Трыбалогія — навука аб працэсах узаемадзеяння цел пры іх адносным руху, а трыбатэхніка — сукупнасць інжынерных дысцыплін, што вырашаюць праблемы трэння, змазкі і зносу. Даследаванні на Беларусі пачаліся ў 1960-я г. пад кіраўніцтвам У.А.Белага ў Бел. ін-це інжынераў чыг. транспарту (цяпер Бел.ун-т транспарту), а таксама ў Аддзеле механікі палімераў (цяпер Ін-т механікі металапалімерных сістэм), Фізіка-тэхн. ін-це, Ін-це механікі і надзейнасці машын Нац.АН Беларусі, БДУ, Бел.нац.тэхн. ун-це, гомельскіх тэхн. ун-це і ун-це імя Ф.Скарыны і інш.
Трыбалагічныя даследаванні вядуцца ў наступных кірунках: трыбааналіз — фізіка, хімія і механіка паверхневых з’яў на кантакце цвёрдых цел (тэндэнцыя да мініяцюрызацыі вузлоў трэння ў прэцызійных механізмах, прыладах апрацоўкі інфармацыі і мікраэлектрамех. сістэмах узняла праблемы адгезіі, трэння і змазкі, а з’яўленне тунэльнай і атамна-сілавой мікраскапіі дазволіла перавесці даследаванні на нанаметровы атамна-малекулярны ўзровень); трыбаматэрыялазнаўства — даследаванне ўласцівасцей і стварэнне новых матэрыялаў для вузлоў трэння (распрацоўваюцца нанакампазіты на аснове ўсіх вядомых класаў матэрыялаў — металаў, керамікі, палімераў, інтэлектуальныя матэрыялы — магніта- і электракіраваныя кампазіты, самаарганізавальныя монаслаі, біяарган. сістэмы); трыбатэхналогія — распрацоўка сродкаў і метадаў атрымання кампанентаў трыбасістэм з прынцыпова новымі характарыстыкамі; трыбаманіторынг — інтэграваны падыход да дыягностыкі і бесперапыннага кантролю рабочых рэжымаў трыбасістэм. У галіне трыбатэхнікі ажыццяўляецца дзярж. падтрымка ў рамках праграм фундаментальных даследаванняў «Паверхня», «Матэрыял», навукова-тэхн. праграм «Трыбатэхніка», «Абарона паверхні», «Новыя матэрыялы і тэхналогіі». На Беларусі рэгулярна праводзяцца міжнар. канферэнцыі, з 1980 выдаецца міжнар. навуковы час. «Трэнне і знос», створана трыбалагічнае т-ва.
Літ.:
Макушок Е.М. Механика трения. Мн., 1974;
Трение и износ материалов на основе полимеров Мн., 1976;
Макушок Е.М., Калиновская Т.В., Белый А.В. Массоперенос в процессах трения. Мн., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Каро́ста1 ’кароста (хвароба)’ (ТСБМ, Шат., Мядзв., Гарэц., Сл. паўн.-зах., Федар. VI), укр.короста, рус.короста, ст.-слав.краста, балг.краста, макед.краста, серб.-харв.кра̏ста, славен.krásta. Агульнае значэнне ’кароста, парша, струпы’. Звяртае на сябе ўвагу ірл.carrach ’пакрыты струпамі, паршой’. У ірл. лексеме лёгка выдзяляецца суфікс ‑ach, а carr < *kars — ’скурная хвароба’, якое мае рэгулярныя славянскія адпаведнікі, яны ўзводзяцца да прасл.sъrx — (бел.шаршыць, рус.шершавый, чэш.srchý і балт.: літ.šiurkštùs ’грубы, шурпаты’, pašiùrti ’станавіцца грубым, шурпатым’). Параўнанне кельт. і слав. форм прыводзіць да неабходнасці рэканструяваць *k̑ors/*k̑ṛs. Гэта паказвае, што прасл.korsta адлюстроўвае кельцкую фанетыку і семантыку і з’яўляецца, такім чынам, лексічным пранікненнем (Мартынаў, Язык, 42).
Каро́ста2 ’кастрыца’ (Сл. паўн.-зах., Сцяшк.; Сцяц., зэльв.; Шатал., Бір. Пр.), укр.короста ’тс’, польск.krosta ’кастрыца, якая аддзяляецца пры часанні канапель’. Існуе тэндэнцыя змешваць кароста1 і кароста2 (гл. Трубачоў, Эт. сл. 2, 93–95), але кароста2 мае іншыя паралелі і перш за ўсё балтыйскія, чаго нельга сказаць пра кароста1: літ.karšti ’часаць лён, каноплі і інш.’ Відавочна, частка гэтых паралелей кантамінавалася з прасл.kostra (параўн. ст.-рус.костра ’грубая кара льну і канапель, якая застаецца пасля іх часання’, і серб.-харв.ко̏стрина ’кастрыца, адходы пры апрацоўцы льну’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АЎТАРЫТАРЫ́ЗМ (франц. autoritarisme ад лац. auctoritas улада, уплыў),
устаноўлены або навязаны палітычны рэжым з такой формай улады, якая сканцэнтравана ў руках аднаго чалавека або ў адным яе органе; форма паліт. свядомасці, сфарміраваная на аснове адносін да аўтарытэту наогул і да аўтарытэту ўлады ў прыватнасці.
