РА́ДЧЫЦК,

вёска ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл., на аўтадарозе Столін — в. Фядоры. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПнЗ ад г. Столін, 220 км ад Брэста, 29 км ад чыг. ст. Гарынь. 649 ж., 286 двароў (2001). Філіял раённага спажывецкага т-ва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Свята-Раства-Багародзіцкая царква (1841).

т. 13, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКІ́ТНІЦА,

вёска ў Жабінкаўскім р-не Брэсцкай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Брэст. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 12 км на Пд ад горада і чыг. ст. Жабінка, 20 км ад Брэста. 600 ж., 205 двароў (2001). Брэсцкае абл. ўпраўленне радыё і тэлебачання. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Курган Памяці на ўшанаванне памяці воінаў, партызан і мірных жыхароў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НАЎ (Міхаіл Цімафеевіч) (17.11.1891, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — снеж. 1941),

адзін з кіраўнікоў Магілёва абароны 1941, ген.-маёр (1940). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. 1918—20, сав.-фінл. 1939—40 войнаў. У Вял. Айч. вайну на Зах. фронце камандзір 172-й стралк. дывізіі, якая з атрадамі нар. апалчэння трымала кругавую абарону Магілёва. Цяжка паранены трапіў у палон, закатаваны ў канцэнтрацыйным лагеры.

М.Ц.Раманаў.

т. 13, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ГАЎ (Міхаіл Сафронавіч) (17.10.1916, в. Верхняя Алба Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 25.10.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд., Паўд.-Зах., 2-м Укр. франтах. Старшына эскадрона кав. палка Р. вызначыўся 29.8.1944 у баі каля г. Ясы (Румынія): на чале групы салдат пераадолеў міннае поле, знішчыў станковы кулямёт ворага і дзот, чым садзейнічаў наступленню палка; загінуў у баі на тэр. Венгрыі.

М.С.Рогаў.

т. 13, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́МАН (Сяргей Дзям’янавіч) (24.9.1917, г. Ейск Краснадарскага краю, Расія — 24.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з 1943. Стралок радавы Р. 1-га Бел. фронту вызначыўся ў Бел. аперацыі 1944 у баі каля в. Пружынішчы Акцябрскага р-на Гомельскай вобл., калі першы ўзняўся ў атаку, натхняючы байцоў асабістым прыкладам; паранены, у рашаючы момант атакі закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота.

С.​Дз.Роман.

т. 13, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ДНЯ,

вёска ў Чэрвеньскім р-не Мінскай вобл., на р. Уша, на аўтадарозе Чэрвень—Смалявічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на Пн ад г. Чэрвень, 86 км ад Мінска, 22 км ад чыг. ст. Смалявічы. 573 ж., 221 двор (2001). Станцыя №11 ВА «Мінскводаканал». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДСК,

вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., на р. Няслуха, на аўтадарозе Іванава—в. Махро. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 7 км на Пд ад г. Іванава, 147 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 783 ж., 262 двары (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Свята-Успенская царква (19 ст.).

т. 13, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАМАРЭ́НКА (Панцеляймон Кандратавіч) (9.8.1902, хутар Шалкоўскі Беларэчанскага р-на Краснадарскага краю, Расія — 18.1.1984),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыят. падполля і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну. Ген.-лейт. (1943). Скончыў Маск. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1932). У 1918 і 1932—36 у Чырв. Арміі. З 1922 на камсам. рабоце. У 1936 ва Усесаюзным эл.-тэхн. ін-це. З 1937 у апараце ЦК ВКП(б). У 1938—47 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б, адначасова з вер. 1939 чл. ваен. Савета Бел. асобай ваен. акругі. У Вял. Айч. вайну чл. ваен. саветаў Зах., Цэнтр., Бранскага франтоў. У 1942—44 нач. Цэнтральнага штаба партызанскага руху пры Стаўцы Вярх. Галоўнакамандавання. Адзін з распрацоўшчыкаў і кіраўнік аперацыі «рэйкавая вайна». У 1944 — вер. 1948 Старшыня СНК (з 1946 Савет Міністраў) БССР. У першыя пасляваен. гады шмат зрабіў для аднаўлення і развіцця разбуранай вайной нар. гаспадаркі Беларусі. У 1948—53 сакратар ЦК ВКП(б), адначасова ў 1950—53 міністр нарыхтовак СССР. У 1953—54 міністр культуры СССР. У 1954—55 1-ы сакратар ЦК КП Казахстана. З 1955 на дыпламатычнай рабоце. У 1961—62 прадстаўнік СССР у Міжнар. агенцтве па атамнай энергіі ў Вене. У 1965—78 на выкладчыцкай рабоце. Чл. ЦК КП(б)Б у 1938—49, Бюро ЦК КП(б)Б у 1938—48. Чл. ЦК КПСС у 1939—61, Прэзідыума ЦК КПСС з 1952, канд. у чл. Прэзідыума ЦК КПСС у 1953—56. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1938—51, Вярх. Савета СССР у 1940—58. Даследчык гісторыі партыз. руху і падп. барацьбы ў Айч. вайну. Аўтар кніг «Партызанскі рух у Вялікай Айчыннай вайне» (1943), «Усенародная барацьба ў тыле нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 1941—1944» (1986) і інш.

Р.​П.​Платонаў.

П.К.Панамарэнка.

