Паўз, поўз, пыўз ’па’, ’уздоўж’, ’непадалёку’, ’каля’, ’міма’, ’праз’, ’вакол’ (ТСБМ, Кар., Шат., Гарэц., Мал., Чуд.; чэрв., ДАБМ, к. 221; пух., раг., чэрв., бярэз., Сл. ПЗБ), по̂з ’побач, міма, каля’ (Нікан.). Укр. повз ’міма’, рус. у прысл. поз‑доль, поз‑дол, повздоль ’уздоўж, паралельна’. Да па‑ (< прасл. po‑) і vz, — апошняе з прасл. ъz, да якога пазней далучылася v‑ як вынік зіяння (Мее, MSL, 20, 111; Гуер, Sb. filolog., 7, 23). Слав. vьz адпавядаюць літ. už‑, лат. uz‑ (ESSJ SG, 1, 276–281). Сюды ж паўзбоч, поўзбоч ’каля, уздоўж’ (ТС), ’у баку, каля’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), а таксама паўзбо́чча ’месца на схіле канавы, узгорка’ (Яшк.) і поўзверх ’па-над, блізка пад верхам’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пеляні́ца ’цеста (з пшанічнае мукі)’ (рэч., Мат. Гом.). Відаць, няправільнае тлумачэнне ў арыгінале: Што мы захацелі, тое і зрабілі: із мукі пеляніцу, а із дзеўкі — маладзіцу. У такім выпадку — да паляніца (гл.). Пе‑ замест па‑, магчыма, пад уплывам пеклява́ная мука ’мука дробнага памолу’. Пелені́ца ’праснак’ (ТС). З пале́ніца ’праснак з кіслага цеста’, спечаны перад полымем (там жа). Параўн. пале́нік ’тоўсты блін’ (Касп.), паляні́ца ’праснак’ (Касп.), пазней — ’булка з пшанічнай мукі’ (Бяльк.), подполо́нык, пудполо́нэк ’тоўсты блін з хлебнага цеста (Сл. Брэс.), подпа́ленік, подпа́льнік (ТС), ополонык ’корж з хлебнага цеста, які пяклі ў печы пры полымі’ (драг., Вешт.), параўн. подпалок: напэкла подпалків пэрэд полумнем на сніданне (малар., Сл. Брэс.). Усе — да по́лымя (⁺поломніца/⁺пламеніца, ⁺подпламеннік, о‑поломнык, подполомнік > подпаленік) і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сумне́нне ’няўпэўненасць; няпэўнасць, недавер’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ст.-бел. сумненье (XV ст., КГС). Укр. сумні́ння, рус. сомне́ние (з *сумнѣние, куды была ўведзена прыстаўка со‑ з ц.-слав. — Фасмер, 3, 716), стараж.-рус. сумьнѣние, польск. sumienie, ст.-польск. sǫmnienie, пазней sumnienie, балг. съмне́ние ’сумненне, падазрэнне’, ст.-слав. сѫмьнѣние ’тс’. З першаснага *sąmnienie, аддзеяслоўнага дэрывата ад прасл. *sǫmьněti ’мець сумненне, працівіцца, супраціўляцца’, параўн. укр. сумни́тися, ст.-рус. сумьнѣтися, ст.-польск. sǫmnieć się ’сумнявацца’, серб.-харв. súmnjati ’сумнявацца, падазраваць’, якое ад прасл. *sǫmьną, дэрывата ад прасл. *sъ‑mьněti ’думаць; сумнявацца, падазраваць’; гл. сум (Бязлай, 3, 31; Борысь, 586; Фасмер, там жа; ЕСУМ, 5, 474–475). Басай–Сяткоўскі (Słownik, 350) бачаць тут кальку лац. con‑scientia — s‑umnienie. Параўн. сумна 1, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сыно́вец ’сын брата або сястры’ (Сцяшк.), ’пляменнік, звычайна сын брата’ (бяроз., Шатал.), сыно́вяц ’тс’ (Сцяц. Сл.; шчуч., З нар. сл.; гродз., свісл., маст., Сл. ПЗБ), сыно́вэц ’няродны, прыёмны сын’ (Чэрн.), сыно́выць, сыно́вэць ’пляменнік’ (Сл. Брэс.). Параўн. укр. сино́ве́ць, синови́ць ’тс’, рус. сыно́ве́ц, стараж.-рус. сыновьць ’тс’, польск. synowiec, чэш., славац. synovec ’тс’, каш. senovc ’зяць’, в.-луж. synowc ’пляменнік’, серб.-харв. сино́вац ’тс’, славен. sinovec ’тс’. Вытворныя ад *synъ, паводле Скока (3, 237), ад варыянтнай асновы *synov‑, што адлюстравана ў адпрыметнікавым назоўніку харв. sinov ’сын брата або сястры’ (XIII–XIV стст.), пазней толькі з суф. ‑ьc > ‑ac: sinòvac ’сын брата’; відаць, самастойныя ўтварэнні асобных славянскіх моў. Меркаванні пра архаічны характар назвы гл. Панюціч, Лексіка, 39.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Турні́р ‘спаборніцтва рыцараў у Сярэднявеччы, цяпер звычайна спартыўнае спаборніцтва’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Праз рускую мову (турни́р ‘тс’) з нова-в.-ням. Turnier, якое са ст.-франц. to(u)rnei ‘тс’ ад torner ‘абарачацца’ < лац. tornāre ‘паварочваючы, тачыць выраб на варштаце’ (Фасмер, 4, 124; ЕСУМ, 5, 683–684). Ст.-бел. турнея ‘турнір, спаборніцтва’ (XVI ст.), пазней таксама ‘беспарадак, разлад’ (ГСБМ), узыходзіць да ст.-франц. tourneoi ‘рыцарскія спаборніцтвы паводле дакладных правілаў’, а ст.-бел. турнай ‘тс’ (XVI ст.) — з чэш. turnaj ‘спаборніцтва рыцараў’, якое праз ст.-в.-ням. (turnei — баварскае вымаўленне ‑aj) прыйшло са ст.-франц. tournoi (праванс. tornei) ‘тс’ < torner ‘абарачацца, вярцецца’ (Булыка, Лекс. запазыч., 119; Голуб-Ліер, 494; Махэк₂, 661; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 401).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

