БЕЛАРУ́СКАЕ ГЕАЛАГІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БГТ), Беларускае рэспубліканскае навукова-тэхнічнае геалагічнае таварыства,

добраахвотная незалежная творчая грамадская арг-цыя. Засн. ў 1991. Аб’ядноўвае спецыялістаў па вывучэнні і выкарыстанні нетраў Рэспублікі Беларусь, выкладчыкаў і навучэнцаў вышэйшых і сярэдніх спец. геал. навуч. устаноў. Асн. мэты: стварэнне спрыяльных умоў для творчасці геолагаў і нафтавікоў; абарона навук., прафес. і сац. інтарэсаў членаў т-ва; развіццё творчых і дзелавых кантактаў з вучонымі і спецыялістамі ў галіне геалогіі і нафтаздабычы з інш. дзяржаў. У БГТ уваходзяць (1996) т-вы мінералагічнае і палеанталагічнае, секцыі нафтавай геалогіі, водных рэсурсаў, геатэхналогіі, дыстанцыйных даследаванняў, карысных выкапняў, распрацоўкі геафіз. апаратуры, геаэкалагічнага картавання, работы з моладдзю, а таксама антрапагенавая, тэктанічная, геахім., геамарфалагічная камісіі і рэдакцыйна-выдавецкі савет. З 1994 выдае навук. час. «Літасфера» (сумесна з АН Беларусі).

т. 2, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ІНСКАЯ АПО́ВЕСЦЬ,

жанр стараж.-рус. літаратуры 11—17 ст. — свецкія гіст. творы (арыгінальныя і перакладныя) з апісаннямі ваен. паходаў і бітваў; адзін з відаў аповесці старажытнарускай. Услаўляла адвагу і гераізм, самаахвярную адданасць радзіме. Выдатны ўзор воінскай аповесці 12 ст. — «Слова пра паход Ігараў». У 13—14 ст. складаліся аповесці пра гераічную барацьбу ўсх. славян з мангола-татарамі («Задоншчына», «Сказанне пра Мамаева пабоішча» і інш.). На Беларусі перакладаліся і творча апрацоўваліся воінскія аповесці візантыйскія («Александрыя»), заходнееўрапейскія («Гісторыя пра Атылу») і рускія («Мамаева пабоішча»), Паступова выпрацаваліся і сталі традыцыйнымі пэўныя сюжэтныя схемы і стылістычныя формулы. Паэтыка воінскіх аповесцей спалучае кніжную літ. традыцыю з рысамі нар. гераічнага эпасу. Паўплывала на рус. і бел. летапісанне, на развіццё гіст. белетрыстыкі ўсх. славян.

Л.​Л.​Кароткая.

т. 4, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНАМІ́ЧНАЯ ГЕАЛО́ГІЯ,

адзін з кірункаў геалогіі, што вывучае знешнія і ўнутр. геал. працэсы, якія бесперапынна змяняюць састаў, структурна-тэкстурныя асаблівасці горных парод, будову зямной кары і формы зямной паверхні. З Д.г. вылучыліся асобныя галіны ведаў: тэктоніка, вулканалогія, сейсмалогія, геамарфалогія і інш. Найважнейшыя метады Д.г. — назіранне сучасных геал. працэсаў і іх мадэліраванне ў лабараторных умовах. Як навука ўзнікла ў 19 ст. Вял. ўклад у развіццё Д.г. зрабілі вучоныя англ. Ч.​Лаель, аўстрыйскі Э.​Зюс, рас. К.​І.​Багдановіч, І.​В.​Мушкетаў, У.​А.​Обручаў, У.​У.​Белавусаў, Ю.​Д.​Буланжэ, В.​Я.​Хаін і інш., бел. Р.​Я.​Айзберг, З.​А.​Гарэлік, Р.​Г.​Гарэцкі, Г.​У.​Зінавенка, В.​С.​Канішчаў, Г.​І.​Каратаеў, Э.​А.​Ляўкоў, А.​В.​Мацвееў і інш.

