Ліха, лі́хо, лі́ка, лі́хінько ’бяда, гора, зло, няшчасце’ (ТСБМ, Нас., Сцяшк., Яруш., Бяльк., Шат., Грыг., Растарг., ТС, Сл. ПЗБ, Янк. 1; КЭС, лаг.; паўд.-усх., КЭС), ’боль’, ’нячыстая сіла, чартаўшчына’ (Нас.); ’эпілепсія’ (бялын., Нар. сл.), ’блага, кепска’ (КЭС, лаг.; ТС, Бяльк., ТСБМ), ліхо́ ’моташнасць’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), лі́хо паду́шчае, паду́шчэ лі́хо ’эпілепсія’ (Сл. ПЗБ, ТС); ліхі́, ліхі́й, ліхы́й, лыхы́й, лыхе́й ’благі, паганы, дрэнны’, ’нядобры’, ’злы (аб сабаку)’, ’хворы, худы, састарэлы, стары’, ’д’ябал’, ’смелы, удалы, маладзецкі’, ’рэзвы, жвавы, хуткі, імклівы (аб кані)’, ’адваротны бок матэрыі, адзення’ (Нас., Яруш., Мал., Бес., Касп., Шат., Янк. 1, Сцяшк., Маш., Мат. Гом., Клім., Федар. 1, ТСБМ, ТС, Сл. ПЗБ, Ян.; КЭС, лаг.; слонім., Нар. лекс.); ст.-бел. лихий ’нядобры, паганы, нізкаякасны, стары, непрыдатны’, ’злы, нячэсны, варожы’, ’неспрыяльны, непадыходзячы’ і другаснае (Булахаў, Гіст., 115) ’левы’. Укр. лихо, рус. лихо ’зло, бяда, няшчасце’, смал. ’нячыстая сіла’, ’злы лёс’, валаг., арханг. ’гора, смутак’; перм., алан. ’гультайства’, арханг. ’задавальненне’; ст.-рус. лихо ’зло’, ’лішка’, ’прыбыль’; польск. licho, драг. lich ’няцотны лік’, а з XVII ст. ’зло, няшчасце, бяда’, ’д’ябал’, каш. ’няшчасце’, ’няўдача, няпоспех’, чэш. licho ’няцотны лік’, ’няшчасце’, ’нячысцік’, мар. lichó ’няцотны’, славац. у выразах sudo licho, četno či licho, серб.-харв. та̏ко или лијо, ст.-слав. токъмоѥ и лихоѥ ’цот і лішка’, балг. лихо ’тупы чалавек’, прасл. lixo. Утворана ад прыметніка lixъ (укр. лихий, рус. лих, лихой, ст.-рус. лихый; польск., н.-луж. lichy, в.-луж. lichi, чэш., славац. lichú, славен. lȋh, серб.-харв. ли̑х, балг. лих, ст.-слав. лихъ) агульнай лініяй развіцця семантычнай структуры кораня якога lix‑ у слав. мовах быў, па-першае, пераход ад сінкрэтызму першапачатковага значэння кораня да расчлененых палярных якасных значэнняў: ’які перавышае норму’ і ’які не дасягае нормы’, па-другое, фарміраванне другасных якасных значэнняў, уласцівых усім або некаторым асобным слав. мовам, напрыклад н.-луж. ’свабодны’, рус. ’смелы, зухаваты’ (Сіліна, ОЛА–1975, 38). Узыходзіць да і.-е. *leiku̯‑so < *leiku̯‑ ’пакідаць’ (ст.-грэч. λείψᾰνον ’рэшта, астатак’, λειψό‑θριξ ’той, хто згубіў валасы’, лац. relinquō, ‑ere, relietus ’пакідаю’, літ. liẽkas ’няцотны, які застаецца пакінуты’, ãtlykis ’перапынак пасля работы’, лат. lìeks ’лішні, празмерны’, ст.-інд. rinákti ’пакідае, уступае’ (Фасмер, 2, 505; Слаўскі, 4, 228–229; 237–239; Бязлай, 2, 140. Махэк₂ (333) у прасл. lixъ бачыць дзве лексемы: 1) ’лішні, няцотны’; 2) ’злы, благі’. Няма падстаў). Сюды ж ліхам ’дрэнна; не так, як трэба; навыварат’ (Нас.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прапусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак.

