ЛУКАШЭ́ВІЧ (Аляксей Сцяпанавіч) (3.6. 1924, в. Чарнавосава Крупскага р-на Мінскай вобл. —13.11.1943),

Герой Сав. Саюза (1944). У Вял. Айч. вайну з крас. 1942 разведчык-падрыўнік партыз. атрадаў імя Сяргея і 28-га, якія дзейнічалі на тэр. Круглянскага, Талачынскага і Крупскага р-наў. Пусціў пад адхон 9 эшалонаў праціўніка, двойчы псаваў лінію сувязі са стаўкай ням. галоўнакамандавання. Трапіўшы ў засаду, цяжка паранены Л. апошняй процітанкавай гранатай падарваў сябе і ворагаў, што наблізіліся да яго. Помнік Л. ў в. Ухвала Крупскага р-на.

А.С.Лукашэвіч.

т. 9, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБУ́СКАЯ ЗЯМЛЯ́ (Ziemia Lubuska),

гістарычная тэр. ў Польшчы і Германіі, абапал р. Одра (у сярэднім яе цячэнні). У раннім сярэдневякоўі была населена заходнеслав. племем любушан. У 2-й пал. 10 ст. ўвайшла ў склад Польскай дзяржавы. Падвяргалася нападам немцаў, у сярэдзіне 13 ст. ўвайшла ў склад княства Брандэнбург (Сярэдняя марка на 3, Новая марка на У). На працягу стагоддзяў аб’ект ням. каланізацыі і германізацыі. У 1945 тэрыторыя на У ад Одры вернута Польшчы (Любускае ваяв.), зах. ч. засталася ў межах Германіі (зямля Брандэнбург).

т. 9, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ЦІЧЫ (лац. Lutici),

велеты, саюз зах.-слав. плямён у 8—12 ст. на паўд. узбярэжжы Балтыйскага м., паміж рэкамі Одра (Одэр) і Лаба (Эльба) на тэр. сучаснай Германіі. Саюз аб’ядноўваў плямёны хіжан, далянчан, ратараў (гал. племя, у іх г. Рэтра знаходзілася гал. святыня Л. — храм Сварожыча) і інш. Займаліся сельскай гаспадаркай, рамяством і марскім гандлем. У 9 — пач. 10 ст. Л. кіраваў князь ратараў, пазней — сход плем. знаці. У пач. 12 ст. пасля больш як 300 гадоў барацьбы заваяваны герм. феадаламі і германізаваны.

т. 9, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКАЎ (Канстанцін Канстанцінавіч) (20.5.1905, г. Выбарг Ленінградскай вобл., Расія, — 1980),

расійскі географ, геамарфолаг. Акад. АН СССР (1970). Скончыў Ленінградскі ун-т (1926). Удзельнік экспедыцый на Памір, Цянь-Шань, Д. Усход, у Сібір і тройчы ў Антарктыду (1955—60). Навук. працы па даследаванні чацвярцічнага перыяду на тэр. СССР, геамарфалогіі, палеагеаграфіі, тэорыі фіз. геаграфіі, геаграфіі Антарктыды і Сусветнага ак. Аўтар (разам з І.П.Герасімавым) зводкі «Ледавіковы перыяд на тэрыторыі СССР» (1939). Удзельнік стварэння «Атласа Антарктыкі» (т. 1—2, 1966—69). Дзярж. прэмія СССР 1971.

т. 10, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎРЭТА́НІЯ (лац. Mauretania),

старажытная вобласць на ПнЗ Афрыкі на тэр. сучасных Алжыра і Марока. Асн. яе насельніцтвам былі плямёны бербераў. У канцы 2-га тыс. да н.э. прыбярэжныя раёны М. каланізаваны фінікійцамі. З 3 ст. да н.э. падпарадкоўвалася Карфагенскай дзяржаве. Пасля падзення Карфагена ў 146 да н.э. — пад уплывам Рыма. У 45 н.э. ўключана ў склад Рымскай імперыі, падзелена на 2 правінцыі: М. Тынгітанскую і М. Цэзарэйскую. У 429 заваявана вандаламі, у 534 вернута Візантыі. У 7—8 ст. падпарадкавана арабамі.

