ГЕЛІЯТЭ́ХНІКА (ад гелія... + тэхніка),

галіна тэхнікі, якая займаецца распрацоўкай тэарэт. асноў, практычных метадаў і тэхн. сродкаў пераўтварэння энергіі сонечнай радыяцыі ў інш. віды энергіі. Выкарыстоўвае розныя спосабы пераўтварэння сонечнай энергіі: цеплавы (ажыццяўляецца ў сонечных печах, сонечных воданагравальніках, апрасняльніках, сушылках, цяпліцах і інш.), фотаэлектрычны (у сонечных батарэях), тэрмаэлектрычны (у сонечных тэрмаэлектрычных генератарах), тэрмаэмісійны (у тэрмаэмісійных пераўтваральніках энергіі). Паводле рабочых т-р геліятэхніка падзяляецца на высока- (да 3000—3500 °C) і нізкатэмпературную (100—200 °C).

Паток сонечнай радыяцыі «дармавы» і невычэрпны, яго шчыльнасць на ўзроўні мора прыкладна 1 кВт/м² (у геліятэхн. разліках 0,815 кВт/м²). Спробы выкарыстання гэтага выпрамянення рабіліся яшчэ ў старажытнасці, аднак практычнага значэння не мелі. У 1770 Х.Б. дэ Сасюр (Швейцарыя) пабудаваў геліяўстаноўку тыпу «гарачая скрыня». Як асобная галіна тэхнікі геліятэхніка развіваецца з 2-й пал. 19 ст., калі былі створаны доследныя ўзоры паветраных і паравых сонечных рухавікоў (Францыя, Швецыя, ЗША). У Расіі ў 1890 В.​К.​Цэраскі правёў эксперыменты па плаўцы розных металаў у фокусе парабалічнага люстэрка. У 1912 каля Каіра (Егіпет) пабудавана сонечная энергетычная ўстаноўка магутнасцю каля 45 кВт. У 1930-я г. распрацаваны метады разліку геліяўстановак для атрымання эл. энергіі, апраснення вады, сушкі і інш. Даследаванні па прамым пераўтварэнні прамянёвай энергіі ў электрычную пашырыліся ў сувязі з асваеннем касм. прасторы. Значнае развіццё геліятэхніка атрымала ў Францыі, ЗША, Японіі, ПАР, Аўстраліі, Германіі, з краін СНД — у Расіі, Арменіі, Туркменіі, Узбекістане. Выкарыстанне сродкаў геліятэхнікі найб. эфектыўнае ў шыротах са значнай сонечнай радыяцыяй для энергазабеспячэння малаэнергаёмістых разгрупаваных спажыўцоў. У сувязі са збядненнем традыц. крыніц энергіі яны перспектыўныя і ў рэгіёнах з умераным кліматам, напр., геліятэхніка развіваецца ў Канадзе, Даніі, Швецыі. Павышэнне эфектыўнасці геліясістэм і пераадоленне прынцыповых недахопаў (невысокая шчыльнасць і няўстойлівасць сонечнай энергіі) забяспечваюцца значнымі памерамі паверхні, якая ўлоўлівае сонечную радыяцыю, яе канцэнтрацыяй на паверхні геліяпераўтваральніка, акумуляваннем цеплавымі, эл., хім. і інш. акумулятарамі. У адпаведнасці з гэтымі патрабаваннямі ствараецца шырокі спектр геліяўстановак рознага прызначэння.

На Беларусі даследаванні і распрацоўкі сродкаў і элементнай базы геліятэхнікі вядуцца з 1980-х г. у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава» (АНК ІЦМА), Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН Беларусі, Цэнтр. НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі і інш. У АНК ІЦМА створаны доследныя ўзоры калектараў сонечнай энергіі на цеплавых трубах (разам з Армянскім аддз. Усесаюзнага НДІ крыніц току), распрацаваны праект «Сядзіба 21 стагоддзя», у энергабалансе якога значная роля сонечнай энергіі, розныя тыпы геліяцеплапераўтваральных сістэм — геліяводападагравальнікі магутнасцю 0,4—100 кВт, сонечныя радыятары (абагравальнік, сонечныя кухня, цяпліца, сушылка і інш.). Асвоены выпуск геліямодуляў, аснашчаных бакам-акумулятарам (захоўвае цяпло на працягу тыдня).

Літ.:

Драгун В.Л., Конев С.В. В мире тепла. Мн., 1991;

Мак-Вейг Д. Применение солнечной энергии: Пер. с. англ. М., 1981.

У.​Л.​Драгун, С.​У.​Конеў.

Да арт. Геліятэхніка. Геліяпераўтваральныя сістэмы: а — геліяводападагравальнік (1 — цеплаўспрымальны элемент, 2 — бак-акумулятар); б — геліярадыятар (1 — сцяна будынка, 2 — радыятар-ацяпляльнік, 3 — цеплаўспрымальная панэль).

