сукупнасць працэсаў атрымання і ачысткі металаў і сплаваў пры высокіх тэмпературах. Асн. і найстарэйшая галіна металургіі. Метадамі П. атрымліваюць амаль 100% чыгуну, сталі, свінцу, каля 95% медзі, больш за 60% цынку.
Працэсы П. адбываюцца ў розных металург. печах і плавільных агрэгатах. Найб. пашыраныя метады П. — плаўка за кошт цяпла ад згарання паліва, напр. доменны працэс (гл.Доменная печ, Мартэнаўскі працэс), працэсы з выкарыстаннем цяпла ад згарання дамешкаў металаў (Бесемераўскі працэс, Тамасаўскі працэс). Гл. таксама Гідраметалургія, Электраметалургія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЙНТЫНГА ВЕ́КТАР,
вектар шчыльнасці патоку эл.-магн. энергіі; асобны выпадак Умава вектара. Выражаецца формулай
, дзе і — напружанасці эл. і магн. палёў у электрамагнітнай хвалі адпаведна. Паняцце ўведзена Дж.Г.Пойнтынгам.
Модуль П.в. роўны энергіі, якая пераносіцца за адзінку часу праз адзінку плошчы паверхні, перпендыкулярнай да напрамку распаўсюджвання эл.-магн. хвалі (напрамку П.в.). Паток П.в. праз замкнутую паверхню, якая абмяжоўвае сістэму зараджаных часціц, дае энергію, якую страчвае гэтая сістэма за адзінку часу ў выніку выпрамянення эл.магн. хваль (гл.Максвела ўраўненні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭДЫ́Ф (араб., літар. — той, хто сядзіць за коннікам),
слова або словазлучэнне, якое ў нязменным выглядзе паўтараецца ў вершаваных радках пасля канцавых рыфмаў. Характэрны для ўсх. верша (напр., газель). Сустракаецца і ў бел. паэзіі. У нар. песнях Р. — своеасаблівы кароткі прыпеў пасля кожнага радка. Р. выкарыстаў у сваёй «Песні» Ф.Багушэвіч:
Чаго бяжыш. мужычок?
— Паганяе мароз.
Чаму ляжыш, мужычок?
— Бо урадніка вёз.
Чаго ты п’еш, мужычок?
— Бо і хлеба не еў. За што ты б’еш, мужычок?
— Бо і сам тое меў...
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫПІ́ЦА,
рака ў Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 36 км. Пл. вадазбору 360 км². Пачынаецца за 1,5 км на ПдУ ад в. Лагвошчы, вусце за 2 км на ПнЗ ад в. Перароў. Асн. прытокі Гніліца і Навуць (злева). Цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Даліна на ўсім працягу невыразная. Пойма роўная, на невял. участку ў сярэднім цячэнні ўзгорыстая. Рэчышча ад вытоку на працягу амаль 25 км каналізаванае, злучае ланцуг невял. старычных азёр у пойме р. Прыпяць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМЕРДЗЬ.
Смерць, рака ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 37 км. Пл. вадазбору 502 км². Пачынаецца ад зліцця 2 каналаў за 1,5 км на ПнЗ ад в. Міжлессе, вусце за 4 км на ПдЗ ад в. Лахаўка. Цячэ ў межах Прыпяцкага Палесся. Даліна невыразная, зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Пойма высокая, месцамі забалочаная, шыр. 200—300 м. Рэчышча каля вытоку каналізаванае і зарэгулявана шлюзам, на астатнім працягу звілістае, шыр. 5—10 м, у ніжнім цячэнні да 15 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ДАБЛЕ, Судабля, Судабль,
возера ў Смалявіцкім р-не Мінскай вобл., у бас.р. Пліса, за 20 км на У ад г. Смалявічы, за 4 км на ПдУ ад г. Жодзіна. Пл. 1,52 км², даўж. 1,5 км, найб.шыр. 1,1 км, найб.глыб. 0,6 м, даўж. берагавой лініі 4,4 км, пл. вадазбору 22 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы невыразныя, тарфяныя. Берагі нізкія, пераважна сплавінныя (шыр. сплавіны 50—75 м). Дно выслана сапрапелем. Возера слабапраточнае, зарастае, зімой прамярзае да дна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Т’Е́РА ТЭМПЛА́ДА (ісп. tierra templada умераная зямля),
сярэдні вышынны ландшафтны пояс у гарах Цэнтр. Амерыкі і нізкіх шырот Паўд. Амерыкі. Размешчаны адпаведна на выш. 800—1700 м і 1000—2800 м. Характэрны стромкія схілы, вузкія цясніны. Клімат умерана цёплы. Сярэднямесячныя т-ры 17—24 °C. Значныя сутачныя ваганні т-р. На наветраных схілах ападкаў больш за 3000 ммза год, вечназялёныя лясы з папараццю, бамбукам, эпіфітамі; на падветраных схілах — лістападна-вечназялёныя лясы. У Т.т. асн. маса насельніцтва Калумбіі, Венесуэлы, Эквадора. Плантацыі кавы, кукурузы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРАЛІЗА́ЦЫЯ,
1) засяроджанне кіравання ў адзіным цэнтры, у адных руках. Прадугледжвае стварэнне іерархічных кіраўніцкіх структур, якія кантралююць выкарыстанне матэрыяльных, прыродных, фін., інтэлектуальных і інш. рэсурсаў грамадства, а таму нясуць адказнасць за падтрыманне належнага ўзроўню бяспекі ў краіне і выпрацоўку адпаведных рашэнняў. Працэс паслаблення або ліквідацыі Ц. наз.дэцэнтралізацыяй.
