БО́РЛАЎГ ((Borlaug) Норман Эрнест) (н. 25.3.1914, Крэска, штат Аява, ЗША),
амерыканскі генетык і раслінавод. Скончыў ун-т у Мінесоце (1937). Чл.Нац.АН ЗША, замежны чл. УАСГНІЛ (1972). Праф. земляробства Тэхаскага ун-та з 1984. У сярэдзіне 1960-х г. — 1979 дырэктар Праграмы па даследаваннях і вытв-сці пшаніцы пры Міжнар. цэнтры па паляпшэнні сартоў кукурузы і пшаніцы (Мексіка). Вывеў сорт «карлікавай» пшаніцы, устойлівай у розных кліматычных умовах да захворванняў і з вял. ураджайнасцю, што дало магчымасць паменшыць харч. праблемы ў краінах Азіі, Паўд. Амерыкі і Афрыкі. Нобелеўская прэмія міру 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЗЕЛ, Вісель (Wisel) Торстэн Нільс (н. 3.6.1924, г. Упсала, Швецыя), амерыканскі нейрафізіёлаг. Чл.Амер. акадэміі навук і мастацтваў, Нац.АН ЗША, Лонданскага каралеўскага т-ва. Праф. фізіялогіі (1964), нейрабіялогіі. Вучыўся ў Каралінскім ін-це ў Стакгольме. З 1954 працаваў у гэтым ін-це. З 1955 у ЗША. З 1959 у Гарвардзе, з 1983 праф. у Ракфелераўскім ун-це. Навук. працы па нейрафізіялогіі органаў зроку. Разам з Д.Х.Х’юбелам вызначыў прынцыпы перапрацоўкі інфармацыі ў нейронных структурах мозга, якія ўспрымаюць вонкавыя сігналы. Нобелеўская прэмія 1981 (разам з Х’юбелам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВИ́ТЕБСКИЙ КРАЙ»,
грамадска-паліт. і літ. часопіс ліберальнага кірунку. Выдаваўся штотыднёва з 30.10(12.11).1916 да 22.10(4.11). 1917 у Віцебску на рус. мове [з 5(18).3 да 20.8(2.9).1917 не выходзіў]. Выступаў за дэмакр. рэспубліку, вітаў Лют. рэв. 1917, асуджаў падрыхтоўку да ўзбр. паўстання супраць Часовага ўрада. Прытрымліваўся пацыфісцкіх пазіцый, але пасля звяржэння царызму выступаў за абарону «рускай бацькаўшчыны». Агітаваў за адзінства ўсіх нацый і народаў у складзе Расіі, мірнае вырашэнне сац. і нац. канфліктаў. Апублікаваў цыкл артыкулаў «Забыты край. Нарысы Беларусі». Змяшчаў літ. творы, пераклады, рэцэнзіі, тэатр. агляды. Выйшла 20 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТКО́ЎСКАЯ (Вераніка Рыгораўна) (н. 5.6.1957, Мінск),
бел. мастак. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1982). Працуе ў галіне дэкар.-прыкладнога мастацтва, графікі, жывапісу. Выканала люстры для кафэ «Вянок» (1984), вітраж і люстры для кафэ «Церамок» (1986), вітражы «Сонца» і «Вясёлка» для Нац. цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (1992; усе ў Мінску). Сярод графічных работ: «Каляды ў бабулі» (1987), «Развітанне», «Сон» (абедзве 1989); жывапісных — «Вянчанне», «Ноч», «Узрушанне» (усе 1991), «Вецер», «Двое» (абедзве 1993), «Бабульчына гарышча», «Пад час чытання Евангелля», «Раніца» (усе 1995) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ ЦА́РСКІЯ ВАРО́ТЫ,
помнік манум.-дэкар. мастацтва канца 17 ст. Створаны для Георгіеўскай (Юр’еўскай) царквы Віцебска. Драўляныя прамавугольнай формы вароты, упрыгожаныя разьбой і паліхромнай размалёўкай, уключаюць 6 утвораных расліннымі парасткамі клеймаў — рэльефных выяў святых на зялёным фоне. У двух верхніх клеймах традыц. кампазіцыя «Благавешчанне» заменена выявамі Сімяона Столпніка і Міколы Цудатворца, у ніжніх змешчаны 4 выявы евангелістаў з разгорнутымі Евангеллямі на каленях. Позы святых свабодныя, трактоўка адзення выяўляе формы фігур.
