АНТАГЕНЕ́З [ад грэч. on (ontos) існае + ...генез],
індывідуальнае развіццё арганізма ад яго зараджэння да смерці (у аднаклетачных арганізмах да дзялення клеткі і ўтварэння новых асобін). Уключае паслядоўныя марфал., біяхім., функцыян. пераўтварэнні, што ўзнікаюць на працягу існавання арганізма. З’яўляецца сціслым, кароткім паўторам (рэкапітуляцыяй) філагенезу (паводле Э.Гекеля, ням. заолага, які ўвёў тэрмін у 1866). Паводле сучасных уяўленняў, антагенез рэалізуецца па пэўнай праграме, закладзенай у кодзе спадчыннай інфармацыі. Усе новыя ў эвалюц. адносінах прыкметы ўзнікаюць у раннім антагенезе і могуць перадавацца наступным пакаленням. Найбольш распаўсюджаны 3 тыпы антагенезу жывёл: лічынкавы (развіццё з метамарфозай, непрамое), нелічынкавы (прамое развіццё, калі фарміраванне арганізма з зіготы адбываецца ў яйцы), унутрывантробнае развіццё (пры жыванараджэнні, калі фарміраванне дзіцяняці да нараджэння адбываецца ў яйцаводах і матцы мацярынскага арганізма). У кожным з тыпаў антагенезу вылучаюць перыяды, якія адрозніваюцца формамі жыццёвай дзейнасці. Пераход з аднаго перыяду ў другі — пераломны момант у жыцці асобін. У жывёл, што размнажаюцца палавым шляхам, і ў чалавека адрозніваюць асн. перыяды: перадзародкавы (утварэнне палавых клетак у працэсе гаметагенезу), эмбрыянальнае развіццё (драбленне, гаструляцыя, аргана- і гістагенез) і пасляэмбрыянальнае развіццё. У рэгуляцыі антагенезу ў шматклетачных жывёл і чалавека вял. роля належыць нерв. і эндакрыннай сістэмам. У раслін, якія размнажаюцца палавым шляхам, антагенез пачынаецца з развіцця аплодненай яйцаклеткі; характэрная яго асаблівасць — чаргаванне бясполага (спарафіт) і палавога (гаметафіт) пакаленняў. Пры вегетатыўным размнажэнні антагенез пачынаецца з дзялення саматычных клетак, у т. л. клетак спецыялізаваных органаў (клубняў, цыбулін, карэнішча і інш.). Цэласнасць раслін у антагенезе забяспечваюць фітагармоны і абмен метабалітамі паміж рознымі іх органамі. Залежна ад умоў навакольнага асяроддзя ў антагенезе раслін магчымы перыяды спакою, інтэнсіўнага росту і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАСТРО́Ф ТЭО́РЫЯ, катастрафізм,
1) геал. канцэпцыя, паводле якой гісторыя Зямлі — гэта чаргаванне адносна спакойных працяглых перыядаў і кароткіх катастрафічных падзей, якія рэзка змяняюць рэльеф зямной паверхні і знішчаюць усё жывое. Пачатак вывучэння праблемы катастроф звязваюць з натурфіласофіяй стараж.-грэч. мысліцеляў. Ідэі наіўнага катастрафізму назіраліся ў прыродазнаўстве і філасофіі Новага часу, у аказіяналістычных уяўленнях 18 ст., дзе прычынай кожнай такой з’явы лічыўся Бог. Грандыёзныя змены на паверхні Зямлі тлумачылі дзеяннем надзвычайных сіл разавага характару. У класічным выглядзе К.т. была вылучана ў 1812 франц. вучоным Ж.Кюўе. На аснове таго, што кожнаму геал. адрэзку часу адпавядаюць свае віды жывёл і раслін, ён прыйшоў да высновы аб шматразовых грандыёзных катастрофах на Зямлі, што прыводзілі да гібелі ўсяго жывёльнага і расліннага свету, які кожны раз адраджаўся нанава ў новых формах. Ідэі Кюўе развівалі А.Д.Д’Арбіньі, Ж.Л.Р.Агасіс, А.Седжвік і інш. У неакатастрафізме (узнік у 1-й пал. 20 ст.) адрозніваюць 2 асн. кірункі: адзін звязаны з прызнаннем перыядычнага характару змен фактараў і прычын эвалюцыі (О.Шындэвольф і інш.), другі зыходзіць з прызнання абіятычных (неарганічных) фактараў касм. паходжання, якія дзейнічаюць раптоўна (радыяцыя, падзенне метэарытаў і інш., Р.Ведэкінг, К.Бойрлен, Э.Даке).
2) Тэорыя, якая вывучае прычыны ўзнікнення, характар працякання, спосабы і метады прадказання, прадухілення і пераадолення вынікаў катастроф.
