дажы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; зак.
1. Дасягнуць якога‑н. узросту; пражыць да якога‑н. тэрміну, падзеі. Не дажыў мой бацька да цяперашніх радасных дзён, не дажылі і многія яго равеснікі — аднавяскоўцы. Кулакоўскі. // Дайсці ў жыцці да якога‑н. стану, выніку. [Каратай:] Хоць бы якая табачынка! Эх, дажылі казакі... Маўзон. — Дажыў ты, Гаранька. На вочы людзям сорамна выйсці! Савіцкі.
2. што. Разм. Прабыць астатак часу, тэрміну дзе‑н. Дажыць тыдзень у доме адпачынку.
3. (у спалучэнні са словамі «век», «гады», «час», «жыццё» і пад.). Закончыць сваё жыццё, сваё існаванне. Конь гэты адбрыкаў сваю маладосць і адрабіў сваю сілу ў Сурвілы, а да Гушкі прыйшоў дажыць сваю апошнюю старасць. Чорны.
4. што. Разм. Выдаткаваць на пражыццё; пражыць. Дажыць апошнія грошы.
•••
Дажыць да сівых валасоў — дажыць да старасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
менш, прысл.
1. Выш. ст. да прысл. мала. Дзядуля ляжаў на канапе, накрыўшыся старым кажушком: апошнія дні яму нездаровілася, і ён стараўся менш хадзіць. Якімовіч. Пра сябе самога [Нічыпар] гаварыў мала і яшчэ менш пра сваю жонку. Кулакоўскі.
2. У спалучэнні з прыметнікамі, дзеепрыметнікамі і прыслоўямі ўтварае апісальную форму ступені параўнання. Над цёмнымі руінамі і рэдкімі агнямі горада ізноў пераклікаюцца гудкі заводаў. У адказ ім, з вакзала або з далёкай ускраіны даносіцца не менш задорны свіст паравоза. Брыль. Дзед быў узрушаны не менш, чым Міколка. Лынькоў.
•••
Больш-менш гл. больш.
Менш за ўсё — ужываецца пры ўзмоцненым адмоўі; тое, што і зусім не...
Ні больш ні менш (як) гл. больш.
Сама менш — а) менш за ўсіх; б) не менш чым.
Тым не менш — нягледзячы на гэта, аднак, усё ж.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мушту́к, ‑а, м.
1. Невялікая трубачка (пластмасавая, касцяная, бурштынавая або драўляная), у якую ўстаўляюцца папяросы, цыгарэты. Тодар Шалюта сядзеў моўчкі, апусціўшы галаву з касым клінам валасоў на лбе, і з маруднай паважнасцю ўладкоўваў палавінку [цы]гарэты ў жоўты бурштынавы муштук. Дуброўскі. // Цвёрдая, свабодная ад тытуню частка папяроснай гільзы, якую бяруць у рот пры курэнні. Глянула [маці] на попельніцу і моўчкі пакруціла галавой: там адзін у адзін ляжалі муштукі.. папярос. Кулакоўскі. // Тое, што і цыбук (у 1 знач.).
2. Тое, што і цуглі. Па горкай сцежцы цокаюць падковы, Гарачы конь кусае муштукі. Грахоўскі.
3. Дэталь духавога музычнага інструмента, якую ў час ігры бяруць у рот або прыкладваюць да губ. — Хлопцы, вальс атрымліваецца! — размахваючы кларнетам, выгукнуў Андрэй і зноў прыставіў муштук інструмента да губ. Пянкрат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́явіцца, ‑яўлюся, ‑явішся, ‑явіцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Наглядна праявіцца; паказацца (пра што‑н. скрытае). У хлопца выявіліся добрыя арганізатарскія здольнасці, старанне, настойлівасць і акуратнасць у рабоце. Кулакоўскі. // Разм. Паказаць сябе. Макар Лагун ужо не раз казаў Сцёпку, чаму ён не ў ячэйцы, .. і чаму не выявіўся нічым, як бязбожнік. Колас. // Выкрыцца, стаць відавочным. Выявіліся недахопы. Выявілася нястача грошай.
