ПЯТА́К,

1) на Беларусі ў апошняй чвэрці 16 ст. назва паўгроша літоўскага, парытэтнага 5 пенязям; у апошняй чвэрці 17 ст. назва траяка 1570—1620-х г., (вартасць 5 грошаў у медных шэлегах — барацінках).

2) Папулярная назва манеты вартасцю ў 5 капеек на тэр. Беларусі, Украіны, Расіі і інш. з 18 ст.

т. 13, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РУ́ССКИЙ АРХИ́В»,

гістарычны часопіс, які штомесячна выдаваўся ў 1863—1917 у Маскве. Засн. археографам П.​І.​Барценевым. Публікаваў дакумент. матэрыялы па гісторыі Расіі і рус. л-ры пераважна 18—19 ст., успаміны, дзённікі, запісныя і памятныя кніжкі, прыватную перапіску, выяўленыя літ. творы. Змяшчаў матэрыялы па гісторыі грамадскай думкі, асабліва па славянафільстве.

т. 13, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАРО́ДНЫ САЮ́З (БНС),

грамадска-паліт. арг-цыя кансерватыўна-клерыкальнага кірунку. Дзейнічала ў Віцебску ў 1917—18. Аб’ядноўвала мясц. чыноўнікаў, выкладчыкаў навуч. устаноў, прадстаўнікоў правасл. духавенства. Кіраўнікі БНС (Ф.​І.​Грыгаровіч, Б.​А.​Бялыніцкі-Біруля, Г.​І.​Палонскі, У.​К.​Стукаліч) падтрымалі Часовы ўрад, але выступалі супраць дэмакратызацыі грамадскага жыцця, лічылі абавязковым удзел Расіі ў вайне да перамогі. Для прадухілення сац. канфліктаў на вёсцы прапанавалі праект рэформы, аснову якой складала хутарское землекарыстанне. БНС прытрымліваўся дактрыны заходнерусізму, адмаўляў бел. народу ў праве на дзярж. самавызначэнне, абмяжоўваўся патрабаваннем да Часовага ўрада вылучыць Беларусь у асобную адм.-гасп. адзінку ў складзе Расіі. Абапіраўся на ідэалогію праваслаўнага клерыкалізму, праваслаўныя прыходы разглядаў як «асноўныя ячэйкі грамадскасці». Не прыняў Кастр. рэвалюцыі 1917, вёў антыбальшавіцкую і антысеміцкую агітацыю. Па некаторых звестках кіраўнікі БНС Грыгаровіч, Бялыніцкі-Біруля, Палонскі і інш. расстраляны ў 1918 паводле прыгавору Віцебскай губ. ЧК.

С.​С.​Рудовіч.

т. 2, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АБРА́МЦАВА»,

гісторыка-мастацкі і літ. музей-запаведнік у Расіі. Створаны ў 1977 на тэр. б. сядзіб Абрамцава каля г. Загорск Маскоўскай вобл. (з 1843 належала Аксакавым, з 1870 — Мамантавым, з 1918 тут створаны музей) і Ахтырка.

У 19 ст. адзін э буйных цэнтраў культ. жыцця Расіі. У сядзібе ў С.​Аксакава гасцявалі М.​Гогаль, І.​Тургенеў, М.​Шчэпкін і інш. У 1870—90-я г. тут жылі і працавалі В.​Васняцоў, І.​Рэпін, В. і А.​Паленавы, В.​Сяроў, К.​Каровін, М.​Несцераў, М.​Урубель і інш. Пры ўдзеле арх. В.​Гартмана і І.​Ропета ў парку пабудаваны ў «рус. стылі» студыя, «Хатка на курыных ножках», царква, дача для мастакоў; створаны майстэрні разьбы па дрэве (гл. Абрамцава-кудрынская разьба) і маёлікі; пісаліся дэкарацыі для Мамантаўскага гуртка (паслужыў асновай Маскоўскай прыватнай оперы); у аматарскіх спектаклях удзельнічалі К.​Станіслаўскі, Ф.​Шаляпін.

Літ.:

Поленова Н.В. Абрамцево: Воспоминания. М., 1922.

т. 1, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННЫЯ РЭФО́РМЫ 1860—70-х г. у Расіі.

