САВУ́ЦІН (Петр Мацвеевіч) (23.2.1923, в. Вялікае Сяло Лёзненскага р-на Віцебскай вобл. — 24.7.1995),
поўны кавалер ордэна Славы. У Вял.Айч. вайну з 1943 на Цэнтр., Бел., 1-м Бел. франтах. Пам. камандзіра ўзвода разведкі ст. сяржант С. вызначыўся ў 1945 у наступальных баях на тэр. Польшчы і Германіі. Пасля вайны працаваў у рачным параходстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АПО́ВЕСЦЬ ПРА ТАЎДА́ЛА», «Книга о Таудале-рыцеры»,
помнік бел. перакладной л-ры 16 ст., твор царк.-рэліг. характару. Арыгінал аповесці ўзнік у 12 ст. на лац. мове ў Ірландыі. Бел. пераклад з чэшскай крыніцы. У аповесці выкарыстаны папулярны матыў тагачаснай л-ры — дзівоснае перавыхаванне героя-грэшніка. У аснове сюжэта незвычайнае падарожжа па замагільным свеце душы рыцара Таўдала, які ад моцнага перапою часова страціў прытомнасць. Уражаны страшнымі пакутамі грэшнікаў у пекле, герой каецца ў грахах і вырашае жыць праведна, па хрысц. запаветах. Твор цікавы як сведчанне духоўных запатрабаванняў таго кола бел. чытачоў эпохі Адраджэння, у асяроддзі якіх былі яшчэ жывыя сярэдневяковыя ўяўленні і густы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРО́НЧЫК (Юдзіф Самойлаўна) (19.12.1908, Мінск — 3.6.1993),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1938). Скончыла Бел.драм. студыю ў Маскве (1926, яўр. секцыя). Працавала ў Дзярж.яўр. т-ры БССР (да 1949). У 1950—56 у Т-ры драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе. У 1970—90 маст. кіраўнік Мінскага нар.т-ра мімікі і жэсту Бел.рэсп.т-ва глухіх. Мастацтва Арончыка вызначалася разнастайнасцю фарбаў у абмалёўцы характараў, глыбокім пранікненнем у псіхалогію персанажаў. З лепшых роляў: Вера Паўлаўна («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Антаніна Цімафееўна («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Голда («Тэўе-малочнік» паводле Шолам-Алейхема), Лаўрэнсія («Фуэнтэ Авехуна» Лопэ дэ Вэгі), Мірандаліна («Карчмарка» К.Гальдоні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХЕАЛО́ГІЯ І НУМІЗМА́ТЫКА БЕЛАРУ́СІ»,
аднатомная галіновая энцыклапедыя. Падрыхтавана і выдадзена выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» ў 1993. У сістэматызаваным выглядзе і алфавітным парадку ў ёй падаюцца звесткі па гісторыі бел.археал. і нумізматычнай навукі. Аб’екты апісання — выяўленыя на працягу апошніх 250 гадоў археолагамі розных краін помнікі матэрыяльнай культуры далёкіх продкаў беларусаў, усе манеты і боны, што хадзілі на тэр. Беларусі. Уключае аглядныя нарысы па бел. археалогіі і нумізматыцы і больш за 2,3 тыс. энцыклапедычных артыкулаў; спіс л-ры (1756 назваў) на бел., рус., англ., польскай, ням., італьян., літ., чэшскай, швед. і інш. мовах. Артыкулы ілюстраваны здымкамі, картамі, планамі, схемамі.
В.К.Шчэрбін.
Энцыклапедыя «Археалогія і нумізматыка Беларусі». Вокладка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЦІМО́ВІЧ (Анатоль Яфімавіч) (н. 26.9.1940, в. Куранец Вілейскага р-на Мінскай вобл.),
бел. скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966). Выкладчык АМ Беларусі (з 1966). Асн. творы ў галіне манум. скульптуры: мемарыяльны комплекс «Слава» ў г. Алматы (1975, у сааўт.), рэльеф «Салідарнасць» на фасадзе Бел. цэнтра моды ў Мінску (1979), манум. кампазіцыя «Рагнеда» (1992) у Заслаўі, Дзярж. герб Беларусі на Доме ўрада (1994). Станковыя работы: «Трубач» (1969), «Араты», «Змена» (абедзве 1980). Распрацоўвае гіст. вобразы Ефрасінні Полацкай, Ф.Скарыны, К.Каліноўскага, княгіні Вольгі. Адзін з аўтараў Кургана славы Савецкай Арміі — вызваліцельніцы Беларусі і мемарыяльнага комплексу (уваход) Брэсцкай крэпасці-героя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́НАЎ (Мікалай Аляксандравіч) (н. 6.8.1944, в. Малюшына Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1970). З 1970 у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі, з 1972 саліст Бел. філармоніі. У т-ры муз. камедыі выканаў партыі Эдвіна («Сільва» І.Кальмана), Арыфа («Каўказская пляменніца» Р.Гаджыева), Мікіты («Халопка» М.Стрэльнікава). У канцэртным рэпертуары Багданава арыі з опер Дж.Вердзі, аперэт І.Кальмана, рамансы П.Чайкоўскага, С.Рахманінава, Г.Свірыдава, бел., рус., укр. і неапалітанскія нар. песні. Лаўрэат Рэсп. конкурсу маладых выканаўцаў (1976), Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне сав. песні (Масква, 1977, 1-я прэмія).