т. 5, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЦЭ́РТ (італьян. concerto канцэрт, гармонія, згода ад лац. concerto спаборнічаю),

1) музычны твор, заснаваны на кантрастным гучанні поўнага выканальніцкага складу і асобных груп ці сола або кантраст розных груп інструментаў, вакальнага ці вак.-інструментальнага складу. Вядомы з 16 ст. як мнагахорны К. («Concerti» A. і Дж.​Габрыэлі). Харавы К. a cappella як асн. жанр партэсных спеваў быў пашыраны ў праваслаўнай царк. музыцы спачатку на Беларусі і Украіне, з 17 ст. і ў Расіі (В.​Цітоў, М.​Беразоўскі, Дз. Бартнянскі). Гіст. разнавіднасці інстр. К.: канчэрта гроса, класічны сольны інстр. К. у санатна-цыклічнай форме для 1, радзей 2, 3 ( т. зв. двайны і трайны К.) салістаў з аркестрам (І.​Гайдн, В.​А.​Моцарт, Л.​Бетховен) і рамантычны 1-часткавы К. паэмнага тыпу (Ф.​Ліст). Узоры К. стварылі таксама П.​Чайкоўскі, С.​Рахманінаў, А.​Глазуноў, С.​Пракоф’еў, Дз. Шастаковіч, А.​Хачатуран і інш.

На Беларусі першыя інстр. К. створаны ў 2-й пал. 19 ст. (2 К. для скрыпкі М.​Ельскага). У 1930-я г. напісаны Варыяцыі для трамбона з арк. Я.​Цікоцкага, К. для фп. А.​Клумава, для скрыпкі І.​Столава. З канца 1940-х г. у якасці саліруючых выкарыстоўваюцца і духавыя (Фантазія для флейты з арк. М.​Аладава), нар. (К. для цымбалаў Я.​Глебава, І.​Ронькіна, для балалайкі М.​Русіна) інструменты. Пераважалі лірыка-жанравы (2-і К. для скрыпкі П.​Падкавырава, Фантазія для скрыпкі Аладава, 2-і К. для фп. Э.​Тырманд) і лірыка-гераічны К. (1-ы К. для скрыпкі Падкавырава, К. для фп. Цікоцкага). У 1960—90-я г. партыі сола пішуцца для віяланчэлі, кантрабаса, габоя, кларнета, валторны, баяна. Побач з лірыка-жанравым К. (К. для віяланчэлі і для кантрабаса А.​Багатырова, 2 К. для фп. і К.-фантазія для фп. і аркестра бел. нар. інструментаў Г.​Вагнера) развіваецца драм. тып К. (фп. «Капрычас» С.​Картэса, К. для фп. Л.​Абеліёвіча, К. для скрыпкі Г.​Гарэлавай, Канцэрціна для віяланчэлі Дз.​Смольскага); у асобных творах спалучаюцца прыкметы розных жанравых разнавіднасцей («Канцэрт-казка» для фп. Р.​Бутвілоўскага, К. для трубы У.​Дамарацкага). Выяўляецца тэндэнцыя да камернай трактоўкі жанру (2-і К. для фп. і 2-і К. для цымбалаў і струннага аркестра Смольскага, К. для кларнета і камернага аркестра Вагнера, для габоя і камернага арк. Э.​Зарыцкага і У.​Прохарава, для валторны і камернага аркестра Зарыцкага). Створаны К. для дзяцей (Канцэрціна для скрыпкі і струннага аркестра Смольскага), першыя К. для сімф. (А.​Мдывані) і камернага (В.​Войцік) аркестра.

2) Публічнае выкананне муз. твораў па аб’яўленай праграме. Бываюць таксама К. літаратурныя, харэаграфічныя, эстрадныя і інш.

Літ.:

Степанцевич К.И. Белорусский концерт. Мн., 1967;

Назина И.Д. Белорусский фортепианный концерт. Мн., 1977;

Раабен Л.Н. Советский инструментальный концерт. [Кн. 1—2], Л., 1967—76;

Тараканов М.Е. Симфония и инструментальный концерт в русской советской музыке (60—70-е гг.): Пути развития. М., 1988.

І.​Дз.​Назіна.

т. 8, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ШЫЦКІ СЯДЗІ́БНА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік сядзібна-паркавага мастацтва 18—19 ст. на паўд. ускраіне Мінска ў сутоках рэк Свіслач і Лошыца каля б. в. Лошыца 1-я. У комплекс уваходзілі сядзібны дом, капліца, дом аканома, вадзяны млын, будынак спіртзавода, гасп. пабудовы, пейзажны парк. Цэнтр кампазіцыі — сядзібны дом на грэбені каля поймавай тэрасы. Мае асіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю, якая складаецца з драўлянага 1-павярховага і прыбудаванага да яго тарца мураванага 2-павярховага аб’ёмаў. У дэкар. афармленні фасадаў выкарыстаны драўляныя разныя дэталі (слупы гал. ўвахода, аконныя ліштвы, карнізныя паясы і інш.). У інтэр’еры захаваліся ляпныя дэталі, абліцоўка сцен панэлямі з дубу, каляровая кафля. Перад гал. фасадам парадны партэр у форме няправільнага эліпса, абмежаваны пад’язнымі дарогамі; з процілеглага боку пакаты прыбярэжны спуск да лукавіны р. Лошыца. Асн. паркавы ўчастак з кальцавымі дарожкамі знаходзіцца перад паўн. тарцовым фасадам. У ім растуць экзоты (дуб пушысты, бяроза вішнёвая, магнолія кобус, лістоўніцы яп., сіб. і еўрап. і інш.).

