БЕЛАРУ́СКІЯ НАВУКО́ВЫЯ І КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ ЗА МЯЖО́Й.

Прадстаўнікі бел. дыяспары першай эміграцыйнай хвалі (склалася на рубяжы 19—20 ст. і ў 1-ю сусв. вайну) сваіх нац. арг-цый не мелі і часта далучаліся да рус. ці польскіх згуртаванняў. У перыяд паміж 1-й і 2сусв. войнамі найбольш актыўна культ. дзейнасць вялася ў Літве, Латвіі, Чэхаславакіі, ЗША, Аргенціне, Францыі. Дзейнічалі Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне (Літва), Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф.​Скарыны ў Празе (Чэхаславакія), Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства, «Бацькаўшчына», «Рунь» (1924), «Беларуская хата» ў Латвіі. Выхадцы з Зах. Беларусі складалі большасць створаных у 1930-я г. рус. клубаў у Канадзе. У канцы 1920 — сярэдзіне 1930-х г. дзейнічалі Бел.-ўкр. саюз у Бразіліі, Бел. культ.-адукац. т-ва ў ЗША, Саюз укр. і бел. работніцкіх арг-цый у Аргенціне. У Аргенціне згуртаванню беларусаў спрыялі культ.-асв. т-вы ў Буэнас-Айрэсе — «Грамада» (1934), «Культура» (1936), Беларускае культурнае таварыства «Белавежа», «Т-ва б-кі імя Івана Луцкевіча» (1937, Вільня-Крэспа), б-кі імя Я.​Купалы (1934, Камадора-Рывадавія) і інш. У 1939 яны аб’ядналіся ў Федэрацыю беларускіх арганізацый. У Францыі ў 1930 засн. Беларускі хаўрус, у 1938 Бел. жан. грамада імя А.​Пашкевіч. Пасля 2сусв. вайны бел. эміграцыя вылучалася значнай колькасцю інтэлігенцыі, заявіла аб сабе як аб самастойнай бел. этн. супольнасці за межамі Бацькаўшчыны, стварыўшы ўстойлівыя нац. асяродкі. Арганізаванае нац.-культ. жыццё пачалося з канца 1940-х г. Свае арг-цыі беларусы стварылі ў Германіі ў лагерах для перамешчаных асоб: Крывіцкае навуковае таварыства імя Ф.​Скарыны (1946), Бел. бібліягр. служба (1946), Бел. культ.-асв. т-ва (1948), Бел.-груз.-ўкр. клуб (1950). Навук.-культ. асяродкамі ў г. Ляймен сталі Інстытут беларусаведы і Беларускі музей. У 1955—66 у Мюнхене дзейнічаў філіял Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку (БІНіМ) — адносна самаст. ўстанова, праца якой была звязана з удзелам бел. навукоўцаў у рабоце Ін-та вывучэння СССР. З філіялам супрацоўнічалі С.​Станкевіч, С.​Кабыш, А.​Марговіч, У.​Дудзіцкі і інш. У Бельгіі ў 1947 засн. Бел. цэнтр. к-т на Валоніі, у 1949 створана бел. акад. каталіцкае т-ва «Рунь», дзейнічаў Саюз беларусаў Бельгіі (1947—60-я г.). У ЗША найб. колькасць навукоўцаў, творчай інтэлігенцыі сканцэнтравалася ў 1950-я г., сюды з Германіі пераехалі Крывіцкае навук. т-ва імя Ф.​Скарыны, Бел. бібліягр. служба і Аб’яднанне бел. лекараў на чужыне. У 1951 у Нью-Йорку засн. Бел. ін-т навукі і мастацтва. Зборам інфарм. матэрыялаў пра Беларусь займаецца Бел.-амер. інфарм. служба (штат Пенсільванія). Працуюць бел. грамадска-культ. цэнтры і дамы ў Кліўлендзе («Полацак»), Нью-Йорку, Саўт-Рыверы, Чыкага, Дэтройце, Стронгсвілі. У Саўт-Рыверы культ. праграмы каардынуе Згуртаванне беларускіх мастакоў і ўмельцаў, якое супрацоўнічае з каледжамі і ун-тамі штатаў Нью-Джэрсі і Пенсільванія. Працуюць Беларуска-амерыканскае задзіночанне, Злучаны беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт, Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі, Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі, Беларуска-амерыканскае аб’яднанне і інш. З 1958 адным з цэнтраў бел. культ. і навук. жыцця ў Нью-Йорку стала Фундацыя імя П.​Крачэўскага. З 1974 тут працуе бел. б-ка і музей, дзе збіраецца л-ра, дакументы, матэрыялы, пісьменніцкія архівы, рэд. архівы Часопісаў і газет. У Канадзе ў 1950—60-я г. дзейнічаў Бел. даследчы ін-т імя К.​Каліноўскага, які выдаваў дакументы і матэрыялы па навейшай бел. гісторыі. З 1967 у Таронта працуе Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ), Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, Згуртаванне беларусаў Канады, грамадска-культ. цэнтр, Беларускі выдавецка-мастацкі клуб «Пагоня», сябры якога — беларусы з Аўстраліі, ЗША, Бельгіі, Англіі, Францыі, Германіі і інш. У Вялікабрытаніі працуе Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі, цэнтрамі навук.-культ. жыцця сталі Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны і Англа-беларускае таварыства, дамы ў Брадфардзе (1948, пры ім у 1964 адкрыты Бел. юнацкі клуб, у 1970 грамадскі клуб «Сакавік») і Манчэстэры (1954). У Польшчы ў мэтах каардынацыі нац. і культ. жыцця беларусаў у 1956 было засн. Беларускае грамадска-культурнае таварыства, культ.-асв. работу вядуць бел. літ.-маст. аб’яднанне «Белавежа», Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Брацтва правасл. моладзі, Рада культуры студэнтаў бел. нацыянальнасці пры Згуртаванні польскіх студэнтаў і інш. Рэгіянальны асяродак бел. культуры ствараецца ў Гайнаўцы, цэнтрам якога стаў Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры. У Аўстраліі цэнтры грамадска-культ. жыцця сфарміраваліся ў Адэлаідзе, Брысбене, Мельбурне, Перце, Сіднеі. Значную работу праводзяць Беларускае аб’яднанне ў Аўстраліі, Бел. аб’яднанне ў Зах. Аўстраліі, Бел. культ.-грамадскі клуб у Феерфілдзе і інш., дзейнасць якіх каардынуе Федэральная рада беларускіх арганізацый. У Аргенціне ў 1948—57 дзейнічала Згуртаванне беларусаў Аргенціны. З 1960-х г. арг-цыі бел. эміграцыі паступова страцілі сваю нац. адметнасць: Федэрацыя бел. арг-цый далучылася да Славянскага саюза Аргенціны, замест ранейшых бел. т-ваў склаўся шэраг клубаў. З 1984 дзейнічае «Федэрацыя сав. грамадзян Аргенціны», куды ўвайшлі прадстаўнікі бел. дыяспары. У Іспаніі пры Цэнтры па вывучэнні краін Усходу (Мадрыд) у 1956 створана бел. секцыя пад кіраўніцтвам Я.​Сурвілы, які таксама ўзначальваў Бел. акадэміцкае згуртаванне (засн. ў 1952). Для супрацоўніцтва былі запрошаны бел. навукоўцы, якія друкаваліся ў ісп. час. «Oriente» («Усход»). У 1952 пры Цэнтры абмену еўрап. культуры засн. Інстытут беларусаведы імя Льва Сапегі ў Мадрыдзе, які прапагандуе веды пра Беларусь сярод народаў Іспаніі і Зах. Еўропы. У рэспубліках СССР (пасля 1991 — незалежных дзяржавах) культ.-асв. суполкі, згуртаванні з’явіліся ў асн. ў канцы 1980-х г., сярод іх Т-ва бел. культуры імя Ф.​Скарыны (Масква, 1988), «Світанак» (Рыга, 1988), Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў С.-Пецярбургу, Згуртаванне беларусаў у Кохтла-Ярве (Эстонія, з 1991 наз. Беларуска-эстонскае згуртаванне ў г. Йыхві), Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар» (1991), Бел. культ. цэнтр «Світанак» (Ташкент) і інш. Гл. таксама Беларускія культурныя згуртаванні і раздзел пра бел. дыяспару ў арт. Казахстан, Латвія, Літва, Малдова, Расія, Узбекістан, Украіна, Эстонія, Аргенціна, Аўстралія, Аўстрыя, Балгарыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Іспанія, Канада, Польшча, Францыя і інш.

А.​С.​Ляднёва.

т. 2, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

подъём м.

1. (действие) падыма́нне, -ння ср., падніма́нне, -ння ср., падня́цце, -цця ср., пад’ём, -му м.; узніма́нне, -ння ср., узды́м, -му м.;

подъём тя́жестей падыма́нне (падніма́нне) цяжа́раў;

подъём воды́ в реке́ падня́цце (пад’ём) вады́ ў рацэ́;

во вре́мя подъёма на́ гору у час пад’ёму (падыма́ння, падніма́ння) на гару́;

подъём зя́би с.-х. пад’ём зя́бліва;

2. (рост, развитие) узды́м, -му м.;

подъём культу́ры узды́м культу́ры;

3. (побудка) пад’ём, -му м.;

затруби́ли подъём затрубі́лі пад’ём;

4. (об участке дороги) пад’ём, -му м.;

круто́й подъём круты́ пад’ём;

5. (часть ноги) усхо́д, -ду м., пад’ём, -му м.;

сапоги́ жмут в подъёме бо́ты ці́снуць у пад’ёме (на ўсхо́дзе);

6. (воодушевление) узды́м, -му м.;

арти́сты игра́ли с подъёмом арты́сты ігра́лі з узды́мам;

тяжёл на подъём ця́жкі на пад’ём;

лёгок на подъём лёгкі на пад’ём;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ГОРАДАБУДАЎНІ́ЦТВА,

галіна дзейнасці, мэта якой арганізацыя прасторы для жыцця чалавека, развіцця вытворчасці, захавання і ўзбагачэння прыроднага асяроддзя. Яе аб’ектам з’яўляюцца гар. і сельскія паселішчы, прылеглыя да іх тэр., асобныя зоны і сеткавыя састаўляючыя гэтых паселішчаў (жылыя, грамадскія, вытв., рэкрэацыйныя, сетка абслугоўвання, транспарту, інж.-тэхн. забеспячэння), а таксама размешчаныя па-за межамі паселішчаў навук., вытв., лячэбна-аздараўленчыя і інш. комплексы. Горадабудаўніцтва абумоўлена і навук.-тэхн. прагрэсам, узроўнем эканам. развіцця грамадства, што ў сукупнасці вызначае функцыян., тэхн. і эстэт. патрабаванні і ўмовы прасторавай арганізацыі яе аб’ектаў. Праблемы рацыянальнай прасторавай арганізацыі вял. тэрыторый разглядаюцца ў самаст. галіне дзейнасці горадабудаўніцтва — тэрытарыяльнай (рэгіянальнай або раённай) планіроўцы. З улікам прыродна-кліматычных умоў у сучасных гарадах фарміруецца водна-зялёная сістэма. Яе фарміраванне — галіна дзейнасці ландшафтнай архітэктуры. Горадабудаўніцтва як прафесійная дзейнасць рэалізуецца: у праектаванні (распрацоўка праектна-планіровачнай дакументацыі на аб’ект, што падлягае буд-ву ці рэканструкцыі); у навук. даследаваннях, якія выяўляюць агульныя заканамернасці фарміравання, функцыянавання і развіцця аб’ектаў горадабудаўніцтва, абгрунтоўваюць праектныя вырашэнні з пазіцый сац., эканам. і экалагічнай эфектыўнасці; у кіраванні працэсамі фарміравання, пераўтварэння і развіцця аб’ектаў горадабудаўніцтва (распрацоўка доўгатэрміновых прагнозаў, нарматыўна-прававых дакументаў, аператыўная кіраўніцкая дзейнасць органаў архітэктуры і горадабудаўніцтва і інш.). У горадабудаўніцтве прымаюць удзел спецыялісты рознага профілю — архітэктары, эканамісты, спецыялісты па транспарце, інж. аснашчэнні тэрыторыі, эколагі, дэмографы і інш. Горадабудаўніцтва разглядаецца і як від мастацтва. Гарады ўвасабляюць не толькі дасягнуты на розных этапах развіцця грамадства ўзровень тэхналогіі, але і духоўныя, маст. густы свайго часу. Горад з’яўляецца арх.-прасторавай цэласнасцю і вынікам творчай дзейнасці многіх пакаленняў. Арх.-маст. аспект горадабудаўніцтва выяўляецца ў фарміраванні маст. аблічча населенага пункта, асобных гар. арх. ансамбляў.