Паняцце «аўтарытарызм» распрацавана прадстаўнікамі франкфурцкай школы на аснове сац.-псіхал. аналізу адпаведнага тыпу асобы — чалавека «натоўпу», які атаясамлівае сябе з аўтарытэтам групы, дзяржавы, з харызматычным лідэрам і праз іх навязвае грамадству свае густы і норавы. Паводле даследаванняў ісп. філосафа Х.Артэгі-і-Гасета, аўтарытарызм спараджае псіхалогія «аўтарытарнай асобы», яе нястомнае жаданне кіраваць грамадствам «пры поўнай да таго няздольнасці». Да гіст. формаў аўтарытарызму адносяцца антычныя і азіяцкія дэспатыі і тыраніі (Персія, Спарта і інш.), абсалютысцкія рэжымы сярэднявечча і Новага часу. Ідэя абсалютысцкага аўтарытарызму, манархічнага «парадку» набыла тэарэт. абгрунтаванне ў творах ультракансерватыўных ідэолагаў пач. 19 ст. Ж. дэ Местра і Л.Банальда як рэакцыя на франц. рэвалюцыю і сацыяліст. Рухі. У ням.паліт. думцы 19 ст. аўтарытарызм разглядаўся як моцны сродак нац. і сац. мабілізацыі і кіравання зверху працэсамі дзярж. будаўніцтва. У шматлікіх канцэпцыях 1-й пал. 20 ст. аўтарытарызм усё больш набываў нацыяналіст. і антыдэмакр. характар і звязваўся з месіянскай ідэалогіяй выключнасці адной нацыі або дзяржавы, усталявання «новага парадку», дыктатуры пралетарыяту і да т.п. Пры ваенна-паліцэйскіх і фаш. рэжымах, розных варыянтах «казарменнага сацыялізму» тэорыя і практыка аўтарытарызму была даведзена да яго крайняй формы — таталітарызму, дзе панаваў усеабдымны, татальны кантроль адной партыі, групы, ідэалогіі за жыццём усяго грамадства і не існавала ніякага інш. аўтарытэту, акрамя аўтарытэту правадыра, фюрэра, дучэ і гэтак далей
Тыповыя прыкметы і асаблівасці аўтарытарызму: празмерны цэнтралізм улады, беспярэчнае паслушэнства, безапеляцыйныя метады кіравання, паліт. бяспраўнасць асобы, прамая апора на ваенна-рэпрэсіўны апарат. Рэальная ўлада пры аўтарытарызме канцэнтруецца ў руках кіруючай эліты, якая складае аснову іерархічнай верт. структуры кіравання і падбіраецца ў адпаведнасці са спец. працэдурай. Для дасягнення сваіх паліт. мэтаў наменклатура насаджае ў масах фанатызм і рабалепныя адносіны да ўлады, абмяжоўвае свабоду слова і інфармацыі, шырока выкарыстоўвае пазаправавыя, гвалтоўныя метады расправы з апазіцыяй, перакладае віну за правалы ў сваёй палітыцы на міфічных унутр. і знешніх ворагаў. Аўтарытарныя метады кіраўніцтва праяўляюцца ў тых постсацыяліст. краінах Усх. Еўропы і б.СССР, дзе неэфектыўна дзейнічаюць дэмакр. механізмы дзярж. улады, дзе пашыраны сац. дэмагогія, масавая апеляцыя да «моцнай» улады і «моцнага» лідэра. Тут назіраецца тэндэнцыя да ўстанаўлення трох разнавіднасцяў аўтарытарызму: рэжыму рэстаўрацыі, які маюць намер аднаўляць ці ствараць блокі левых сіл і неакамуністаў; рэжыму т.зв. «нацыянал-патрыётаў», якія арыентуюцца на вялікадзярж. ідэі «саборнасці» і абмежавання нац. суверэнітэту; рэжыму, які манеўруе паміж рознымі паліт. сіламі і ствараецца прадстаўнікамі выканаўчай улады.
Літ.:
Ортега-и-Гассет Х. Эстетика;
Философия культуры: Пер. с исп. М., 1991;
Фромм М.Э. Душа человека: Пер. с нем. М., 1992;
Восточная Европа: политический и социокультурный выбор: Материалы междунар. науч.-практ. конф. Мн., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭ́РТ (італьян. concerto канцэрт, гармонія, згода ад лац. concerto спаборнічаю),
1) музычны твор, заснаваны на кантрастным гучанні поўнага выканальніцкага складу і асобных груп ці сола або кантраст розных груп інструментаў, вакальнага ці вак.-інструментальнага складу. Вядомы з 16 ст. як мнагахорны К. («Concerti» A. і Дж.Габрыэлі). Харавы К. a cappella як асн. жанр партэсных спеваў быў пашыраны ў праваслаўнай царк. музыцы спачатку на Беларусі і Украіне, з 17 ст. і ў Расіі (В.Цітоў, М.Беразоўскі, Дз. Бартнянскі). Гіст. разнавіднасці інстр. К.: канчэрта гроса, класічны сольны інстр. К. у санатна-цыклічнай форме для 1, радзей 2, 3 ( т. зв. двайны і трайны К.) салістаў з аркестрам (І.Гайдн, В.А.Моцарт, Л.Бетховен) і рамантычны 1-часткавы К. паэмнага тыпу (Ф.Ліст). Узоры К. стварылі таксама П.Чайкоўскі, С.Рахманінаў, А.Глазуноў, С.Пракоф’еў, Дз. Шастаковіч, А.Хачатуран і інш.