У пісьмовых крыніцах в. Лошыца згадваецца з 1-й пал. 16 ст., належала кн. Талачынскім, з сярэдзіны 16 ст. — Гарнастаям. У 2-й пал. 16 ст. падзелена на Лошыцу-Гарнастаеўскую (з канца 16 ст. належала кн. Друцкім-Горскім) і Лошыцу-Адынцоўскую. У 1719 Лошыца з навакольнымі вёскамі перайшла да Прушынскіх. У канцы 16 — пач. 17 ст. на ўзгорку побач з р. Лошыца і Свіслач пабудаваны вял. драўляны дом на каменным падмурку. У 1724 пабудаваны новы сядзібны дом — драўляны (частка сцен з цэглы), на каменным падмурку, накрыты гонтам (рэканструяваны ў пач. 1880-х г.). Паводле інвентара 1772, сядзіба ўяўляла сабой вял. комплекс з гасп. пабудовамі, млынам, на р. Лошыца быў стаў. У 2-й пал. 18 ст. паводле фундацыі С.​Прушынскага пабудавана мураваная капліца ў стылі барока (Лошыцкая алтарыя). У пач. 19 ст. Лошыцу наведаў мастак Ю.​Пешка, які пакінуў акварэль з выявай сядзібы; тут часта бываў В.​Дунін-Марцінкевіч 3 1877 сядзіба перайшла да Любанскіх. У 1896 павялічаны бровар, у 1901 пабудаваны новы млын на Свіслачы. У 1922—25 тут была доследная гаспадарка Бел. дзярж. ін-та сельскай гаспадаркі. На яе базе па ініцыятыве М.​І.​Вавілава ў 1925 створана Бел. аддзяленне Усесаюзнага ін-та прыкладной батанікі і новых культур (дырэктар А.​Я.​Сюбараў). 23.2.1931 аддзяленне рэарганізавана ў Бел. занальную доследную станцыю плодаагародніцкай гаспадаркі. Адначасова створаны садова-агародны ін-т з аддзяленнямі садаводства, агародніцтва і перапрацоўкі пладоў і агародніны. 5.4.1956 у Лошыцкай сядзібе створаны Бел. НДІ бульбаводства і плодаагародніцтва (у 1964 пераведзены ў Самахвалавічы, а ў Лошыцы пакінута яго доследная гаспадарка). У 1989 створана Лошыцкая садова-паркавая гаспадарка. Сядзібны дом з 1986 — філіял Нац. маст. музея Беларусі.

В.​Р.​Анціпаў, Т.​І.​Чарняўская, У.​М.​Дзянісаў.

Да арт. Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Капліца. Здымак 1920-х г.
Да арт. Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс. Сядзібны дом.

т. 9, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РДЭНЫ МАНА́СКІЯ,

цэнтралізаваныя манаскія аб’яднанні ў некат. канфесіях, якія маюць статут і ўласную арганізац. структуру. Найб. пашыраны ў рымска-каталіцкай царкве. Звычайна каталіцкія О.м. былі падначалены рым. папе і не падпарадкоўваліся біскупам (епіскапам) на месцах. На чале О.м. стаіць генерал (генерал-магістр), пры якім ёсць капітул — калегія кіруючых асоб. Тэрытарыяльна О.м. падзяляюцца на правінцыі на чале з правінцыяламі. Адрозніваюцца адзін ад аднаго традыц. ладам жыцця, мэтамі, закладзенымі сваімі заснавальнікамі і задачамі, вызначанымі папствам, а таксама колерам і кроем адзення. Маюць свае звычаі і абраднасць. Некат. мужчынскія ордэны маюць жаночыя адгалінаванні (напр., дамініканкі, кармеліткі), існуюць і асобныя жаночыя ордэны (напр., урсулінкі). Члены большасці О.м. жывуць у кляштарах. Старэйшым О.м. лічыцца ордэн бенедыкцінцаў (засн. каля 538). Па меры пашырэння хрысціянства павялічвалася колькасць О.м., узнікла іх «спецыялізацыя». У 11—12 ст. у сувязі з крыжовымі паходамі на Б.​Усход узнік шэраг духоўна-рыцарскіх ордэнаў, члены якіх былі адначасова рыцарамі і манахамі: іааніты, Тэўтонскі ордэн і інш., а таксама цыстэрцыянцы. У 12—13 ст. узніклі жабрацкія ордэны (іх члены павінны былі жыць толькі на міласціну, з часам зарок беднасці стаў выконвацца менш строга): аўгусцінцы, бернардзінцы, дамініканцы, кармеліты, францысканцы. Ватыкан выкарыстоўваў О.м. для барацьбы з ерасямі і для місіянерскай дзейнасці. Для барацьбы з Рэфармацыяй быў створаны ордэн езуітаў, якія разам з піярамі адыгралі адначасова вял. ролю ў развіцці навукі і адукацыі. На ўзор рым.-каталіцкіх О.м. былі створаны і уніяцкія ордэны — базыльян (у грэка-каталіцкай царкве) і мхітарыстаў (у армяна-каталіцкай царкве). На Беларусі найб. актыўная дзейнасць О.м. прыпала на 16—17 ст. — перыяд контррэфармацыі; у 19 ст. дзейнасць большасці ордэнаў тут спынена, а іх кляштары падначалены біскупам. У пач. 20 ст. на Беларусі аднавіў дзейнасць ордэн марыянаў (адраджалі грэка-каталіцкі абрад, буйнейшы кляштар у арх. комплексе б. Друйскага кляштара бернардзінцаў) і з’явіўся ордэн назарэцянак. У 20 ст. О.м. ўдасканальвалі і пашыралі сваю дзейнасць у свеце, прыстасоўваючы яе да патрэб сучаснага жыцця і сац.-эканам. і паліт. змен. Паводле кодэкса кананічнага права 1983 О.м. могуць быць заснаваны на папскім і дыяцэзіяльным праве. У першым выпадку яны знаходзяцца ў распараджэнні папы, у другім — пад апекай дыяцэзіяльнага біскупа. Па сваіх задачах і арганізац. структуры да О.м. блізка стаяць кангрэгацыі і аб’яднанні белых ксяндзоў (напр. камуністы), але не лічацца ордэнамі, бо іх члены не даюць спец. манаскіх зарокаў.