Літ.:
Кювье Ж. Рассуждение о переворотах на поверхности земного шара: Пер. с фр.М.; Л., 1937;
Постон Т., Стюарт И. Теория катастроф и ее приложения: Пер. с англ.М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРЫ́НА (італьян. neutrino памяншальнае ад neutrone нейтрон),
незараджаная элементарная часціца з групы лептонаў. Мае спін 1/2 і масу, намнога меншую за масу электрона. Па стат. уласцівасцях адносіцца да ферміёнаў. Удзельнічае ў слабых і гравітацыйных узаемадзеяннях (гл.Узаемадзеянні элементарных часціц, з-за вельмі малой масы слаба ўзаемадзейнічае з рэчывам, характарызуецца вял. пранікальнай здольнасцю, напр., свабодна праходзіць праз Зямлю і Сонца.
Вядома 3 тыпы Н.: электроннае Н. νe, мюоннае Н. νµ, таоннае Н. ντ і адпаведныя ім антычасціцы , , (звесткі аб і ускосныя і магчыма, што
). Кожны з тыпаў Н. пры ўзаемадзеянні з інш. часціцамі можа пераўтварыцца ў адпаведны зараджаны лептон, а калі масы спакою Н. адрозныя ад 0 і лептонныя зарады не захоўваюцца, магчымы асцыляцыі Н. — пераўтварэнні аднаго тыпу Н. ў другі (прапанавана Б.М.Пантэкорва ў 1957). Існаванне электроннага Н. прадказана В.Паўлі (1930—33) на падставе законаў захавання энергіі і імпульсу ў рэакцыях β-распаду, эксперыментальна зарэгістравана амер. фізікамі Ф.Райнесам і К.Коўэнам ў 1953—56. Выпрамяняюцца Н. пры пераўтварэннях атамных ядраў (β-распадзе, захопе электронаў і мюонаў), распадах элементарных часціц і інш. Працэсы, якія вядуць да ўтварэння Н., адбываюцца ў рэчыве Зямлі і яе атмасферы за кошт касм. выпрамянення, у нетрах Сонца, зорак і інш. (гл.Нейтрынная астраномія, Нейтрынная астрафізіка). Штучна Н. атрымліваюць з дапамогай магутных ядз. выпрамяняльнікаў, ядз. рэактараў, паскаральнікаў зараджаных часціц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́САКА,
горад у Японіі, на Пд в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Осака. 10 609 тыс.ж. (з прыгарадамі; 1998). Другі (пасля Токіо) па велічыні і эканам. значэнні горад Японіі. Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны порт на Унутр. Японскім м. (больш за 40% экспарту краіны). Міжнар. аэрапорт Ітамі. Гандл.-фін. цэнтр; фондавая, рысавая, бавоўнавая біржы, банкі. Прам-сць: цяжкая, у т. л.вытв-сць сталі, пракату, вырабаў з каляровых металаў; дакладнае машынабудаванне, судна-, энерга-, прылада- і станкабудаванне, вытв-сць радыётэхн. абсталявання; тэкст. (тонкія шарсцяныя і баваўняныя тканіны, трыкатаж), хім. (гумавыя, сінт., лакафарбавыя вырабы), харч. (рыбакансервавая, мукамольная, цукровая і інш.), фармацэўтычная, дрэваапр., паліграф., цэм., шкляная, керамічная. Метрапалітэн. Ун-ты. Музеі: выяўл. мастацтваў і музыкі, горада, яп.маст. рамёстваў і інш. Планетарый. Шматлікія каналы, паркі Наканосіма і Тэнодзі і ландшафтны сад Кэйтаку-эн. Арх. помнікі: храм Сітэнодзі (6 ст., перабудаваны ў 1623), сінтаісцкі храм Тэмангу (10 ст., перабудаваны ў 1901), замак (1586, рэстаўрыраваны ў 1931) і інш.