Праведзены ва ўзбр. сілах Расійскай імперыі ў ходзе бурж. рэформаў 1860—70-х г. Выкліканы адменай прыгоннага права ў 1861 і неабходнасцю рэарганізацыі ваен. справы ў Расіі, што выявілася ў Крымскай вайне 1853—56. Ажыццяўляліся пад кіраўніцтвам ваен. міністра Дз.​А.​Мілюціна. У 1862—64 створана 15 ваен. акруг, у т. л. Віленская, у якую ўвайшлі і бел. губерні. Пашыралася сетка ваен. вучылішчаў (1863—64), ствараліся юнкерскія вучылішчы (1864), адкрыты новыя вышэйшыя ваен. навуч. ўстановы: Ваен.-юрыд. (1867) і Марская (1877) акадэміі. Пачалося ўзбраенне арміі наразной стралковай зброяй і артылерыяй. У 1874 замест рэкруцкіх набораў уведзена ўсесаслоўная воінская павіннасць, скарочаны тэрмін вайск. службы. Праведзена рэарганізацыя падрыхтоўкі войск, уведзены новыя вайск. статуты. У выніку рэформаў рус. армія стала ў большай ступені адпавядаць патрабаванням часу, павысілася яе баяздольнасць. Аднак і пасля іх у арміі засталіся шматлікія перажыткі прыгонніцтва.

т. 3, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛКАГО́НАЎ (Дзмітрый Антонавіч) (21.3.1928, станіца Мангут Кырынскага р-на Чыцінскай вобл., Расія — 6.12.1995),

гісторык, філосаф, паліт. і дзярж. дзеяч Расіі. Чл.-кар. Рас. АН (1991), д-р філас. (1972) і гіст. (1990) н., праф. (1973). Ген.-палк. (1982). Скончыў Арлоўскае танк. вучылішча (1952) і Ваен.-паліт. акадэмію (1963). З 1949 служыў у Сав. Арміі. З 1963 на розных пасадах у Ваен.-паліт. акадэміі, з 1971 у Гал. паліт. упраўленні Сав. Арміі і ВМФ, у т. л. нам. нач. Галоўнага паліт. ўпраўлення (з 1984); нач. Ін-та ваен. гісторыі Мін-ва абароны СССР (1988—91). Саветнік прэзідэнта Расіі па абароне і бяспецы (з 1991), кіраўнік Камісіі пры прэзідэнце Рас. Федэрацыі па ваеннапалонных, інтэрніраваных і прапаўшых без вестак (з 1992) і інш. Дэп. Вярх. Савета РСФСР у 1990—91. Аўтар каля 30 гіст.-паліт. кніг і манаграфій, у т. л. трылогіі «Правадыры» (1989—94) пра Сталіна, Троцкага і Леніна.

т. 3, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДА́Р (Ягор Цімуравіч) (н. 19.3.1956, Масква),

расійскі дзярж. і грамадскі дзеяч, эканаміст. Унук пісьменніка А.Гайдара. Скончыў Маскоўскі ун-т, д-р эканам. навук. З 1980 працаваў ва Усесаюзным НДІ сістэмных даследаванняў, у 1985—87 вядучы навук. супрацоўнік Ін-та эканомікі і прагназавання навук.-тэхн. прагрэсу АН СССР, у 1987—90 на журналісцкай рабоце. У 1990 — 91 дырэктар Ін-та эканам. палітыкі Акадэміі нар. гаспадаркі СССР, у 1991 — 92 нам. Старшыні ўрада РСФСР па пытаннях эканам. палітыкі, міністр эканомікі і фінансаў, з лют. 1992 — міністр фінансаў, 1-ы нам. Старшыні ўрада па эканам. рэформе, выконваючы абавязкі Старшыні ўрада Рас. Федэрацыі. У 1992 і з 1994 дырэктар Ін-та эканам. праблем пераходнага перыяду. У 1993—94 1-ы нам. Старшыні ўрада Расіі, міністр эканомікі. Старшыня партыі «Дэмакратычны выбар Расіі» (з 1994). У 1993—95 дэпутат Дзярж. думы. Гайдар пачаў практычнае ажыццяўленне курсу на рэфармаванне рас. эканомікі.