У ісламе да О.м. часам адносяць брацтвы дэрвішаў, прыхільнікаў суфізму — кадзірыя, накшбандзія, ясевія, меўлевія, бекташыя, сенусія і інш. Аднак гэта не зусім дакладна: дэрвішы не даюць зароку бясшлюбнасці, могуць выйсці з манастыра, жаніцца, вярнуцца да часова пакінутай сям’і.

Літ.:

Блинова Т.Б. Иезуиты в Белоруссии. Мн., 1990;

Карсавин Л.П. Монашество в средние века. М., 1992;

Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.

М.​А.​Дабрынін, А.​А.​Цітавец.

т. 11, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГРАНІ́ЧНЫЯ ВО́ЙСКІ (у некаторых краінах пагранічная ахова, пагранічная варта),

спецыяльныя войскі, прызначаныя для абароны паліт., ваен. і эканам. інтарэсаў дзяржавы на яе сухап., марскіх, рачных (азёрных) рубяжах. П.в. Рэспублікі Беларусь складаюцца з пагранічных атрадаў, спец. і вучэбных часцей (падраздзяленняў). Падпарадкоўваюцца Прэзідэнту. Непасрэднае кіраўніцтва імі ажыццяўляе старшыня дзярж. камітэта — камандуючы П.в. праз падпарадкаваныя яму штаб і інш. структуры кіравання. Створаны паводле пастановы Вярх. Савета Беларусі ад 20.9.1991 на базе П.в. КДБ СССР, што дыслацыраваліся на тэр. Беларусі. З 1992 у веданні Гал. ўпраўлення П.в. пры Савеце Міністраў, якое ў 1997 пераўтворана ў Дзярж. к-т пагран. войск Рэспублікі Беларусь. П.в. забяспечваюць недатыкальнасць граніц (гл. Граніца дзяржаўная), падтрымліваюць устаноўлены законам пагран. рэжым, сумесна з мытнымі органамі ажыццяўляюць пагранічны кантроль і інш. П.в. выконваюць свае задачы самастойна пры падтрымцы мясц. органаў дзярж. улады і насельніцтва прыгранічных раёнаў. Маюць на ўзбраенні сучасныя віды стралк. зброі і баявой тэхнікі, рачныя караблі, верталёты і спец. тэхн. сродкі. Падрыхтоўку афіцэрскіх кадраў для П.в. ажыццяўляюць ф-ты Ваен. акадэміі і Ін-та нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь.

П.в. зарадзіліся ў 14 ст. На тэр. ВКЛ, акрамя ўдзелу ў апалчэнні (гл. Паспалітае рушэнне) гар. абшчына выконвала шэраг абавязкаў па вартавой службе і мясц. абароне. У многіх гарадах, найперш памежных, да ўвядзення магдэбургскага права (канец 14 ст.) існавалі асобыя катэгорыі мяшчан, якія пастаянна неслі ваен., у т. л. вартавую, службу. У некаторых гарадах на Зах. Дзвіне вартавую службу неслі таксама казакі (напр., у Полацку на замку ў 1552 рэестр зафіксаваў 6 казацкіх службаў). У Расіі ў 1571 з’явілася «Улажэнне аб станічнай і вартавой службе», у 1754 створаны пагран. мытні (з 1772 і на тэр. ўсх. Беларусі), у 1811 уведзена «Палажэнне аб арганізацыі пагранічнай казённай стражы», якая ў 1899 атрымала вайсковае ўпарадкаванне (пагран. брыгады, акругі і інш.). У СССР першыя пагран. часці сфарміраваны ў 1918, на тэр. БССР — у 1924. У 1932 за вял. заслугі ў ахове рубяжоў і актыўны ўдзел у гасп.-паліт. умацаванні пагран. раёнаў пагран. войскі ДПУ БССР узнаг. ордэнам Прац. Чырв. Сцяга БССР (уручаны Дзярж. к-ту пагран. войск Рэспублікі Беларусь у 1998). У Вял. Айч. вайну пагранічнікі зах. рубяжоў СССР першыя прынялі на сябе ўдар ням -фаш. захопнікаў. Гераічнае супраціўленне агрэсару аказалі пагранічнікі, у т. л. тыя, што былі сярод абаронцаў Брэсцкай крэпасці (падраздзяленні 17-га пагранатрада і інш.), байцы застаў, якімі камандавалі А.М.Кіжаватаў, В.М.Усаў, А.​М.​Сівачоў. Асабовы склад пагран. палкоў, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі ад акупантаў, вызначыўся пад Магілёвам, Оршай, Мінскам і Баранавічамі (за баявыя подзвігі пагранічнікам Ф.Г.Крылову і А.​М.​Наскову пасмяротна прысвоена званне Героя Сав. Саюза).