Захоўваюцца ў Нац.маст. музеі Беларусі.
Літ.:
Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДНАСПАРТЫ́ЎНЫ КАМБІНА́Трэспубліканскі ў Мінску.
Дзейнічае з 1967 (арх. В.Ладыгіна), першы басейн з 1961. Уключае 3 закрытыя басейны з трыбунамі на 1 тыс. гледачоў, 2 адкрытыя з падагрэвам вады, аздараўленчы комплекс, які складаецца з лазняў з парыльнямі і адкрытага басейна з мінер. вадой. Агульная пл. ўсіх спарт. і дапаможных збудаванняў 18 га, пл. вады басейна 6200 м². Прапускная здольнасць збудаванняў 4,5 тыс.чал. за суткі. Праводзяцца рэсп. і міжнар. спаборніцтвы па водных відах спорту, выкарыстоўваецца і як навуч. база. Асн. база падрыхтоўкі нац. алімпійскіх каманд Беларусі па водных відах спорту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУЛЕ́ВІЧ (Рыгор Раманавіч) (19.4.1907, в.Вял. Кракотка Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 28.10.1974),
удзельнік рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, дзеяч бел. эміграцыі. Адзін з арганізатараў гурткоў Бел. сялянска-работніцкай грамады і Т-вабел. школы, б-кі імя Я.Купалы на радзіме. Каб пазбегнуць арышту, у 1928 эмігрыраваў у Канаду. Удзельнічаў у выпуску газ. «Канадский гудок», якая мела бел. старонку. Адзін са стваральнікаў Федэрацыі рус. канадцаў і яе друкаванага органа газ. «Вестник». Аўтар кн. «Рускія ў Канадзе» (Таронта, 1952), брашуры «50 год Беларускай рэспублікі» (Таронта, 1968).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАФРЭНАПЕДАГО́ГІКА (ад аліга... + грэч. phrēn розум + педагогіка),
раздзел дэфекталогіі, які вывучае праблемы выхавання, навучання і шляхі карэкцыі недахопаў развіцця разумова адсталых дзяцей (гл.Алігафрэнія), а таксама пытанні іх сац. рэабілітацыі. Цесна звязана з псіхіятрыяй, педагогікай, мед. навукамі (педыятрыяй, неўралогіяй, псіхапаталогіяй і інш.). На Беларусі пытанні алігафрэнапедагогікі распрацоўваюць дэфектолагі Бел.пед. ун-та, Нац. ін-та адукацыі і інш. Распрацавана канцэпцыя навучання, выхавання і падрыхтоўкі да жыцця дзяцей з адхіленнямі ў разумовым і фіз. развіцці (Т.Л.Ляшчынская, У.А.Шынкарэнка і інш.). Працуюць спец. школы ў Гродне, Мінску, Полацку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСЕ́ЕЎ (Фёдар Якаўлевіч) (паміж 1753 і 1755, С.-Пецярбург — 23.11.1824),
рускі жывапісец. Скончыў Пецярбургскую АМ (1773), яе акадэмік з 1794. У 1773—77 удасканальваў майстэрства ў Венецыі, дзе пісаў пейзажы («Набярэжная Ск’явоні ў Венецыі», 1775, Нац.маст. музей Беларусі). Першы ў рус. жывапісе стварыў гар. пейзажы: «Выгляд Палацавай набярэжнай ад Петрапаўлаўскай крэпасці» (1800—02), «Красная плошча ў Маскве» (1801), «Від на горад Бахчысарай», «Плошча ў горадзе Мікалаеве» і інш.
Літ.:
Алексеев: Альбом / Авт.-сост. И.М.Жаркова. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЛО́Ў,
1) здабыча жывымі пэўнай колькасці дзікіх жывёл для навук. даследаванняў, заапаркаў і заасадоў, утрымання ці развядзення ў няволі, рассялення за межамі дадзенага рэгіёна (у мэтах акліматызацыі ці рэакліматызацыі).
2) Здабыча жывёл (пераважна млекакормячых і птушак) у прамысл. мэтах з дапамогай спец. прыстасаванняў і прылад: цянётаў, гонаў і інш. сетак, самалоўных пастак, садкоў, лоўчых ям і інш. Для многіх відаў жывёл адлоў рэгулюецца нормамі міжнар. і нац. заканадаўстваў, магчымы толькі ў межах вылучаных квот або на падставе выдадзеных прыродаахоўнымі органамі ліцэнзій; адступленне ад іх лічыцца браканьерствам.