т. 6, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛІ́Б (Delibes) Клеман Філібер Леа (21.2.1836, Сен-Жэрмен-дзю-Валь, цяпер у межах г. Ла-Флеш, Францыя — 16.1.1891),

французскі кампазітар. Чл. Ін-та Францыі (1884). З 1848 вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі ў А.Адана і інш. (з 1881 яе праф.). З 1853 акампаніятар «Тэатр лірык» і царк. арганіст у парыжскіх саборах, даваў урокі фп. У 1865—72 другі хормайстар т-ра «Гранд-Апера». Працаваў пераважна ў муз.-тэатр. жанрах. Найб. вядомыя яго оперы «Так сказаў кароль» (1873) і «Лакмэ» (1883) — адна з лепшых франц. арыентальных опер. Наватар у галіне балета, сімфанізаваў балетную музыку, развіў у ёй драм. пачатак. Яго лепшыя балеты «Капелія» (1870) і «Сільвія» (1876) зрабілі вял. ўплыў на развіццё муз.-харэаграфічнага мастацтва.

Літ.:

Давидсон И. Балеты Делиба // Сов. музыка. 1961. № 2.

т. 6, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАНІ́ЙЦЫ, іаняне (Iōnes),

адно з асноўных стараж.-грэч. плямён. Назва ад імя легендарнага героя Іона, якога лічылі родапачынальнікам племя. Займалі тэр. Атыкі, частку в-ва Эўбея, а-вы Хіяс, Самас, Наксас і інш. У 11—9 ст. да н.э. каланізавалі сярэднюю ч. зах. ўзбярэжжа М. Азіі, потым Чорнага і Мармуровага мораў, дзе стварылі саюз 12 гарадоў. У 7—6 ст. да н.э. І. дасягнулі эканам. і культ. росквіту (развіццё рамёстваў, гандлю). У сярэдзіне 6 ст. да н.э. пад кантролем цароў Лідыі, у 2-й пал. 6 ст. да н.э. падпарадкаваны персамі, супраць якіх узнялі ў 500 да н.э. паўстанне. І. лічыліся асн. носьбітамі грэч. культуры. На дыялекце І. захаваліся л-ра (у т. л. паэмы Гамера, творы Герадота) і значная колькасць эпіграфічных помнікаў.

т. 7, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАМЕРЫ́Я (ад іза... + грэч. meros доля, частка) y хіміі, з’ява існавання злучэнняў (пераважна арган.) з аднолькавай малекулярнай формулай, але рознай структурнай і прасторавай будовай і таму рознымі фіз. і хім. ўласцівасцямі. Такія злучэнні наз. ізамерамі.

Адкрыта ням. хімікам Ю.​Лібіхам (1823), які паказаў, што існуюць 2 розныя па ўласцівасцях рэчывы аднолькавага саставу: AgCNO — фульмінат Ag-O-N=C і ізацыянат Ag-N=C=O серабра. Тэрмін «І.» ўведзены швед. хімікам Ё.​Берцэліусам (1830), які даследаваў вінную і вінаградную к-ты. Далейшае развіццё І. атрымала ў навук. працах А.М.Бутлерава, Я.Х.Гофа, Ф.А.Кекуле, А.Пастэра, У.Прэлага. Адрозніваюць структурную ізамерыю (асобны выпадак — таўтамерыя) і прасторавую ізамерыю (стэрэаізамерыю), якую падзяляюць на энантыямерыю (аптычную ізамерыю) і дыястэрэамерыю (асобны выпадак — геаметрычная ізамерыя). Гл. таксама Дыястэрэамеры, Стэрэахімія).

Т.​Т.​Лахвіч.

т. 7, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВАЛЮ́ЦЫЯ (ад лац. involutio выгін, завіток, згортванне),

1) рэдукцыя або страта ў эвалюцыі асобных органаў, спрашчэнне будовы і функцыі якога-н. органа ў працэсе анта- і філагенезу, напр., розныя ступені рэдукцыі кішэчніка ў некат. паразітычных чарвей, членістаногіх, рэдукцыя адростка сляпой кішкі ў драпежных жывёл.

2) Адваротнае развіццё органаў, тканак, клетак, напр. І. маткі ў пасляродавы перыяд, узроставая І. вілачкавай залозы, эпіфіза.

