«АПАКРЫ́СІС», Апокрысіс, «Апокрисис, албо отповедъ на книжкы о съборе Берестейском...»,
помнік стараж.бел. пісьменства; твор царкоўна-палемічнай літаратуры. Апубл. ў 1597 у Вільні на польск. мове, перавыд. у 1598 у Астрозе ў перакладзе на старабел. мову. Аўтар (мяркуюць — валынскі пратэстант Марцін Бранеўскі) па даручэнні кн. Канстанціна Астрожскага выступіў у абарону нац.-рэліг. незалежнасці праваслаўных Украіны і Беларусі пасля Брэсцкай уніі 1596 і ў адказ на кнігі яе апалагетаў П.Скаргі і І.Пацея, схаваўшыся пад псеўданімам Хрыстафор Філалет. Аўтар паказаў, што царк.саюз уніяцкіх і каталіцкіх епіскапаў абумоўлены не праблемамі багаслоўскай ісціны і маралі, а імкненнем да гарантаваных матэрыяльных выгод, высокіх дзярж. пасад, рэліг. прывілеяў і паліт. правоў. У «Апакрысісе» выкарыстаны шырокі арсенал літ. і фалькл. мастацкіх сродкаў: анекдатычныя гісторыі, байкі, сатыр. бытавыя замалёўкі, трапныя прыказкі і прымаўкі, каларытныя эпітэты і параўнанні. «Апакрысіс» — яркая старонка антыуніяцкай публіцыстыкі. Ён адыграў значную ролю ў кансалідацыі ўкр. і бел. народаў у іх барацьбе за нац.-культ. самабытнасць. Раскрыўшы вострую супярэчнасць паміж феад. вярхамі двух асн. веравызнанняў Рэчы Паспалітай, аўтар змагаўся за традыцыі і веру народа з пазіцый мясц. знаці, якая баялася, каб палітыка уніяцка-каталіцкага духавенства не прывяла дзяржаву да ўнутр.сац. і нац.-вызв. вайны. Таму ён заклікаў знаць да салідарнасці і сумесных дзеянняў.
Літ.:
Яременко П.К. Український письменник-полемист Христофор Філалет і його «Апокрисис». Львів, 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЫЗВАЛЕ́ННЕ ПРА́ЦЫ», Група «Вызваленне працы»,
першая руская с.-д.арг-цыя. Існавала ў 1883—1903. Створана ў Жэневе Г.В.Пляханавым, В.А.Засуліч, П.Б.Аксельродам, Л.Р.Дэйчам, В.М.Ігнатавым. Мела на мэце пераклад на рус. мову, выданне і распаўсюджванне твораў К.Маркса і Ф.Энгельса, крытыку тэарэт. асноў народніцтва і інш. У 1883—85 выпрацавала праект праграмы рас. сацыял-дэмакратаў, у якім канчатковай мэтай лічыла захоп паліт. улады і ажыццяўленне камуніст. рэвалюцыі, а бліжэйшай — звяржэнне самадзяржаўя і заваёву дэмакр. канстытуцыі. Устанавіла сувязі з многімі с.-д. арг-цыямі ў Расіі, з Пецярбургскім «Саюзам барацьбы за вызваленне рабочага класа» і інш.
Група «Вызваленне працы» мела цесныя сувязі з рэвалюцыянерамі Беларусі і зрабіла на іх значны ўплыў, садзейнічала іх пераходу на ідэйныя пазіцыі марксізму. Члены мінскай групы «Чорны перадзел» І.Н.Гецаў, С.Л.Ляўкоў, С.Л.Грынфест працавалі ў друкарні, удзельнічалі ў дапрацоўцы праграмы, дастаўцы ў Расію марксісцкіх выданняў. Выданні групы атрымлівалі бел. народнікі, якія друкавалі ў Пецярбургу час. «Гомон», а таксама «Гурток моладзі польска-літоўскай, беларускай і маларускай» і пецярб. «Рабочы саюз» (Бруснева група), восенню 1892 яе ўзначальваў беларус М.В.Алюшкевіч.
