Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЧА́НА (Atchana),
Тэль-Атчана, узгорак (тэль) на Амукскай раўніне каля р. Аронт (Паўн. Сірыя), рэшткі стараж.г. Алалах. Раскопкамі выяўлена 17 буд. перыядаў з 3400 да 1200 да нашай эры. Знойдзены рэшткі храма канца 4 — пач. 3-га тыс. да нашай эры, будынак з каланадаю 28—24 ст. да нашай эры (палац правіцеля), клінапісныя таблічкі з царскага архіва 18 ст. да нашай эры, вял. клінапісны надпіс цара Ідрымі (15 ст. да нашай эры), багаты побытавы інвентар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫСТЫ́Д (Aristeidĕs; каля 540 — каля 467 да нашай эры),
палітычны і ваенны дзеяч Афінаў перыяду грэка-персідскіх войнаў 500—449 да нашай эры. Удзельнік Марафонскай бітвы. У 489 выбраны архонтам-эпанімам. Прыхільнік умацавання сухапутных ваенных сіл, праціўнік Фемістокла, ініцыятара стварэння марскога флоту. У 483—482 да нашай эры пасля перамогі Фемістокла Арыстыд выгнаны з Афінаў. Пасля амністыі (480 да нашай эры) удзельнічаў у Саламінскім баі, у 479 да нашай эры камандаваў афінянамі ў бітве пры Платэях. Як кіраўнік алігархічнай групоўкі меў вялікі палітычны ўплыў. Адзін з арганізатараў Дэлоскага саюза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́НСКІ АКРО́ПАЛЬ,
архітэктурны ансамбль Стараж. Грэцыі; гіст. ядро і культавы цэнтр Афін Старажытных. Створаны пераважна ў эпоху Перыкла (444/443—429 да нашай эры) пад агульным кіраўніцтвам Фідыя. Акропаль — адно з найб. велічных дасягненняў ант. дойлідства, гарманічны па маштабе збудаванняў, прасторавай арганізацыі, арганічна звязаны з натуральным асяроддзем. Ансамбль акропаля складаюць: парадны ўваход Прапілеі (437—432 да нашай эры, арх. Мнесікл), храм Ніке Аптэрас на выступе крапасной сцяны (449—420 да нашай эры, арх. Калікрат), гал. храм — Парфенон (447—438 да нашай эры), храм Афіны і Пасейдона-Эрэхтэя — Эрэхтэён (421—406 да нашай эры). Т.зв. доўгія сцены (каля 455—445) злучалі Афінскі акропаль з портам Пірэй і Фалерскай гаванню. З Пд да акропаля прымыкаюць тэатр Дыяніса (6 ст. — 326 да нашай эры), адэон Перыкла (5 ст. да нашай эры) і інш. Афінскі акропаль уваходзіць у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЯВІ́СТ (Ariovistus; 1 стагоддзе да нашай эры),
правадыр германскага племя свеваў. Каля 71 да нашай эры перайшоў з атрадам раку Рэйн і каля 61 да нашай эры перамог гальскае племя эдуяў. Пасяліўшыся на тэрыторыі Галіі, сабраў вакол сябе каля 120 тысяч германцаў. Незадаволеныя гальскія плямёны папрасілі дапамогі ў Ю.Цэзара, які каля 58 да нашай эры пры Везонцыо разграміў армію Арыявіста. Паранены Арыявіст з рэшткамі войска вярнуўся ў Германію, дзе неўзабаве памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЕ́ЙЦЫ,
