агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял.кн.Казімірам IV Ягелончыкам у Вільні 2.5.1447. Адзін з асн.дзярж. актаў, які замацаваў шырокія правы баяр ВКЛ у паліт., сац. і эканам. жыцці дзяржавы. Складаецца з 14 артыкулаў. Пацвярджаў асабістую свабоду і недатыкальнасць баяр, гарантаваў, што за правіннасць павінен адказваць толькі сам вінаваты, а не яго жонка, бацька, слуга або інш. баярын. Баярам дазволены выезд за межы дзяржавы «для лепшага набыцця шчасця або ўчынкаў рыцарскіх», але не ў «непрыяцельскую краіну». Пацверджаны прывілеі баярам на маёнткі, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі, права на продаж і абмен маёнткаў. П. гарантаваў баярам, што іх маёнткі не будуць канфіскаваны, а пасля смерці баярына яго сыны і дочкі «ад сваёй вотчыны не маюць аддалены быць». У П. зафіксаваны дагавор вял. князя з феадаламі, што ён, як і яны, не будзе прымаць у свае маёнткі збеглых сялян, а вяртаць уцекачоў назад да свайго пана. Адным з гал. палажэнняў П. была перадача вял. князем свайго права судзіць сялян і інш. падданых самім баярам (права судовага імунітэту). З гэтага часу феадал станавіўся адзіным суддзёю сваіх падданых, што вяло да яшчэ большай іх залежнасці і ўрэшце дало магчымасць іх запрыгоніць. П. гарантаваў баярам, што землі і дзярж. пасады ў ВКЛ будуць атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ. Такім чынам, П. забараняў пранікненне польскай шляхты ў ВКЛ. Вял. князь таксама ўрачыста абяцаў бараніць незалежнасць дзяржавы і яе тэр. цэласнасць. Напісаны на лац. мове. Меў вял. значэнне ў далейшым юрыд. афармленні правоў феадалаў, некаторыя яго нормы ўвайшлі ў Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁТЭ́ХНІКА,
навука аб метадах генерацыі, распаўсюджвання ў прасторы, прыёму і выкарыстання радыёхваль; галіна тэхнікі, якая ажыццяўляе распрацоўку, выраб і выкарыстанне радыёапаратуры. Асн. прынцып — выкарыстанне энергіі эл.-магн. поля для перадачы інфармацыі. Грунтуецца на дасягненнях фізікі, электронікі, фізікі цвёрдага цела, тэорыі ваганняў і інш., а таксама тэхналогіі вакуумных і паўправадніковых прылад, вытв-сці крыніц электрасілкавання, тэхнікі высокачастотных вымярэнняў і інш.
Даследаванні М.Фарадэяэл. і магн. палёў (1831) далі пачатак вучэнню аб распаўсюджванні эл.-магн. поля без правадоў. На іх аснове Дж.К.Максвел абгрунтаваў аднолькавасць прыроды светлавых і эл.-магн. хваль (1864), што пацверджана эксперыментальна Г.Герцам (1888). У 1895 А.С.Папоў прадэманстраваў сістэму перадачы — прыёму радыёсігналаў, прыдатную для практычнага выкарыстання. На пач. этапе развіцця Р. створаны прасцейшыя перадавальныя і прыёмныя радыёапараты для забеспячэння радыёсувязі. Далёкасць і якасць радыёсувязі істотна выраслі з пераходам на слыхавы прыём сігналаў і выкарыстаннем дэтэктара. Вынаходства электронных лямпаў дало магчымасць стварыць магутныя радыёперадатчыкі, высакаякасныя радыёпрыёмнікі і інш. радыёапаратуру, значна павялічыць далёкасць радыёсувязі, развіць радыётэлефанію і радыёвяшчанне, перадаваць відарыс — фотатэлеграфію і тэлебачанне. Дасягненні Р. садзейнічалі ўзнікненню новых галін навукі і тэхнікі: радыёастраноміі, радыёметэаралогіі, радыёспектраскапіі і інш. На аснове Р. і электронікі ўзнікла радыёэлектроніка. Павышэнню эфектыўнасці радыётэхн. апаратуры садзейнічала выкарыстанне паўправадніковых прылад, інтэгральных схем, малекулярных і параметрычных генератараў і ўзмацняльнікаў, квантавых генератараў і інш.