А.​А.​Паўлоўскі.

Да арт. Пагранічныя войскі: пагранічны кантроль на прапускных пунктах Брэст-Цэнтральны і Брузгі.
Да арт. Пагранічныя войскі: пагранічны нарад аглядае кантрольна-следавую паласу.

т. 11, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЁТР I Аляксеевіч

(9.6.1672, Масква — 8.2.1725),

расійскі цар з 1682, імператар з 1721. З дынастыі Раманавых. Сын цара Аляксея Міхайлавіча ад шлюбу з Н.​К.​Нарышкінай, бацька царэвіча Аляксея Пятровіча і імператрыцы Лізаветы Пятроўны. Абвешчаны царом пасля смерці брата Фёдара Аляксеевіча (7.5.1682), але ў выніку інспірыраванага інспіраванага сваякамі першай жонкі Аляксея Міхайлавіча М.​І.​Міласлаўскай паўстання стральцоў (май 1682) разам з ім абвешчаны царом брат Іван (Іван V, а рэгенткай пры іх — старэйшая сястра царэўна Соф’я Аляксееўна. Пасля няўдалай спробы Соф’і ўчыніць пераварот (1689) і смерці Івана V (1696) П. I стаў правіць аднаасобна. Вызначаўся розумам, энергіяй, жорсткасцю і дэспатызмам. У 1697—98 у складзе Вялікага пасольства быў у Рызе, Кёнігсбергу, Лондане, Вене, Галандыі, вывучаў караблебудаўніцтва, артыл. справу і інш. Жорстка пакараў удзельнікаў стралецкага паўстання 1698, расфарміраваў стралецкія палкі. Абапіраючыся на прыхільнікаў новаўвядзенняў (А.Д.Меншыкаў, Б.П.Шарамецеў, Ф.М.Апраксін і інш.), вёў актыўную ўнутр. і знешнюю палітыку. Правёў сац.-эканам., паліт., ваен. рэформы ў інтарэсах дваран, купецтва, буржуазіі. У 1699 створана Бурмістарская палата — цэнтр. фін. ўстанова і адначасова выбарны орган самакіравання гар. насельніцтва; у 1708 краіна падзелена на губерні, у 1719 — на правінцыі; у 1711 ліквідавана Баярская дума, створаны правячы Сенат; у 1717—21 прыказы заменены калегіямі, у 1722 Табель аб рангах упарадкаваў праходжанне службы ў арміі і ўрадавым апараце; пачалося стварэнне пракуратуры; у 1721 Расія абвешчана імперыяй. Паводле закону 1722 імператар сам прызначаў сабе пераемніка. Узмацніўся прыгон, памесці з сялянамі абвешчаны спадчыннай уласнасцю (1714), уведзены падушны падатак (1724). П. I жорстка распраўляўся з удзельнікамі нар. паўстанняў (Астраханскае паўстанне 1705—06, Булавінскае паўстанне 1707—09 і інш.) і праціўнікамі рэформ з ліку знаці, у т. л. свайго сына Аляксея за ўдзел у змове аддаў вярх. суду, які асудзіў царэвіча на смяротнае пакаранне. Пры П. I развіваліся прам-сць і гандаль. Пабудаваныя на казённыя грошы металургічныя, зброевыя, суконныя і інш. мануфактуры перадаваліся прамыслоўцам. У 1696 закладзены асновы рас. флоту, пазней створаны Балтыйскі ваен. флот. З 1699 на аснове рэкруцкай сістэмы стваралася рэгулярная армія. Для падрыхтоўкі афіцэраў засн. спец. школы, у 1715 — Марская акадэмія. Уведзены новы каляндар (1700), засн. першая рас. газета «Ведомости» (1702), уведзены грамадз. шрыфт (1710), адкрыты арыфм. школы для дзяцей дваран (1714), засн. Пецярбургская АН (1724). У час праўлення П. I Расія заваявала выхад да Балт. мора, далучыла зах. і паўд. ўзбярэжжы Каспійскага м. П. I. узначальваў рас. войскі ў Азоўскіх паходах 1695—96 і Пруцкім паходзе 1711 супраць туркаў, у многіх бітвах Паўночнай вайны 1700—21 са шведамі, у час якой быў на тэр. Беларусі ў Полацку, Гродне (1705), Оршы, Мінску (1706), каля в. Лясная на Магілёўшчыне (1708). Ён удзельнічаў у найважнейшых дыпламат. перагаворах, у падрыхтоўцы Ніштацкага мірнага дагавора 1721.

Літ.:

Павленко Н.И. Петр Великий. М., 1990;

Тарасаў К. Пятроўскія мясціны // ЛіМ. 1990. 14 верас.;

Масси Р.К. Петр Великий: Пер. с англ. Т. 1—3. Смоленск, 1996.

Расійскі імператар Пётр I.