1. каго-што. Дазволіць прайсці, даць дарогу каму‑, чаму‑н.; пусціць перад сабою каго‑н. — Хадзем у хату, чаго ж мы стаім сярод двара, — сказаў нарэшце Васіль Кузьміч і прапусціў на ганак мужчын. Пальчэўскі. Васіль устаў з-за стала, матка адразу адсунулася, прапусціла. Мележ. // Дазволіць каму‑н. увайсці ці ўехаць, прайсці ці праехаць на тэрыторыю, якая ахоўваецца. Салдат прапусціў мужыка за браму. Якімовіч. Васіль паказаў яму камандзіроўку райкома камсамола, і чалавек прапусціў яго без слова. Кулакоўскі. // Дазволіць друкаваць, ставіць на сцэне. Рукапісны варыянт цэнзура ўсё роўна не магла прапусціць. Бугаёў. [Юскавец:] — Адразу відаць — мала пішаце.., чытаеце, а калі і чытаеце, то не ўслухоўваецеся, не ўчытваецеся ў фразу. Яна для вас не гучыць, як музыка. Інакш вы не прапусцілі б такіх няўклюдных выразаў... Дамашэвіч. // Даць забіць (мяч, шайбу), не здолеўшы затрымаць. Прапусціць мяч у вароты.

2. што. Даць прайсці, пранікнуць праз што‑н. няшчыльнае. Прапусціць ваду. Прапусціць святло.

3. што. Прасунуць, працягнуць праз што‑н. Ермалай узабраўся на страху пограба і прапусціў канец дроту праз адтуліну. «ЛіМ». Эдзік прыбіў цвікамі кранштэйн да кармы лодкі, праз шківок прапусціў сталёвы тросік, на тросік павесіў павука-раму з напятай сеткай. Гаўрылкін. // Прымусіць прайсці праз што‑н. [Весялоў] ведаў, што немцы прапускаюць у дрот ток высокага напружання. Ці прапусцілі тут? Відаць, прапусцілі. Шашкоў. // Апрацаваць якім‑н. апаратам, прыладай. Прапусціць малако праз сепаратар. Прапусціць мяса праз мясарубку.

4. каго-што. Абслужыць, апрацаваць, даўшы магчымасць прайсці праз што‑н. Сталовая прапусціла за дзень тысячу чалавек. Прапусціць праз станцыю за суткі трыццаць цягнікоў. □ За месяц .. людзі мяняліся, палата прапусціла іх звыш дваццаці. Брыль.

5. каго-што. Прайсці, праехаць міма каго‑, чаго‑н.; прамінуць. Прапусціць два завулкі, а потым завярнуць. // Прайсці, праехаць міма, не заўважыўшы, празяваўшы што‑н. [Хлопчыкі] хадзілі па сенажацях між сажалак, пільна ўглядаючыся, каб не прапусціць новую раслінку. Чарнышэвіч. // Даць прайсці міма; упусціць. Дзеўкі таксама заўважылі Андрэя і прапусцілі трамвай, каб сустрэцца са сваім новым знаёмым. Шахавец. Тут.. [вучні] ўмовіліся з настаўнікам, што паедуць у суботу вечарам, каб часамі не прапусціць цягніка. Колас.

6. што. Зрабіць пропуск, пакінуць пустое месца. Прапусціць радок для прозвішча ў дакуменце. // Выкінуць, не ўспомніць пры чытанні, перапісванні і пад. — Ён [верш] доўгі, я на полі табе раскажу ўвесь, — Грыша спахапіўся, што прапусціў пяць радкоў. Пальчэўскі. Назаўтра маці зноў праверыла сшытак у Іры і ўбачыла, што яна прапусціла не літару, а цэлае слова. Гарбук. // Не з’явіцца на заняткі, пасяджэнне і пад. Павел прапусціў амаль цэлы месяц вучобы. Шахавец. [Юзік:] — За ўвесь год я ніводнага рабочага дня ў калгасе не прапусціў. Чорны. — Ведаеш, я сёння прапушчу шпацыр, — спакойна павярнуўшы да Максіма галаву, адказаў Давід. Машара.

7. што і без дап. Разм. Выпіць (віна, гарэлкі і пад.), з’есці што‑н. І раптам Вірчэўскі, хлопец наогул удалы, але аматар выпіць, унёс прапанову: — Ці не прапусціць бы нам, хлопцы, па маленькай? Хадкевіч.

•••

Прапусціць міма вушэй — не звярнуць увагі на тое, што гавораць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

добры, нядрэнны, неблагі, някепскі, высакаякасны, здатны, дасканалы, удалы, прыўдалы, варты, станоўчы, слаўны, спраўны, адмысловы, выдатны, адборны, адменны, узорны, прыкладны, бездакорны, няўкорны, беззаганны, зайздросны, цудоўны, ідэальны; прыстойны, людскі, хвацкі, ладны, першакласны, першагатунковы, стопрацэнтны, запраўскі, вартны, не абы-які (разм.); дыхтоўны, файны (абл.); непаўторны, сапраўдны, непараўнальны, незраўнаны, майстэрскі, класны, першы, найпершы, царскі, анельскі, бліскучы, крыштальны, залаты, рэдкі (перан.) □ во, ого, нішто, нішто сабе, клас, першага гатунку, першага сорту, першай рукі, першай маркі, што трэба, пашукаць трэба, нічога не скажаш, цаны няма, на пяць, на славу, як на падбор, як на заказ, хоць на выстаўку, хоць куды, будзь здароў

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)