На Беларусі даследаванні па праблемах Р. вядуцца ў Ін-тах фізікі, электронікі Нац.АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БДУ і інш.; працуюць радыётэхн. з-ды, якія выпускаюць радыёпрыёмнікі, тэлевізары і інш. радыётэхн. апаратуру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́ЦКА-АФГА́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ І ПАГАДНЕ́ННІ Паводле дагавора 1921 аб дружбе, падпісаным 28 лют. ў Маскве, бакі пацвердзілі незалежнасць адзін аднаго і ўсталяванне дыпламат. адносін; узаемна абавязаліся не ўступаць з трэцяй дзяржавай у ваен. ці паліт. пагадненні, якія б пашкодзілі аднаму з бакоў. Сав. бок даваў Афганістану права свабоднага і бязмытнага транзіту тавараў праз сваю тэр., абавязаўся аказаць апошняму фін. і матэрыяльную дапамогу. Дагавор 1926 аб нейтралітэце і ненападзе, падпісаны 31 жн. ў Пагмане (Афганістан), прадугледжваў неўмяшанне ва ўнутр. справы адзін аднаго; недапушчэнне на сваёй тэр.ўзбр. атрадаў і арг-цый, варожых да інш. боку; няўдзел у саюзах і пагадненнях, накіраваных супраць інш. боку; нейтралітэт у выпадку канфлікту аднаго з бакоў з трэцяй дзяржавай. Дагавор 1931 аб нейтралітэце і ўзаемным ненападзе, падпісаны 24 чэрв. ў Кабуле, пацвярджаў палажэнні дагавора 1926. Пагадненне 1946 па памежных пытаннях, падпісана 13 чэрв. ў Маскве, устанаўлівала сав.-афганскую мяжу па тальвегу (найб. глыбокай частцы) р. Амудар’я. Пагадненне 1956 пра супрацоўніцтва ў развіцці Афганістана, падпісана 28 студз. ў Кабуле, давала магчымасць афганскаму боку набыць сав. крэдыт, што дапамагло Афганістану пераадолець эканам. страты, панесеныя ім у выніку канфлікту з Пакістанам. Дагавор 1978 аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж СССР і Дэмакр. Рэспублікай Афганістан (ДРА), падпісаны 5 снеж. ў Маскве, пацвярджаў прынцыпы дагавораў 1921, 1926 і 1931; прадугледжваў узаемныя кансультацыі бакоў з мэтай забеспячэння бяспекі і незалежнасці адзін аднаго, шырокае супрацоўніцтва і аказанне СССР Афганістану дапамогі ў паліт., эканам., культурнай, ваен. і інш. галінах. Стаў фармальнай падставай для ўводу сав. войск у ДРА у снеж. 1979. Скасаваны пасля падзення рэжыму Наджыбулы ў крас. 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭРЭАТЫ́ПІЯ (ад стэрэа... +грэч. typos адбітак, форма),
выраб копій друкарскіх форм (стэрэатыпаў) высокага друку. Дае магчымасць друкаваць выданні з аднолькавых форм-копій адначасова на некалькіх машынах, вырабляць формы для высокапрадукцыйных ратацыйных машын. Прыдатная для друкавання вял. тыражамі кніжна-часопісных, ілюстраваных і інш. масавых выданняў, а таксама набраных дробным кегелем (энцыклапедый, слоўнікаў), перавыданняў (з захаваннем матрыц).
Стэрэатыпы — копіі арыгінальнай друкарскай формы з адліўнога набору і клішэ, вырабленыя ў маштабе 1:1. Маюць форму маналітнай пласціны або часткі цыліндра з друкарскага сплаву (гарту), медзі, пластмасы або гумы з рэльефнымі друкавальнымі элементамі. Працэс С. ўключае: цісненне матрыц (на спец. матрычных прэсах); атрыманне стэрэатыпаў ліццём (матрыцу заліваюць спец. сплавам на стэрэатыпных адліўных станках), электралітычным спосабам (на матрыцу ў гальванічнай ванне нарошчваюць слой металу, які ўтварае паверхневы друкавальны слой стэрэатыпа; гл. Гальванастэрэатыпія), упрасоўваннем матрыцы ў тэрмапластычную пластмасавую або гумавую пласціну ў падагрэтым стане; аддзелку стэрэатыпа (апрацоўка па росце або таўшчыні, паглыбленне буйных прагалаў, апрацоўка тарцоў і інш.). Для павышэння тыражаўстойлівасці літыя стэрэатыпы пакрываюць хромам або нікелем, гальванастэрэатыпы часам храміруюць. У сувязі з апераджальным развіццём афсетнага друку, флексаграфскага друку і ўжываннем фотапалімерных форм у высокім друку з канца 20 ст. выкарыстанне С. скарачаецца.
Літ.:
Колосов А.И. Наборные и стереотипные процессы. М., 1977;
Полянский Н.Н. Основы полиграфического производства. 2 изд. М., 1991.