3) Атрафія органаў пры паталогіі і старэнні, напр. узроставае згасанне палавой актыўнасці, якое суправаджаецца зменамі марфал. структуры палавых органаў, зніжэннем іх функцый, атрафіяй палавых залоз.

4) Выраджэнне мікраарганізмаў, калі яны пад уплывам неспрыяльных фактараў (ядаў, радыяцыі і інш.) набываюць нязвыклую для іх форму.

5) Адна з перабудоў зародка. Тэрмін «І.» часам выкарыстоўваюць як сінонім інвагінацыі (форма гаструляцыі).

т. 7, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНШАЗЕ́МНЫЯ СЛАБО́ДЫ,

месцы пасялення іншаземцаў у рус. гарадах, пераважна ў Маскве, у 16—17 ст. Першая І.с. ўзнікла ў Маскве ў 1-й трэці 16 ст. ў Замаскварэччы. У 2-й пал. 16 ст. на р. Яўза ўзнікла І.с. з палонных, захопленых у час Лівонскай вайны 1558—83, якая пазней стала месцам пасялення іншаземцаў розных нацыянальнасцей і прафесій (Нямецкая слабада). У 17 ст. ў Маскве існавала яшчэ 6 І.с., у т. л. Мяшчанская слабада, населеная выхадцамі з Беларусі (пераважна палоннымі рамеснікамі). Яе жыхары зрабілі значны ўклад у развіццё рус. культуры. І.с. была таксама ў Архангельску. Жыхары І.с. падпарадкоўваліся агульнарас. законам, але карысталіся некат. самакіраваннем і свабодай веравызнання. Пры Пятру I І.с. падпарадкаваны Бурмістарскай палаце і страцілі сваю адасобленасць.

т. 7, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ВАС Катэрына Альбертавіч (30.10.1775, г. Венецыя, Італія — 10.5.1840),

расійскі кампазітар, дырыжор. Па паходжанні італьянец. Вучыўся ў Ф.​Б’янкі. З 1799 служыў пры Дырэкцыі імператарскіх т-раў у Пецярбургу. З 1806 капельмайстар рус. оперы, з 1822 інспектар прыдворных аркестраў. З 1832 «дырэктар музыкі» імператарскіх т-раў. Зрабіў вял. ўклад у развіццё рус. муз. т-ра. Сярод твораў (больш за 50): оперы «Ілья-волат» (1806), «Іван Сусанін» (1815), опера-вадэвіль «Казак-вершатворац» (1812); балеты «Зефір і Флора» (1808), «Амур і Псіхея» (1809), «Ацыс і Галатэя» (1816), «Каўказскі нявольнік, або Цень нявесты» паводле А.​Пушкіна (1823); патрыят. балеты-дывертысменты.

Літ.:

Сычева О. Кавос и русский музыкальный театр первой трети XIX в. // Стилевые особенности русской музыки XIX—XX вв. Л., 1983.

т. 7, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЦЫНАЛО́ГІЯ (ад грэч. karkinos рак + ...логія),

раздзел заалогіі, які вывучае ракападобных.

На Беларусі даследаванні вядуцца з 1920 (агляд фауны галінаставусых ракападобных Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай губ.), паглыбленыя — з 1950-х г. у БДУ, Ін-це заалогіі Нац. АН Беларусі, Бел. н.-д. і праектна-канструктарскім ін-це рыбнай гаспадаркі, Віцебскім ун-це. Вывучаецца фауна ракападобных, іх біял. асаблівасці, энергетыка і функцыян. роля ў водных экасістэмах, стан і перспектывы промыслу рачных ракаў, развіццё і станаўленне фауны ракападобных вадасховішчаў, колькасныя заканамернасці жыўлення і росту. У Браслаўскіх азёрах выяўлены і даследаваны рэлікты ледавіковага перыяду — лімнакалянус, мізіда рэліктавая, палазея, понтапарэя. Распрацаваны пытанні аквакультуры прэснаводных крэветак, інтрадукаваны субтрапічныя крэветкі ў вадаёмы-ахаладжальнікі ДРЭС, новыя для Беларусі віды мізід і інш.

Н.​М.​Хмялёва.

т. 8, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)