Горадабудаўніцтва — адна са стараж. галін дзейнасці чалавецтва. Першыя гарады ўзніклі ў 4—3-м тыс. да н.э. (Вавілон у Месапатаміі, Фівы ў Стараж. Егіпце). У 5—4 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі склалася рэгулярная сістэма (т.зв. «гіпадамава», ад імя яе стваральніка арх. Гіпадама) планіроўкі гарадоў, заснаваныя на прамавугольнай сетцы вуліц. У Стараж. Рыме рэгулярная сістэма стала вызначальнай. Шэраг рымскіх гарадоў (Пампеі, Остыя) меў геам. правільныя абрысы (квадрат ці прамавугольнік) і 2 гал. вуліцы (кампазіцыйныя восі плана). Каля скрыжавання гал. вуліц знаходзіўся гар. цэнтр з ансамблямі формаў. Для многіх гарадоў сярэднявечча характэрна радыяльна-кальцавая планіроўка з вузкімі крывымі вуліцамі, што вялі да гандл. плошчы, кафедральнага сабора, ратушы. У эпоху Адраджэння ў Зах. Еўропе архітэктары распрацоўвалі асновы і прыёмы стварэння арх. ансамбляў (ансамблі пл. св. Пятра, Капітолія і П’яцца даль Попала ў Рыме; Вагезаў і Вандомскай плошчаў у Парыжы). У Стараж. Русі адм.-паліт. і рэліг. цэнтрамі гарадоў былі крамлі і дзядзінцы, якія абумовілі асаблівасці забудовы Ноўгарада, Масквы, Кіева, Уладзіміра, Смаленска, Растова і інш. Рускае горадабудаўніцтва 18—19 ст. вызначалася разнастайнасцю прыёмаў рэгулярнай планіроўкі гарадоў, арган. адзінствам геам. правільнай сеткі вуліц і буйных арх. ансамбляў; выдатны ўзор рус. горадабудаўніцтва — забудова Пецярбурга. У пач. 20 ст. сфарміраваліся тэарэт. кірункі горадабудаўніцтва (дэзурбанізм, урбанізм); ствараліся планы рэканструкцыі і развіцця гарадоў, узніклі новыя гарады, гарады-сады, гарады-спадарожнікі.

На Беларусі зараджэнне горадабудаўніцтва звязана з узнікненнем умацаваных паселішчаў — гарадзішчаў. Для горадабудаўніцтва 9—12 ст. характэрны рысы абарончага дойлідства: магутныя драўляна-земляныя абарончыя збудаванні, зрубныя сцены з драўлянымі вежамі (Полацк, Віцебск, Мінск). Планіровачная структура гарадоў 15—16 ст. фарміравалася вакол іх грамадскіх цэнтраў — гандл. плошчаў, замкаў. Асн. вуліцы былі працягам дарог, якія звязвалі горад з наваколлем. У пачатку такіх вуліц у гар. сцяне ставіліся брамы (Нясвіж, Стары Быхаў). Пазней радыяльныя вуліцы гарадоў, злучаныя папярочнымі паўкальцавымі вуліцамі, утваралі радыяльна-кальцавую сістэму (Пінск, Магілёў). У 18 ст. ў кампазіцыі гарадоў пераважалі гандл. і ратушныя плошчы, дзе ставілі адм., гандл. і культавыя будынкі: іх вышыня, разнастайнасць, манументальнасць у спалучэнні са значнымі памерамі плошчаў садзейнічалі стварэнню сілуэтнай і кампазіцыйнай структуры горада. Прынцып рэгулярнай планіроўкі, заснаванай на класічных традыцыях, найб. выявіўся ў канцы 18 — пач. 19 ст. ў Полацку, Барысаве, Мінску, Гомелі, Оршы, Віцебску, Бабруйску, Брэсце, Чавусах, Бабінавічах, Чэрыкаве, Давыд-Гарадку. Прагрэс. рысамі тагачаснага горадабудаўніцтва была ансамблевая забудова, стылявое адзінства буйных збудаванняў, вуліц і плошчаў на аснове класіцызму. У 1920—30-я г. пачалася распрацоўка генпланаў гарадоў з удзелам праектных арг-цый Масквы, Ленінграда, Харкава; складаліся праекты планіроўкі і забудовы жылых і прамысл. раёнаў, вуліц, плошчаў. У Вял. Айч. вайну многія гарады Беларусі разбураны. У пасляваен. гады генпланы распрацоўваліся на прынцыпах комплекснай забудовы, будаваліся новыя гарады (Салігорск, Светлагорск, Наваполацк, Жодзіна). Створаны буйныя жылыя раёны і мікрараёны ў Мінску (Чыжоўка, Серабранка, Усход, Зялёны Луг, Паўднёвы Захад), Брэсце, Гомелі, Гродне, Магілёве, жылыя масівы ў Баранавічах, Бабруйску, Мазыры, Маладзечне, Оршы і інш. Але канцэнтрацыя гал. увагі на утылітарна-тэхн. і эканам. пытаннях стала прычынай аднастайнасці жылой забудовы і страты своеасаблівасці некат. гарадоў. Ствараліся новыя прамысл. раёны і вузлы-комплексы прамысл. прадпрыемстваў, аб’яднаных агульнавузлавымі збудаваннямі (гл. ў арт. Прамысловая архітэктура). На аснове Схемы развіцця і размяшчэння прадукц. сіл (1959—80-я г.), Схемы тэрытарыяльнай арганізацыі рэспублікі (да 2000—2010 г.) рэгулярна карэкціруюцца і складаюцца новыя генпланы гарадоў. Вядзецца рэканструкцыя і развіццё грамадскіх цэнтраў гарадоў, якія разглядаюцца як адзіная сістэма, што ўключае цэнтр. ядро, арх. комплексы цэнтраў гар. раёнаў і звязаныя з імі магістральныя вуліцы і плошчы. Новыя сац.-эканам. і паліт. ўмовы сучаснага этапу змянілі механізм горадабуд. дзейнасці. Прамое цэнтралізаванае кіраванне забудовай паступова замяняецца працэсам фарміравання прасторы жыццядзейнасці як сферы палітыкі, прававых адносін і эканомікі. Праектныя распрацоўкі і даследаванні ў галіне горадабудаўніцтва выконваюцца ў Горадабудаўніцтва Беларускім навукова-даследчым і праектным інстытуце (БелНДІПгорадабудаўніцтва), гар. і абл. праектных арг-цыях, на кафедры горадабудаўніцтва арх. ф-та Бел. дзярж. політэхн. акадэміі. Кіраванне горадабуд. дзейнасцю на нац. узроўні ажыццяўляе Мін-ва буд-ва і архітэктуры, на мясц. узроўнях — абл., раённыя і гар. органы кіравання архітэктурай і горадабудаўніцтвам.

Літ.:

Буров А.К. Об архитектуре. М., 1960;

Рагон М. Города будущего: Пер. с фр. М., 1969;

Бунин А.В., Саваринская Т.Ф. История градостроительного искусства. Т. 1—2. 2 изд. М., 1979;

Бархин М.Г. Архитектура и город. М., 1979;

Егоров Ю.А. Градостроительство Белоруссии. М., 1954;

Новые города Белоруссии. Мн., 1966;

Зельтен Н.А. Архитектура и планировка малых городов Белоруссии. Мн., 1968;

Иодо И.А. Основы градостроительства: Теория, методология. Мн., 1983;

Архитектура Советской Белоруссии. М., 1986;

Градостроительство Белоруссии. Мн., 1988;

Беларусь: Среда для человека: Нац. отчет о человеческом развитии, 96. Мн., 1996.

І.​А.​Іода, В.​І.​Анікін, Ю.​І.​Шпіт.

Да арт. Горадабудаўніцтва. Рэканструкцыя антычнага Рыма 4 ст. Фрагмент макета.
Да арт. Горадабудаўніцтва. Панарама Нюрнберга. Гравюра з «Сусветнай хронікі» Гартмана Шэдэля. 1493.
Да арт. Горадабудаўніцтва. Цэнтр Гродна. З гравюры пач. 20 ст.
Да арт. Горадабудаўніцтва. План Масквы з кнігі З.​Герберштэйна «Запіскі аб маскоўскіх справах». Базель. 1556.
Да арт. Горадабудаўніцтва. Панарама горада Х’юстан (ЗША).
Да арт. Горадабудаўніцтва. План Оршы. 1788.
Да арт. Горадабудаўніцтва. Панарама Парыжа.
Да арт. Горадабудаўніцтва. Вуліца Першамайская ў Магілёве.
Да арт. Горадабудаўніцтва. Праспект Машэрава ў Мінску.

т. 5, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДЫ А́ЗІІ У Азіі жыве каля 3630 млн. чал.

(ацэнка на пач. 1998). У антрапал. і моўных адносінах гэта адзін з самых складаных рэгіёнаў зямнога шара. Людзі засялілі асн. раёны Пярэдняй, Паўд., Усх. і Паўд.-Усх. Азіі на ранніх этапах гісторыі чалавецтва. У Паўд.-Зах. Азіі, магчыма, адбывалася фарміраванне чалавека сучаснага тыпу (Homo sapiens). У перыяд верхняга палеаліту людзі рассяліліся на большай ч. Азіі. Праз яе тэрыторыю яны праніклі ў Амерыку, Аўстралію, Акіянію. Найстараж. цывілізацыі ўзніклі ў Месапатаміі, далінах Інда і Хуанхэ. У Азіі ёсць прадстаўнікі ўсіх 3 вял. рас. Да мангалоіднай расы належыць амаль усё насельніцтва Усх., Цэнтр. і Паўд.-Усх. Азіі, невял. групы насельніцтва Паўн., Паўд. і Пярэдняй Азіі. Яны падзяляюцца на 2 асн. групы — усходнюю (каля 1270 млн.) і паўднёвую (каля 1100 млн.). Да еўрапеоіднай расы (каля 980 млн.) адносяцца розныя тыпы яе паўд. адгалінавання (пярэднеазіяцкі, або арменоідны, індаафганскі і інш.),

народы Паўн. і Пярэдняй Азіі, Паўн. Індыі. Прадстаўнікі аўстралоіднай расы (каля 10 млн.) жывуць у горных раёнах Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі. У зоне стараж. кантактаў паміж еўрапеоідамі і аўстралоідамі ўтварыўся паўд.-індыйскі расавы тып (каля 280 млн.).

Азію насяляе больш за 1 тыс. народаў, якія знаходзяцца на розных ступенях этн. развіцця. 122 народы налічваюць больш за 1 млн. чал. кожны, іх агульная колькасць 3325 млн. чал., або 92% усяго насельніцтва Азіі, з іх 5 народаў налічваюць больш за 100 млн. чал. (кітайцы 1120, хіндустанцы -244, бенгальцы 190, японцы 124, панджабцы 100) і 38 народаў — больш за 10 млн. чал. [біхарцы 97,6, тамілы 91,1, яванцы 89, тэлугу 75, тай 70, карэйцы 69,7, маратхі 66,5, в’етнамцы 61,5, туркі 50, гуджаратцы 47, малаялі 35, каннара 35, м’янма 33,3, орыя 33,3, афганцы 30,5, бісая 26,8, персы (іранцы) 25,5, рускія 25, сунды 24,5, малайцы 21, курды 18, лао 18, узбекі 18, раджастханцы 17,4, азербайджанцы 17, сіндхі 16,7, чжуан 16, асамцы 15,8, йеменцы 15, іракцы 14,5, тагалы 13,4, непальцы 13,3, сінгалы 12,7, мадурцы 10,8, саудаўцы 10,3, сірыйцы 10,1, кхмеры 10, маньчжуры 10). Краіны Азіі пераважна шматнацыянальныя. Аднародныя ў нац. адносінах Японія, Бангладэш, Карэя, Арменія, Манголія і большасць араб. краін. Народы, якія гавораць на кітайска-тыбецкіх, тайскіх, в’етнамскай, мяо-яоскіх, мон-кхмерскіх, мунда і дравідыйскіх мовах, жывуць толькі ў Азіі. Вялікія групы народаў гавораць на індаеўрапейскіх, семіцкіх, алтайскіх і інданезійскіх мовах. Ізаляванае становішча ў сістэме моўнай класіфікацыі займаюць японцы і карэйцы (зрэдку адносяць да алтайскай макрасям’і), айны, андаманцы, бурышы, кеты, ніўхі, юкагіры. Азіяцкія народы, якія гавораць на індаеўрапейскіх мовах, адносяць да індыйскай (індаарыйскай), іранскай і інш. моўных груп. Народы інд. групы (каля 920 млн. чал.) — хіндустанцы, бенгальцы, маратхі, біхарцы, панджабцы, гуджаратцы, орыя, раджастханцы, сінгалы, сіндхі, асамцы, непальцы, кашмірцы і інш. — жывуць пераважна ў паўн. і цэнтр. ч. Індастана; народы іранскай групы (каля 95 млн.) — персы, таджыкі, гілянцы, луры, афганцы, курды, белуджы, хазарэйцы, асеціны і інш. — насяляюць большую ч. Ірана, і Афганістана, шэраг раёнаў у Турцыі, Пакістане, на Каўказе.