У.М.Сацута.
Стэрэатыпія: а — схема прасавання матрыц-штампаў з наборнай формы (1 — металічны ліст; 2 — зменныя абмежавальнікі; 3 — матрычны прэс-пакет; 4 — прэс-форма; 5 — арыгінальная форма); б — схема прасавання стэрэатыпаў (1 — матрыца; 2 — ліст пластмасы; 3 — пліта халоднага прэса; 4 — прэс-форма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУС Анатоль Міхайлавіч (30.5.1910, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 7.9.1989),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1955). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930), студыю БДТ-2 (1931). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.Коласа (да 1986). У сваёй творчасці працягваў і развіваў лепшыя традыцыі нац. сцэны. Адметны мастакоўскі тэмперамент спалучаў у сцэн. партрэтах сваіх герояў з псіхал. заглыбленасцю, выразным пластычным малюнкам, унутр. засяроджанасцю. Шырокі творчы дыяпазон, мастацтва пераўвасаблення давалі яму магчымасць выявіць сваю індывідуальнасць у разнапланавых ролях (лірычных і сац. герояў, драм., камед., вострахарактарных) у творах розных жанраў. Яркія прыклады рэаліст. і па-мастацку вобразнага раскрыцця змястоўных характараў і тыпаў пададзены ім у класічным і сучасным, у т. л.бел., рэпертуары: Старац («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Мацей («Несцерка» В.Вольскага), Бондараў («Проба агнём» К.Крапівы), Полаз, Шыковіч («Крыніцы», «Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Крандзялёў («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Макаранка («Над Бярозай-ракой» П.Глебкі), Мітрыч («Улада цемры» Л.Талстога), Андрэй Прозараў («Тры сястры» А.Чэхава), Ляпкін-Цяпкін («Рэвізор» М.Гогаля), Захар Бардзін, Басаў, Шышкін («Ворагі», «Дачнікі», «Мяшчане» М.Горкага), Пераяркаў, Пётр («Багна», «Лес» А.Астроўскага). Сярод інш. значных роляў: Макар («Востраў Алены» Я.Шабана), Гоша («Цудоўны сплаў» У.Кіршона), Месны («Фронт» А.Карнейчука), Карп Карпавіч («Не называючы прозвішчаў» В.Мінко), Яўмен Дыбенка («Праўда і крыўда» паводле М.Стэльмаха), Лір («Кароль Лір» У.Шэкспіра), Маёр («Дамы і гусары» А.Фрэдры), Эрнст фон Мюлер («Гарачае лета ў Берліне» паводле Дз.К’юсак).
Літ.:
Гутковіч А. Акцёр сцэнічнага натхнення (А.М.Трус) // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫ́ПАЎ ТЭО́РЫЯ,
сістэма пашыранага злічэння прэдыкатаў або аксіяматычная тэорыя мностваў, якая ўключае пераменныя розных тыпаў. Прапанавана англ. філосафам і матэматыкам Б.Раселам у 1908. Паводле яго задумы, Т.т. павінна была прадухіліць магчымасць з’яўлення антыномій, або парадоксаў, у мностваў тэорыі Г.Кантара. Згодна з гэтай канцэпцыяй усе пераменныя, якія выкарыстоўваюцца ў логіцы і мове, расслойваюцца на асобныя тыпы, у выніку чаго мноствы (класы) і іх элементы разглядаюцца толькі ў межах пэўнай іерархіі з абавязковай умовай — тып элемента мноства павінен быць на адзінку меншы за тып самога мноства. Замест адной пераменнай у сістэме можна падставіць інш. толькі таго ж тыпу. Побач з сістэмамі, тыпы пераменных якіх могуць быць выражаны натуральным радам паслядоўных лікаў, улічваюцца і сістэмы больш высокага ўзроўню з трансфінітыўнымі іерархіямі тыпаў. Усё гэта складае змест т.зв. простай Т.т. У працы «Асновы матэматыкі» (т. 1—3, 1910—13) Расел і А.Уайтхед выклалі разгалінаваную Т.т., у якой аб’екты ўнутры кожнага тыпу падзяляюцца на ўзроўні (пласты). Гэта тэорыя дазваляе вывучаць аб’екты з выкарыстаннем схем любой складанасці. Побач з гэтай логіка-матэм. канструкцыяй існуюць Т.т. і ў інш. сферах навук. пазнання. Напр., у сацыялогіі вядома ідэальных тыпаў тэорыя М.Вебера. Уклад у сістэму Т.т. зрабіла сфармуляваная швейцарскім псіхааналітыкам К.Г.Юнгам канцэпцыя «архетыпаў» (найстаражытных адвечных тыпаў, звычайна неўсвядомленых, якія як рэшткі памяці мінулага перадаюцца з пакалення ў пакаленне і зафіксаваны ў структурах унутранага свету чалавека, у розных рэліг. сімвалах і міфал. сюжэтах). У фізіялогіі важнае значэнне мела вучэнне І.П.Паўлава пра вышэйшую нерв. дзейнасць. Т.т. грамадстваў сфармуляваў Н.Луман (Германія), культуры — М.Мід, сац. сістэм — Т.Парсанс (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНАЯ ФІ́ЗІКА,
раздзел фізікі. які ўключае эксперым. і тэарэт. даследаванні ў галіне ядзер атамных і элементарных часціц. Падзяляецца на Я.ф. нізкіх і высокіх энергій. Я.ф. нізкіх энергій даследуе працэсы. у якіх энергія ўзбуджэння атамнага ядра не перавышае некалькіх дзесяткаў мегаэлектронвольт. Я.ф. высокіх энергій (энергіі некалькіх соцень мегаэлектронвольт і больш) вывучае пераважна пытанні, звязаныя са структурай элементарных часціц. Асн. раздзелы Я.ф.: ядзерная спектраскапія, ядзерныя рэакцыі, фізіка элементарных часціц, нейтронная фізіка, фізіка паскаральнікаў і інш.