У старажытнасці на месцы О. існавала паселішча Наніва. У 5—9 ст. у ім была часовая рэзідэнцыя яп. імператараў. З часам развілася ў партовы горад. У 1583—86 правіцель Японіі Хідэёсі Таётомі пабудаваў у О. крэпасць (разбурана ў міжусобнай вайне ў 1615, адбудавана ў 1620—30) і зрабіў горад сваёй рэзідэнцыяй У 17—19 ст. буйны горад, важны гандл. цэнтр Японіі. З канца 19 ст. тут развіваецца тэкстыльная, з пач. 20 ст. — цяжкая прам-сць. У пач. 20 ст. О. — адзін з цэнтраў рабочага руху. У 2-ю сусв. вайну часткова разбураны амер. авіяцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ЗВЕЛЬТ ((Roosevelt) Франклін Дэлана) (30.1.1882, г. Хайд-Парк, штат Нью-Йорк. ЗША — 12.4.1945),
палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Скончыў Гарвардскі ун-т (1904), вывучаў юрыд. навукі ў Калумбійскім ун-це (1904—07). У 1905 ажаніўся з Элеанорай Р., пляменніцай Т.Рузвельта. З 1907 працаваў у юрыд. фірме. З 1910 сенатар у штаце Нью-Йорк ад Дэмакр. партыі. У 1913—20 пам. марскога міністра ва ўрадзе Т.В.Вільсана, выступаў за ўмацаванне ваен.-марской магутнасці ЗША. У 1920 кандыдат у віцэ-прэзідэнты ЗША, потым зноў практыкаваў як юрыст. Са жн. 1921 у выніку хваробы на поліяміэліт страціў здольнасць хадзіць. У 1928—32 губернатар штата Нью-Йорк. У 1933—45 прэзідэнт ЗША (32-і) ад Дэмакр. партыі (тройчы перавыбраны ў 1936, 1940 і 1944 — адзіны выпадак у гісторыі краіны). Урад Р. садзейнічаў пераадоленню ўнутры ЗША наступстваў сусв.эканам. крызісу 1929—33 (палітыка «новага курсу»). У знешняй палітыцы аддавалася перавага адыходу краіны ад ізаляцыянізму, нармалізацыі адносін з СССР (дыпламат. адносіны ўстаноўлены ў ліст. 1933), удзелу ЗША (са снеж. 1941) у 2-й сусв. вайне на баку краін антыгітлераўскай кааліцыі, наладжванню супрацоўніцтва з гэтымі краінамі дзеля дасягнення ўсеагульнага міру і справядлівага пасляваен. ўладкавання свету (гл.Атлантычная хартыя, Ленд-ліз, Дэкларацыя Аб’яднаных Нацый, Квебекскія канферэнцыі 1943, 1944, Тэгеранская канферэнцыя 1943, Другі фронт, Крымская канферэнцыя 1945, Арганізацыя Аб’яднаных Нацый).
Літ.:
Яковлев Н.Н. Ф.Рузвельт: человек и политик. М., 1981;
Мальков В.Л. Франклин Рузвельт: Пробл. внутренней политики и дипломатии. М., 1988;
Юнкер Д., Айгнер Д. Франклин Рузвельт. Уинстон Черчилль: Пер. с нем. Ростов н/Д, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАПО́ЛК ЯРАПО́ЛЧЫЧ (у хрышчэнні Пётр, мянушка Акаянны; каля 980—1019),
князь тураўскі і вял. князь кіеўскі. Прыёмны сын вял.кн.Уладзіміра Святаславіча. Нарадзіўся ад шлюбу вял.кн. Яраполка Святаславіча з «грэкіняй», якую пасля забойства мужа яшчэ цяжарнай узяў за жонку Уладзімір (СЛ. называюць таксама Святаполк Уладзіміравіч). У 988 С.Я. атрымаў ад айчыма тураўскае княжанне. У пач. 11 ст. рыхтаваў змову супраць Уладзіміра, аднак яна была раскрыта. С.Я. разам з жонкай, дачкой польскага князя (пазней караля) Баляслава I Храбрага і яе духоўнікам, калобжагскім біскупам Рэйнбернам, апынуўся ў кіеўскай турме. Пагроза вайны з Баляславам прымусіла Уладзіміра выпусціць зняволеных, але ён не адпусціў іх у Тураў. Спачатку С.Я. жыў у Кіеве, потым у Вышгарадзе. Пасля смерці Уладзіміра (1015) С.Я. заняў кіеўскі трон. Паводле «Аповесці мінулых гадоў» ён рукамі наёмных забойцаў пазбавіўся сваіх канкурэнтаў на ўладу, сыноў Уладзіміра — Барыса, Глеба і Святаслава, за што атрымаў мянушку Акаянны. У адказ наўгародскі кн. Яраслаў Мудры выступіў з войскам у паход на Кіеў. У бітве каля Любеча (1015 або 1016) С.Я. пацярпеў паражэнне і ўцёк да цесця ў Польшчу. Ісландская «Сага аб Эймундзе» адказнасць за забойствы ўскладае на Яраслава Мудрага. У 1018 войскі С.Я. і Баляслава Храбрага ў бітве каля Бярэсця разбілі дружыну Яраслава. С.Я. зноў заняў кіеўскі трон, але ненадоўга. Наўгародскае войска Яраслава падышло да Кіева і прымусіла С.Я. ўцячы. У 1019 выгнанец вадзіў на Кіеў войска печанегаў. Вырашальная бітва адбылася на р. Альта. С.Я. у другі раз адправіўся ў Польшчу, але па дарозе памёр.
Літ.:
Филист Г.М. История «преступлений» Святополка Окаянного. Мн., 1990.