3 індаеўрап. моўнай сям’і ў Азіі жывуць рускія — прадстаўнікі ўсх.-слав. падгрупы (Урал, Сібір, Д. Усход, Паўн. Казахстан і інш.); разам з імі ў меншай колькасці — украінцы і беларусы. Да індаеўрап. моўнай сям’і належаць таксама грэкі (Кіпр), армяне (Арменія), немцы (Зах. Сібір, Паўн. Казахстан). У семіцкую групу (гавораць на афраазійскіх, або семіта-хаміцкіх мовах; каля 75 млн.) уваходзяць арабы, асірыйцы і яўрэі Ізраіля. На алтайскіх мовах гавораць народы: цюркамоўныя (120 млн.) — туркі, азербайджанцы, казахі, узбекі, туркмены, кіргізы, каракалпакі, татары, башкіры, тувінцы, хакасы, якуты, уйгуры, цюркскія плямёны Ірана і інш. — жывуць на большай ч. Турцыі, у Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, на Урале і ў Сібіры, у паўн. ч. Ірана і Афганістана; манголамоўныя (каля 10 млн.) — манголы Манголіі і Кітая, бураты; тунгуса-маньчжурскія (каля 11 млн., у т. л. 10 млн. уласна маньчжуры, якія гавораць пераважна на кіт. мове) — у Паўн.-Усх. Кітаі, а таксама ў Сібіры і на Д. Усходзе Расіі (эвенкі, эвены, нанайцы, ульчы і інш). З гэтымі народамі некат. даследчыкі збліжаюць карэйцаў і японцаў (генет. сувязі моў не высветлены).

Кітайская і тыбета-бірманская групы складаюць кітайска-тыбецкую сям’ю народаў (гл. Кітайска-тыбецкія мовы). У першую (1130 млн.) уваходзяць кітайцы і хуэй, жывуць пераважна на У Кітая, у другую (каля 75 млн.) — тыбетцы, м’янма (бірманцы), іцзу, карэны, розныя гімалайскія народы і інш., жывуць на ПдЗ Кітая, у Непале, на ПнУ Індыі, у М’янме. У Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі вылучаюць сям’ю аўстраазіяцкіх моў (каля 150 млн.), якая падзяляецца на 8 моўных груп. Найбольшыя народы — в’етнамцы, кхмеры, санталы, мунда, мяо. Там жывуць і народы паратайскай сям’і (каля 130 млн.) — тай (сіямцы), лао, чжуан, шан, буі і інш. Народы сям’і дравідыйскіх моў (каля 340 млн.) насяляюць Паўд. Індыю, найб. з іх тамілы, малаялі, каннара, тэлугу, гонды.

Астравы Паўд.-Усх. Азіі (Малайскі архіпелаг і Філіпінскія) і п-аў Малаку насяляюць народы інданезійскай групы сям’і аўстранезійскіх моў, гавораць на інданез. мовах (каля 300 млн. — яванцы, сунды, мадурцы, балійцы, бугі, макасары, бісая, тагалы, ілокі, мінангкабау, батакі, бікол, балійцы, малайцы Малайзіі і Інданезіі, банджары і інш.). На ПнЗ Азіі, у сярэдняй ч. бас. р. Об жывуць ханты і мансі — прадстаўнікі угорскай групы угра-фінскай моўнай сям’і. На Пн ад іх жывуць ненцы, нганасаны, селькупы, энцы, якія складаюць самадзійскую моўную сям’ю. На Каўказе жывуць народы, якія гавораць на іберыйска-каўказскіх мовах, у Паўн.Усх. Азіі — чукоцка-камчацкай і эскімоса-алеуцкай сем’яў, на У Інданезіі — папуаскіх сем’яў. У канцы 20 ст. ў Азіі паскорыліся працэсы нац. кансалідацыі, аб’яднання дробных этн. супольнасцей у вял. групы, плямён і племянных груп — у народнасці, ператварэння гэтых народнасцей у нацыі. У Азіі ўзніклі ўсе т.зв. сусв. рэлігіі. Іслам вызнае большасць насельніцтва Зах., Сярэдняй і Цэнтр. Азіі, Пакістана, Бангладэш, Інданезіі, Малайзіі. Ёсць мусульмане ў Індыі (99 млн.), Кітаі (27 млн.), на Філіпінах (5 млн.), у азіяцкай ч. Расіі (2 млн.), Тайландзе (2 млн.), Шры-Ланцы (1,5 млн.) і інш. Усяго ў краінах Азіі жыве каля 800 млн. мусульман. Будызм (каля 320 млн. вернікаў), які раней быў пашыраны ва ўсёй Паўд., Усх. і Паўд.-Усх. Азіі, пануе толькі ў М’янме, В’етнаме, Тайландзе, Лаосе, Камбоджы і ў Шры-Ланцы, пашыраны ў Кітаі (у тыбетцаў і манголаў у форме ламаізму) і Японіі (разам з сінтаізмам). У Кітаі распаўсюджаны таксама даасізм і канфуцыянства. У Індыі большасць насельніцтва вызнае індуізм (каля 80% насельніцтва краіны). Індуісты ёсць таксама ў Непале (17 млн.), Бангладэш (15 млн.), Шры-Ланцы (2,5 млн.), Інданезіі (4 млн.) і інш. Прыхільнікі хрысціянства пераважаюць ў Арменіі, Грузіі, Расіі, на Кіпры і Філіпінах, у Ізраілі — прыхільнікі іудаізму. У некат. народаў Азіі зберагліся свае племянныя рэлігіі.

Літ.:

Народы и религии мира: Энцикл. М., 1999;

Народы мира: Ист.-этногр. справ. М., 1988;

Народы России: Энцикл. М., 1994.

І.​Я.​Афнагель.

т. 11, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБХА́ЗІЯ, Абхазская Аўтаномная Рэспубліка. Размешчана ў паўн.-зах. ч. Закаўказзя, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа. Пл. 8,6 тыс. км². Нас. 533,8 тыс. чал. (1991), гарадскога 48%. Нац. склад у 1989: грузіны (25%), абхазы (18%), армяне (15%), рускія (14%), грэкі, украінцы і інш. Сярэдняя шчыльн. 61 чал. на 1 км², найб. 150—200 чал. на нізінах і ў перадгор’ях (93% усяго насельніцтва). Сталіца — г. Сухумі, найб. гарады Ткварчэлі, Гагра, Ачамчыра, Гудаута, Галі.

Прырода. Большая ч. тэр. на паўд. схілах Галоўнага, ці Водападзельнага, хрыбта (найвыш. пункт г. Дамбай-Ульген, 4046 м), які акаймоўвае Абхазію з Пн. Найбуйнейшыя адгор’і: Гараўскі, Бзыбскі, Абхазскі, Кадорскі хрыбты. Пашыраны карставыя з’явы, шмат пячор (найб. і найдаўжэйшая Новаафонская). На ПдУ Калхідская нізіна. Радовішчы каменнага вугалю (Ткварчэлі), поліметал. руд, ртуці (Авадхарскае), барыту (Піцыкварскае, Апшрынскае); выхады мінер. крыніц (Ткварчэлі, Рыца, Авадхара і інш.). Клімат на нізінах і ў перадгор’ях субтрапічны, вільготны, у гарах умерана цёплы і халодны, снегавое покрыва ляжыць 2—3 месяцы. Сярэдняя т-ра студз. на ўзбярэжжы 4—7 °C, у гарах ад 2 да -2 °C, ліп. адпаведна 22—24 °C і 16—18 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў на нізіне і ў перадгор’ях 1300—1500, у гарах да 2000—2400 мм за год. Безмарозны перыяд у прыморскай паласе 250—300 дзён. Найб. значныя рэкі — Кадоры, Бзыб, Келасуры, Гуміста — шматводныя, багатыя гідраэнергіяй; пераважае дажджавое і снегавое жыўленне. На выш. 882 м воз. Рыца. Глебы на нізінах балотныя, у перадгор’ях падзолістыя, чырвана- і жаўтазёмныя. Пад лесам больш за 55%. На нізінах і ў цяснінах невял. масівы шыракалістых лясоў (граб, дуб, каштан і інш.), у перадгор’ях букавыя, у верхняй ч. гор піхтавыя лясы, вышэй за 2000 м субтрапічнае крывалессе, альпійскія лугі. На мысе Піцунда захаваўся гай рэліктавай хвоі. На ўзбярэжжы субтрапічная расліннасць (пальмы, магноліі, кіпарысы, эўкаліпты). У лясах трапляюцца высакародны алень, казуля, кабан, рысь, на нізінах — шакал. Запаведнікі: Гумісцінскі, Піцундскі, Псхускі, Рыцынскі.

Гісторыя. Найб. стараж. паселішчы чалавека на тэр. Абхазіі адносяцца да эпохі палеаліту і неаліту. Продкі абхазаў належалі да абарыгенаў Зах. Каўказа. У асірыйскіх надпісах яны ўпамінаюцца як абышлы, у антычных крыніцах — як абазгы (на Пн) і апсілы (на Пд). З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. Абхазія ўваходзіла ў Калхідскае царства, у 6—5 ст. да н.э. на яе марскім узбярэжжы ўзніклі грэч. калоніі Дыяскурыяда, Пітыунт і інш. У 1 ст. н. э. тут утварыліся раннефеад. княствы, залежныя ад Рыма. З 4 ст. тэр. Абхазіі ў складзе царства Лазіка. У 6 ст. пад уплывам Візантыі тут афіцыйна прынята хрысціянства. У перыяд Абхазскага царства ў 8—10 ст. завяршылася аб’яднанне стараж. абх. плямёнаў у адзіную народнасць. З 975 Абхазія ў складзе аб’яднанай Грузіі, на мяжы 16—17 ст. самастойнае княства, у 17—18 ст. пад уладай Турцыі, ч. насельніцтва перайшла ў мусульманства (канфесійная неаднароднасць захавалася і цяпер). Супраць тур. панавання абхазы паўставалі ў 1725, 1728, 1733, 1771, 1806. Пасля далучэння ў 1810 да Рас. імперыі ў Абхазіі захоўвалася ўнутр. самакіраванне. Пасля Каўказскай вайны 1817—64 княжацкая ўлада ліквідавана, на тэр. Абхазіі ўтвораны Сухумскі ваенны аддзел, пазней — ваенная акруга. Частка абх. насельніцтва перасялілася ў Турцыю і на Б. Усход. У 1866 аўтахтоннае насельніцтва на тэр. Абхазіі складала больш за 85%, у 1876 — 55,3%, затое доля груз. насельніцтва вырасла больш як у 4 разы — 24,4%. 10.3.1917 у Абхазіі створаны К-т грамадскай бяспекі — орган часовага кіравання, у ліст.Нар. Савет. У чэрв. 1918 Абхазію занялі груз. войскі, матывуючы гэта барацьбой супраць бальшавізму. Пасля ўстанаўлення ў лютым 1921 сав. улады ў сак. Абхазія абвешчана сав. сацыяліст. рэспублікай. 16.12.1921 яна на дагаворнай аснове ўвайшла ў Груз. ССР, а ў снеж. 1922 як састаўная яе частка ў складзе ЗСФСР увайшла ў СССР. 1.4.1925 прынята 1-я Канстытуцыя Абхазіі. З лют. 1931 Абхазія — аўт. рэспубліка ў складзе Груз. ССР. За гады сав. улады доля тытульнага насельніцтва рэспублікі працягвала зніжацца, што вяло да напружання ў груз.-абх. адносінах; мелі месца антыгруз. масавыя хваляванні (1964, 1967, 1978, 1989). Найб. вастрыні гэтыя супярэчнасці дасягнулі ў 1992, калі Вярх. Савет Грузіі прыняў рашэнне аб вяртанні да Канстытуцыі Груз. Дэмакр. Рэспублікі 1921, у якой Абхазія як суб’ект дзярж. прававых адносін не згадваецца. У адказ Вярх. Савет Абхазіі пастанавіў вярнуцца да Канстытуцыі рэспублікі 1925, якая абумоўлівала дагаворныя адносіны паміж Абхазіяй і Грузіяй. Летам 1992 разгарэўся ўзбр. грузіна-абхазскі канфлікт 1992—94. У канцы 1993 пачаліся груз.-абх. перагаворы пад эгідай ААН. 4.4.1994 груз. і абх. дэлегацыі падпісалі ў Маскве пагадненні аб мерах па паліт. урэгуляванні. У зону груз. абх. канфлікту ўведзены міратворчыя сілы Расіі. 26.11.1994 Вярх. Савет абвясціў дзярж. незалежнасць рэспублікі, прыняў новую Канстытуцыю і абраў першага прэзідэнта — У.​Ардзынбу.

Гаспадарка. Абхазія — раён вырошчвання субтрапічных цытрусавых культур, тытуню, чаяводства. Прамысловасць звязана пераважна з перапрацоўкай с.-г. сыравіны (60% ад агульнай вытв-сці прамысл. прадукцыі); чайная, тытунёвая, вінаробная, рыбная, кансервавая прам-сць. Прадпрыемствы машынабуд., металаапр., абутковай, швейнай, дрэваапр. прам-сці. Сухумская ГЭС і Ткварчэльская ДРЭС. Важныя галіны сельскай гаспадаркі — тытуняводства (жоўты тытунь «Самсун»), чаяводства, вырошчванне цытрусавых, тунгу, эфіраалейных. Развіты вінаградарства і пладаводства. Жывёлагадоўля пераважна малочнага і мяса-малочнага кірунку. Вялікае эканам. значэнне мае курортная гаспадарка і турызм. Курорты — Гагра, Піцунда, Новы Афон, Гудаута, Сухумі, Гульрыпш. Сухумі — адзін з буйнейшых партоў Закаўказзя. Па прыморскай паласе праходзіць чыг. Туапсэ—Сухумі—Самтрэдыя і аўтадарога Новарасійск—Сухумі—Батумі.