Група «Вызваленне працы» ўдзельнічала ў падрыхтоўцы II з’езда РСДРП (1903), на якім узмацніліся рознагалоссі паміж У.І.Леніным і Пляханавым і РСДРП раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў, а «Вызваленне працы» перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ДРАНГ НАХ О́СТЭН»
(ням. Drang nach Osten — націск на Усход),
экспансіянісцкая палітыка Германіі ў дачыненні да краін Цэнтр., Усх. і Паўд.-Усх. Еўропы ў 9—20 ст., а таксама лозунг і гіст.-паліт. канцэпцыя, накіраваная на ідэалаг. абгрунтаванне і апраўданне гэтай палітыкі. Першапачаткова (9 ст.) Усх.-Франкскае (Герм.) каралеўства вяло наступ на тэр. Вялікамараўскай дзяржавы, Пасаўскай і Далмацінскай Харватыі. У 10—11 ст. «Свяшчэнная Рым. імперыя» прэтэндавала на землі палаба-прыбалт. славян, Чэхіі і Польшчы. У 2-й пал. 12 ст. — пач. 15 ст. брандэнбургскія і саксонскія князі пакарылі палаба-прыбалт. славян, Тэўтонскі ордэн — прусаў, ням. купцы, каталіцкая царква, Ордэн мечаносцаў і Лівонскі ордэн прасачыліся ва Усх. Прыбалтыку (далейшы рух на У спынены ў вышку Лядовага пабоішча 1242 і Грунвальдскай бітвы 1410), а Габсбургі захапілі славенскія землі. У 16—18 ст. утварылася шматнац. манархія Габсбургаў, якія падпарадкавалі Чэхію, Славакію, Венгрыю і Харватыю, у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795) значна павялічылася тэр. Прусіі. У 1850-я г. пачалася распрацоўка канцэпцыі «Д.н.О.» (гл.Пангерманізм, Пангерманскі саюз). Герм. імперыя (1871—1918) выкарыстоўвала пераважна эканам. пранікненне. Спробы рэалізацыі «Д.н.О.» мелі месца ў 1-ю і асабліва 2-ю сусв. войны (гл. план «Ост»).
Літ.:
Германская восточная политика в новое и новейшее время: Проблемы истории и историографии. М., 1974;
«Дранг нах Остен» и народы Центральной, Восточной и Юго-Восточной Европы, 1871—1918 гг.М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРМАЛА́ЕВА (Вера Міхайлаўна) (1893, г. Пятроўск Саратаўскай вобл., Расія — 1938),
рускі і бел. мастак, педагог. Вучылася ў маст. школе М.Д.Бернштэйна (1911—14) і археал. ін-це у Пецярбургу (1914—17), а таксама ў Францыі, Швейцарыі і Англіі. Чл. аб’яднання мастакоў «Саюз моладзі», стварыла (1918) арцель мастакоў «Сёння» ў Пецярбургу. Працавала ў музеі горада (цяпер Музей гісторыі Пецярбурга) і калегіі Аддзела выяўл. мастацтва Наркамасветы. У 1919—22 выкладчык, кіраўнік майстэрні і рэктар Віцебскага нар.маст. вучылішча. Чл. групы «Сцвярджальнікі новага мастацтва». Удзельнічала ў агітацыйна-маст. афармленні Віцебска, па яе эскізах створаны дэкарацыі і касцюмы для губ.т-ра (футурыстычная опера «Перамога над сонцам», 1920). З 1922 у Пецярбургу, у Ін-це маст. культуры (1923—27) пад кіраўніцтвам К.Малевіча, уплыў якога зазнала. Афармляла і ілюстравала дзіцячыя кнігі М.Асеева, М.Венгерава, І.Крылова (усе 1920-я г.), І.В.Гётэ, М.Сервантэса, М.Чарнышэўскага (усе 1930-я г.), стварыла шэраг кніжак-карцінак. Сярод станковых работ «Галгофа» (1928). «Дрэвы», «Хлопчыкі», аўтапартрэт (усе пач. 1930-х г.) і інш. Рэпрэсіравана ў 1934.
Літ.:
Ковтун Е. Художница книги В.М.Ермолаева // Искусство книги: Сб. М., 1975. Вып. 8;
Авангард, остановленный на бегу: [Альбом.] Л., 1989;
Русский авангард 20-х—30-х гг. СПб., 1997.
А.Г.Лісаў.