т. 10, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ТАЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў 1941—43 на тэр. Мотальскага с/с Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Аб’ядноўвала больш за 60 чал. (кіраўнік І.​М.​Калілец). Падпольшчыкі вялі агітацыю сярод насельніцтва, збіралі зброю і боепрыпасы, учынялі дыверсіі, у т. л. ў канцы жн. 1941 разграмілі Мотальскую гміну, у маі 1942 сарвалі вываз моладзі на работы ў Германію. Летам 1942 частка падпольшчыкаў пайшла ў партызаны, удзельнічала ў стварэнні партыз. атрада. У барацьбе супраць ням.-фаш. захопнікаў загінула 12 падпольшчыкаў.

т. 10, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГАЛЕ́НД,

штат на крайнім ПнУ Індыі. Пл. 16,5 тыс. км². Нас. 1,2 млн. чал. (1991), пераважна група роднасных плямён і народнасцей нага. Адм. ц.г. Кахіма. На тэр. Н. Асама-Бірманскія горы (выш. да 3824 м). Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Да выш. 1000 м пераважаюць трапічныя вечназялёныя і мусонныя лістападныя лясы, вышэй — хвойныя лясы, на вяршынях — лугі. Амаль усё насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы. Пашырана лядна-агнявое земляробства. На тэрасаваных схілах вырошчваюць пераважна рыс. Лесанарыхтоўкі. Саматужная вытв-сць тканін. Транспарт аўтамаб. і ўючны.

т. 11, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАМЕ́СНІЦТВА,

1) у ВКЛ адм.-тэр. адзінка, якой кіравалі намеснікі вял. князя. Большасць Н. утворана ў 14—15 ст. у выніку скасавання ўдзельных княстваў і падпарадкавання іх велікакняжацкай уладзе. Н. называлі таксама дзярж. воласці, што ўзнікалі пры падзеле б. княстваў. Самыя буйныя Н. з пач. 16 ст. сталі ваяводствамі, астатнія — староствамі і дзяржавамі.

2) У Рас. імперыі ў 1778—96 Н. наз. губерні, у т. л. створаныя на землях Беларусі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай (Магілёўскае Н., Полацкае Н.).

В.​Л.​Насевіч.

т. 11, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕНАПАДЗЕ́ННЯ ПРЫ́НЦЫП,

адзін з асноўных прынцыпаў міжнар. права, які азначае недапушчальнасць развязвання вайны або інш. выкарыстання ўзбр. сіл адной дзяржавы супраць другой па якіх бы то ні было меркаваннях эканам. або паліт. характару. Прытрымліваючыся Н.п., дзяржава практычна праводзіць палітыку мірнага суіснавання. Н.п. замацаваны Статутам ААН, які абавязвае ўсе дзяржавы — члены ААН устрымлівацца ў міжнар. адносінах ад пагрозы сілай або яе прымянення супраць тэр. недатыкальнасці або паліт. незалежнасці любой дзяржавы, так і якім-н. іншым спосабам, несумяшчальным з мэтамі міжнар. супольнасці.

І.​М.​Таніева.

т. 11, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́РЧЫНСКІ ДАГАВО́Р 1689,

мірны дагавор паміж Рас. дзяржавай і маньчжурскім Кітаем (Цынскай імперыяй), які завяршыў рас.-маньчжурскі ваен. канфлікт 1680-х г. з-за прыналежнасці Прыамур’я. Падпісаны 6 вер. каля Нерчынскага астрога (цяпер г. Нерчынск Чыцінскай вобл., Расія). Вызначыў умовы развіцця мірных паліт., дыпламат. і гандл. адносін паміж Расіяй і Кітаем. Расія была вымушана адмовіцца на карысць маньчжураў ад тэр. Албазінскага ваяв.бас. р. Амур), але замацавала за сабой Усх. Сібір. Н.д. заменены Айгунскім дагаворам 1858 і Пекінскім трактатам 1860.

т. 11, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)