нутро́, ‑а, н.

1. Унутраныя органы чалавека або жывёлы; вантробы. [Максім] адчуваў сябе вельмі кепска, бо голад,.. як абцугамі сціскаў нутро і балюча смактаў у страўніку. Машара. [Голуб:] — Кажуць, салдацкае нутро пераварыць шрубу, гайку і ружэйнае масла. Васілевіч.

2. Унутраная частка чаго‑н. Светлыя ніці пранізалі пыльнае цёмнае паветра, і хлопчык бачыў усё змрочнае нутро свайго памяшкання. Самуйлёнак. Нутро камяніцы завалена попелам, абгарэлымі бэлькамі, скінутымі з гары рэйкамі. Шынклер.

3. перан. Унутраная сутнасць каго‑н. Мяшчанскае нутро. □ На першы погляд Жлукта — Чарскі вельмі мілы, прывабны чалавек. Выдатная знешнасць, добрыя манеры. Гэтым ён некаторых спачатку і бярэ. Пазнаюць яго сапраўднае нутро толькі пазней. Сабалеўскі. Выгляд авечы, а нутро воўчае. Прыказка. // Пра ўнутраны псіхічны свет, душу. У Ніны апусціліся рукі. Сумленне тачыла яе нутро. Гроднеў.

•••

Заглянуць у нутро гл. заглянуць.

Не па нутру — быць не даспадобы.

Пераесці нутро гл. пераесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сагрэ́ць, ‑грэю, ‑грэеш, ‑грэе; зак., каго-што.

1. Грэючы, зрабіць цёплым, гарачым; нагрэць. Вясной, толькі сонца сагрэла зямлю, Кінуў калгаснік зерне ў раллю. Кірэенка. Сонца вясны той усходы на нівах Сагрэла шчыра. Вялюгін. // Награваючы на агні, давесці да якой‑н. ступені цеплыні. Сагрэўшы чайнік, Ганна Сымонаўна запрасіла гасцей да стала. Дубоўка. // Вярнуць азябламу целу (рукам, нагам) страчаную цеплыню. Дзядзька .. стараўся сагрэць у рукавах мокрага палапленага кажушка набрынялыя сінія рукі. Брыль. // Выклікаць адчуванне цеплыні ў арганізме. Кроў сагрэе за сняданнем чарка. І. Калеснік.

2. перан. Суцешыць спагадлівым словам, падбадзёрыць праяўленнем клопатаў. Слова «мама» раптам сагрэла хлопчыка і ласкай і шчасцем. Якімовіч. Юзя пазней гаварыла, што дзед сваім прыходам нібы сагрэў дзядзьку Харытона шчырай чалавечай спагадай. Бажко. // Ажывіць, асвятліць якім‑н. радасным пачуццём, думкаю. Тут Райніс жыў і сэрцам вечна юным Сагрэў і асвяціў прасторы свайго краю. Шушкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАЛГА́РЫЯ ВО́ЛЖСКА-КА́МСКАЯ, Булгарыя,