В.Ермалаева. Эскіз афармлення сцэны для футурыстычнай оперы «Перамога над сонцам». 1920.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНЕШНЕЭКАНАМІ́ЧНЫЯ СУ́ВЯЗІ,
адна з форм эканам. дзейнасці дзяржавы, прадпрыемстваў і фірм, якая звязана са знешнім гандлем, ажыццяўленнем сумесных з інш. краінамі праектаў. Ахопліваюць комплекс гасп., крэдытных, валютна-фін., прававых узаемаадносін. Уяўляюць сабой арганічную частку міжнар.эканам. адносін, якія развіваюцца на аснове міжнароднага падзелу працы. Уключаюць абмен спажывецкімі таварамі, машынамі, абсталяваннем навук.-тэхн. ведамі, дасягненнямі ў галіне культуры, паслугамі па эканам. і тэхн. супрацоўніцтве і прадугледжваюць стварэнне сумесных прадпрыемстваў, вытв-сцей і навук. калектываў; з’яўляюцца фактарамі эканам. росту, інтэнсіфікацыі вытв-сці, удасканалення тэхналогій, узбагачэння рынку спажывецкімі таварамі. З.с. праходзяць пэўныя этапы: ад гандлю і паслуг — да вывазу капіталу, стварэння міжнар. вытв-сці і фарміравання адзінага сусв. рынку валют, крэдытаў, каштоўных папер. На сучасным этапе З.с. перарастаюць у інтэрнац. групоўкі (Еўрапейскі Саюз, міждзярж. аб’яднанні ў Паўд. і Паўн. Амерыцы, Азіі і інш.), якія каардынуюць вытв-сць і збыт тавараў, выступаюць як адзіная юрыд. асоба на міжнар. рынку. Адным з асн. кірункаў інтэграцыі Рэспублікі Беларусь у сусв. супольнасць з’яўляецца больш цеснае эканам. збліжэнне з краінамі СНД і найперш з Рас. Федэрацыяй. Асн. формамі З.с. Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца знешні гандаль і вытв. сувязі. Многія бел. прадпрыемствы супрацоўнічаюць з замежнымі фірмамі. Павялічваецца прыток на Беларусь замежных інвестыцый. Беларусь удзельнічае ў міжнар. выстаўках і кірмашах, актывізуе З.с. праз свае і замежныя пасольствы і консульствы. Дзейнічае Мін-ва па знешнеэканам. сувязях Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗЯМЛЯ́ І ВО́ЛЯ»,
тайная рэв.арг-цыя разначынцаў у Рас. імперыі ў 1861—64 (назва з 1862); федэрацыя рэв. гурткоў. Узнікла пад ідэйным уплывам А.А.Герцэна, М.Г.Чарнышэўскага, М.П.Агарова. Арганізатары і кіраўнікі М.А. і А.А.Серна-Салаўевічы, А.А.Сляпцоў і інш. Узначальваў «З. і в.» Цэнтр. рускі нар.к-т у Пецярбургу, мясц. арг-цыі існавалі ў Пецярбургу, Маскве, Казані, Саратаве, Тамбове і інш. У канцы 1862 да «З. і в.» далучылася ваен.-рэв.арг-цыя«Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы». Арг-цыя падтрымлівала сувязі з газ. «Колокол». Яе праграма: увядзенне рэсп. кіравання, скліканне бессаслоўнага Нар. сходу, уладкаванне выбарнага самакіравання па абласцях, пашырэнне абшчынных прынцыпаў у сял. і гар. жыцці, ураўнаванне жанчын у правах з мужчынамі. Асн. праграмны дакумент — адозва Агарова «Што патрэбна народу». Выдавала лісткі «Свобода», рэв. пракламацыі. У час паўстання 1863—64 уступіла ў саюз з партыяй «чырвоных», імкнулася ператварыць яго ва ўсерасійскае сял. паўстанне за зямлю і волю. У канцы 1863 «З. і в.» ўступіла ў паласу ідэйнага крызісу, паўстанне 1863—64 было разгромлена, частка землявольцаў арыштавана, некат. эмігрыравалі. Да вясны 1864 арг-цыя самаліквідавалася.
