грымірава́ць

(фр. grimer = падмалёўваць твар)

1) накладваць грым, каб надаць акцёру патрэбны для яго ролі выгляд;

2) надаваць каму-н. з дапамогай грыму аблічча каго-н. (напр. г. пад рыбака).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

бле́нда

(ням. Blende)

1) прыстасаванне ў выглядзе цыліндра або конуса, якое надзяваецца на пярэднюю частку аправы аб’ектыва, каб прадухіліць пранікненне ў яго бакавых прамянёў сонца;

2) ліхтар для асвятлення рудніка.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

рэпетава́ць

(лац. repetere = паўтараць)

паўтараць чые-н. сігналы для таго, каб лягчэй было іх прыняць далёкімі караблямі ва ўмовах дрэннай бачнасці, а таксама як знак таго, што іх правільна зразумелі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

сума́цыя

(п.-лац. summatio = складанне, ад лац. summa = сума)

узнікненне ўзбуджэння ў тканках арганізмаў у выніку дзеяння некалькіх паслядоўных падпарогавых раздражненняў, кожнага з іх асобна недастаткова, каб выклікаць фізіялагічную рэакцыю.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АЎРЭ́ЛІЙ (Марк) (Marcus Aurelius; 26.4.121, Рым — 17.3.180),

рымскі імператар з 161, філосаф, адзін з прадстаўнікоў позняга стаіцызму. Пры ім Рым захапіў Месапатамію, устанавіў пратэктарат над Арменіяй, вёў Маркаманскую вайну 166—180 з германцамі і сарматамі. Яго твор «Адзін на адзін з сабою» даследуе пераважна этычныя праблемы. Аўрэлій лічыў, што ў свеце ўсё адбываецца паводле пэўнага парадку і справядлівасці, прасякнута божым прадбачаннем. Лёс чалавеку наканаваны, і прымаць яго трэба з радасцю; трэба радавацца таму, што маеш, кожны дзень праводзіць як апошні; людзі створаны, каб любіць сабе падобных; прызначэнне чалавека — захоўваць разумнасць і павагу да грамадскасці і дапамагаць у гэтым сваім блізкім. Адмаўляў ухваленне натоўпу, улады, багацця; жыцця, поўнай асалоды. Клопат пра пасмяротную славу лічыў марным, бо зямля — пясчынка, жыццё — бясконцы паўтор.

А.​В.​Рубанаў.

Марк Аўрэлій сярод жрацоў. Мармуровы рэльеф.

т. 2, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЖЫ́НКІ,

старадаўняе нар. свята ў беларусаў, звязанае з заканчэннем жніва. Дажынкавыя абрады былі скіраваны на тое, каб аддзякаваць «духам нівы» за хлеб, захаваць яе плён на наступны год. Дажаўшы жыта, жнеі ўпрыгожвалі апошні сноп кветкамі і стужкамі, плялі вянкі з каласоў і кветак і з песнямі ішлі ў вёску. Зайшоўшы ў двор, яны перадавалі апошні сноп гаспадару, які запрашаў іх за гасцінны стол з абавязковымі абрадавымі стравамі — блінамі з маслам і сытой, крупяной кашай. Усе абрады суправаджаліся дажынкавымі песням: іх спявалі ў канцы жніва, у час абраду «завівання барады», па дарозе жней дахаты, у двары гаспадара і на святочным застоллі. На Пн Беларусі Д. спраўлялі двойчы: малыя пасля заканчэння жытняга жніва, вялікія пасля таго, як зжыналі і яравыя. У наш час Д. адзначаюць як свята ўраджаю.

А.​С.​Ліс.

т. 6, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМАРА́ЦКІ (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 2.9.1946, г. Гомель),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах фп. (1971) і кампазіцыі (1979, клас Дз.Смольскага). У 1979—82 дырыжор Сімфанічнага аркестра Бел. тэлебачання і радыё. З 1984 выкладчык Мінскай дзіцячай муз. школы № 9. Найб. значныя творчыя дасягненні ў сімф. і канцэртным жанрах. Яго музыцы ўласцівы тэмбравая маляўнічасць, нестандартнасць драматург. вырашэнняў. Сярод твораў: кантаты «Мая Беларусь» на словы Я.​Коласа (1982) і «Каб ведалі» на словы М.​Танка (1984); сімфоніі (1981, 1990); канцэрты — для трубы (1980, 1992), для валторны з арк. (1985), для аркестра (1987), «Палескія песні» для аркестра бел. нар. інструментаў (1988), канцэрціна для кларнета і фп. (1989); санаты для кларнета (1984) і «Мазаіка» для фп. (1986), «Партыта» для брас квінтэта (1988); інстр. п’есы; музыка да драм. спектакляў. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Р.​М.​Аладава.