Культура. У 1988 у Абхазіі больш за 210 дашкольных устаноў (16,7 тыс. дзяцей), 319 агульнаадук. школ (84,6 тыс. вучняў); 7 сярэдніх спец. навуч. устаноў (2,1 тыс. навучэнцаў), 2 ВНУ (Абхазскі ун-т і ін-т субтрапічнай гаспадаркі), сухумскі ф-т Груз. тэхнал. ун-та (усяго 7,7 тыс. студэнтаў); 391 б-ка з кніжным фондам 4,3 млн. экз. Абхазскі дзярж. музей, Музей абхазскай зброі, Музей-выстаўка ў Піцундзе. Навук. даследаванні вядуцца ў Ін-це эксперым. паталогіі і тэрапіі, Абхазскім філіяле НДІ курарталогіі і фізіятэрапіі, НДІ турызму, Сухумскім бат. садзе.

Радыё і тэлебачанне вядуць перадачы на абх., груз. і рус. мовах. Рэтрансліруюцца радыё- і тэлепраграмы з Тбілісі, Сочы, Масквы.

Вытокі абх. літаратуры ў нар. творчасці, у багатым фальклоры, які ўключае шматлікія жанры — ад гераічных эпічных паданняў пра волатаў-нартаў і багаборца Абрскіла (эпас «Абрскіл» запісаны ў 19 ст.) да лірычных песень і мудрых афарызмаў. Першую спробу скласці абх. алфавіт на рус. графічнай аснове зрабіў у 1862 рас. мовазнавец П.​К.​Услар. Першы буквар выд. ў 1865. Заснавальнік маст. л-ры Дз.Гулія. Пад яго рэдакцыяй выходзіла першая абх. газ. «Апсны» («Абхазія», 1919—20). Першую абх. драму («Махаджыры», 1920) напісаў С.​Чанба. Вядомасць набыла творчасць паэтаў І.​Кагонія, Л.​Квіцынія, К.​Агумаа, Б.Шынкубы, Ш.​Цвіжбы, А.​Ласурыя і інш. У 1930-я г. пачала фарміравацца проза: раманы І.​Папаскіры і Гулія, аповесці Чанбы, У.​Агрбы, Цвіжбы, апавяд. М.​Хашбы. У пасляваеннай прозе вызначаюцца раманы І.​Папаскіры «Шлях Хімур», «Каля падножжа Эрцаху», «Жаночая годнасць», аповесці Агумаа, М.​Хашбы, П.​Чкадуа, М.​Папаскіры, А.​Гогуа, вершы, паэмы, апавяданні Квіцынія, Л.​Лабахуа, Агумаа, Д.​Дарсалія, С.​Кучберыя, П.​Чкадуа, раманы ў вершах «Мае землякі» і «Песня пра скалу» Шынкубы, творы І.​Тарбы, М.​Лакербая, А.​Ласурыя, А.​Джонуа, К.​Ломія, К.​Чачхалія, Г.​Гублія, У.​Анквабы. Уклад у абх. л-ру зрабілі Н.​Тарба, Гогуа, Ш.​Чкадуа, Д.​Ахуба і інш. У дзіцячай л-ры плённыя набыткі ў Д.​Тапагуа, Г.​Папаскіры; у крытыцы — у Ш.​Інал-Іпы, Х.​Бгажбы, М.​Дзелбы, Ш.​Салакія і інш. У перакладзе на бел. мову выйшлі кніга Гулія «Выбранае» (1974) і раман Тарбы «Сонца ўзыходзіць у нас» (1979).

З найб. стараж. твораў выяўл. мастацтва на тэр. Абхазіі вядома кераміка, жаночыя статуэткі з Ачамчырскага селішча, Эшэрскі і Ангарскі дальмены. Да ант. помнікаў адносіцца Сухумская крэпасць (2—3 ст.), разнастайныя ўзоры прыкладнога мастацтва. З сярэдневяковай архітэктуры вылучаюцца базіліка ў Піцундзе, храмы ў сёлах Бедыя і Лыхны, «замак Баграта» ў Сухумі, Беслецкі мост, а таксама разны іканастас у царкве с. Ольгінскае, залаты абраз св. Кацярыны, каляровыя малюнкі на керамічным посудзе і інш. Нар. мастацтва Абхазіі—разьба і інкрустацыя па дрэве, гравіроўка па метале, ткацтва дываноў, вышыўка, пляценне паясоў. У канцы 19 — пач. 20 ст. пабудаваны гасцініцы і палац у Гагры, дом Алаізі ў Сухумі, закладзены паркі ландшафтны і прыморскі ў Гагры, дэндралагічны ў Сухумі. Сярод сучасных буйнейшых збудаванняў: ін-т субтрапічнай гаспадаркі ў Сухумі, санаторый «Расія», курортны комплекс у Піцундзе. Жывапісцамі (С.​Габелія, Х.​Авідзба і інш.) створаны карціны на гіст. тэмы, пейзажы, партрэты, нацюрморты; развіваюцца скульптура (В.​Іванба, Ю.​Чкадуа і інш), графіка (Т.​Ампар, З.​Джынджаліа і інш.), тэатр.-дэкар. (Т.​Жванія) і дэкар.-прыкладное (В.​Шэнгелая, В.​Хурхумал і інш.) мастацтва. У 1939 заснавана Абх. аддз. Саюза мастакоў Грузіі, у 1946 — Абх. аддз. Саюза архітэктараў Грузіі.

Муз. фальклор Абхазіі захаваў стараж. ўзоры абрадавых, сямейна-быт., гіст.-гераічных песень, танцаў, інстр. найгрышаў. Пераважае 2- і 3-галоссе; сустракаюцца ўзоры антыфоннага спявання, гетэрафоніі і інш. Сярод традыц. інструментаў: струнна-смычковы апхерца; струнна-шчыпковыя — аюмаа (тыпу арфы), ахымаа; духавыя — ачарпын, абык; ударны — адаул; самагучальны — акапкап (трашчотка). Першыя збіральнікі нар. песень К.​Ковач, К.​Дзідзарыя (1920-я г.). Прафес. музыка фарміруецца з 1930-х г. Творы буйных форм стварылі Дз.​Шведаў, А.​Чычба, Р.​Гумба, М.​Берыкашвілі і інш. Працуюць (1988): філармонія, сімф. аркестр, хар. капэла, Дом нар. творчасці, Ансамбль песні і танца Абхазіі, ансамбль доўгажыхароў «Нартаа». Муз. вучылішча (1930). У 1971 засн. Саюз кампазітараў Абхазіі.

Вытокі тэатр. культуры абхазаў у нар. гульнях, абрадах, вуснай нар. творчасці. З 1915 у Сухумі ставіліся аматарскія спектаклі. У 1921 створана абх. вандроўная трупа пад кіраўніцтвам Дз.​Гулія. З 1928 працаваў драм. т-р у Сухумі (абх. і груз. трупы). На базе абх. драм. студыі ў 1930 у Сухумі адкрыты Абх. нац. т-р (з 1967 імя С.​Чанбы). У яго рэпертуары нац. драматургія, інсцэніроўкі нар. паданняў і легендаў, сучасныя і класічныя п’есы.

Літ.:

Лакоба С.З. Очерки политической истории Абхазии. Сухуми, 1990;

Марыхуба И.Р. Об абхазах и Абхазии: Ист. справка. Сухум (Акуа), 1993;

Очерки истории Абхазской АССР. Ч. 1—2. Сухуми, 1960—64.

В.​К.​Міхеева (прырода, гаспадарка), В.​С.​Клімовіч (гісторыя).

Да арт. Абхазія. Возера Рыца.
Да арт. Абхазія. Прыморскі парк у Гагры.

т. 1, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

спатка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Ідучы насустрач, па дарозе сустрэць каго‑н. Першы чалавек, якога .. [Грэк] спаткаў, выйшаўшы з «газіка», была Алена Собаль. Паслядовіч. Каля універсітэцкага гарадка .. [Леанід] спаткаў Надзю. Шахавец. Лізавета .. абышла ўвесь пасёлак, не спаткала нідзе ні душы і пакінула гэтае сумнае месца. Чорны. // Убачыць што‑н., што трапляецца на шляху. Мы спадзяваліся на ўдачу: увечары гаспадар расказваў нам, што тут можна спаткаць мноства дзічыны. Гурскі. // Паглядзеўшы ў вочы каму‑н., атрымаць у адказ чый‑н. погляд. Не зірнуў [Гардзей], а нібы наскрозь працяў чалавека, хаваючы .. ад яго сваю ўважлівасць. Шкробат спаткаў нядобразычлівы позірк. Мележ. // перан. Знайсці каго‑, што‑н.; сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. у жыцці, у працы і пад. Што ж, я сёння больш у сэрцы, Чым калісьці, сілы маю. Дзе ні будзеш ты на свеце — Я знайду цябе, спаткаю! Гілевіч. // перан. Атрымаць, зведаць, перажыць што‑н., апынуўшыся ў якім‑н. становішчы і пад. Не дужа артысты маглі б пахваліцца такім поспехам, які спаткаў Манга. Маўр. Відаць, Усе як ёсць пазналі Дні ліха, Ростань з цішынёй: У час адзін Бяду спаткалі Паланга, Брэст і Кішынёў. Калачынскі.

2. Выйсці сустрэць, прывітаць каго‑н.; прыняць каго‑н. Ужо аркестр [і]грае на адным узроўні з намі, і мы зусім блізка бачым твары людзей, што сабраліся, каб спаткаць жскурсію пісьменнікаў Савецкага Саюза. Галавач. На хутары .. [Зосю] спаткалі ласкавей, як учора. Чорны. / у перан. ужыв. Сышоў з хаты і Пархвен. Калі праз пэўны час ён тайком з явіўся ў Галасках, яго спаткала пустая вёска. Кудраўцаў. // Выявіць свае адносіны да чаго‑н.; адказаць чым‑н. на якія‑н. дзеянні, з’яўленне, надыход чаго‑н. Спаткаць недаверліва прапанову калегі. Спаткаць артыстаў апладысментамі. □ На гарызонце паказаліся самалёты. Яны хутка набліжаліся. Іх спаткалі буйнакаліберныя кулямёты. Гурскі. [Блакада] падкралася зусім непрыкметна і, здаецца, зусім нечакана, значыць — зусім не тады, калі яе меркавалі спаткаць. Брыль. Калі завітае няшчасце, Прыход яго мужна спаткай. Прануза.

3. Дачакацца пачатку, наступлення, з’яўлення і пад. чаго‑н. Раман ужо па полі, ходзячы за плугам, спаткаў усход сонца. Колас. Выйсці ў поле, дзе нівы шумяць Там, за ракою, Першую зорку ў небе спаткаць Толькі з табою. Русак. Шчыра, з радасцю бязмернай Сёння прымем самалёт: Прылятаюць піянеры, Каб спаткаць тут Новы год. А. Александровіч.

4. Спасцігнуць каго‑н., надарыцца каму‑н. Спаткала, спасцігла [Напалеона] адплата У гэтай краіне чужой. Бялевіч. — Ты не плач, больш цябе не спаткае бяда — Будзе маці табе ўся Радзіма... Гілевіч. А тут і спаткала абодвух ваяк Вялікая ростань На некалькі год. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заня́ць, займу, зоймеш, зойме; заг. займі; зак., каго-што.

1. Запоўніць сабою (якую‑н. прастору, паверхню). Крывыя подпісы мужыкоў занялі ўвесь ліст паперы. Колас. Вясельны поезд заняў повен двор. Гарэцкі. // Размясціцца, распалажыцца на якім‑н. месцы. Гарманіст заняў месца на лаўцы. Васілевіч. Рыгор з Сёмкам прыкмецілі пры адным стале два.. крэслы, падышлі і занялі іх. Гартны. // Узяць у сваё карыстанне. Кожны падарожнік, калі ён жадаў, мог заняць на ноч адзін.. домік. Шамякін. Аканом Павел Грынявіцкі злітаваўся над цягавітым парабкам і дазволіў яму заняць частку хаты ў лапаціцкім фальварку. С. Александровіч. // пад што. Скарыстаць для якіх‑н. мэт. Заняць дом пад шпіталь. // Пашырыцца на што‑н.; ахапіць сабой што‑н. Праз некаторы час ранішняя зара заняла ўвесь усход. Чарнышэвіч.

2. Атрымаць якую‑н. пасаду, замяніць каго‑н. па рабоце. Я цешыў сябе надзеяй, што змагу заняць месца малодшага навуковага супрацоўніка. Дамашэвіч. // Апынуцца па выніках на якім‑н. месцы. Заняць прызавое месца ў спаборніцтвах. □ Адам Мігай, якому перадалі новы трактар, заняў першае месца. Шамякін. // Замацаваць за сабой (месца ў чарзе). Кіра заняла чаргу ў касу, каб узяць усім талоны. Карпаў.

3. Авалодаць якой‑н. тэрыторыяй, населеным пунктам і пад. Полк штурмам заняў варожы гарнізон. □ Атрад быў разбіты на групы, якія занялі пераправы на рэках. Чорны.