Літ.:
Нечкина М.В. Возникновение первой «Земли и воли» // Революционная ситуация в России в 1859—1861 гг.М., 1960;
Віткоўскі Я. «Зямля і воля» 60-х гадоў і сувязь яе з паўстаннем 1863 г. // Полымя. 1930. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТО́ЎКА,
від літаратуры і сродак масавай інфармацыі, актуальны паводле зместу і аператыўны ў распаўсюджванні. Выдаецца эпізадычна з мэтай агітацыйна-паліт., ідэалаг.-выхаваўчага і інфарм.-арыентацыйнага ўплыву на шырокія слаі грамадства, адлюстравання актуальных падзей і з’яў свайго часу. Выконваецца ў выглядзе друкаванага або рукапіснага тэксту на аркушах паперы пераважна малых памераў. Тэкст можа быць арыгінальны (адозвы, аб’явы) ці запазычаны з інш. крыніц (афіц. дакументы, маст. творы).
Л. — адна з форм масавай рэв. прапаганды. Папярэднікі рэв. Л. — рукапісныя пісьмы і граматы з заклікамі да паўстанняў. Л. выпускалі Вольная рус. друкарня ў Лондане, народніцкія арг-цыі, першыя рабочыя гурткі, Пецярбургскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». На Беларусі рукапісныя Л. вядомы з 17 ст. У форме зваротаў выдаваліся ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, у вайну 1812, у час паўстання 1863—64; у выглядзе Л. друкавалася газ. «Мужыцкая праўда». Шырока выкарыстоўваліся Л. ў час рэв. 1905—07, Лютаўскай і Кастр. рэвалюцый 1917, герм. і польск. акупацыі ў 1918—20. У Вял.Айч. вайну Л. на тэр. Беларусі выдавалі і распаўсюджвалі партызаны, падпольшчыкі, парт.-дзярж структуры з-за лініі фронту. Герм.акупац. ўлады і прадстаўнікі калабарацыі выдавалі антысав. Л. на бел., рус., польск. і ням. мовах.
Л. — важны сродак масавай інфармацыі і цяпер. Яны выкарыстоўваюцца паліт. партыямі і рухамі Беларусі ў час выбарчых кампаній і падрыхтоўкі рэферэндумаў, у рэкламных мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РУСНЫ СПОРТ, ветразевы спорт,
спаборніцтвы на спарт. парусных суднах (швертботы, яхты).
Узнік у Англіі ў 18 ст., першы яхт-клуб засн. ў г. Корк (1720). У праграме Алімп. гульняў з 1900. Міжнар.саюз П.с. засн. ў 1907. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1922, Еўропы — з 1932. Алімп.кл. суднаў з’яўляюцца «Еўропа», «Зорны», «Лазер», «Лятучы галандзец», «Містраль», «Солінг», «Тарнада», «Фін», «470»; у чэмпіянатах свету ўдзельнічаюць і інш.кл. суднаў — «Дракон», «Фаербол», «5,5» і інш. Гонкі праходзяць па кругавых дыстанцыях на 12 марскіх міль або 20—30 км і інш. Пераможца вызначаецца па суме некалькіх гонак (звычайна 7). У кл. крэйсерскіх яхт спаборніцтвы праводзяцца на вял. адлегласці. Найб. пашыраны П.с. у Аўстраліі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Італіі, Польшчы, Расіі, Францыі, скандынаўскіх краінах.
На Беларусі развіваецца з 1950-х г. З 1969 дзейнічае Мінскі яхт-клуб. Федэрацыя П.с. існуе з 1992. Першы чэмпіянат Беларусі праведзены ў 1967 (Заслаўскае вадасх.). З бел. спартсменаў найб. вызначыліся С.Краўцоў (чэмпіён свету 1988, Еўропы 1989, 1991 у кл. «Тарнада», разам з Ю.Канавалавым, Расія), В.Буданцаў (сярэбраны прызёр чэмпіянату свету 1987, чэмпіён Еўропы 1990 у кл. «Лятучы галандзец»), Г.Страх і А.Мірон (сярэбраныя прызёры чэмпіянату свету 1984, Еўропы 1989 у кл. «Солінг»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАЛЕТАРЫЯ́Т»,
назва 3 польскіх рэв.сацыяліст. арг-цый у 1880—90-я г. — пач. 20 ст. 1) «П.» Вялікі, Першы — першая паліт. партыя польскіх рабочых (1882—86). Засн. Л.Варынскім у Варшаве. Гурткі існавалі ў Каралеўстве Польскім, Пецярбургу, Маскве, Кіеве, Вільні, Віцебску, Пінску і інш. Праграма: марксісцкі аналіз капіталіст. ладу, барацьба за сацыялізм рэв. сродкамі. Тактыка: прапаганда сярод рабочых, арг-цыя забастовак, эканам. і паліт. тэрор. Узначальваўся ЦК (у 1884—85 ім кіравала ўраджэнка Беларусі М.У.Багушэвіч). Друкаваныя органы: газ. «Proletariat» («Пралетарыят»), час. «Walka klas» («Барацьба класаў»), Сувязі з групай «Вызваленне працы» і Благоева групай, саюз з «Народнай воляй» (1884). У 1884—86 партыя разгромлена паліцыяй, 5 чал. пакараны смерцю, многія зняволены.