сярэдневяковая дзяржава ў Сярэднім Паволжы і Прыкам’і (на тэр. сучаснага Татарстана) у 10—14 ст. Пачала фарміравацца ў канцы 7 ст. Канчаткова як дзяржава вылучылася з Хазарскага каганата пасля яго разгрому ў 960-я г. войскамі кіеўскага князя Святаслава. Сталіца — г. Булгар, з 12 ст. г. Біляр. Насельніцтва — балгары волжска-камскія, фіна-угорскія народы і інш. На чале дзяржавы стаяў эльтэбер (адпавядаў беку ці эміру), пры яго двары чаканіліся манеты. З 10 ст. ў гасп. дзейнасці пераважала земляробства, дзярж. рэлігіяй стаў іслам. Значнае развіццё атрымаў гандаль з усх. краінамі, Руссю, Скандынавіяй і паўн. угра-фінскімі плямёнамі. У ваен. і гандл. адносінах сапернічала з Кіеўскай Руссю, пазней — з Уладзіміра-Суздальскім княствам. Да 1241 трапіла пад уладу мангола-татараў. У 2-й пал. 13 ст. падзялілася на Балгарскае і Жукоцінскае княствы, якія ў 1390-я г. разбіў Цімур. Нашчадкамі культуры Балгарыі Волжска-Камскай з’яўляюцца сучасныя татары, чувашы.

Літ.:

Фахрутдинов Р.Г. Очерки по истории Волжской Булгарии. М., 1984;

Волжская Булгария и Русь: (к 1000-летию русско-булгарского договора). Казань, 1986;

Волжская Булгария и монгольское нашествие. Казань, 1988.

т. 2, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ КАМІТЭ́Т (БК) у Польшчы, арганізацыя грамадскай апекі для беларусаў у 1940—44. Створаны ў Варшаве з дазволу герм. акупац. улад як Бел. саюз самапомачы (БСС, старшыня Ф.І.Акінчыц), з лета 1940 — БК (старшыня М.​Шчорс, нам. М.​Ждановіч). У канцы 1940 — пач. 1941 створаны дэлегатуры (прадстаўніцтвы) БК у Бяла-Падлясцы і Кракаве, пазней — некалькі філій на паўд. Падляшшы. Чл. БК (каля 6 тыс. чал., сак. 1942) — пераважна даваен. ўцекачы з паўн.-ўсх. ваяводстваў Польшчы, якія не жадалі заставацца пад сав. адміністрацыяй, а таксама вызваленыя з ням. палону беларусы — ваеннаслужачыя польскай арміі. Асн. дзейнасць — юрыд., мед. і матэрыяльная дапамога членам БК. Працавалі сталовая, бел. пач. школа з інтэрнатам (1942/43—1943/44, у 1943 для вучняў 2 месяцы працаваў летні лагер у Забалацці Бельскападляскай гміны), бел. б-ка, хор і аркестр, драм. секцыя, дзіцячы т-р. БК садзейнічаў заснаванню ў Варшаве бел. правасл. і каталіцкай парафій, царк. брацтва імя св. Юрыя. Дзейнасць БК фактычна спынена 1.8.1944, калі пачалося Варшаўскае паўстанне 1944, управа БК была эвакуіравана ў Кракаў і намінальна існавала да студз. 1945.

Ю.​Туронак.

т. 2, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЖАСТО́ЎСКІЯ,

шляхецкі род герба «Стрэмя» ў ВКЛ. Найб. вядомыя:

Цыпрыян Павел (1612—88), каралеўскі сакратар з 1645, рэферэндар літоўскі з 1650, пісар літоўскі з 1657, ваявода трокскі з 1684. У 1658, 1661—64 у складзе дыпламат. місій, у 1667 камісар Рэчы Паспалітай на перагаворах з Расіяй, якія скончыліся падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667. У 1671—72, 1679, 1683 пасол у Маскву.

Канстанцін Казімір, гл. Бжастоўскі К.К.

Міхал (1722—21.5.1784), ген.-лейт. (1753), пісар літоўскі з 1758, канюшы літоўскі з 1762, падскарбі вял. літоўскі з 1764. У 1764 маршалак Генеральнай літ. канфедэрацыі.

Адам (1722—90), ген.-маёр кавалерыі (1748), потым ген.-лейт. пяхоты, кашталян полацкі ў 1758—76. Удзельнік Барскай канфедэрацыі 1768—72.

Станіслаў (2.3.1733—8.4.1769), ваявода інфлянцкі з 1767.

Павел Ксаверы (30.3.1739—17.11.1827), вял. пісар літоўскі з 1762, рэферэндар літоўскі ў 1774—87. У сваім маёнтку Мерач (пазней Паўлава) Віленскага пав. правёў прагрэс. рэформы (гл. Паўлаўская рэспубліка).

Міхал Геранім (17.4.1762—1806), чашнік літоўскі. Пасол на Чатырохгадовым сойме 1788—92. У час паўстання 1794 чл. Найвышэйшай літоўскай рады і дэпутацыі бяспекі.

Ігнацы, гл. Бжастоўскі I.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 3, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)