4. Запоўніць (які‑н. прамежак часу); працягнуцца. Шмат часу заняла прыборка і ўстаноўка вучэбных машын. Брыль. // Правесці пэўны час за якім‑н. заняткам. Хацелася б сустрэць каго-небудзь знаёмага — пагутарыць, заняць час. Пестрак.

5. Даць работу, занятак. Заняць у спектаклі маладых акцёраў. Заняць на ўроку ўсіх вучняў. □ Каб чым-небудзь заняць сваю ўвагу, [Андрэй] пачаў пазіраць за гасцямі. Шахавец.

6. Зацікавіць, цалкам захапіць. Работа Арцыховіча заняла, і ён не заўважыў, калі падышла і спынілася па той бок плоціка дзяўчына. Алешка. // Забавіць, не даць нудзіцца. Заняць гасцей.

7. Захапіць, збіраючы ў адно месца і гонячы куды‑н. (пра жывёлу). На світанку, як толькі даяркі падаілі кароў, пастухі занялі ўвесь статак і пагналі ў дарогу. Сабаленка.

8. Распачаць. Касцы прайшліся па два пракосы, занялі па трэцім. Дайліда. Трактар дайшоў да канца і, завярнуўшыся, заняў новыя барозны. Паслядовіч.

9. безас. Разм. Адняцца (пра мову). — Ды гавары ты ўжо! Ці табе заняло! Дуброўскі.

•••

Дух (дыханне) заняло (захапіла) каму ці ў каго — спынілася дыханне (ад моцнага хвалявання, хуткага бегу і пад.). Халодная, яшчэ зімовая вада адразу заняла дыханне. Грамовіч.

Заняць абарону — падрыхтавацца адбіваць атаку, напад ворага, размясціўшы адпаведным чынам войска, агнявыя сродкі. Неўзабаве дывізія атрымала загад заняць абарону на паўднёвы захад ад Віцебска і ва ўзаемадзеянні з суседам справа і злева спыніць наступленне немцаў. «Звязда».

Мову заняло каму — страціў здольнасць гаварыць. Чалавек увесь спалатнеў, яму заняло мову. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АРХІТЭКТУ́РА (лац. architectura ад грэч. architektōn будаўнік),

дойлідства, мастацтва праектавання і будаўніцтва будынкаў, збудаванняў і іх комплексаў, а таксама сістэма будынкаў і збудаванняў, якія фарміруюць прасторавае асяроддзе для жыцця і дзейнасці людзей. Архітэктура адначасова з’яўляецца і галіной матэрыяльнай культуры і маст. творчасці. Ствараецца ў адпаведнасці з патрабаваннямі і магчымасцямі грамадства, якое вызначае функцыян. прызначэнне і маст. лад архітэктуры. Паводле функцыян. прызначэння падзяляецца на жылую архітэктуру (гл. Жыллё), прамысловую архітэктуру, архітэктуру грамадскіх будынкаў і збудаванняў (гл. Грамадскія будынкі), садова-паркавую (гл. Садова-паркавае мастацтва). У асобныя галіны вылучаюць планіроўку і забудову гар. і сельскіх населеных месцаў (гл. Горадабудаўніцтва, Сельская архітэктура). Пры стварэнні матэрыяльнага асяроддзя жыцця і дзейнасці людзей архітэктура зыходзіць з патрабаванняў карыснасці, трываласці і прыгажосці. Адзін з асн. яе крытэрыяў — мэтазгоднасць. Архітэктура мае спецыфічныя сродкі выяўлення ідэйна-маст. зместу, гал. з іх — фарміраванне прасторы і архітэктоніка. Для гарманізацыі прасторавых формаў выкарыстоўваюць кампазіцыйна-вобразныя прыёмы і сродкі: сіметрыю і асіметрыю, кантраст і нюанс, рытм, прапорцыі, маштабнасць, вылучэнне гал. ў кампазіцыі, суразмернасць частак і цэлага і г.д. Маст. выразнасць твораў архітэктуры павышаецца падборам фактуры, колеру, дэкар. элементаў, выяўленнем формы з дапамогай святлаценю і інш. Асобны будынак, нават дасканалай маст. формы, успрымаецца сам па сабе, а разам з інш. аб’ектамі і ландшафтам стварае пэўную арх.-прасторавую сістэму, вышэйшай ступенню якой з’яўляецца арх. ансамбль. Найбольшы маст. эфект дасягаецца ў выніку сінтэзу архітэктуры з інш. відамі мастацтва (жывапіс, скульптура, дэкар.-прыкладное мастацтва, маст. канструяванне; гл. Сінтэз мастацтваў). Сукупнасць функцыян., канструкцыйных і маст. рысаў, уласцівых архітэктуры пэўнага народа ў вызначаны гіст. перыяд, складае яе стыль. Нац. характар архітэктуры выяўляецца ў яе асаблівасцях пэўнага народа або рэгіёна і звязаны з іх гіст. развіццём, эканомікай, культурай, этнічнымі і маст. традыцыямі. Найб. яскравы нац. характар маюць помнікі народнага дойлідства. Мясц. традыцыі архітэктуры часцей сінтэзуюцца з традыцыямі, агульнымі для многіх краін і народаў. У гэтым выяўляецца ўзаемаўплыў і ўзаемадзеянне мастацтва розных народаў, кожны з якіх робіць свой уклад ў сусветную архітэктуру.

Архітэктура зарадзілася, калі чалавек пачаў сам будаваць жыллё. Найб. раннія жылыя збудаванні на тэр. Беларусі адносяцца да часоў палеаліту (стаянкі каля вёсак Бердыж Чачэрскага і Юравічы Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл.). Пазней з’явіліся селішчы з наземнымі жытламі. Ад часоў бронз. і жал. вякоў у Англіі, Францыі, Арменіі і інш. краінах захаваліся культавыя мегалітычныя збудаванні — дальмены, менгіры, кромлехі (сусветна вядомы кромлех у Стоўнхенджы, Вялікабрытанія) і абарончыя збудаванні. У рабаўладальніцкіх дзяржавах, дзе ў руках маёмных класаў канцэнтраваліся сродкі і бясплатная рабочая сіла, былі дасягненні навукі і тэхнікі, ствараліся буйныя ірыгацыйныя сістэмы, абарончыя і культавыя забудаванні, манум. палацы і храмы (піраміды ў Гізе, храмы ў Луксоры і Карнаку ў Егіпце, зікураты Асірыі і Вавілоніі, Вялікая Кітайская сцяна, пячорныя храмы і ступы ў Індыі, храмы і палацы інкаў і ацтэкаў). У эпоху росквіту эгейскага мастацтва і гарадоў-дзяржаў (полісаў) Стараж. Грэцыі развівалася сістэма рэгулярнай планіроўкі гарадоў, узніклі разнастайныя тыпы жылых, культавых і грамадскіх будынкаў, грамадска-рэліг. цэнтры — акропалі (Афінскі акропаль), склалася сістэма арх. ордэра. Прасякнутая гуманіст. духам архітэктуры Стараж. Грэцыі значна паўплывала на далейшае развіццё сусветнага дойлідства. У Стараж. Рыме вял. значэнне набылі збудаванні, якія сведчылі аб магутнасці дзяржавы (форумы, амфітэатры, тэрмы, базілікі, палацы, аркі трыумфальныя), з’явіліся скляпеністыя перакрыцці, новыя буд. матэрыялы (Рымскі Калізей, Рымскі Пантэон). У эпоху сярэднявечча асн. тыпамі былі культавыя збудаванні (хрысц. цэрквы і манастыры ў Еўропе, мячэці і медрэсэ, маўзалеі ва ўсх. краінах), а таксама крапасныя і абарончыя замкі, крамлі. У Візантыі створаны буйныя купальныя збудаванні (Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). Візантыйская архітэктура зрабіла вял. ўплыў на дойлідства Балгарыі, Сербіі, Македоніі, Грузіі, Арменіі і Стараж. Русі. На землях Кіеўскай Русі ў 10—12 ст. будаваліся гарады, абарончыя ўмацаванні з магутнымі валамі і вежамі (Залатыя вароты ў Кіеве), храмы (Кіеўскі Сафійскі сабор, Наўгародскі Сафійскі сабор, Уладзімірскі Дзмітрыеўскі сабор), на бел. землях — Полацкі Сафійскі сабор, Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква, Віцебская Благавешчанская царква), княжацкія палацы. У 12—14 ст. на землях б. Стараж. Русі склаліся школы дойлідства: кіеўская, чарнігаўская, уладзіміра-суздальская, пскоўская, наўгародская, гродзенская, полацкая (гл. асобныя арт.). У 14—16 ст. фарміруецца руская, украінская, беларуская архітэктура. У 17—18 ст. высокага ўзроўню дасягнула рус., бел. і ўкр. драўлянае дойлідства (Кіжы, Новамаскоўскі Троіцкі сабор, Рубельская Міхайлаўская царква). Значны ўклад у развіццё архітэктуры сярэднявечча зрабілі народы араб. Усходу і Сярэдняй Азіі (гл. ў арт. Арабская культура), Паўд.-Усх. Азіі (храмавы комплекс Ангкор у Камбоджы, маўзалей Тадж-Махал у Агры, Індыя). У Зах. і Цэнтр. Еўропе ў канцы 10 ст. склаўся раманскі стыль — манастырскія комплексы з замкнутымі дварамі-клуатрамі, масіўныя храмы базілікальнага тыпу з некалькімі манументальнымі вежамі (саборы ў Мілане, Вормсе, Ілі і інш.). У 12 ст. ў Францыі, а потым у краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы пашырылася архітэктура готыкі са своеасаблівай канструкцыйнай сістэмай — нервюрнымі скляпеннямі, стральчатымі аркамі, аркбутанамі і т.д. (саборы ў Парыжы, Рэймсе, Ам’ене, Шартры ў Францыі, Кёльне, Марбургу ў Германіі, у Празе, Кракаве і інш.).