2) «П.» Малы, Другі — сацыяліст.-рэв. партыя (1888—93), паслядоўніца «П.» Вялікага. Засн. Л.Кульчыцкім і М.Каспшакам. Прапаганда сярод рабочых, індывід. тэрор [у т. л. замах на варшаўскага ген.-губернатара І.У.Гурка (гл.Гуркі) у жн. 1892], У сак. 1893 «П.» уліўся ў Сацыял-дэмакратыю Каралеўства Польскага і Літвы, ч. членаў далучылася да Польскай сацыялістычнай партыі (ППС).
3) «П.» Трэці, Польская сацыяліст. партыя — «П.» (1900—09). Створаны групай левых на чале з Кульчыцкім, якая выйшла з ППС. Выступаў за аўтаномію Каралеўства Польскага і дэмакр. рэспубліку для ўсёй Расіі, гал. мэтай лічыў сацыяліст. рэвалюцыю і дыктатуру пралетарыяту. Тактыка: прапаганда, арганізацыя забастовак, індывід. тэрор. У 1909 спыніў існаванне.
Літ.:
Baumgarten L. Dzieje Wielkiego Proletariatu. Warszawa, 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЛІДА́РНАСЦЬ»
(Solidarność),
прафсаюзнае аб’яднанне ў Польшчы, якое сваёй грамадска-паліт. актыўнасцю моцна паўплывала на сістэмную трансфармацыю дзярж. ладу Польшчы ў 1980—90-я г. Узнікла 17.9.1980 у г. Гданьск на хвалі забастовачнага руху як Незалежны самакіравальны прафес.саюз «С.» (старшыня Л.Валенса); афіц. зарэгістравана 10.11.1980. У канцы 1980 каля 10 млн.чл. Хутка палітызавалася, ператварылася ў масавы дэмакр. рух рабочых і інтэлігенцыі, скіраваны на процідзеянне камандна-адм. сістэме ў краіне (маральная падтрымка з боку польскай каталіцкай царквы, матэрыяльная — польскіх эмігранцкіх арг-цый, зах. прафсаюзаў і дабрачынных фондаў). У час ваен. становішча 1981—83 афіцыйна забаронена (8.10.1982), шэраг дзеячаў «С.» інтэрніраваны. Удзельнік «круглага стала» (люты — крас. 1989) паміж урадам і апазіцыяй. 17.4.1989 зноў легалізавана. Пасля перамогі на выбарах у сейм і сенат (4 і 18.6.1989), прызначэння Т.Мазавецкага прэм’ер-міністрам (24.8.1989) і выбрання Валенсы прэзідэнтам Польшчы (9.12.1990) стала кіруючай паліт. сілай краіны. У лют. 1991 старшынёй «С.» выбраны М.Кшаклеўскі (у 1995 перавыбраны). У 1996 каля 30 малых партый заснавалі Выбарчую акцыю «С.», што перамагла на парламенцкіх выбарах 21.9.1997, але на выбарах 25.9.2001 не здолела правесці ў сейм ніводнага дэпутата. Кіруючы орган — Усяпольская камісія. Уваходзіць у Міжнародную канфедэрацыю свабодных прафсаюзаў.
Літ.:
Лойко Л.В. Политическая борьба в Польше (70—80 гг.). Мн., 1995;
Часноўскі М.Э. Сістэмныя пераўтварэнні ў Рэспубліцы Польшча (1989—1999). Мн., 2000.