АСКЛЕПІЯ́ДАЎ ВЕРШ,
памер у метрычным вершаскладанні, вынайдзены стараж.-грэч. паэтам Асклепіядам Самоскім (3 ст. да нашай эры). Своеасаблівая мадыфікацыя пентаметра, у якім першая і перадапошняя дактылічныя стопы ўсечаны на адзін кароткі склад. У сілабатанічным вершаскладанні імітацыі Асклепіядава верша выключна рэдкія. У бел. паэзіі ўжыты толькі ў перакладзеным М.Багдановічам «Помніку» Гарацыя.
т. 2, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЕТАТО́Н (егіп. «Гарызонт Атона»),
горад у Стараж. Егіпце, рэзідэнцыя фараона Аменхатэпа IV (Эхнатона), цэнтр культу бога Атона. Знаходзіўся каля Тэль-эль-Амарны. Пабудаваны ў 1-й пал. 14 ст. да нашай эры на краі пустыні. Пакінуты яго жыхарамі пры фараоне Тутанхамоне. Пры фараоне Харэмхебу, які канчаткова знішчыў культ Атона, горад разбураны.
т. 2, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
палеазо́й
(ад палеа- + -зой)
трэцяя эра ў геалагічнай гісторыі Зямлі, якая папярэднічае мезазойскай эры і падзяляецца на 6 перыядаў (кембрый, ардовік, сілур, дэвон, карбон, перм).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АРЫСТА́РХ САМО́СКІ (Aristarchos Samios; каля 320 — каля 250 да нашай эры),
старажытнагрэчаскі астраном. Першы выказаў ідэю геліяцэнтрызму (гл. Геліяцэнтрычная сістэма свету). Вучыў, што Зямля рухаецца вакол Сонца і верціцца вакол сваёй восі, а Сонца і зоркі нерухомыя. Быў абвінавачаны ў бязбожнасці і выгнаны з Афінаў. Аўтар трактата «Пра памеры і адлегласці Сонца і Месяца».
т. 2, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЛТЫ,
група індаеўрап. плямёнаў і народаў, якія гавораць ці гаварылі на балтыйскіх мовах або іх дыялектах (літоўцы, латышы, прусы, яцвягі, куршы, земгалы, селы). Тэрмін «балты» ўвёў ням. вучоны Г.Ф.Несельман у 1845. Фарміраванне балтаў адбывалася ў эпоху неаліту (3—2-е тыс. да нашай эры), калі носьбіты шнуравой керамікі культур рассяліліся ў Сярэдняй і Паўн. Еўропе і асімілявалі мясц. насельніцтва. Вобласць іх пашырэння ахоплівала бас. Віслы, Нёмана, Зах. Дзвіны, Верхняга Падняпроўя, вярхоўяў Волгі і Акі. У раннім жал. веку (7 ст. да нашай эры — 4 ст. нашай эры) балты на Пд і ПдУ межавалі са скіфамі, сарматамі і плямёнамі зарубінецкай культуры, на Пн і ПнУ іх суседзямі былі фіна-угры, на З — славяне і германцы старажытныя. У пісьмовых крыніцах балты ўпершыню згадваюцца Тацытам (1 ст. нашай эры) у сувязі з промыслам бурштыну. На тэр. Беларусі ім належалі днепра-дзвінская культура, штрыхаванай керамікі культура. Старажытнасці больш позняга часу (5—7 ст.) на гэтай тэрыторыі ў сваёй аснове таксама балцкія, але ўжо са слав. уплывам. Асноўным тыпам пасяленняў балтаў былі ўмацаваныя паселішчы — гарадзішчы, якія з развіццём земляробства змяніліся адкрытымі селішчамі. Тагачасныя балты падзяляліся на заходніх (прусы, яцвягі, куршы, галінды, скальвы), усходніх (літва, аўкштайты, жэмайты, або жмудзь, латгалы, земгалы і інш.), дняпроўскіх. Вычляненне апошніх можна правесці толькі археалагічна (юхнаўская культура, верхняокская культура, усх. частка днепра-дзвінскай культуры). Адзіным рэліктам, які тут захаваўся ў 9—12 ст., з’яўляецца летапіснае племя голядзь. У 2-й пал. 1-га тыс. славяне амаль поўнасцю асімілявалі дняпроўскіх балтаў. Выцесненыя ў рэгіён Прыбалтыкі, яны прынялі ўдзел у фарміраванні этнічных літоўцаў і латышоў. На тэр. Беларусі асіміляцыя балтаў працягвалася да 12—13 ст. і пазней. З цягам часу славянізаваныя нашчадкі балтаў усё больш зліваліся з новымі патокамі славян, што садзейнічала фарміраванню этнічнай спецыфікі зах. груп усх.-слав. насельніцтва 9—13 ст., з якіх складвалася бел. народнасць.