Важны этап гісторыі архітэктуры ў краінах Зах. і Цэнтр. Еўропы звязаны з эпохай Адраджэння, калі пашырылася буд-ва свецкіх будынкаў, ансамбляў, гарадскіх цэнтраў. На змену ананімнаму рамесніку-дойліду прыйшоў адукаваны спецыяліст-архітэктар, які ў сваіх праектах звяртаецца да ант. спадчыны і абапіраецца на дасягненні сучаснай яму культуры (Ф.​Брунелескі, Д.​Брамантэ, Мікелоца; тэорыю архітэктуры развівалі Л.​Б.​Альберці, Віньёла, А.​Паладыо і інш.). На Беларусі стыль эпохі Адраджэння выявіўся ў культавых (Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква) і замкава-палацавых (Мірскі замкава-паркавы комплекс, ратуша і замкавая брама ў Нясвіжы) пабудовах. У канцы 16 ст. ўзнік стыль барока са складанай сістэмай аб’ёму і прасторы, пластычнасцю і сакавітай дэкаратыўнасцю. Ён стаў пануючым у Італіі (арх. Л.​Берніні, Ф.​Бараміні), Германіі, Аўстрыі, Чэхіі, Іспаніі, Партугаліі, пашырыўся ў Расіі, а ў краінах Лацінскай Амерыкі набыў нац. маст. ўвасабленне. Першы помнік барока на Беларусі — Нясвіжскі касцёл езуітаў. Маст. сістэма позняга бел. барока мае назву віленскае барока. У 2пал. 17 ст. ў Францыі пачала складвацца архітэктура класіцызму, якая была гал. кірункам і ў 18 ст. пасля кароткачасовай успышкі дэкар. і вычварнага стылю ракако. Сярод франц. архітэктараў класіцызму вылучаліся Л.​Лево, Ж.​Ардуэн-Мансар, А.​Ленотр, К.​Перо, Ж.​А.​Габрыэль, К.​Н.​Леду. У Францыі класіцызм перыяду напалеонаўскай імперыі прыйшоў да халоднай параднасці ампіру. У Расіі ён адцясніў барока і праз абавязковыя «ўзорныя праекты» пашырыўся на звычайную забудову гарадоў. Росквіт рус. класіцызму на пач. 19 ст. адзначаны стварэннем манум. ансамбляў у Пецярбургу, Маскве і правінцыяльных гарадах. Яго прадстаўнікі — В.​Бажэнаў, М.​Казакоў, І.​Староў, Дж.​Кварэнгі, А.​Захараў, А.​Вараніхін, Ж.​Тама дэ Тамон, К.​Росі, В.​Бавэ, Дж.​Жылярдзі, А.​Грыгор’еў. На Беларусі канца 18 — 1-й пал. 19 ст. ў ліку помнікаў сталага класіцызму ў жыллёвай грамадз. і культавай архітэктуры Гомельскі, Сноўскі (Нясвіжскі р-н), Жыліцкі (Кіраўскі р-н), Радзівілімонтаўскі (в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на) палацы, Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы. У сярэдзіне 19 ст. класіцызм прыйшоў у заняпад. Пачалі ўзнікаць новыя тыпы збудаванняў, заводскія цэхі, шматпавярховыя фабрычныя будынкі, вакзалы, універсальныя магазіны, выставачныя павільёны, даходныя дамы; будынкі з металу і шкла («Хрустальны палац» у Лондане), вышынныя інж.-тэхн. збудаванні з метал. каркасам (Эйфелева вежа ў Парыжы). Група архітэктараў т.зв. чыкагскай школы ў ЗША стварыла спецыфічную форму вышыннага канторскага будынка — небаскроб. Аднак наватарскія канструкцыі часта губляліся ў дэкар. формах, якія ўзнаўлялі стылі розных эпох (гл. Эклектызм). У архітэктуры Беларусі канца 19 — пач. 20 ст. ўпор рабіўся на вонкавую дэкаратыўнасць фасадаў, развіваліся рэтраспектыўныя плыні: неакласіцызм (будынкі духоўнага ведамства і т-ва с.-г. страхавання ў Мінску, рэальнага вучылішча ў Гродне); неараманскі стыль (касцёл Сымона і Алены ў Мінску, касцёл у в. Воўчкавічы Мінскага р-на); несапраўдная готыка; неарускі стыль (Пазямельна-сялянскі банк у Віцебску, капліца ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл.). Супярэчнасць паміж традыц. архітэктурай і новай тэхнікай спрабавалі вырашыць архітэктары стылю мадэрн, які ўзнік у 1890-я г. Выкарыстоўваючы новыя буд. і маст. магчымасці, яны аддавалі перавагу пластычнай форме, якая набывала жывапісна-дэкар. трактоўку (А.​Гаўдзі ў Іспаніі, У.​Макінтош у Вялікабрытаніі, В.​Арта ў Бельгіі, Й.​Ольбрых, Й.​Гофман у Аўстрыі, Ф.​Шэхтэль у Расіі). На пач. 20 ст. шэраг архітэктараў спалучалі тэхн. дасягненні з нац. традыцыямі і класічнымі прынцыпамі кампазіцыі (А.​Перэ ў Францыі, О.​Вагнер і А.​Лоз у Аўстрыі, П.​Берэнс у Германіі, Х.​П.​Берлаге ў Нідэрландах). У архітэктуры складваецца рацыяналізм, гал. прынцып якога — максімальная мэтазгоднасць і дакладная адпаведнасць будынка яго прызначэнню. Рацыяналісты (Ле Карбюзье ў Францыі, прадстаўнікі арх. аб’яднання «Баўгаўз» у Германіі) шукалі выразнасці ў лаканізме формаў і іх кантрастах. У 1930-я г. рацыяналізм, пашыраны ў архітэктуры ўсіх развітых краінах, атрымаў назву функцыяналізм. Імкненню функцыяналістаў да універсальнасці формаў проціпастаўлялася т.зв. арганічная архітэктура, заснавальнікам якой быў Ф.​Л.​Райт. У пасляваенны час своеасаблівасцю нац. школ вылучаліся Фінляндыя (А.​Аалта), Японія (К.​Танге), Бразілія (О.​Німеер). У ЗША арх. Л.​Міс ван дэр Роэ стварыў канцэпцыю «універсальнай» архітэктуры, заснаванай на рытмічнай яснасці, прастаце геам. формаў і вял. унутраных прастораў. У процілегласць ёй развіўся кірунак бруталізму, які спалучаў функцыянальнасць пабудоў з наўмыснай масіўнасцю і грубай фактурай аголеных паверхняў (Л.​Кан і інш. ў ЗША). Усё большыя магчымасці буд. тэхнікі, якія дазваляюць ствараць складаныя прасторавыя формы зборных жалезабетонных абалонак і вантавых пакрыццяў, набылі маст. асэнсаванне ў збудаваннях П.​Л.​Нерві ў Італіі, Ф.​Кандэлы ў Мексіцы і інш. У 1970—80-я г. ў ЗША і Зах. Еўропе пашырыўся постмадэрнізм, які абвясціў вяртанне да рознастылёвых гіст. арх. формаў мінулых эпох (П’яцца д’Італія ў Нью-Арлеане).

У архітэктуры былога СССР таксама прасочваюцца пэўныя стылявыя змены. Рысы архітэктуры 1920 — пач. 30-х г. выявіліся ў пошуках новых формаў маст. выразнасці і рацыянальнага выкарыстання збудаванняў — лаканічнасць і прастата арх.-маст. вырашэння фасадаў (будынак Дзяржпрома ў Харкаве, Дом урада Рэспублікі Беларусь і інш.). Узніклі новыя тыпы грамадскіх будынкаў — палацы культуры, рабочыя клубы, фабрыкі-кухні, т.зв. дамы-камуны, у праектаванні якіх удзельнічалі групоўкі «канструктывістаў» (браты Весніны, М.​Гінзбург, І.​Леанідаў), «функцыяналістаў» (К.​Мельнікаў, М.​Ладоўскі) і інш. Дойліды старэйшага пакалення імкнуліся захаваць класічныя арх. традыцыі (А.​Шчусеў, І.​Жалтоўскі, І.​Фамін). З пачаткам пяцігодак сав. архітэктура перайшла да масавага стварэння буйных прамысл. комплексаў, жылых масіваў і цэлых гарадоў. З 2пал. 1930-х г. у архітэктуры грамадскіх будынкаў узніклі тэндэнцыі да захаплення параднасцю, заснаваныя на выкарыстанні класічнай спадчыны, што прывяло да часовага адыходу ад наватарскіх прыёмаў. Дасягненнем гэтага перыяду была рэалізацыя шырокіх горадабудаўнічых ідэй (ген. планы рэканструкцыі Масквы, Ленінграда, Мінска, Гомеля, Віцебска і інш.). У пасляваенны час паралельна з вырашэннем грандыёзных задач па аднаўленні і рэканструкцыі разбураных гарадоў, ствараліся новыя ансамблі гарадскіх цэнтраў. Удасканальваліся віды і тыпы збудаванняў, шырока ўкараняўся метад тыпавога праектавання. Разам з тым назіраўся і зварот да класічнай арх. спадчыны, імкненне да трыумфальнасці, што адбівалася на вырашэнні функцыян., тэхн. і эканам. аспектаў і тэмпе буд-ва. З укараненнем індустр. метадаў буд-ва пашыралася колькасць тыпавых праектаў жылых дамоў з павялічаным наборам тыпаў кватэр. Імкненне да утылітарнасці і эканоміі прывяло да манатоннай аднастайнасці архітэктуры. З 1970-х г. пачынаюць стварацца новыя жылыя раёны, дзе ў буд-ве выкарыстаны больш эстэтычна выразныя формы і планіровачныя прынцыпы, у т. л. Зялёны Луг і Усход у Мінску. Перадавыя тэхн. прыёмы давалі магчымасць стварыць грамадскія збудаванні са свабодным аб’ёмна-планіровачным вырашэннем (Палац з’ездаў у Маскве, палацы мастацтваў і культуры ў Алматы, Ташкенце, Ерэване, Кіеве, Рэсп. інфармацыйна-культурны цэнтр, павільён міжнародных выставак і Палац спорту ў Мінску, аэравакзал ў Брэсце і інш.). Важную ролю ў фарміраванні горадабуд. структур адыгрываюць мемарыяльныя збудаванні і комплексы, якія арганічна ўваходзяць у ансамблі населеных пунктаў і ландшафтаў. Гл. таксама раздзелы «Архітэктура» ў арт. пра Беларусь і інш. краіны і вял. гарады.

Літ.:

Всеобщая история архитектуры. Т. 1—12. 2 изд. М., 1970—75;

Витрувий. Десять книг об архитектуре: Пер. с лат. М., 1936;

Буров А.К. Об архитектуре. М., 1960;

Виолле ле Дюк. Беседы Об архитектуре: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1937—38;

Гропиус В. Границы архитектуры: Пер. с англ. М., 1971;

Мастера архитектуры об архитектуре. М., 1972;

Бэнэм Р. Взгляд на современную архитектуру: Эпоха мастеров: Пер. с англ. М., 1980;

Гидион З. Пространство, время, архитектура: Пер. с нем. 3 изд. М., 1984;

Ле Корбюзье. Архитектура XX в.: Пер. с фр. 2 изд. М., 1977;

Нимейер О. Архитектура и общество: Пер. с португ., англ. и фр. М., 1975;

Райт Ф.Л. Будущее архитектуры: Пер. с англ. М., 1960;

Архітэктура Беларусі: Энцыкл. давед. Мн., 1993;

Encyclopeadia of modern architecture. London, 1963;

History of world architekture. Vol. 1—14. New York, 1972—80;

Kraiewski K. Mala encyklopedia architektury I wnetrz. Wrocław etc., 1974;

Broniewski T. Historia architektury dła wszystkich. 2 wyd. Wrocław etc., 1980;

Benevolo L. Histoire de l’architecture moderne. [Vol.] 1—2. Paris, 1979—80;

Pevsner N., Fleming J., Honour H., Encyklopedia architektury. Warszawa, 1992.

А.​А.​Воінаў.

Да арт. Архітэктура. Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку. 1152—61 (уверсе); Дзмітрыеўскі сабор ва Уладзіміры. 1194—97.
Да арт. Архітэктура. Храм Геры ў Пестуме. Італія. 5 ст. да н.э.
Да арт. Архітэктура. Сабор у Ілі (Вялікабрытанія). 12 ст. (уверсе); палацца Ручэлаі ў Фларэнцыі (арх. Л.​Б.​Альберці і Б.​Раселіна). 1446—51.
Да арт. Архітэктура. Сабор Нотр-Дам у Шартры (Францыя). 1194—1260.
Да арт. Архітэктура. Палац Верхні Бельведэр у Вене. Арх. Л.​Гільдэбрант. 1722.
Да арт. Архітэктура. Мікалаеўская царква ў в. Кажан-Гарадок Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл. 1818.
Да арт. Архітэктура. Царква Саграда Фамілія ў Барселоне. Арх. А.​Гаўдзі. 1884—1926.
Да арт. Архітэктура. Алімпійскі спартыўны комплекс у Токіо. Арх. К.​Тангэ. 1960—64.
Да арт. Архітэктура. Капэла Нотр-Дам-дэю-О ў Раншане (Францыя). Арх. Ле Карбюзье. 1950—53.
Да арт. Архітэктура. П’яцца д’Італія ў Нью-Арлеане. Фантан. Арх. Ч.​Мур. 1976.
Да арт. Архітэктура. Галоўны корпус архітэктурна-будаўнічага факультэта БПА у Мінску. Арх. І.​Есьман, В.​Анікін. 1982.
Да арт. Архітэктура. Павільён міжнародных выставак у Мінску. Арх. Л.​Маскалевіч і інш. 1989.

т. 1, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

святло́, ‑а, н.

1. Прамяністая энергія, якая вылучаецца палымнеючым целам і ўспрымаецца зрокам. Скорасць святла. □ Ужо зусім сцямнела, і месяц, выплыўшы недзе з-за лесу, свяціў зямлі сваім халодным белым святлом... Васілевіч.

2. Асвятленне, характэрнае для якой‑н. часткі сутак. Святло дня прабілася ў хату праз вокны, і лямпа траціць пачала святло сваё. Чорны. // Світанне, усход сонца. І незадоўга, яшчэ да святла, Чырвоная Армія У горад прыйшла. А. Александровіч.

3. Крыніца і прыстасаванне для асвятлення чаго‑н. У хаце прыцямнела. Лукаш уключыў святло і пацягнуўся рукой да кнігі, што ляжала ў куце. Чарнышэвіч. У нястрымнай ліхаманцы.. [Хадоська] не бачыла, як сышоў дзень, як наступіў вечар, запалілі святло. Мележ. Святло на камінку мільгала, і цень Хведаравай постаці варушыўся на сцяне. Пальчэўскі.

4. Асветленае месца, месца, адкуль ідзе прамень, дзе светла. Праходзіць хвіліна-дзве, і ў святле ад кастра паказаўся здаравенны бураваты ганчак. Ракітны.

5. Светлае месца, светлая пляма, блік на карціне, у адрозненне ад ценю. Калі вецер з далоні здзьмухвае Цэлы луг дзьмухаўцоў на каменні, Дзеці ціха, даверліва слухаюць Пра кантраснасць святла і ценю, А пасля — ўсе! — малююць сонца Без адзінай плямінкі, чыстае. Бондар.

6. перан. Ззянне, бляск вачэй; радасна ўзбуджаны выраз твару, вачэй пад уплывам якога‑н. пачуцця. [Зося] не ўздрыгнула, не схамянулася — паглядзела сухімі, але напоўненымі святлом удзячнасці вачыма, спакойна адказала: — Я думаю, як хораша, што ёсць на свеце такія людзі, як Антон Кузьміч, як вы... Дзякую вам. Шамякін. І ўспаміны гэтыя засвяціліся ў.. вачах [бацькі] мяккім пяшчотным святлом. Васілевіч. Але і праз густое сівае шчацінне відаць было, як на старым худым.. [дзедавым] твары прабівалася святло радасці. Якімовіч.