т. 12, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ШТА (польск. poczta, італьян. posta ад позналац. posita прыпынак, станцыя, дзе мянялі коней),

паштовая сувязь, від сувязі, які ажыццяўляе рэгулярную перасылку паштовых адпраўленняў — пісьмовай карэспандэнцыі, перыяд. выданняў, грашовых пераводаў, бандэролей, пасылак — пераважна з дапамогай трансп. сродкаў.

Напачатку паштовая сувязь была эпізадычная. З узнікненнем дзяржаў пачала набываць упарадкаваны характар. У Стараж. Грэцыі, Рыме, Персіі, Егіпце, Кітаі існавала даволі наладжаная дзярж. паштовая сувязь: пісьмовыя паведамленні перасылаліся з коннымі і пешымі ганцамі паводле прынцыпу эстафеты. У сярэдневяковай Еўропе існавалі манастырскія і універсітэцкія П., з развіццём гандлю і рамёстваў з’явілася гарадская П. У 16—17 ст. у Францыі, Швецыі, Англіі і інш. краінах існавала цэнтралізаваная каралеўская П. З развіццём вытв. адносін узнікла патрэба ў рэгулярнай і хуткай паштовай сувязі, у т. л. паміж краінамі. Важны этап у гісторыі П. — выпуск паштовай маркі (1840, Вялікабрытанія). У 1874 створаны Усеагульны паштовы саюз (з 1878 — Сусветны паштовы саюз). У 1878 заключана Сусветная паштовая канвенцыя, што рэгулюе абмен карэспандэнцыяй.

На Беларусі дакладна невядома, калі ўзнікла паштовая сувязь, аднак ужо пад 885 у «Аповесці мінулых часоў» гаворыцца аб тым, што князь Алег накіраваў пасланцоў да радзімічаў. У 10 ст. існаваў «павоз» — абавязак насельніцтва даваць коней з павозкамі для княжацкіх ганцоў «ад стану да стану». У Віцебску і Мсціславе знойдзены стараж. пісьмы — берасцяныя граматы 13—14 ст. У ВКЛ 14—15 ст. існавала паштовая княжацкая служба — ганцы. Вял. і ўдзельныя князі трымалі ганцоў для перасылкі ўказаў, вусных і пісьмовых паведамленняў. Пад 1539 бел. летапісы згадваюць т.зв. «пісьманосцаў». Першыя паштовыя ўстановы ў ВКЛ створаны пасля 1558 намаганнямі вял. князя Жыгімонта II Аўгуста. Пачалося буд-ва паштовых дарог, станцый (праз кожныя 3—7 вёрст) і корчмаў. З 1558 наладжана пастаянная сувязь паміж Варшавай і Вільняй. У 1583 Стафан Баторый увёў плату за пісьмы па іх вазе (існавала да сярэдзіны 17 ст.). Паштовая сувязь у ВКЛ мела шмат агульнага з ямской службай у Расіі. Уздоўж гал. паштовых шляхоў размяшчаліся паштовыя станцыі — «ямы» (адсюль ямшчыкі — возчыкі пасажыраў і П.). У 1658 у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—67) такія «ямы» пабудаваны ў Полацку. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай усталёўваліся паштовыя сувязі. Паштовы шлях пралягаў ад Масквы праз Смаленск да мяст. Мігнавічы ў Смаленскім ваяв., далей праз мяжу ВКЛ да мястэчка Кадзін Мсціслаўскага ваяв., далей праз Магілёў і Мінск на Вільню. Паштовыя сувязі паміж Масквой і Вільняй адкрыліся 11.3.1669. У снежні 1707 прайшла першая П. па тракце Барысаў—Быхаў, у 1708 пабудаваны паштовыя дарогі Віцебск—Копысь, Быхаў—Чарнігаў (праз Гомель). У 1726 Гродзенскі сейм прыняў рашэнне аб арганізацыі П. ў Навагрудскім ваяв. З 1764 паштмайстры ВКЛ прыносілі прысягу на вернасць Рэчы Паспалітай. У 18 ст. ў ВКЛ гал. трактамі былі: Вільня—Трокі—Варшава (з адгалінаваннем на Брэст), Вільня—Мінск—Магілёў—Масква, Навагрудак—Мінск—Гродна—Вільня. Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі з 1777 пачаліся работы па аднаўленні буд-ва паштовых дарог і станцый. У «Паштовым падарожніку» за 1777 паведамлялася пра адкрыццё ў некат. бел. гарадах паштамтаў і прызначэнні паштмайстраў. У 1780 наладжана паштовая сувязь паміж бел. і ліфляндскімі губернямі. У 1798 адкрыты паштовыя канторы ў Рагачове, Себежы і Веліжы. У снежні 1857 выпушчана першая паштовая марка Рас. імперыі. Раней замест маркі ў паштовай справе выкарыстоўвалі паштовыя штэмпелі. Першы мінскі штэмпель вядомы з 1778, гродзенскі — з 1806, віцебскі — з 1810, пінскі — з 1843. У 1-й пал. 19 ст. штэмпелі мелі толькі назву месца адпраўлення карэспандэнцыі, дата ставілася ад рукі. У 2-й пал. 19 ст. ўведзены адзіны для ўсёй Рас. імперыі круглы штэмпель. Акрамя дзярж. існавала П. земстваў (не атрымала вял. пашырэння) і валасных праўленняў. 1.7.1886 утворана Мінская паштова-тэлеграфная акруга (Мінская і Магілёўская губ.). У 1-ю сусв. вайну на Беларусі дзейнічалі палявыя П. рас. арміі з цэнтрамі ў Мінску і Полацку. У 1918 паштова-тэлеграфнай справай на Беларусі займалася Смаленскае паштова-тэлеграфнае ўпраўленне. У ліст. 1918 на яго базе створана паштова-тэлеграфнае ўпраўленне Зах. камуны (вобласці), якое падпарадкоўвалася Наркамату пошт і тэлеграфаў РСФСР. Паўд. раёны Беларусі па лініі Брэст—Мазыр—Ветка падпарадкоўваліся Кіеўскай паштовай акрузе. Пасля ўтварэння БССР 6.1.1919 створаны наркаматы пошт і тэлеграфаў БССР з цэнтрам у Мінску, а 1.3.1919 — такі наркамат ЛітБел з цэнтрам у Вільні. Пасля аднаўлення сав. улады на Беларусі ў ліп. 1920 створаны аддзел нар. сувязі Мінскгубрэўкома, які ў жн. пераўтвораны ў Наркамат пошт і тэлеграфаў БССР.