2) Ц. капіталу — рост велічыні капіталу шляхам аб’яднання банкаў і інш. грашова-крэдытных устаноў у буйныя фін. карпарацыі, якія выходзяць па-занац. межы і ўплываюць на міжнар.фін. палітыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧО́РТАЎ КА́МЕНЬ ШКЛЕНІКО́ЎСКІ,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Знаходзіцца за 1 км на Пд ад в. Шкленікова Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Валун сярэднезярністага чырвона-бурага граніту з асобнымі крышталямі палявога шпату (таблічкі і авоіды 2—3 см). Даўж. 4,6 м, шыр. 3,7 м, выш. 0,8 м, у абводзе 13,6 м, аб’ём 13,7 м³, маса больш за 40 т. Прынесены ледавіком каля 20—15 тыс.г. назад са Скандынаўскага п-ва. Меў культавае значэнне для продкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПА́ДКІ АТМАСФЕ́РНЫЯ.
Выпадаюць з воблакаў (дождж, імжа, снег, крупы снежныя і ледзяныя, снежныя зерні, ледзяны дождж і град) або асядаюць на зямной паверхні ў выніку кандэнсацыі вадзяной пары ці замярзання пераахалоджаных кропляў вады (раса, шэрань, галалёд, іней). Адрозніваюць паводле характару выпадзення. Абложныя выпадаюць са слаіста-дажджавых і высокаслаістых воблакаў, звычайна звязаны з цёплым фронтам, працяглыя, ахопліваюць вял. плошчу. Ліўневыя выпадаюць з кучава-дажджавых воблакаў, прымеркаваны да халоднага фронту, непрацяглыя, з раптоўным пачаткам і канцом, зменлівай інтэнсіўнасці. Імжыстыя выпадаюць са слаістых і маламагутных слаіста-дажджавых воблакаў.
Ападкі атмасферныя — адно са звёнаў кругавароту вады ў атмасферы. Колькасць ападкаў вымяраецца вышынёй слоя вады ў міліметрах, які ўтварыўся на гарыз. паверхні пры адсутнасці выпарэння і інш. страт. Гадавая сума ападкаў атмасферных на Зямлі ў сярэднім 1130 мм (больш за 500 тыс.км³ вады). Размеркаванне ападкаў на Зямлі вельмі нераўнамернае, яно залежыць ад агульнай цыркуляцыі атмасферы і асаблівасцяў подсцільнай паверхні. Асаблівы ўплыў на размеркаванне ападкаў атмасферных мае рэльеф. Пэўная занальнасць размеркавання парушаецца мясц. фактарамі. Найбольш вільготная на Зямлі экватарыяльная зона, дзе выпадае ад 3000 мм на Амазонскай нізіне ў Паўд. Амерыцы да 9655 мм на наветраных схілах масіву Камерун у Афрыцы. У тропіках выпадае ў сярэднім 1000—2000 ммза год (на сушы больш, чым у моры). Максімальная колькасць ападкаў атмасферных назіраецца ў зоне трапічных мусонаў на плато Шылонг у Індыі, дзе на выш. 1300 м у Чэрапунджы выпадае 10 902 мм ападкаў атмасферных за год. Прыкладна столькі ж (у асобныя гады) на наветраных схілах гор у зоне пасатаў на Гавайскіх а-вах. Мінімум ападкаў атмасферных у пустынях, дзе выпадае 50—250 мм і менш (у некаторых пунктах на сярэднім Ніле і ў пустыні Атакама ў Чылі ападкаў атмасферных не бывае па некалькі гадоў).
На тэр. Беларусі ападкі атмасферныя прыносяць цыклоны з Атлантычнага ак. і Міжземнага м., частка іх фарміруецца як мясцовыя ў выніку канвекцыі. За год выпадае ад 540 мм і менш (на Палессі) да 769 мм (на Навагрудскім узвышшы). Максімальная колькасць 1115 мм назіралася ў 1906 (Васілевічы), мінімальная 299 мм — у 1963 (Брагін). У сярэднім за год бывае ад 145 дзён з ападкамі (на ПдУ) да 195 дзён (на З і ўзвышшах Беларускай грады). Працягласць ападкаў атмасферных за год у сярэднім складае ад 1000—1200 гадзін (на Пд і З) да 1300—1500 гадз (на ПнУ рэспублікі). Максімальная працягласць за год 2034 гадз адзначана ў 1980 у Мінску.
Літ.:
Швер Ц.А. Закономерности распределения количества осадков на континентах. Л., 1984;
Атмосфера: Справ. Л., 1991;
Климатические характеристики земного шара. Л., 1977;