адно з асноўных стараж.-грэч. плямёнаў, якое жыло ў Фесаліі. З пач. 2-га тыс. да нашай эры засялялі Пелапанес і некаторыя а-вы Эгейскага м. Яны захавалі заснаваны іанійцамі саюз 12 гарадоў. У 17—16 ст. да нашай эры ўтварыліся дзяржавы ахейцаў Мікены, Пілас і інш., якія ў 15—13 ст. да нашай эры дасягнулі высокага эканам. і паліт. росквіту. Удзельнічалі ў Траянскай вайне. У 12 ст. да нашай эры выцеснены дарыйцамі ў М.Азію, на Кіпр і інш. астравы, на Пн Пелапанеса, дзе ўтварылі вобласць Ахая. Значэнне ахейцаў вырасла пасля 280 да нашай эры, калі полісы Ахаі арганізавалі Ахейскі саюз. У паэмах Гамера ахейцамі наз. ўсе грэкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́РЫЯ,
старажытная рабаўладальніцкая дзяржава на тэр. сучаснага Ірака. Існавала з 2-га тыс. да нашай эры да 7 ст. да нашай эры. З даўніх часоў тут жылі субарэйцы, ці хурыты, якія каля 2-га тыс. да нашай эры змяшаліся з селіцкімі семіцкімі плямёнамі Паўд. Месапатаміі. Цэнтрам Асірыі ў сярэдзіне 2-га тыс. да нашай эры стаў г. Ашур (Асур) і яго калоніі. Асн. занятак насельніцтва — жывёлагадоўля, земляробства. Запасы лесу, каменю, метал. руды спрыялі развіццю рамёстваў. Выгаднае геагр. размяшчэнне зрабіла Ашур цэнтрам транзітнага гандлю паміж Паўд. Двухрэччам і М. Азіяй.
У сярэдзіне 18 ст. да нашай эры Асірыя трапіла пад уладу Вавілоніі, у 16—15 ст. да нашай эры — Мітані. У канцы 15 — пач. 14 ст. да нашай эры Асірыя зноў стала незалежная і падпарадкавала Вавілонію. Асірыйскія законы 14 ст. да нашай эры сведчаць пра панаванне патрыярхальнай сям’і, пра маёмаснае расслаенне абшчыны. Заваёўніцкія войны, якія Асірыя вяла ў 14—13 ст. да нашай эры, павялічылі прыток рабоў-ваеннапалонных. Пасля часовага заняпаду (12 ст.) у канцы 12 — пач. 11 ст. да нашай эры Асірыя вяла паспяховыя войны ў Вавілоніі, Паўн. Сірыі, Фінікіі, рабіла набегі на Армянскае нагор’е. Аднак рух плямёнаў арамеяў аслабіў і расчляніў Асірыю. У 10—9 ст. да нашай эры асірыйскія цары зноў вялі заваёўніцкія войны з Вавілоніяй, Урарту, Мідыяй, Сірыяй. Разарэнне с.-г. раёнаў у выніку бясконцых войнаў выклікала сац.-паліт. крызіс. Пасля грамадз. вайны царом стаў Тыглатпаласар III (745—727 да нашай эры), які правёў дзярж. рэформы: умацаваў войска, увёў сістэму масавага перасялення заваяваных плямёнаў, надзяліў зямлёй вольных земляробаў і абавязаў іх выконваць вайск. павіннасць. Пры ім зноў пачаліся заваёўніцкія войны. За 100 гадоў Асірыя заваявала амаль усю Пярэднюю (Зах.) Азію і ператварылася ў магутную ваен. дзяржаву. Унутрыпаліт. барацьба, класавыя супярэчнасці, вызв. барацьба заваяваных народаў аслабілі Асірыю. Пры цару Ашурбаніпале (669 — каля 633 да нашай эры) войны супраць кааліцыі дзяржаў на чале з Вавілонам падарвалі сілы Асірыі, у 605 да н.э. яна была пераможана і перастала існаваць. Яе насельніцтва змяшалася з арамеямі Месапатаміі.
Пра выяўл. мастацтва Асірыі гл. ў арт.Вавілона-Асірыйская культура.
Да арт.Асірыя. Паляванне Ашурбаніпала. Рэльеф у палацы Ашурбаніпала.