На Беларусі першыя інстр. К. створаны ў 2-й пал. 19 ст. (2 К. для скрыпкі М.Ельскага). У 1930-я г. напісаны Варыяцыі для трамбона з арк. Я.Цікоцкага, К. для фп. А.Клумава, для скрыпкі І.Столава. З канца 1940-х г. у якасці саліруючых выкарыстоўваюцца і духавыя (Фантазія для флейты з арк. М.Аладава), нар. (К. для цымбалаў Я.Глебава, І.Ронькіна, для балалайкі М.Русіна) інструменты. Пераважалі лірыка-жанравы (2-і К. для скрыпкі П.Падкавырава, Фантазія для скрыпкі Аладава, 2-і К. для фп. Э.Тырманд) і лірыка-гераічны К. (1-ы К. для скрыпкі Падкавырава, К. для фп. Цікоцкага). У 1960—90-я г. партыі сола пішуцца для віяланчэлі, кантрабаса, габоя, кларнета, валторны, баяна. Побач з лірыка-жанравым К. (К. для віяланчэлі і для кантрабаса А.Багатырова, 2 К. для фп. і К.-фантазія для фп. і аркестра бел.нар. інструментаў Г.Вагнера) развіваецца драм. тып К. (фп. «Капрычас» С.Картэса, К. для фп. Л.Абеліёвіча, К. для скрыпкі Г.Гарэлавай, Канцэрціна для віяланчэлі Дз.Смольскага); у асобных творах спалучаюцца прыкметы розных жанравых разнавіднасцей («Канцэрт-казка» для фп. Р.Бутвілоўскага, К. для трубы У.Дамарацкага). Выяўляецца тэндэнцыя да камернай трактоўкі жанру (2-і К. для фп. і 2-і К. для цымбалаў і струннага аркестра Смольскага, К. для кларнета і камернага аркестра Вагнера, для габоя і камернага арк. Э.Зарыцкага і У.Прохарава, для валторны і камернага аркестра Зарыцкага). Створаны К. для дзяцей (Канцэрціна для скрыпкі і струннага аркестра Смольскага), першыя К. для сімф. (А.Мдывані) і камернага (В.Войцік) аркестра.
2) Публічнае выкананне муз. твораў па аб’яўленай праграме. Бываюць таксама К. літаратурныя, харэаграфічныя, эстрадныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), неаген (ад неа... + грэч. genos нараджэнне, узрост),
2-я сістэма кайназойскай эратэмы (групы), адпавядае 2-му перыяду кайназойскай эры гісторыі Зямлі. Назву даў аўстр. геолаг М.Гёрнес у 1853. У стратыграфічнай шкале размяшчаецца пасля палеагенавай сістэмы (перыяду) і папярэднічае антрапагенавай сістэме (перыяду). Удакладненыя храналагічныя рамкі сістэмы 23,8—1,77 млн.г. назад. Падзяляецца на 2 аддзелы — міяцэнавы аддзел (эпоха) 23,8—5,32 млн.г. назад і пліяцэнавы аддзел (эпоха) 5,32—1,77 млн.г. назад.