т. 6, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́КЛЮЧАНАГА ТРЭ́ЦЯГА ПРЫ́НЦЫП,

закон класічнай фармальнай логікі, паводле якога з двух выказванняў, адно з якіх ісціннае, другое няісціннае, выключаюць трэцяе. Напр., з двух выказванняў «Сонца—зорка» (A ёсць B) і «Сонца — не зорка» (A не ёсць B) адно ісціннае. Маючы на ўвазе такія выказванні, традыц. фармальная логіка гэты закон фармулявала так: «A ёсць B ці не B» (трэцяга не дадзена). Упершыню выключанага трэцяга прынцып сфармуляваны Арыстоцелем. Сфера дзеяння яго вызначаецца не спосабамі выяўлення ісціннасці ці няісціннасці выказванняў, а адносінамі паміж выказваннямі, калі яны выкарыстоўваюцца ў доказах і інш. лагічных аперацыях. Закон не дапускае, каб сцверджанне і адмаўленне падмяняліся адно адным ці эклектычна аб’ядноўваліся ў нейкім трэцім выказванні. Выключанага трэцяга прынцып дапаўняе і развівае ў логіцы супярэчнасці прынцып і разам з ім і з тоеснасці законам выключае лагічную супярэчлівасць выказванняў.

т. 4, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭНГА́МСКІ БОЙ 1720,

баявыя дзеянні ў Балтыйскім м. каля в-ва Грэнгам (паўд. група Аландскіх а-воў) паміж атрадамі рас. і швед. ВМФ 7.8.1720 у Паўночную вайну 1700—21. 6 жн. атрад рас. вёславых суднаў (52 галеры і 14 лодак з 11 тыс. чал. дэсанта; усяго 52 гарматы) пад камандаваннем ген. М.​М.​Галіцына паводле загаду Пятра I прыбыў да Аландскіх а-воў, каб знішчыць швед. эскадру віцэ-адм. К.​Шэблата (лінейны карабель, 4 фрэгаты, 9 малых суднаў, 156 гармат). У ходзе бою рас. маракі ўзялі на абардаж 4 фрэгаты, астатнія швед. караблі адступілі; шведы страцілі 103 чал. забітымі і 407 палоннымі, расіяне — каля 300 забітымі і параненымі. У выніку перамогі ў Грэнгамскім баі рас. войскі замацаваліся ў раёне Аландскага архіпелага, што паскорыла заключэнне Ніштацкага мірнага дагавора 1721.

т. 5, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НСКІ РАССТРЭ́Л 1912,

расстрэл 17 крас. рабочых Ленскіх залатых капальняў у Сібіры (належалі рас.-англ. акц. т-ву «Лензолата»). Недастатковая зарплата, цяжкія ўмовы жыцця і працы рабочых выклікалі 13.3.1912 забастоўку, якая да канца сак. ахапіла больш за 6 тыс. чал. Перагаворы з адміністрацыяй вынікаў не далі, улады накіравалі ў раён капальняў войскі і жандараў. 17 крас. 2,5 тыс. рабочых накіраваліся да Надзеждзінскай капальні (цяпер пас. Апрэльск Бадайбінскага р-на Іркуцкай вобл.), каб прынесці пратэст пракурору супраць арышту паліцыяй членаў Цэнтр. стачачнага к-та. Войскі адкрылі агонь: 270 чал. забіта, 250 паранена. Л.р. выклікаў абурэнне ў краіне, яго падзеі вывучалі спец. камісіі Дзярж. думы (кіраўнік А.Ф.Керанскі) і ўрада. Акцыі пратэсту адбыліся па ўсёй Рас. імперыі, у т. л. ў Мінску, Віцебску, Гомелі і інш. месцах Беларусі.

т. 9, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)