У сувязі з рэформай кіравання сувяззю 7.9.1922 створана Упраўленне сувязі Зах. акругі, пазней — Наркамат сувязі БССР. Першыя бел. сав. паштовыя маркі выраблены ў 1920—21 у паштовых канторах Мінска, Рагачова, Себежа, Суража, Дрысы, Холмеча. У 1924 у БССР 1 прадпрыемства сувязі прыпадала на 11,6 тыс. жыхароў. У 1925 дзейнічалі 603 паштова-тэлеграфныя прадпрыемствы. У пач. 1930-х г. П. пачалі перавозіць самалётамі. У Вял. Айч. вайну тэхн. база бел. П. знішчана. Пасля вызвалення Беларусі для перавозкі П. выкарыстоўвалі гужавы транспарт. У 1945 адноўлена перавозка П. па чыгунцы. У 1945—46 працавалі 174 канторы, 1778 паштовых аддз. і агенцтваў сувязі, 14 аддз. перавозкі П. па чыгунцы. У 1954 пабудаваны Мінскі паштамт. У 1973 самалёты абслугоўвалі 100 авіяпаштовых ліній. Пасля абвяшчэння незалежнасці бел. П. існуе ў складзе Мін-ва сувязі. 20.9.1995 створана Рэсп. дзярж. аб’яднанне «Белпошта», дзейнічала каля 118 гар. і раённых вузлоў сувязі, каля 4 тыс. аддз. сувязі (1999).

Від паштовай сувязі для абслугоўвання цывільнага насельніцтва ў раёнах, што знаходзяцца пад ваен. кіраўніцтвам, на акупіраваных тэр., дзе не працуюць паштовыя ўстановы. У шэрагу дзяржаў такі від сувязі дзейнічаў у 1-ю сусв. вайну (напр., на акупіраванай тэр. Беларусі герм. камандаванне стварыла «Паштовую вобласць Вярх. галоўнакамандуючага на Усходзе», якая працавала ў 1915—18). Некат. элементы П. ваен. выкарыстоўвала на тэр. Беларусі камандаванне корпуса Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага ў 1-й пал. 1918, а таксама сав. ваен. кіраўніцтва ў Зах. Беларусі (вер.ліст. 1939). У Вял. Айч. вайну акупац. ўлады Германіі для перапіскі выкарыстоўвалі спец. паштовыя карткі. Гл. таксама Палявая пошта.

Літ.:

Колосов Л.Л. Почтовые дороги Белоруссии. Мн., 1982;

Dąbkowski P. Rys urządzeń pocztowych w dawnej Polsce. Kraków, 1903.

У.​К.​Зарзмскі (ваен.), Л.​Л.​Коласаў.

т. 12, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛГА́КАЎ (Сяргей Мікалаевіч) (16.7.1871, г. Ліўны Арлоўскай вобл., Расія — 13.7.1944),

рускі эканаміст, філосаф, багаслоў. Скончыў Маскоўскі ун-т (1896). Праф. палітэканоміі Кіеўскага політэхн. ін-та (1901—06) і Маскоўскага ун-та (1906—18). Дэпутат 2-й Дзярж. думы. У 1918 прыняў сан свяшчэнніка. З 1923 за мяжой. З 1925 праф. Багаслоўскага ін-та ў Парыжы. Напачатку далучыўся да марксізму, але хутка адышоў ад яго. Пра яго паварот ад марксізму да правасл. царквы сведчыла кніга «Ад марксізму да ідэалізму» (1903). Марксавай тэорыі рэалізацыі проціпастаўляў тэорыю прапарцыянальнага размеркавання прадукту, адмаўляў марксісцкую тэорыю рэнты, сцвярджаў непрыдатнасць тэорыі капіталізацыі ў адносінах да с.-г. вытв-сці Расіі. Разам з М.А.Бярдзяевым выдаваў (1905) часопіс рэліг.-філас. кірунку «Вопросы жизни», друкаваўся ў час. «Вехи» і «Путь». Быў адным з ідэйных кіраўнікоў рус. студэнцкага хрысц. руху. Успрыняўшы ад У.С.Салаўёва ідэю філасофіі ўсёадзінства, развіваў вучэнне пра Сафію Прамудрасці Божай як спрадвечна існай у Божай задуме сусв. душы. На яго думку, Сафія мае дваісты характар — нябесны, Божы, і чалавечы, таму чалавек, створаны па вобразе і падабенстве Божым, узнаўляе адзінства свету і паўнату вобраза Божага. Аўтар 2 трылогій: «Купіна Неапалімая», «Сябра Жаніха» (1927), «Лесвіца Іакава» (1929); «Ягня Божае» (1933), «Суцяшальнік» (1936), «Нявеста Ягняці» (1945).