У неагене аформіліся сучасныя абрысы сушы і мора, завяршылася гораўтварэнне Альпійскай геасінклінальнай вобласці, узніклі сучасныя астраўныя дугі. Хуткі рост гор суправаджаўся складка- і шар’яжаўтварэннем, вулканічнай дзейнасцю, глабальнымі ваганнямі ўзроўню акіяна. Гэтыя працэсы вызначалі пахаладанне клімату і расшырэнне зледзянення Антарктыды пераважна ў 2-й пал. неагену. Ваганні клімату мелі выразны рытмічны характар (у міяцэне прыкладна з 3,7 млн. гадоў). У раннім міяцэне — моцнае пацяпленне і гумідызацыя клімату Зямлі, максімум якіх адбыўся 17—15 млн.г. назад. Потым узмацнілася тэндэнцыя да пахаладання і арыдызацыі клімату, у 1-й пал. пліяцэну з’явіліся покрыўныя ледавікі ў Паўн. паўшар’і. Зніжэнне т-р выклікала дыферэнцыяцыю ландшафтных зон, якія да канца пліяцэну занялі блізкае да сучаснага становішча. На фарміраванне прыродных умоў Еўропы меў уплыў цёплы акіян Тэціс і звязаны з ім вялізны кантынентальны марскі басейн Паратэціс на Пд сучаснай Еўропы, якія з сярэдняга міяцэну пачалі распадацца, утварыўшы Міжземнае мора, Азова-Чарнаморскі і Каспійскі басейны. Да канца неагену сфарміраваліся сучасныя рысы рэльефу і гідраграфічнай сеткі Зямлі. Адклады неагену трапляюцца на ўсіх кантынентах (пясчана-гліністая, маласавая, наземна-вулканагенная фармацыі) і на дне акіянаў (пясчана-гліністая, карбанатна-абломкавая, біягенная і эвапарытавая фармацыі); уключаюць радовішчы нафты, бурага вугалю, лігнітаў, радзей каменнага вугалю. Есць радовішчы серы, каменнай солі, баксітаў, россыпы рэдкіх металаў, а таксама бентанітавых і палыгарскітавых глін, алунітаў, каалінітаў, галузітаў, буд. матэрыялаў, керамічнай і цэментнай сыравіны, ртуці, волава, свінцу, цынку і інш. У раслінным свеце на сушы панавалі вышэйшыя расліны: пакрытанасенныя і голанасенныя. Ва ўмераных шыротах (у т. л. на тэр. Беларусі) асноўным кампанентам лясной расліннасці былі лістападныя дрэвы. У жывёльным свеце з’явіліся хобатныя, коневыя, бавіды і інш.; адбылося адасабленне сярод прыматаў сям. гамінідаў і роду рамапітэк (14 млн.г. назад), які даў першага прамога продка сучаснага чалавека.
На Беларусі ў міяцэне вылучаны 2 надгарызонты: брынёўскі (уключае смалярскі і букчанскі гарызонты) і антопальскі (бурноскі, лозскі, дзятомлінскі і асоцкі гарызонты), пліяцэн адпавядае калочынскаму надгарызонту (з холмецкім і дварэцкім гарызонтамі). Адклады Н.с.(п.) прадстаўлены кантынентальнымі фацыямі рачнога, азёрнага і балотнага генезісу, займаюць значныя плошчы на Палессі. Месцамі выходзяць на паверхню. Магутнасць адкладаў у Падляска-Брэсцкай упадзіне да 36 м, Прыпяцкім прагіне да 60 м. Пераважаюць кварцавыя пяскі, алеўрыты і гліны (з перавагай каалініту, монтмарыланіту), сярод якіх трапляюцца праслоі і лінзы бурага вугалю. Распрацоўваюцца радовішчы тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, шкловых пяскоў, разведаны радовішчы бурага вугалю (Жыткавіцкае, Брынёўскае і Тонежскае).
Літ.:
Стратиграфия СССР Неогеновая система. Полутома 1—2. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАТРАЛІЗАВА́НЫЯ СВЯ́ТЫ,
калектыўныя мастацка-магічныя дзеі, прадстаўленні, карнавалы, інсцэніроўкі і падобныя да іх мастацкія формы, што ўзніклі на аснове міфалагічнага мыслення, сістэмы каляндарных рытуалаў і абрадаў стараж. эпохі.
Вытокі Т.с. у першабытных скоках як магічна-рытуальных прадстаўленнях да і пасля паляванняў, як адлюстраванне ўрачыстых родава-племянных падзей — радзін, ініцыяцый, шлюбна-любоўных звычаяў і інш. Пашыраны ў сярэдневякоўі на аснове абрадавага фальклору. З прыняццем хрысціянства пачаўся працэс уключэння ў структуру Т.с. хрысціянскіх элементаў. Некаторыя з іх (Каляды — Раство Хрыстова, Вялікдзень — Пасха, Тройца — Сёмуха) сталі арган. спалучэннямі сімвалізуемых імі з’яў; другія ў большай ступені набылі хрысціянскі характар — Спас, Пакровы; многія захавалі прыродна-дахрысціянскую сутнасць — Гуканне вясны, Юр’я, Дзяды і інш.