Літ.:
Мажюлис В. Лингвистические заметки к балтийскому этногенезу. М., 1964;
Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;
Финно-угры и балты в эпоху средневековья. М., 1987.
В.І.Шадыра.
т. 2, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
біястратыгра́фія
(ад бія- + стратыграфія)
раздзел стратыграфіі, які вывучае гісторыю жывых арганізмаў у пэўныя геалагічныя эры і перыяды на падставе скамянелых арганічных рэшткаў у слаях зямной кары.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БЕЛАМО́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямёнаў эпохі неаліту, якія ў 3—2-м тыс. да нашай эры жылі на ўзбярэжжы Дзвінскага і ўсх. часткі Анежскага заліва Белага мора (Расія). Прадстаўлена рэшткамі часовых стойбішчаў. Насельніцтва займалася рыбалоўствам і паляваннем. Характэрны кругладонны посуд з ямкава-грабеньчатым геам. арнаментам. З крэменю выраблялі скрабкі, доўгія трохвугольныя наканечнікі стрэл, фігуркі жывёл і інш. рэчы.
т. 2, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НАС, ахар,
археалагічная культура эпохі энеаліту (каля 1900—1300 да нашай эры) на тэр. штата Раджастхан (Індыя). Назва ад р. Банас, у басейне якой даследавана паселішча Ахар (адсюль другая назва культуры). Насельніцтва займалася земляробствам (вырошчвала рыс, пшаніцу), асн. буд. матэрыялам былі камень і гліна. Характэрна чорна-чырвоная кераміка, упрыгожаная малюнкамі белай фарбы. Пашыраны медныя і бронзавыя вырабы.
т. 2, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРО́ЎКА,
паселішча ранняга этапу грэнскай культуры (12—10 тыс. г. да нашай эры) каля в. Бароўка Быхаўскага р-на Магілёўскай вобласці. Культурны пласт 0,3 м. Уздоўж броўкі тэрасы выяўлены ў выглядзе скопішчаў расшчэплены крэмень: адшчэпы, пласціны, нуклеусы і вырабленыя рэчы (наканечнікі стрэл, скрабкі, праколкі, разцы, вастрыі), што сведчыць пра існаванне на паселішчы месцаў пач. апрацоўкі крэменю.
т. 2, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУШЭ́ВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Бярэзінскім раёне Мінскай вобл., на р. Уса. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПдЗ ад г. Беразіно, 98 км ад Мінска, 30 км ад чыг. ст. Градзянка. 500 ж., 190 двароў (1995).
Упершыню ўпамінаюцца ў 1501 як маёнтак. У 1568 на Багушэвічы напалі ўзбр. сяляне Свіслацкай вол., што збеглі ад пана. Пазней Багушэвічы — рамесніцка-гандл. мястэчка з прыстанню, вадзяным млыном, 2 разы на год праводзіліся кірмашы. Належалі Завішам, Ваньковічам, Свентаржэцкім. У 18 ст. цэнтр графства. У 1862 адкрыта школа, працавалі пошта, касцёл, царква, 4 сінагогі. Пасля эміграцыі Б.Свентаржэцкага, які ўдзельнічаў ў паўстанні 1863—64, Аляксандр I падараваў мястэчка Шалгунову. У 1897 былі 524 ж. Да 1917 цэнтр воласці Ігуменскага пав., 785 ж. ў 1927. У 1929 арганізаваны калгас.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі, касцёл (помнік архітэктуры 19 ст.). Гарадзішча 1 ст. да нашай эры — 2 ст. нашай эры.
т. 2, с. 211
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)