Нінаві́дны ’непрыгожы, непрыглядны’ (жлоб., Жыв. сл.). Відаць, ненавідны (гл. ненавідзець) з тыповым фанетычным пераходам не > ні або змяшэннем, адмоўных часціц не і ні (Карскі 2–3, 450). Аднак семантыка дапускае другаснае збліжэнне з від ’выгляд; твар’, параўн. выраз на від ’на выгляд, тварам’ (+ні на від?).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
НО́СЬБІТЫ ЗАРА́ДУ, носьбіты току,
агульная назва зараджаных рухомых часціц (ці квазічасціц), якія забяспечваюць праходжанне эл. току праз рэчыва. Тэрмін найчасцей выкарыстоўваецца ў фізіцы цвёрдага цела, дзе аб’ядноўвае электроны праводнасці і дзіркі (гл. Металы, Паўправаднікі).
т. 11, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
спінтарыско́п
(ад гр. spintharis = іскра + -скоп)
прыбор для візуальнага вывучэння альфа-часціц, якія выпраменьваюцца радыеактыўнымі рэчывамі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
электрадыфу́зія
(ад электра- + дыфузія)
дыфузія зараджаных часціц (іонаў) у газе, вадкасці пад дзеяннем знешняга электрычнага поля.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ДЗІРА́КА ЎРАЎНЕ́ННЕ,
квантава-механічнае рэлятывісцкае хвалевае ўраўненне руху для свабодных элементарных часціц са спінам 1/2. Уведзена П.Дзіракам (1928) для апісання 1-й элементарнай часціцы — электрона, які падпарадкоўваецца адначасова законам квантавай механікі і спец. адноснасці тэорыі.
На падставе Дз. ў. прадказана 13-я антычасціца — пазітрон і дадзена тэарэт. абгрунтаванне спіна. Дз. ў. дало пачатак агульнай тэорыі рэлятывісцкіх хвалевых ураўненняў 1-га парадку ва універсальнай матрычнай форме (гл. Праектыўных аператараў метад). Выкарыстоўваецца для апісання лептонаў і кваркаў як першасных крыніц узаемадзеяння элементарных часціц (гл. Квантавая электрадынаміка, Квантавая хромадынаміка).
Літ.:
Федоров Ф.И. Группа Лоренца. М., 1979;
Богуш А.А. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. Мн., 1987.
А.А.Богуш.
т. 6, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЁКІ І БЛІ́ЗКІ ПАРА́ДАК,
упарадкаванасць мікраструктуры рэчыва на міжатамных (блізкі парадак) ці на неабмежавана вял. адлегласцях (далёкі парадак). Бывае каардынацыйны — у размяшчэнні часціц рэчыва (існуе ў крышталях; у вадкасцях і аморфных цвёрдых целах — толькі блізкі парадак); арыентацыйны — у арыентацыі часціц (у вадкіх крышталях; у вадкасцях з несіметрычных малекул — блізкі парадак); магнітны — у арыентацыі магн. момантаў (у ферамагнетыках, ферымагнетыках, антыферамагнетыках); у арыентацыі эл. дыпольных момантаў (у сегнетаэлектрыках). Існаванне Д. і б.п. абумоўлена ўзаемадзеяннем паміж часціцамі; асн. прыкмета — сіметрыя крышталёў. Ступень упарадкавання можна мяняць цеплавой, мех. і інш. апрацоўкамі, пры гэтым мяняюцца фіз. ўласцівасці рэчыва.
Літ.:
Уайт Р., Джебелл Т. Дальний порядок в твердых телах: Пер. с англ. М., 1982.
Л.М.Шахлевіч.
т. 6, с. 18
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСКРАВА́Я КА́МЕРА,
кіроўны трэкавы дэтэктар часціц, дзеянне якога заснавана на ўзнікненні іскравага разраду ў газе ў месцы праходжання зараджанай часціцы. Выкарыстоўваецца ў ядз. фізіцы (даследаванне ядз. рэакцый), фізіцы элементарных часціц (эксперыменты на паскаральніках), астрафізіцы (вывучэнне касм. прамянёў), медыцыне.
І.к. мае разрадны прамежак, запоўнены газам. Тэлескоп лічыльнікаў (сцынтыляцыйных, чаранкоўскіх) па-за І.к. фіксуе з’яўленне часціцы і падае на электроды камеры высакавольтны імпульс напружання. Апошні паскарае электроны, што ўзнікаюць у газавай камеры на шляху зараджанай часціцы, і выклікае іскравы разрад уздоўж следу (трэку) часціцы. Разрады фіксуюцца фатаграфічным, акустычным, відыконным і інш. метадамі. У параўнанні з інш. трэкавымі дэтэктарамі ядзерных выпрамяненняў І.к. вызначаецца малой інерцыйнасцю, прастатой.
