэтыст. Вучыўся ў свайго бацькі Жана К. Старэйшага. Прыдворны мастак Францыска I (з 1516). У 1521—25 у г. Тур (Францыя), пазней у Парыжы. Творы вызначаюцца мініяцюрнай дакладнасцю выканання, яркімі і чыстымі тонамі, характарнасцю вобразаў з некаторай аднастайнасцю ўрачыста застылых поз. Прыпісваюць аўтарства партрэтаў Людовіка Клеўскага, графа Неверскага, дафіна Францыска (каля 1519), пані Канапель (каля 1523), герцага К. Гіза (каля 1525), Францыска I (каля 1525—30), Луі дэ Клеў (1530), Францыска I на кані (1540) і інш., строгіх паводле графічнай манеры малюнкаў. Франсуа К. (Жанэ; паміж 1505—10, г. Тур, Францыя — 22.9.1572), сын і вучань Жана К. Малодшага. Зазнаў уплывы Г.Гольбейна Малодшага. З 1540 прыдворны мастак Францыска I і яго пераемнікаў. Працаваў у Парыжы. Рабіў пераважна партрэты, таксама жанравыя кампазіцыі. Творам уласцівы насычанасць каларыту, яскравасць характарыстык, якая спалучаецца з рэпрэзентатыўнасцю. Аўтар партрэта аптэкара П.Кюта (1562), карціны «Жанчына купаецца» (каля 1571); яму прыпісваюць партрэты Генрыха II (1559), Карла IX (1561), карціну «Купанне Дыяны» (каля 1550—60) і інш., партрэтныя малюнкі.
Да арт.Клуэ. Ж.Клуэ Малодшы. Партрэт Людовіка Клеўскага, графа Неверскага.Да арт.Клуэ. Ф.Клуэ. Жанчына купаецца. Каля 1571.