7. перан.; звычайна чаго. Тое, што робіць зразумелым навакольны свет; тое, што дае пачатак чаму‑н. радаснаму, шчасліваму, што служыць асновай для чаго‑н. Святло яго [Леніна] ідэй відаць ва ўсіх кутках зямнога шара. «Звязда». Лёсу ў жыцці не жадаю другога, Хоць і нялёгка парою было. Тым задаволены я, што дарога Вывела з ценю мяне на святло. Смагаровіч. Толькі святло аконнае! Толькі святло ад маці! Гэтым святлом азораны, Я і прайду па свеце... Тармола. // Сімвал прагрэсу, навукі, праўды, шчасця. Над логавам фашызму быў узняты чырвоны сцяг перамогі святла над цемрай. Брыль. // Аптымістычныя, радасныя пачуцці. Яму [гораду] мы неслі мужнасць і адвагу, Сваю любоў, душы сваёй святло. Прыходзька. Хай жа ў кожным чэсным воку Сонца свеціцца здалёку, Каб маглі пазнаць усе, Хто ў жыцці не любіць змроку, Хто ў душы святло нясе! Гілевіч.

•••

Карпускулярная тэорыя святла гл. тэорыя.

Лямпа дзённага святла гл. лямпа.

Кідаць святло на што гл. кідаць.

Праліць святло на што гл. праліць.

У ружовым святле — ідэалізавана, лепш, чым на самой справе (бачыць, падаваць і пад. што‑н.).

У святле чаго — з пазіцыі чаго‑н., выходзячы з пэўнага пункту гледжання на каго‑, што‑н.

У святле якім — у якім‑н. выглядзе, з якога‑н. боку, якім‑н. чынам (выстаўляць, падаваць і пад.). Прыпомніў ён падзеі мінулага дня. Цяпер яны ўсталі перад дзедам у другім святле. Колас. [Сухадольскі:] Крыўда засцілае вочы і перашкаджае бачыць рэчы ў іх сапраўдным святле. Крапіва.

У чорным святле — змрочным, непрыглядным, горш, чым па самой справе (бачыць, падаваць і пад. што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАЛУ́МБІЯ (Colombia),

Рэспубліка Калумбія (República de Colombia), дзяржава на ПнЗ Паўд. Амерыкі. Мяжуе на У з Венесуэлай і Бразіліяй, на Пд з Перу і Эквадорам, на Пн з Панамай; на З абмываецца Ціхім ак., на Пн — Карыбскім м. Падзяляецца на 32 дэпартаменты і сталічную акругу. Пл. 1141,7 тыс. км². Нас. 37418 тыс. чал. (1997). Сталіца — г. Багата (Санта-Фе дэ-Багата). Афіц. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (20 чэрв.).

Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады без права перавыбару на другі тэрмін. Вышэйшы заканад. орган — Кангрэс, які складаецца з Сената (102 члены) і Палаты прадстаўнікоў (165 дэпутатаў), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Дэпартаменты ўзначальваюцца губернатарамі, якіх прызначае прэзідэнт, і асамблеямі, выбранымі насельніцтвам. Прэзідэнт назначае таксама кіраўнікоў нац. тэрыторый і мэра спец. раёна. У суд. сістэму ўваходзяць Вярх. суд і 27 суд. акруг, кожная з якіх мае свае вышэйшыя суды.

Прырода Паверхня К. падзяляецца на горны Захад і раўнінны Усход. Зах. ч. займае горная сістэма Андаў, якая складаецца з 3 хрыбтоў: Усх. Кардыльеры (выш. да 5493 м) з шырокімі міжгорнымі плато, Цэнтральнай з конусамі патухлых (Уіла, 5750 м) і дзеючых вулканаў (Руіс, 5400, Таліма, 5215 м) і Заходняй (выш. да 4250 м). Паміж хрыбтамі шырокія і глыбокія ўпадзіны — даліны рэк Магдалена і Каўка. На Пн вулканічны масіў Сьера-Невада-дэ-Санта-Марта з найвыш. вяршыняй краіны г. Крыстобаль-Калон (5775 м). На марскіх узбярэжжах нізіны. Усх. ч. занята нізінамі і раўнінамі басейнаў рэк Арынока і Амазонка. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны вугаль, жал., медныя і нікелевыя руды, золата, плаціна, серабро, ізумруды, уранавыя руды, фасфарыты, баксіты і інш. К. знаходзіцца ў экватарыяльным і субэкватарыяльным кліматычных паясах.

Сярэднія месячныя т-ры на нізінах да 29 °C, на выш. 1—2 тыс. м ад 17 да 22 °C, на выш. 2—3 тыс. м ад 13 да 16 °C. Ападкаў да 10 000 мм за год на Ціхаакіянскім узбярэжжы, да 4000 мм у бас. Амазонкі, каля 1000 мм (месцамі 200 мм) на Пн. Рачная сетка густая. Гал. рэкі: Магдалена з прытокам Каўка; Мета і Гуаўярэ — прытокі Арынока; Путумайо і Какета — прытокі Амазонкі. Каля 60% тэрыторыі пад лесам (пераважна гілея). На Пн і ПнУ участкі саваннаў (льянасы). У гарах вышынная пояснасць. Жывёльны свет: малпы, браняносец, лянівец, ягуар; з птушак папугаі, калібры, туканы; ёсць кракадзілы, чарапахі, яшчаркі. Нац. паркі: Чырыбікетэ, Парамільё, Сьера-Невададэль-Какуй, Сьера-Невада-дэ-Санта-Марта, Утрыя і інш.; некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Большасць (каля 95%) — калумбійцы, нацыя, якая склалася ад змяшэння індзейцаў (карэннае насельніцтва) з ісп. каланістамі і неграмі з Афрыкі. Метысаў каля 57%, белых каля 20, мулатаў каля 14, неграў каля 5%. Індзейцы (каля 0,5 млн. чал.) захаваліся ў асобных горных раёнах і трапічных лясах на У. Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін, нядаўнія эмігранты з Еўропы і Азіі. Вернікі пераважна католікі (больш за 95%), ёсць пратэстанты (каля 1%), асобныя групы індзейцаў захавалі свае традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 32,8 чал. на 1 км². Каля 80% насельніцтва жыве на марскіх узбярэжжах, у далінах і на міжгорных плато Андаў, дзе шчыльн. 200—300 чал. на 1 км², у трапічных лясах на У — каля 1—2 чал. на 1 км². У гарадах жыве 73% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1997): Багата — 6079, Медэльін — 3291, Калі — 1870. У прам-сці і гандлі занята 24%, у сельскай гаспадарцы — 30, у абслуговых галінах — 46% працаздольнага насельніцтва.

Гісторыя. Тэр. К. са стараж. часоў заселена шматлікімі індзейскімі плямёнамі (пераважна групы чыбча). У 1499 адкрыта іспанцамі і ўключана ў віцэ-каралеўства Перу, з 1717 у складзе віцэ-каралеўства Новая Гранада. Ісп. панаванне выклікала масавыя паўстанні, найб. значнае — камунерас (1781). У канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам еўрап. Асветніцтва і франц. рэвалюцыі (яе ідэі папулярызаваў А.Нарыньё) у Новай Гранадзе ўзнік рух за незалежнасць. У ліп. 1810 у Багаце ўспыхнула антыісп. паўстанне, створана Рэв. хунта, якая абвясціла незалежнасць краіны. Канчаткова К. вызвалена з-пад ісп. панавання ў 1819 (гл. Вайна за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26). У 1819—30 уваходзіла ў федэратыўную рэспубліку Вялікая Калумбія (прэзідэнт С.Балівар), пасля яе распаду (1830) створана рэспубліка Новая Гранада. У 1831 і 1840 Новая Гранада вяла войны з Эквадорам за свае паўд.-зах. межы; пагранічныя канфлікты з суседзямі працягваліся да канца 19 ст. З 1830-х г. у краіне ішла барацьба за ўладу паміж прадстаўнікамі Кансерватыўнай (прыхільнікі цэнтралізацыі дзяржавы і моцных пазіцый каталіцкай царквы) і Ліберальнай (выступалі за федэралізм і аддзяленне царквы ад дзяржавы) партый. У перыяд кіравання лібералаў адменена рабства (1852), уведзена федэралісцкая і антыклерыкальная канстытуцыя (1853). Ліберал Т.​С.​Маскера-і-Арбаледа (прэзідэнт у 1845—49, 1861—64, 1866—67) спрабаваў умацаваць федэратыўную структуру дзяржавы (у 1861—86 наз. Злучаныя Штаты Калумбіі), абмежаваць уплыў царквы (канстытуцыя 1863). Кансерватар Р.​Нуньес (прэзідэнт у 1880—94) дамогся прыняцця новай канстытуцыі (1886), паводле якой краіна ператворана ў цэнтралізаваную рэспубліку і атрымала назву К., царкве вернута большасць прывілеяў. Кульмінацыяй барацьбы кансерватараў з лібераламі стала грамадз. т. зв. «тысячадзённая вайна» (1899—1902), у выніку якой загінула больш за 100 тыс. калумбійцаў. У 1903 пры падтрымцы ЗША, зацікаўленых у буд-ве канала паміж Атлантычным і Ціхім акіянамі, ад К. аддзелена Панама, якая стала самаст. дзяржавай. Гэта паслужыла прычынай канфлікту паміж К. і ЗША, завершанага пагадненнем 1914, паводле якога К. прызнала незалежнасць Панамы. У 1-ю сусв. вайну К. захоўвала нейтралітэт. У 1921 К. заключыла пагадненне з ЗША, адмовіўшыся ад прэтэнзій на Панаму і Панамскі канал. Сусв. эканам. крызіс 1929—33 значна падарваў эканоміку краіны, арыентаваную на знешнія рынкі У 1930—46, калі на чале ўлады былі лібералы, узмацнілася барацьба сялян за зямлю.

У 2сусв. вайну К. выступіла на баку антыгітлераўскай кааліцыі. Забойства ў 1948 Х.Э.Гайтана выклікала хваляванні ў Багаце, якія перараслі ва ўзбр. паўстанне, задушанае ўладамі. У выніку дзярж. перавароту 1953 прэзідэнтам стаў ген. Г.​Рохас Пінілья, які ўстанавіў ваен. дыктатуру (у 1957 скінуты). У 1958—74 на чале ўлады знаходзіўся ліберальна-кансерватыўны блок Нац. фронт. Планы эканам. развіцця К., распрацаваныя Фронтам, былі звязаны з амер. праграмай Саюз дзеля прагрэсу і ўключалі праекты зямельнай рэформы (не рэалізаваны). Незадаволеныя адсутнасцю рэформ, сяляне захоплівалі землі, у гарадах адбываліся забастоўкі, узмацніліся антыўрадавыя дзеянні партыз. груповак. У канцы 1960-х г. сфарміраваліся 2 гал. партыз. арг-цыі: Рэв. ўзбр. сілы К. і Армія нац. вызвалення, у 1970 — Рух 19 красавіка (М-19). Пасля распаду ў 1974 Нац. фронту на чале ўлады да 1982 былі лібералы. Кансерватар Б.​Бетанкур Куартас (прэзідэнт у 1982—86) імкнуўся да аднаўлення міру ў краіне, заключэння перамір’я з партыз. групоўкамі і ўключэння іх у грамадска-паліт. жыццё. Гэтую палітыку беспаспяхова спрабавалі прадоўжыць лібералы, якія зноў прыйшлі да ўлады ў 1986. У 1987 6 гал. партыз. арг-цый стварылі каардынацыйнае кіраўніцтва — Партыз. дырэктарат імя С.​Балівара. Кампанія па перавыбарах прэзідэнта ў 1990 стала адной з самых крывавых у гісторыі К. (загінулі сотні грамадскіх і паліт. дзеячаў, некалькі тыс. мірных жыхароў). У сак. 1990 М-19 падпісаў з урадам пагадненне пра спыненне ўзбр. барацьбы і ператварэнне ў легальную паліт. партыю; інш. арг-цыі з канца 1990 аднавілі ўзбр. дзеянні. Адначасова ўрад распачаў барацьбу з наркамафіяй (К. з даўніх часоў з’яўляецца адным з буйнейшых у свеце вытворцаў какаіну), у 1994—96 ліквідаваны ці арыштаваны кіраўнікі буйнейшых наркакартэляў.

Неаліберальная палітыка прэзідэнта С.​Гавірыі Трухільё (1990—94) прывяла да паляпшэння эканам. сітуацыі ў краіне, што дало магчымасць аднаму з лідэраў Ліберальнай партыі Э.​Самперу Пісана выйграць прэзідэнцкія выбары 1994. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Партыі: Ліберальная, Сацыял-кансерватыўная, Дэмакратычны альянс — М-19, Калумбійская камуністычная. Прафс. аб’яднанні: Усеагульная канфедэрацыя працы, Канфедэрацыя працоўных К., Саюз працоўных К. і інш.