2. безас. (звычайна ў спалучэнні са злучнікам «што»). Аказацца на самай справе, у выніку чаго‑н. Ужо з першых крокаў выявілася, што такое заданне даць лягчэй, чым яго выканаць. Якімовіч. Калі праверылі людзей, то выявілася, што ўсе былі ў зборы. Мележ. Як выявілася, рыбакі паехалі ў сяло. Краўчанка.
3. Разм. Выпісацца адкуль‑н. Выявіцца з дамавой кнігі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
жы́ла, ‑ы, ж.
1. Разм. Крывяносны сасуд.
2. Разм. Тое, што і сухажылле. Стаяў Патапавіч на адным сваім пункце і цяпер стаіць: не хапайся адразу за многае, а то жылы трэснуць. Кулакоўскі.
3. Трэшчына ў зямной кары, запоўненая горнай пародай, а таксама сама горная парода ў такой трэшчыне. Залатаносная жыла.
4. Разм. Багністае месца з падземнай крыніцай. — Тут.. [фашысты] хутка не пройдуць Вунь каля таго куста такая жыла, што засмокча іх з галавой. Шамякін.
5. Асобны провад кабелю. Правады — сотні жыл — Неслі сілу ў сёлы. Бялевіч.
•••
Выцягнуць (усе) жылы гл. выцягнуць.
Залатая жыла — пра вельмі багатую крыніцу даходу.
Ірваць жылы гл. ірваць.
Кроў ледзянее (стыне) (у жылах) гл. кроў.
Напінаць жылы гл. напінаць.
На ўсе жылы; з усіх жыл — на поўную сілу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прысво́іць, ‑свою, ‑своіш, ‑своіць; зак., каго-што.
1. Зрабіць што‑н. чужое сваёй уласнасцю. Кожны тыдзень, а то і два разы на тыдні Арцём вазіў дровы ў Глыбокае, і ўсё ішло добра. Ён быў вельмі сумленны хлопец і ні разу не прысвоіў сабе гроша. Машара. — [Еўдакія] хітрая, можа забраць, прысвоіць, а надзець, так хутка не надзене. Кулакоўскі. Аднойчы .. [Іван], прабраўшыся ў друкарскі цэх, дацягнуўся да наборнай касы і прысвоіў поўную жменю літар. Навуменка. // Выдаць за сваё, прыпісаць сабе што‑н. — Змог жа Марконі прысвоіць вынаходства Нанова і пажыць мільёны. Зуб.
2. Надзяліць чым‑н., даць што‑н. (званне, імя, чын і пад.). Прысвоіць званне ўдарніка камуністычнай працы. □ Паслаў .. [Заслонаў] Жэню ў дэпо вучыцца на слесара, а праз два месяцы яму прысвоілі трэці разрад. Шчарбатаў. Неўзабаве [Лескаўцу] прысвоілі званне старшага лейтэнанта. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разве́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. а таксама пра каго-што, аб кім-чым і з дадан. сказам. Распытваючы, назіраючы, дазнацца пра што‑н. — Я адзін пайду, — ціхім голасам сказаў Грышка, — я як бачыш аб усім разведаю... Чарот. Гаспадару кватэры даручылі разведаць, калі будзе аперацыя. Чорны. // Здабыць звесткі аб праціўніку і занятай ім мясцовасці. Чарговым заданнем, якое даў Далідовічу камандзір атрада, было разведаць гарнізон у вёсцы Гаць. Шахавец. Між тым праціўнік дакладна разведаў абаронныя лініі падраздзяленняў і ўвёў у бой мінамёты. Кулакоўскі.