Літ.:
Искровая камера. М., 1967.
А.В.Берастаў.
т. 7, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІБРО́ВАЧНАЯ ІНВАРЫЯ́НТНАСЦЬ,
нязменнасць (інварыянтнасць) палявых тэорый фундаментальных узаемадзеянняў адносна лакальных пераўтварэнняў дынамічнай (калібровачнай) сіметрыі.
Кожнаму тыпу фундаментальных узаемадзеянняў элементарных часціц ставіцца ў адпаведнасць свая калібровачная сіметрыя, спецыфіка якой вызначаецца колькасцю і ўласцівасцямі лакальных параметраў (функцый прасторава-часавых каардынат) адпаведных калібровачных пераўтварэнняў, што дзейнічаюць у прасторы хвалевых функцый разгляданай палявой сістэмы. К.і. забяспечвае наяўнасць захавання законаў дынамічных зарадаў, якія вызначаюць здольнасць элементарных часціц да пэўнага тыпу ўзаемадзеянняў, а таксама адлюстроўвае непазбежнасць генерацыі зараджанымі часціцамі адпаведных калібровачных палёў — пераносчыкаў гэтых ўзаемадзеянняў. На аснове К.і. пабудаваны палявыя тэорыі электрамагнітных ўзаемадзеянняў, злектраслабых узаемадзеянняў і моцных узаемадзеянняў (гл. Квантавая хромадынаміка).
Літ.:
Богуш А.А. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. Мн., 1987.
А.А.Богуш.
т. 7, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПУСКУЛЯ́РНА-ХВА́ЛЕВЫ ДУАЛІ́ЗМ,
уласцівасць мікрааб’ектаў (напр., электронаў, нейтронаў, фатонаў), паводле якой іх свабодны рух адбываецца па законах распаўсюджвання хваль, а ўзаемадзеянне — па законах сутыкнення часціц (карпускул).
Устаноўлены для святла ў канцы 19 — пач. 20 ст.: доследы па інтэрферэнцыі, дыфракцыі і палярызацыі святла сведчылі аб яго хвалевай прыродзе. Вывучэнне асаблівасцей узаемадзеяння святла з рэчывам (фотаэфект, Комптана эфект і інш.) паказала, што святло выяўляе ўласцівасці патоку часціц з пэўнымі значэннямі энергіі і імпульсу. Доказы існавання хвалевых уласцівасцей электронаў (гл. Хвалі дэ Бройля) атрыманы ў 1927 амер. вучоным К.Дэвісанам і Л.Джэрмерам пры назіранні інтэрферэнцыйнай карціны адбіцця электронаў ад монакрышталяў нікелю. Выяўлены інтэрферэнцыйныя эфекты пратонаў, нейтронаў, атамных пучкоў гелію, малекул вадароду і інш.
Л.М.Тамільчык.
т. 8, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЛЬЦМАНА СТАТЫ́СТЫКА,
раздзел статыстычнай фізікі, які вывучае ўласцівасці сістэм неўзаемадзейных часціц (электронаў, атамаў, малекул), што рухаюцца паводле законаў класічнай механікі.
Распрацавана ў 2-й пал. 19 ст. Дж.К.Максвелам і Л.Больцманам. Ва ўмовах цеплавой раўнавагі стан ідэальнага газу апісваецца функцыяй размеркавання 𝑓 = Cexp(-E/kT), дзе C — нарміровачная канстанта, E — поўная мех. энергія (сума кінетычнай і патэнцыяльнай энергія часціцы), k — Больцмана пастаянная, T — абс. тэмпература. Функцыя 𝑓 наз. размеркаваннем Максвела—Больцмана, з якога вынікае закон раўнамернага размеркавання кінетычнай энергіі па ступенях свабоды малекул: на кожную ступень свабоды прыпадае ў сярэднім энергія 1/2 kT. Больцмана статыстыкай карыстаюцца ў тых выпадках, калі квантавыя эфекты ў руху часціц можна не ўлічваць. Крытэрый яе дастасавальнасці (2ΠmkT)3/2/nh>1, дзе m — маса часціцы, n — канцэнтрацыя часціц, h — Планка пастаянная. Гэты крытэрый практычна выконваецца для малекул звычайных газаў і электронаў праводнасці ў паўправадніках. Для мікрачасціц Больцмана статыстыка недакладная і заменьваецца статыстыкай Бозе—Эйнштэйна або Фермі—Дзірака (гл. Квантавая статыстыка).
Больцмана статыстыка шырока карыстаецца ў кінетычнай тэорыі газаў, фізіцы паўправаднікоў, фізіцы плазмы, тэорыі эл. і магн. з’яў у рэчыве і інш. галінах фізікі.
В.І.Кузьміч.
т. 3, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)