Гаспадарка. К. — аграрна-індустр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 100,2 млрд. дол., каля 2700 дол. на 1 чал. Доля прам-сці ў ВУП 26%, сельскай гаспадаркі 19%, абслуговых галін 43%. Значныя пазіцыі ў эканоміцы займае замежны капітал. Сярод галін прам-сці найб. развіта горназдабыўная. Каля ​3/4 кошту яе прыпадае на здабычу нафты і прыроднага газу. У 1996 здабыта 32 млн. т нафты і каля 5 млрд. м³ прыроднага газу. Асн. раёны здабычы — даліна р. Магдалена і ПнУ (каля граніцы з Венесуэлай). Здабываюць (1995) каменны вугаль — 25 млн. т (на Пн і ў цэнтр. раёнах), нікель — 20 тыс. т, золата — каля 30 т, плаціну — каля 8 т, ізумруды — каля 7,2 млн. каратаў (90% сусв. здабычы, асн. руднікі ва Усх. Кардыльеры), серабро, жал. і медныя руды, баксіты, цынк, свінец, сурму, фасфарыты, серу, гіпс, каменную соль, уранавыя руды. Вытв-сць электраэнергіі 47 млрд. кВт гадз (1995), 75% яе даюць ГЭС, 25% — ЦЭС на каменным вугалі і нафце. У апрацоўчых галінах пераважаюць сярэднія і невял. прадпрыемствы. Чорная металургія прадстаўлена заводамі ў Медэльіне і каля Багаты. У маш.-буд. прам-сці найб. ролю адыгрываюць аўтазборачныя прадпрыемствы (у 1994 сабрана з імпартных дэталей і вузлоў 65 тыс. легкавых аўтамабіляў і 15,7 тыс. грузавых), з-ды па выпуску абсталявання для цукр., дрэваапр. і тэкст. прам-сці; гал. цэнтры — Багата і Калі. Баранкілья — цэнтр суднабудавання, Багата — эл.тэхн. прам-сці. Штогод перапрацоўваецца каля 15 млн. т нафты; асн. цэнтры Баранкілья і Картахена. Хім. прам-сць выпускае штучныя і сінт. валокны, мінер. ўгнаенні, соду і інш.; асн. цэнтры — Медэльін і Букараманга. Працуюць прадпрыемствы па вытв-сці сінт гумы і аўтамаб. шын. У Багаце некалькі прадпрыемстваў хім.-фармацэўтычнай прам-сці. Харч. і харчасмакавая галіны даюць каля 30% кошту прадукцыі апрацоўчай прам-сці, тэкст. — каля 13%. Шматлікія прадпрыемствы па апрацоўцы кавы, какавы, тытуню, цукр. трыснягу, вытв-сці мукі, круп, хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, безалкагольных напіткаў і інш. У 1995 атрымана 2080 тыс. т цукру і 1510 млн. л піва; гал. цэнтры — Багата, Медэльін, Букараманга, Калі, Картахена. Каля 75 выпуску тэкст. прадукцыі дае Медэльін. Выпускаюцца разнастайныя буд. матэрыялы, цэмент (9,2 млн. т. у 1994) і інш. Развіты гарбарна-абутковая, швейная, дрэваапр., мэблевая, паліграф. прам-сць, разнастайныя саматужныя промыслы (экспартнае значэнне маюць выраб саламяных капелюшоў-панам і керамікі). Больш за 74 прамысл. прадукцыі вырабляецца ў гарадах Багата, Медэльін, Калі і Баранкілья. Каля 73 кошту сельскай гаспадаркі дае раслінаводства. Найб. развіта вырошчванне экспартных культур — кавы, бананаў, какавы, трапічных фруктаў, тытуню, кветак і інш. Апрацаваныя землі складаюць каля 5%, паша — каля 20% пл. краіны. Да 30% апрацаваных зямель (каля 1500 тыс. га) займаюць плантацыі кавы. У вырошчванні яе занята каля 40% прац. рэсурсаў краіны. У 1995 атрымана 810 тыс. т кавы (каля 15% сусв. вытв-сці, 2-е месца ў свеце пасля Бразіліі), 62 тыс. т какавы, каля 1,7 млн. т бананаў, 23 тыс. т тытуню, 0,3 млн. т ананасаў. Плантацыі кавы ў горнай ч. краіны на выш. 1000—2000 м, бананаў — у нізінных раёнах. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць (збор тыс. т, 1995): рыс — 1749, кукурузу — 1085, бульбу — 3200, а таксама сорга, ячмень, садавіну і агародніну. Урад вядзе жорсткую барацьбу з незаконным вырошчваннем на тайных плантацыях кустоў кокі, з лісця якой вырабляюць наркотык какаін. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, мяснога кірунку, арыентавана на ўнутр. патрэбы. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995): буйн. раг. жывёлы — 26018, свіней — 2635, коней — 2000, авечак — каля 3000, мулаў і аслоў — каля 800. Асн. раёны жывёлагадоўлі — прыбярэжныя нізіны на Пн і бас. р. Арынока (льянасы). Каля вял. гарадоў развіты малочная жывёлагадоўля і птушкагадоўля (у 1995 атрымана 315 тыс. т яец). Улоў рыбы каля 100 тыс. т, у асноўным у Ціхім акіяне. Транспарт аўтамаб., чыг., унутр. водны, марскі. Даўж. чыгунак 3435 км, аўтадарог 107,2 тыс. км (у т. л. 12,6 тыс. км з цвёрдым пакрыццём), унутр. водных шляхоў 8,9 тыс. км, нафтаправодаў 2,5 тыс. км. Аўтатранспарт перавозіць каля 90% унутр. грузаў. Гал. рачная магістраль — р. Магдалена. Сувязі з замежнымі краінамі пераважна марскім транспартам. Гал. парты: Баранкілья, Санта-Марта, Картахена (на Карыбскім м.), Буэнавентура і Тумака (на Ціхім ак.). У пасажырскіх зносінах вял. роля авіяц. транспарту. Міжнар. аэрапорты каля Багаты, Медэльіна, Калі, Баранкільі. У 1995 экспарт склаў 9764 млн. дол., імпарт 13 853 млн. дол. К. вывозіць каву (да 50% экспарту), бананы, нафту і нафтапрадукты, ізумруды, кветкі, бавоўну, рыс, хім. прадукты, вугаль, буд. матэрыялы; увозіць аўтатрансп. сродкі, машыны, абсталяванне, сыравіну, паўфабрыкаты, харч. і спажывецкія тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША, Германія, Японія, Венесуэла, Бразілія. К. прадае ў Беларусь каву, садавіну, лесаматэрыялы, купляе шыны, трактары, часткі і абсталяванне аўтамабіляў. Грашовая адзінка — калумбійскае песа.

Літаратура. Развіваецца на ісп. мове. Фальклор індзейцаў збярогся ў запісах 19 ст. Л-ра каланіяльнага перыяду звязана з ісп. культурай: гіст. і быт. хронікі Х. дэ Кастэльянаса, Х.​Радрыгеса Фрэйле, рэліг. і свецкая тэматыка ў прозе Х.​Баўтысты дэ Тора, рэліг.-містычныя кнігі Ф.​Хасефы дэль Кастыльё. Перыяд нац.-вызв. рэвалюцыі і станаўлення самаст. дзяржавы характарызуецца пераарыентацыяй на ідэі змагароў за незалежнасць Паўн. Амерыкі, франц. асветнікаў. Найб. развіццё атрымалі публіцыстыка (А.​Нарыньё), рэв. паэзія. Уплыў Ж.​Ж.​Русо прадвызначыў устойлівую сентыментальна-рамант. накіраванасць л-ры на працягу 19 ст. і пазней. Л-ра гэтага перыяду набыла нац. рысы ў творчасці Х.​Х.​Ортыса, Х.​Арбаледы, Х.​Э.​Кара, Р.​Помба, Х.​Ісаакса (раман «Марыя», 1867 — першы буйны твор нац. прозы). На апісанне нац. звычаяў і побыту (т. зв. кастубрызм) арыентаваліся Х.​М.​Сампер, Х.​М.​Вергара-і-Вергара. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацніліся сац.-крытычныя тэндэнцыі (Т.​Караскілья). Гэты перыяд адметны і пашырэннем мадэрнізму (ХА.​Сільва, Г.​Валенсія, Х.​М.​Варгас Віла). Паэты авангарда 1920-х г. — Л. дэ Грэйф, Р.​Мая. Сац. раман Х.​Э.​Рыверы «Бездань» пра жорсткую эксплуатацыю зборшчыкаў каўчуку даў пачатак т. зв. л-ры зялёнага пекла. Рэаліст. традыцыі прадоўжылі С.​Урыве П’едраіта, Х.​А.​Асорыо Лісараса. Сац.-крытычныя тэндэнцыі выявіліся ў творчасці т. зв. паэтаў стагоддзя (Л.​К.​Лопес, П.​Барба Хакоб). Арыентацыяй на псіхалагізм, сюррэалізм вызначаецца творчасць Х.​Рэстрэпа Харамільё, А.​Альварэса Льераса. У 2пал. 20 ст. ідэйна-эстэт. дыяпазон нац. паэзіі і прозы пашыраецца. Тэматыка непарыўна звязана з гісторыяй асваення кантынента, трагедыяй грамадз. войнаў.

Значнае месца ў л-ры гэтага часу належыць творчасці Э.​Кабальера Кальдэрона (раманы «Не прызнаны Хрыстос», «Сьерва беззямельны»), Д.​Кайседа (раман «Сухі вецер»), Г.Гарсіі Маркеса. Актуальная праблематыка і маст. вырашэнне ўласцівы паэтам К.​Кастра Сааведры, М.​Сепеду Варгасу, Ф.​Арбелаэсу, Э.​Эскабару, празаікам Д.​Руісу Гомесу, А.​Дуке Лопесу, Р.​Э.​Бургасу. На бел. мову асобныя творы Гарсіі Маркеса перакладалі К.​Шэрман, С.​Шупа, В.​Тарас.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Са стараж. часоў на тэр. К. развіваліся культуры індзейцаў чыбча-муіскаў, тайрона, кімбая: Сан-Агусцін (1-е тыс. да н.э. — 1-е тыс. н.э.; свяцілішчы з каменных пліт; рэльефы з выявамі жывёл і людзей; статуэткі з золата, серабра, тэракоты; залатыя ўпрыгожанні з выявамі ідалаў-«тунхас»; 2—3-метровыя каменныя схематычныя фігуры людзей, часта са звярынымі рысамі; арнаментальныя размалёўкі), Нарыньё (гратэскавыя статуэткі), Каліма і Сіну (вырабы керамічныя і са сплаву золата з меддзю). Будавалі каменныя храмы і ўмацаванні, драўляныя дамы. У 16—18 ст. гарады мелі прамавугольную сетку вуліц, дамы з цэглы і адобы з галерэямі ва ўнутр. дамах, каменнымі і цаглянымі парталамі. Кляштарныя цэрквы вылучаліся строгімі маналітнымі аб’ёмамі. У 16—17 ст. склалася мясц. школа жывапісу (размалёўкі цэркваў і дамоў, партрэты, алегарычныя карціны з быт. сцэнамі). Пад уплывам італьян. маньерызму развівалася творчасць А.​Асэра дэ ла Круса, элементы барока ў жывапісных партрэтах Г. дэ Фігероа і Б. дэ Варгаса Фігероа. Шэрагу мастакоў уласціва імкненне да перадачы суровай праўдзівасці вобразаў, моцная пластычная лепка (Г.​Васкес і інш.). У 18 ст. жывапіс набыў больш штучны і манерны характар. Скульптура 17—18 ст. вылучаецца багатай дывановай разьбой у інтэр’ерах цэркваў, спалучэннем хрысц. і індзейскіх сімвалаў, выкарыстаннем матываў трапічнай прыроды. У 19 — пач. 20 ст. гарады захоўвалі традыц. выгляд, узводзіліся і пабудовы ў духу класіцызму, пазней — эклектыкі і мадэрну. 3 пач. 20 ст. пачалося прамысл. буд-ва, пад уплывам арх. школ Бразіліі і ЗША (арх. П.​Н.​Гомес Агудэла, Х.​Р.​Мантэра, Г.​Серана Камарга, М.​Г.​Салана, Ф.​Пісана і інш.) з’явіліся будынкі сучаснага тыпу. У жывапісе 19 ст. — тэмы барацьбы за незалежнасць (П.​Х.​Фігероа, Х.​М.​Эспіноса і інш.). У 2пал. 19 ст. ўзмацніліся ўплывы еўрап. акадэмізму (А.​Урданета), імпрэсіянізму (А. дэ Санта-Марыя), партрэтнага жывапісу (Э.​Гарай, Р.​Асеведа Берналь). З 1930-х г. павялічылася цікавасць да сац. праблематыкі (І.​Гомес Харамільё). Развіваюцца традыцыі рэаліст. быт. жанру і партрэта (М.​Дыяс Варгас, Э.​Мартынес, скульпт. Х.​А.​Бетанкур і інш.). Пад уплывам мекс. мастакоў пашырылася манум. мастацтва (Гомес Агудэла, Гомес Харамільё). Выкарыстанне індзейскіх традыцый уласціва творчасці жывапісцаў Л.​А.​Акуньі, А.​Рамірэса Фахарда, скульпт. Р.​Роса. Мадэрнісцкія кірункі прадстаўляюць А.​Абрэгон, Э.​Грау Арауха і інш. Захаваліся стараж. традыцыі ткацтва, пляцення і ганчарства.

Літ.:

Manual de Hustoria. Т. 1—3. Bogota, 1982.

І.​І.​Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), І.​Л.​Лапін (літаратура).

Герб і сцяг Калумбіі.
Да арт. Калумбія. Рынак у маленькім горадзе.
Да арт. Калумбія. Анды ў цэнтральнай частцы краіны.
Да арт. Калумбія. Плантацыі кавы каля г. Антыёкія.
Да арт. Калумбія. Від горада Баранкілья.

т. 7, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)