Каляндарныя Т.с. беларусаў захавалі падпарадкаванасць гадавому колу сонца. Найважнейшыя з іх: веснавыя — Стрэчанне-Грамніцы, Масленіца, Гуканне вясны, Саракі, Камаедзіца, Звеставанне (гл.Дабравешчанне), Вялікдзень, Юр’я, Ушэсце; летнія — Зялёныя святкі, Купалле, Пятро, Зажынкі—Жніво—Дажынкі; восеньскія — Жаніцьба коміна, Багач, Пакровы, Дзяды; зімовыя — Піліпаўка, Каляды, Жаніцьба Цярэшкі, Шчодрык, Вадохрышча. На аснове светапогляду беларусаў, быццам душы нябожчыкаў могуць уплываць на дабрабыт, здароўе і лёс кроўных родзічаў, узніклі штосуботнія ўшанаванні памерлых — Дзяды. З традыцыі Дзядоў на Беларусі ўзніклі разнастайныя па змесце сямейныя Т.с. радзін, вяселля, памінак. У сярэдневякоўі на іх аснове ўзніклі прадстаўленні местачкоўцаў, гараджан, шляхты, паноў, баяр, пазней рэкрутаў, салдат, прыгонных і інш. Сучасныя святы — гістарычныя, прафесійныя, ваенныя, узроставыя ініцыяцыі (пасвячэнні, юбілеі) — набываюць тэатралізаваны характар. Папулярнымі ўсенароднымі карнаваламі на Беларусі застаюцца Каляды і Купалле. Сучасныя народныя Т.с. захавалі элементы фалькл. спадчыны. Самае распаўсюджанае — Навагодняе (1 студз. і 14 студз. ў праваслаўі). Сярод сучасных Т.с. дзяржаўных: Свята працы, Дзень Перамогі, Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі), Дзень Кастр. рэвалюцыі, а таксама Дажынкі (гл.Святы і святочныя дні); юбілейных: рэспубліканскія, абласныя. раённыя, гарадскія (напр., 900-годдзе Барысава — 29.6.2002), пасёлкаў і вёсак, прадпрыемстваў, калгасаў, саўгасаў, ВНУ, сярэдніх спец.навуч. устаноў, школ, гімназій, ліцэяў; дзеячаў навукі, мастацтваў, культуры. Зараджаюцца і развіваюцца і інш. Т.с.: «Багрымава восень» у Крошыне, «Звіняць цымбалы і гармонік» у Паставах, «Траецкі кірмаш» у Мінску, «Славянскі базар у Віцебску», «Тэатральная вясна» ў Маладзечне, рэгіянальнае свята «Пявучае поле» на возеры Нарач; ваенныя, гістарычныя, дзіцячыя, юнацкія; усталявалася свята Дзень бел. пісьменства і друку. У сучасных Т.с. назіраецца тэндэнцыя выкарыстання ўсіх відаў нар. і прафес. мастацтваў і паяднанне прафес. і аматарскага тэатр. мастацтваў. Сярод бел. рэжысёраў—стваральнікаў сучасных народных Тс. вылучаюцца М.Макарцоў, П.Гуд, В.Ліцьвінка.
Літ.:
Аляхновіч А., Лозка А. Зімовыя святы. Мн., 1999: Іх жа. Веснавыя святы. Мн., 2000;
Лозка А. Восеньскія святы Мн., 1995;
Яго ж Летнія святы. Мн., 2001;
Ліцьвінка В. Святы і абрады беларусаў 3 выд.Мн., 2001;
Адамовіч Я. Рана на Івана ... 2 выд.Мн., 2002;
Żygulski K. Święto i kultura. Warszawa, 1981.
В.Дз.Ліцьвінка, Я.К.Адамовіч.
Да арт.Тэатралізаваныя святы. Праводзіны зімы. Мінск.Тэатралізаванае свята «Звіняць цымбалы і гармонік». Паставы. 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАЛАВЕ́ЦТВА,
1) сукупнасць людзей, якія жывуць на Зямлі; тое, што народанасельніцтва.
2) Гіст. супольнасць людзей, якая склалася ў працэсе станаўлення і развіцця эканам., паліт., культ. і інш. сувязей паміж рознымі краінамі і народамі свету.
Паводле разлікаў дэмографаў, з часу з’яўлення краманьёнцаў (50—40 тыс.г. назад) на Зямлі змянілася каля 1600 пакаленняў «чалавека разумнага» (Homo sapiens) і пражывала прыкладна 60—70 млрд. людзей. Лічыцца, што папуляцыя людзей розных біял.відаў і іх падвідаў, якія адначасова пражывалі на Зямлі 1 млн.г. назад, налічвала каля 100 тыс. індывідаў, да моманту з’яўлення віду Homo sapiens больш за 50 тыс.г. назад — прыкладна 500 тыс., 40—30 тыс.г. назад — каля 5 млн. Да пач. 4-га тыс. да н.э. пасля пераходу людзей да земляробства і жывёлагадоўлі на Зямлі пражывала ўжо прыкладна 100 млн.чал. У наш час, паводле звестак ААН, на нашай планеце жыве каля 6 млрд. чалавек. Сучаснае Ч. разнастайнае ў расавых, этн. і культ. адносінах. У адрозненне ад рас шматлікія этнасы (плямёны і іх саюзы, народнасці, нацыі), з якіх складаецца Ч., уяўляюць сабой не біял., а сац.-гіст. супольнасці людзей, якія развіваюцца дзякуючы салідарнасці з сабе падобнымі паводле мовы, ладу жыцця, культ. і інш. прыкмет (гл.Антрапагенез, Антрапасацыягенез).