т. 4, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕО́РГІЕЎСКІ ФЛАГ,

адзін з флагаў ВМФ Расіі (калект. ўзнагарода) у 19 — пач. 20 ст. Уяўляў сабой белае прамавугольнае палотнішча, перакрыжаванае па дыяганалі сінім Андрэеўскім крыжам, у цэнтры якога змяшчаўся чырв. геральдычны шчыт з выявай св. Георгія Перамаганосца. Уведзены 5.6.1819 імператарам Аляксандрам I у гонар бітвы каля Кульма, дзе вызначыўся Гвардз. флоцкі экіпаж. Быў флагам адміралаў на суднах Гвардз. флоцкага экіпажа, з 1903 і на караблях чарнаморскіх флоцкіх экіпажаў, адзначаных у 1856 Георгіеўскім флагам за абарону Севастопаля. Як кармавы флаг выкарыстоўваўся на караблях «Азоў» (вызначыўся ў Наварынскай бітве 1827) і «Меркурый» (вызначыўся ў рус.-тур. вайну 1828—29). Георгіеўскі флаг уздымалі і на суднах з назвамі «Памяць Азова», «Памяць Меркурыя». Да лета 1918 Георгіеўскі флаг выкарыстоўвалі на баявых караблях Сав. Расіі, да канца 1924 на караблях ВМФ белагвардзейцаў (эскадра, эвакуіраваная ў 1920 у порт Бізерта, Туніс).

А.​Н.​Басаў.

Георгіеўскі флаг.

т. 5, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РБЕРШТЭЙН, Герберштайн (Herberstein) Зігмунд фон (23.8.1486, вобл. Крайна, Славенія — 28.3.1556), дыпламат «Свяшчэннай Рымскай імперыі», падарожнік. Скончыў Венскі ун-т (1502). З 1506 на вайсковай, з 1514 на дыпламат. службе. Узначальваў пасольствы імператара Максіміляна I і эрцгерцага Фердынанда ў 1517 і 1526 у Маскву, накіроўваўся з даручэннямі ў Венгрыю, Польшчу, ВКЛ. Неаднаразова праязджаў праз Беларусь. У 1549 у Вене выдадзена яго праца «Запіскі аб маскоўскіх справах», дзе Герберштэйн выкарыстаў зах.-еўрап. і ўсх.-слав. пісьмовыя крыніцы, уласныя матэрыялы і назіранні. Кніга — каштоўная крыніца па гісторыі Расіі. У ёй прыведзены гіст.-этнагр., паліт. і культ. звесткі пра Беларусь і Літву: заняткі і побыт насельніцтва, рэліг. вераванні, гандл. сувязі, рэкі, крэпасці, пра ўзаемадачыненні ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы, мяцеж князёў Глінскіх, пра К.Астрожскага і інш. На падставе гэтай кнігі складзены шматлікія еўрап. карты Расіі і ВКЛ.

Тв.:

Рус. пер. — Записки о Московии. М., 1988.

С.​М.​Ходзін.

З.Герберштэйн. Гравюра 18 ст.

т. 5, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕР’Е́ (Уладзімір Іванавіч) (29.5.1837, Масква — 30.6.1919),

расійскі гісторык, паліт. дзеяч. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1902). Д-р гіст. н., праф. (1868). Скончыў Маскоўскі ун-т (1858), дзе і працаваў (1868—1904). Вучань Ц.М.Граноўскага. Адзін са стваральнікаў Вышэйшых жаночых курсаў у Маскве. Старшыня Маскоўскай гар. думы (1892—1904), чл. партыі акцябрыстаў (1906—17), чл. Дзярж. савета (з 1907). Адзін з першых рус. гісторыкаў даследаваў гісторыю новага часу, эпоху Франц. рэвалюцыі 1789—99. Аўтар прац: «Барацьба за польскі трон у 1733 г.» (1862), «Адносіны Лейбніца да Расіі і Пятра Вялікага» (1871), «Ідэя народаўладдзя і Французская рэвалюцыя 1789 г.» (1904), «Аб канстытуцыі і парламентарызме ў Расіі» (1906), «Французская рэвалюцыя 1789—1795 гг. у асвятленні І.​Тэна» (1911), «Заходняе манаства і папства» (т. 1—2, 1913—15), «Філасофія гісторыі ад Аўгусціна да Гегеля» (1915).

Літ.:

Шаханов А.Н. Воспоминания В.И. Герье // История и историки. М., 1990.

т. 5, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)