Гал. этапы развіцця: эксперыментальна даказана наяўнасць ядра ў атаме (Э.Рэзерфард, 1911); ажыццёўлена першая штучная ядз. рэакцыя (Рэзерфард, 1919); прапанавана гіпотэза аб нейтронна-пратонным саставе атамнага ядра (Дз.Дз.Іваненка, В.Гайзенберг, 1932); выяўлена магчымасць штучна атрымліваць радыеактыўныя ядры (І. і Ф.Жаліо-Кюры, 1934); адкрыта дзяленне цяжкіх ядраў пры бамбардзіроўцы іх нейтронамі (О.Ган, Ф.Штрасман. 1939); ажыццёўлена першая ланцуговая ядз. рэакцыя ў ядз. рэактары (Э.Фермі, 1942); пушчана першая ў свеце сав.АЭС (1954). Далейшыя навук. дасягненні звязаны са стварэннем паскаральнікаў зараджаных часціц, удасканаленнем тэхнікі рэгістрацыі актаў узаемадзеяння часціц з атамнымі ядрамі і элементарнымі часціцамі. Я.ф. з’яўляецца навук. асновай многіх сучасных галін навукі і тэхнікі — ядз. энергетыкі, ядз. ўзбраення, нейтронна-актывацыйнага аналізу, астрафізікі, біял. дзеяння іанізавальнага выпрамянення, радыяцыйнай бяспекі, радыеэкалогіі. радыехіміі. радыетэрапіі ў медыцыне, метадаў неразбуральнага кантролю з выкарыстаннем нейтронаў і гама-прамянёў і інш.
На Беларусі даследаванні па Я.ф. праводзяцца ў «Цэнтры ядзерных тэхналогій — Сосны Нац.АН Беларусі», БДУ, Ін-це фізікі Нац.АН і інш.
Літ.:
Широков Ю.М., Юдин Н.П. Ядерная физика. М., 1972;
Михайлов В.М., Крафт О.Е. Ядерная физика. Л., 1988.
Лата́ць2 ’прыбіваць латы да крокваў’ (КЭС, лаг.). Да ла́та2. Параўн. таксама ла́ціць. Не выключана магчымасць запазычання з польск.latać ’тс’. Аналагічна ў ням. мове: Latte ’лата’ > latten ’прыбіваць латы’ (Слаўскі, 5, 41).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́рнік1 ’член карнага атрада, карнай экспедыцыі’ (ТСБМ) — Nomen agentis ад караць (гл.).
Ка́рнік2 ’спецыяльна абсталяваная частка хлява для захоўвання сена’ (Жыв. сл.), да *кармнік як месца захоўвання кармоў. Выклікае сумненні магчымасць суфіксацыі з дапамогай суфікса ‑ік (< ‑ікъ), які страціў былую прадуктыўнасць. Але трэба ўлічыць верагоднасць формы *кармнік < kъrm‑ьn‑ikъ < kъrmьnъ (‑ьn‑ikъ). Трэба таксама мець на ўвазе паралелізм назваў гаспадарчых пабудоў (кароўнік, курнік і г. д.). Тады ў якасці першаснай формы прымаюцца адносныя прыметнікі на ‑ьnъ (kurьnъ, а ў нашым выпадку kъrmьnъ), да якіх рэгулярна далучаецца суфікс ‑ikъ.