З моманту ўзнікнення розных лакальных і рэгіянальных цывілізацый эвалюцыя Ч. адбывалася на аснове ўласнага развіцця і запазычання народамі дасягненняў матэрыяльнай і духоўнай культуры інш. народаў. Гісторыя Ч. традыцыйна разглядаецца шляхам падзелу яе на Стараж. свет, сярэдневякоўе, новы час. У эвалюцыі Ч. вылучаюцца 4 тэхнал. эпохі: збіральніцтва і палявання, аграрная, індустрыяльнага грамадства, постіндустрыяльнага грамадства, інфармацыйнага грамадства. З сярэдзіны 20 ст. ўзмацнілася тэндэнцыя да інтэграцыі эканамічнай, навук.-тэхн., паліт. і культ. супрацоўніцтва. Узніклі новыя жыццёва важныя для Ч. глабальныя праблемы. З’явілася новая навука — глабалістыка, прадмет якой — агульныя заканамернасці развіцця сучаснага Ч. ва ўмовах антрапагенна перагружанай Зямлі, стварэнне мадэлей навукова і духоўна арганізаванага свету. Аб’ектыўны працэс больш цеснага яднання Ч. (глабалізацыі) стварае перадумовы для ўключэння многіх краін у агульнасусв. эканам. і навук.-тэхн. прагрэс, выкарыстання перадавых тэхналогій для ўласнага развіцця, стварэння агульнапланетарнай (глабальнай) цывілізацыі пры захаванні разнастайнасці нац. культур, умоў іх узаемнага ўзбагачэння. У 2002 Ген. Асамблея ААН прыняла спец. рэзалюцыю аб рэагаванні на глабальныя пагрозы і выклікі Ч. (тэхнагенныя катастрофы, рост злачыннасці і наркаманіі, міжнар. тэрарызм і інш.), якая прадугледжвае фарміраванне глабальнай сістэмы процідзеяння гэтым пагрозам і ажыццяўленне практычных мер, накіраваных на дынамічнае паступальнае развіццё ўсіх састаўных ч. сучаснага Ч.
Літ.:
Цивилизация: прошлое, настоящее и будущее человечества. М., 1988;
Моисеев Н.Н. Быть или не быть... человечеству? М., 1999;
Уткин А.И. Мировой порядок XXI в М., 2001;
Федотов А.П. Глобалистика: Начала науки о современном мире. 2 изд. М., 2002;
Тойнби А.Д. Цивилизация перед судом истории: Пер. с англ.М., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Су- — прыстаўка. Пры ўтварэнні іменных часцін мовы абазначае сумеснасць, саўдзел (субясе́днік, сунайма́льнік), сукупнасць, зборнасць (сузо́р’е, сукве́цце), падабенства ці няпоўную адпаведнасць у адносінах да прадмета або з’явы, выражанай у асноўвай частцы слова (сугле́й, суглі́нак, супе́сак), суадноснасць пэўнай якасці паміж прадметамі (сугу́чны, суразме́рны), збліжэнне, супадзенне ў прасторы або ў часе (суча́сны, суме́жны), унутранае адзінства чаго-небудзь (суцэ́льны); пры ўтварэнні дзеясловаў абазначае сумеснасць, суправаджэнне або ўстанаўленне суадносін паміж чым-небудзь (суіснава́ць, сумясці́ць). Прыіменная прыстаўка; у некаторых славянскіх мовах вельмі рана пачала змешвацца з прэфіксам *sъ‑ (гл. с‑, са‑, з‑), параўн. укр., рус.су‑, со‑, польск.są‑, ст.-чэш.sú‑, чэш.sou‑, славац.su‑, в.-луж., н.-луж.su‑, славен.so‑, серб.-харв.су‑, са‑, балг.су‑, съ‑, макед.са‑, со‑, ст.-слав.сѫ‑, соу‑ (сѫпрѫгъ, сѫсѣдъ, соумракъ). Прасл.sǫ‑ этымалагічна адпавядае прыстаўцы *sъn‑ або *sъ‑ у дзеясловах (гл. з‑). Праславянскае з першаснага *som‑, роднаснае ст.-прус.san‑ — прыстаўка пры назоўніках, sen — прыназоўнік, літ.sán‑/sam‑, są‑, гоц.sama‑, ст.-інд.sam‑, sa‑, авест.ham‑, ha‑, арм.ham‑. Гл. ESSJ SG, 1, 240; 254–255; Фасмер, 3, 791 з літ-рай; Бязлай, 3, 281; Борысь, 539; Махэк₂, 534; ЕСУМ, 5, 461. Пазней су‑ з дзеясловаў, утвораных ад назоўнікаў з прыстаўкай су‑ тыпу суседзіць < сусед, распаўсюдзілася на іншыя дзеясловы і зрабілася словаўтваральнай дзеяслоўнай прыстаўкай; гл. Борысь, Prefiks., 146–148. Заўважна тэндэнцыя пашырэння прыст. су‑ ў запазычаннях з рускай мовы замест прыст. са‑ са значэннем сумеснасці, якія ўспрымаюцца як калькі-пераклады з рускай мовы (Садоўскі, Беларусіка, 19, 231).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БРЭ́СЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка ў Беларусі. Размешчана на ПдЗ краіны, каля граніцы з Польшчай і Украінай. Утворана 4.12.1939. Пл. 32,3 тыс.км². Нас. 1518 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Брэст. У вобласці 16 раёнаў: Баранавіцкі, Брэсцкі, Бярозаўскі, Ганцавіцкі, Драгічынскі, Жабінкаўскі, Іванаўскі, Івацэвіцкі, Камянецкі, Кобрынскі, Лунінецкі, Ляхавіцкі, Маларыцкі, Пінскі, Пружанскі, Столінскі (гл. адпаведныя артыкулы), 20 гарадоў, у т. л. 5 абл. падпарадкавання — Брэст, Баранавічы, Кобрын, Лунінец, Пінск, 9 гар. пасёлкаў, 225 сельсаветаў, 2194 сельскія населеныя пункты.