2. Зрабіць абследаванне чаго‑н. са спецыяльнай мэтай. Разведаць дарогу. □ [Вадзім:] — Слухай, Мікола, паехалі сёння ноччу рыбу паловім. Я вазьму маторку, заеду да цябе. Я тут разведаў добрыя мясціны. Гаўрылкін. // Знайсці, адшукаць (залежы, радовішча чаго‑н.) у выніку спецыяльнага даследавання. Разведаць запасы калійнай солі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раздо́лле, ‑я, н.
1. Шыр, прастор; шырокая вольная прастора. Стэпавае раздолле. □ Абрысы хат з заснежанымі стрэхамі зводдалі ў цемры нельга было разабраць, і агеньчыкі нагадвалі буйныя зоркі, што ўпалі з неба на снегавое раздолле. Хадкевіч. Прыемна было ісці па гэтай роўнядзі, па гэтым свежым раздоллі, упрыгожаным зыбучай павуцінкай золкавай расы. Кулакоўскі.
2. Разм. Шырокая прастора, якая дае магчымасць свабодна дзейнічаць каму‑, чаму‑н., праяўляцца чаму‑н. і пад. Высечаныя дрэвы далі раздолле тым, што асталіся з бакоў, і яны галінамі сваімі пацягнуліся на прагалы і стварылі жывыя шаты. Пальчэўскі. [Кажамяка:] — Толькі асушыць балота, тады будзе тваёй птушцы раздолле. Гурскі. // перан. Поўная свабода, адсутнасць абмежаванняў у чым‑н.; спрыяльныя, зручныя абставіны, умовы для каго‑, чаго‑н. Пачынаецца раздолле для аматараў грыбоў. В. Вольскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падману́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго і без дап.
1. Наўмысна сказаўшы няпраўду, увесці ў зман каго‑н. Завода па-ранейшаму не было.. «Адно з двух, — падумаў Васіль, — ці той сустрэчны [чалавек] падмануў мяне, ці сам ён, пэўна, не ведаў, дзе трактарны завод». Кулакоўскі.
2. Не выканаць абяцання, не апраўдаць чыіх‑н. спадзяванняў; падвесці, ашукаць. — А ты, капітан, не трывожся, — пачаў супакойваць.. [салдат]. — Раз абяцалі твае, што прышлюць каго-небудзь, значыць не падмануць. Чыгрынаў. / у перан. ужыв. Яўхім з радасцю падумаў, што поле каля цагельні і ў гэты год не падманула, урадзіла ўсім.. на зайздрасць. Мележ.
3. Разм. Салгаць, абмануць. — А дзе ж твая, сынку, шапка? — раптам запытаўся ў мяне бацька.. Што мне было адказаць бацьку? Падмануць, сказаць, што згубіў? Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напру́жанне, ‑я, н.
1. Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. напружыць, напружыцца.
2. Сканцэнтраванне намаганняў, затрата вялікай энергіі, сіл для ажыццяўлення чаго‑н. Рабіць без напружання. Нервовае напружанне. Творчае напружанне. □ Шкада было матораў.. машын, шкада было шафёраў, рукі якіх дранцвелі ад напружання. Кулакоўскі. Працоўнае напружанне на палях не спадае ні на адзін дзень. «Звязда». // Крайняя ступень працякання чаго‑н. Трымаць усіх у напружанні. Трывожнае напружанне. □ Відаць, сход дайшоў да самага высокага напружання. Дуброўскі.
3. Ненатуральнае становішча, нацягнутасць. Вострае напружанне міжнародных падзей.
4. Спец. Велічыня ціску або расцяжэння, якія ўзнікаюць у цвёрдым целе ў выніку знешняга ўздзеяння (сіл, тэмпературы і пад.).
5. Спец. Велічыня, якая характарызуе работу электрычных сіл пры перамяшчэнні электрычнага зараду. Электрычнае напружанне ў адзін вольт. Ток высокага напружання.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)