т. 12, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТЫЗА́НСКАЯ ВАЙНА́,

узброеная барацьба народных мас (асобных сац. груп і слаёў) за вызваленне (незалежнасць) краіны ці часткі яе тэрыторыі, нац., сац. і інш. свабоды. Можа весціся супраць іншаземных заваёўнікаў і ўзбр. праціўніка ўнутры краіны, пры гэтым прымае формы нац.-вызв. ці грамадз. вайны. Мэты П.в.: знішчэнне жывой сілы, ваен. тэхнікі і матэрыяльных сродкаў праціўніка, зрыў мерапрыемстваў яго ўлад, парушэнне камунікацый, работы тылу, кіравання і інш. Асн. формы П.в.: налёты на штабы і гарнізоны праціўніка, дыверсіі, «рэйкавая вайна», знішчэнне вайск. складоў і інш. ваен. маёмасці, а пры наяўнасці буйных партыз. фарміраванняў — утрыманне тэрыторый, раёнаў, аб’ектаў і інш. (гл. Партызанская зона).

П.в. на тэр. Беларусі праходзілі ў час нац.-вызв. паўстанняў і шэрагу інш. войнаў, у т. л. ў 1812 (гл. Партызанскі рух у вайну 1812), у 1918—20 (гл. Партызанскі рух на Беларусі ў час германскай і польскай інтэрвенцыі 1918—20), асабліва актыўна ў 1941—44. Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну набыў ваен.-стратэг. характар, а П.в. стала важным фактарам перамогі СССР і яго саюзнікаў ў шэрагу буйных аперацый 2-й сусв. вайны, у т. л. ў Беларускай аперацыі 1944. Кіраўніцтва партыз. рухам у Вял. Айч. вайну ажыццяўлялі органы дзярж. (паліт.) улады, а таксама іх спец. органы на акупіраванай тэр. СССРЦэнтральны штаб партызанскага руху на чале з П.К.Панамарэнкам, непасрэдна на тэр. Беларусі — Беларускі штаб партызанскага руху на чале з П.З.Калініным і інш.

У гады 2-й сусв. вайны партыз. рух у шэрагу краін Еўропы і Азіі, у т. л. ў Польшчы, Югаславіі, Францыі, Грэцыі, Італіі, Кітаі, Бірме (цяпер М’янма), на Філіпінах і інш., перарос у нац.-вызв. і П.в. Пасля 2-й сусв. вайны тактыка П.в. актыўна выкарыстоўвалася ў многіх краінах (В’етнам, Лаос, Алжыр і інш.), шэрагу рэгіёнаў Азіі, Афр. кантынента і Паўд. Амерыкі як партызанамі, так і тэрарыстамі (гл. Тэрарызм).

Р.​Ч.​Лянькевіч, У.​І.​Свекла.

т. 12, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСКЕ́ВІЧ (Іван Фёдаравіч) (19.5Л782, г. Палтава, Украіна — 1.2Л856),

расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Граф Эрыванскі (1828), святлейшы кн. Варшаўскі (1831), ген.-фельдмаршал (1829). Яго маці Г.​В.​Карабаноўская паходзіла са стараж. шляхецкага роду Магілёўшчыны. Скончыў Пажскі корпус (1800). У рас.-тур. вайну 1806—12 камандаваў у 1810—11 Віцебскім пяхотным палком. Са студз. 1812 нач. 26-й пяхотнай дывізіі. У вайну 1812 вызначыўся ў баях пад Салтанаўкай (каля Магілёва, 23 ліп.), Смаленскам (16—18 жн.), Барадзіном (7 вер.), Малаяраслаўцам (24 кастр.) і інш. Удзельнік замежных паходаў рускай арміі 1813—14. У 1821—25 нач. 1-й гвардз. дывізіі, з 1825 камандзір 1-га пяхотнага корпуса. У гэты перыяд зблізіўся з будучым імператарам Мікалаем I, які служыў пад яго камандаваннем. З 1826 камандуючы рас. войскамі ў Закаўказзі, з 1827 намеснік на Каўказе. У час. рас.-іранскай 1826—28 і рас.-тур. 1828—29 войнаў кіраваў войскамі пры ўзяцці крэпасцей Эрывань (Ерэван), Карс, Эрзурум. З чэрв. 1831 камандаваў рас. войскамі пры задушэнні паўстання 1830—31, 7.9.1831 штурмам авалодаў Варшавай. У 1832—56 намеснік цара ў Каралеўстве Польскім, дзе жорстка праводзіў вялікадзярж. палітыку. Камандаваў рас. войскамі пры задушэнні рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі. У Крымскую вайну 1853—56 камандаваў рас. войскамі на зах. межах і (1853—54) на Дунаі. У маі 1854 пацярпеў няўдачу каля Сілістры (Балгарыя) і выехаў у Гомель, якім валодаў з сярэдзіны 1830-х г., потым у Варшаву. Пры П. атрымаў далейшае развіццё Гомельскі палацава-паркавы ансамбль.

Літ.:

Борисенок Ю. Хозяин мятежного края: Штрихи к образу фельдмаршала Паскевича // Родина, 1994. № 12;

Памяць: Гіст. дак. хроніка Гомеля. Мн., 1998. Кн. 1. С. 152—162;

Виноградов В.Н. Венгерский поход И.​Ф.​Паскевича 1849 г.: легенда и действительность // Новая и новейшая история. 2000. № 3.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 12, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)