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1993;

Православие: Очерки учения Православной Церкви. М., 1991;

Свет невечерний. М., 1994;

Тихие думы. М., 1996.

т. 3, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПАЎНОЧНААТЛАНТЫ́ЧНАГА ДАГАВО́РУ (North Atlantic Treaty Organization; НАТО),

ваенна-паліт. арганізацыя, створаная на аснове падпісанага 4.4.1949 у Вашынгтоне Паўн.-Атлантычнага дагавору. Першапачатковыя ўдзельнікі: Бельгія, Вялікабрытанія, Данія, ЗША, Ісландыя, Італія, Канада, Люксембург, Нарвегія, Нідэрланды, Партугалія, Францыя; пазней далучыліся Грэцыя і Турцыя (1952), ФРГ (1955), Іспанія (1982). Асн. мэты арг-цыі — гарантаванне бяспекі, свабоды і міру краінам-удзельніцам.

На пачатку існавання палітыка НАТО фарміравалася ў атмасферы «халоднай вайны» і гонкі ўзбраенняў, выкліканых узбр. і паліт. процістаяннем ЗША і СССР, НАТО і арг-цыі краін Варшаўскага дагавору 1955. Пасля распаду сацыяліст. сістэмы, СССР і спынення дзейнасці Варшаўскага дагавору (1991) палітыка НАТО істотна змянілася. У 1991 прынята Рымская дэкларацыя аб міры і супрацоўніцтве. Дзеля большай бяспекі ў Еўропе створаны Савет Паўн.-Атлантычнага супрацоўніцтва. У вер. 1994 На сесіі Савета НАТО прынята праграма «Партнёрства дзеля міру», адкрытая для далучэння ўсіх краін Усх. Еўропы (Беларусь далучылася ў 1994).

Вышэйшыя органы НАТО — сесія Савета НАТО і К-т ваеннага планавання, якія збіраюцца 2 разы на год. Паміж сесіямі Савет працуе як Пастаянны Савет НАТО ў складзе пастаянных прадстаўнікоў дзяржаў-удзельніц. Бягучую работу і падрыхтоўку сесій вядзе Міжнар. сакратарыят на чале з Ген. сакратаром НАТО. У ваен арганізацыі НАТО вышэйшы орган — К-т ваен. планавання, выканаўчы — Ваенны к-т, якому падначалены Вярх. штаб аб’яднаных узбр. сіл НАТО. Штаб-кватэра арг-цыі ў Бруселі (да 1967 была ў Парыжы).

т. 1, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ АЎТАКЕФА́ЛЬНАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́ за мяжой

(БАПЦ),

рэлігійная арг-цыя беларусаў на эміграцыі. Засн. ў чэрв. 1948 у Германіі рэліг. і грамадскімі дзеячамі, прыхільнікамі ўрада БНР. Дзейнічала ў Еўропе (Германія, Англія, Францыя, Бельгія), з пач. 1950-х г. — у ЗША, Канадзе і Аўстраліі. Прыходы БАПЦ (у 1990-я г. каля 20, з іх 10 у ЗША) прызнаны і афіц. зарэгістраваны дзярж. структурамі гэтых краін. Богаслужэнні вядуцца на бел. мове. Займаецца таксама культ.-асв., выдавецкай, грамадскай, дабрачыннай дзейнасцю, дапамагае беларусам захаваць сваю нац. духоўную спадчыну. Маскоўская патрыярхія і шэраг інш. правасл. цэркваў не прызналі БАПЦ.

Першапачаткова БАПЦ узначальваў епіскап Украінскай аўтакефальнай правасл. царквы Сергій (Грыгор Ахатэнка), з 1971 — епіскап Андрэй (Аляксандр Крыт). У 1949 быў створаны сабор епіскапаў БАПЦ, у які ўваходзіў і епіскап Васіль (Уладзімір Тамашчык), у 1951—70 кіраваў амер. епархіяй. У 1983 БАПЦ раскалолася на 2 рэліг. арг-цыі, якія ўзначалілі рада БАПЦ з мітрапалітам Мікалаем (Міхаілам Мацукевічам) і кансісторыя БАПЦ з мітрапалітам Ізяславам (Янам Бруцкім). Друкаваныя выданні: «Голас царквы», «Царкоўны пасланец» і інш.

Літ.:

Касяк І. З гісторыі праваслаўнай царквы беларускага народу. Нью-Йорк, 1956;

Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993;

Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репр. изд. Мн., 1990).

Л.​У.​Языковіч.

Да арт. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква за мяжой. Царква Жыровіцкай Маці Божай у г. Кліўленд (ЗША).

т. 2, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)