Прырода. Характэрны раўнінны рэльеф (140—200 м), на Пд — пераважна нізінны. Вылучаюцца на ПдЗ раўніннае Брэсцкае Палессе, на У нізіннае Прыпяцкае Палессе, паміж імі платопадобная ўзвышаная раўніна Загароддзе, на ПнЗПрыбугская раўніна, на Пн Баранавіцкая раўніна і частка Навагрудскага ўзвышша, дзе знаходзіцца найвышэйшы пункт вобласці — 267 м. На ПнУ адгор’і Капыльскай грады. Карысныя выкапні: буд. камень (Мікашэвіцкае і інш. радовішчы ў Лунінецкім р-не), торф (больш за 400 радовішчаў), тугаплаўкія (радовішчы Гарадок, Гарадное і інш.) і цагельныя гліны, шкловыя (Гарадоцкае), фармовачныя і буд. пяскі, мел, жвір, сапрапель, бурштын, гаручыя сланцы і буры вугаль. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая і кароткая, лета доўгае і ўмерана цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -4,4 °C (Брэст) да -6,1 °C (Баранавічы), у ліп. ад 18 °C на З да 19 °C на У. Вегетац. перыяд 195—208 сут. Гадавая колькасць ападкаў ад 550 мм на ПдЗ да 645 мм на ПнУ, за летні перыяд — 400—450 мм. Гідраграфічная сетка густая. Рэкі належаць да басейнаў Дняпра (Прыпяць з прытокамі Піна, Ясельда, Бобрык, Цна, Лань, Случ, Стыр, Гарынь, Сцвіга), Віслы (пагранічны Зах. Буг з прытокамі Мухавец, Лясная, Спанаўка, Капаёўка), Нёмана (прыток Шчара). Суднаходныя каналы: Дняпроўска-Бугскі канал, Агінскі канал (не працуе), Мікашэвіцкі. Густая сетка меліярац. каналаў і канаў. З азёраў самыя вялікія Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае; вадасх. Лактышы, Сялец, Пагост. Глебы с.-г. угоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,8%), дзярнова-забалочаныя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (25,8%), дзярнова-падзолістыя (15,5%), тарфяна-балотныя (19,5%), паводле мех. складу пераважна пясчаныя (каля 40%) і супясчаныя (каля 35%). Асушаныя землі на Пд складаюць каля 50%, у асобных раёнах — больш за 70%. Сярэдняя лясістасць 36%, ад 10—20% у Пінскім, Драгічынскім, Кобрынскім, Жабінкаўскім р-нах да 43—53% у Лунінецкім, Івацэвіцкім, Ганцавіцкім. Лясы пераважна хваёвыя (каля 60%), бярозавыя (17%) і чорнаальховыя (15%), значныя плошчы пад дубровамі. Захаваліся буйныя лясныя масівы — Белавежская, Ружанская і Шарашоўская пушчы. Балоты, найчасцей нізінныя, займаюць каля 20% тэрыторыі, значная частка асушана. Пад лугамі 18,2% тэр., 2/3 з іх нізінныя. Для захавання каштоўных прыродных аб’ектаў, біял. разнастайнасці вял. значэнне маюць нац. парк Белавежская пушча, 12 заказнікаў, 29 ахоўных помнікаў прыроды. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС 4270 км² (13% тэр. вобласці) забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т. л. 470 км² са шчыльн. 5—15 Кі/км². На забруджанай тэр. каля 200 вёсак. Найбольш забруджаны землі Лунінецкага, Пінскага, Столінскага р-наў.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,6%), жывуць таксама рускія (9,2%), украінцы (3%), палякі (2,5%), яўрэі (0,3%) і інш. Гарадскога нас. 60,4%. Сярэдняя шчыльн. 46,4 чал. на 1 км², сельскага нас. 18,4 чал. на 1 км² і вагаецца ад 25,3 чал. на 1 км² у Брэсцкім да 13,3 чал. на 1 км² у Ганцавіцкім і Маларыцкім р-нах. Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Брэст (294,3), Баранавічы (172,9), Пінск (130,3), Кобрын (51,1), Бяроза (30,5), Пружаны (25,2), Лунінец (24,9). У 1985—95 зніжаюцца нараджальнасць і натуральны прырост, расце смяротнасць, павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост, адзначаецца адмоўны натуральны прырост сельскага насельніцтва.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гасп. комплексе. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадукцыі машынабудавання, лёгкай і харч. прам-сці, праяўляецца тэндэнцыя да ўзмацнення ролі лясной і дрэваапр. прам-сці і вытв-сці буд. матэрыялаў. У вобласці вырабляюць усе бел. электралямпы і газавыя пліты, амаль усё тэхнал. абсталяванне для лёгкай прам-сці, гандлю і грамадскага харчавання, для ліцейнай вытв-сці, кавальска-прэсавае абсталяванне, больш за 80% электрарухавікоў і баваўняных тканін, больш за 40% панчошна-шкарпэткавых вырабаў, больш за 30% дываноў і дывановых вырабаў, больш за 35% цукру, каля 30% кансерваў, амаль 20% мяса і масла, 27% драўнінна-стружкавых пліт, каля 20% клеенай фанеры. Прадукцыя прам-сці пастаўляецца на бел. рынак, у краіны СНД і інш. Больш за 80% прамысл. патэнцыялу вобласці сканцэнтравана ў вял. гарадах — шматгаліновых цэнтрах з буйнымі спецыялізаванымі прадпрыемствамі. Унікальнае для Беларусі Мікашэвіцкае вытв. аб’яднанне «Граніт» па здабычы буд. каменю, у г. Белаазерск — 2-я па магутнасці на Беларусі Бярозаўская ДРЭС. У вобласці (1993) каля 70 прадпрыемстваў харч. (цукр., мясной, малочнай, па перапрацоўцы садавіны і агародніны) прам-сці, 24 — лясной і дрэваапр., 23 — прам-сці буд. матэрыялаў. Яны працуюць на мясц. сыравіне, размешчаны пераважна ў сярэдніх і невял. гарадах і гар. пасёлках. Жыллёвым, меліярац., сельскім і дарожным буд-вам займаюцца 14 будтрэстаў, 181 буд.-мантажная арг-цыя (1993). Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні бульбы, збожжавых культур і цукр. буракоў. У 1993 на долю жывёлагадоўлі прыпадала 53% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Ва ўсх. і паўд.-зах. раёнах жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. У цэнтр. і зах. раёнах дадаткова вырошчваюць цукр. буракі, у паўн. раёнах — лён. Сельгасугоддзі займаюць 45% тэр. і складаюць 1475 тыс.га (1993). У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць пасевы збожжавых і зернебабовых, кармавых культур і бульбы (гл.табл. 1). Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад цукр. буракамі. Больш за 76% пасяўных плошчаў бульбы і больш за 67% агародніны прыпадае на асабістыя дапаможныя гаспадаркі насельніцтва. На фермерскія сял. гаспадаркі прыпадае 1556 га пасяўных плошчаў (1993). Жывёлагадоўля мяса-малочнага і малочна-мяснога кірунку. Дынаміка пагалоўя да 1990 была дадатная, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі (гл.табл. 2). Найб. колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Баранавіцкага, Камянецкага, Пінскага, Брэсцкага і Столінскага р-наў, малака — Пінскага, Пружанскага, Баранавіцкага, Камянецкага, Кобрынскага, яец — Баранавіцкага, Кобрынскага, Пружанскага р-наў.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 1074 км. Па густаце чыгунак (33,3 км на 1 тыс.км²) вобласць займае 1-е месца ў рэспубліцы. Праходзяць найважнейшыя міжнар. магістралі: Масква—Мінск—Брэст—Варшава, Вільнюс—Лунінец—Роўна, Ковель—Брэст і гал. чыгунка Палесся Брэст—Гомель. Чыг. вузлы: Брэст, Баранавічы, Лунінец, Жабінка. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,3 тыс.км. Асн. магістралі Брэст—Мінск, Брэст—Гомель. Вял. значэнне мае водны транспарт. У межах вобласці суднаходныя Прыпяць, Піна, Мухавец, Стыр, Гарынь, Дняпроўска-Бугскі і Мікашэвіцкі каналы. Нафтаправод «Дружба», газаправод Таржок—Мінск—Івацэвічы з адгалінаваннем на Кобрын—Брэст—Варшаву. У Брэсце і Пінску — аэрапорты.
Л.В.Казлоўская.
Да арт.Брэсцкая вобласць. Участак Дняпроўска-Бугскага канала ў Брэсцкім Палессі (уверсе). Жывёлагадоўчы комплекс у Брэсцкім раёне.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы Брэсцкай вобласці (тыс.га)
Гады
1990
1993
Уся пасяўная плошча
878,5
851,2
Збожжавыя і зернебабовыя
376
374,1
Тэхнічныя культуры
42,2
34,7
у т. л. цукровыя буракі
17,6
19,5
лён-даўтунец
14,4
9,8
Бульба
102
136,9
Агародніна і бахчавыя культуры
5,9
10,2
Кармавыя культуры
352,2
295,3
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ва ўсіх гаспадарках вобласці (тыс. галоў)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАФЕСІ́ЙНЫЯ САЮ́ЗЫ, прафсаюзы,
масавыя добраахвотныя арг-цыі працоўных (звычайна паводле галіновага прынцыпу) вытв. і невытв. сфер для абароны сац.-эканам. правоў і інтарэсаў іх членаў. Першыя П.с. ўзніклі ў канцы 18 ст. ў Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША.
Да сярэдзіны 19 ст. П.с. аформіліся ў Італіі, Германіі, Бельгіі і інш. краінах. У Рас. імперыі П.с. ўзніклі ў канцы 19 — пач. 20 ст., легалізаваны ў час рэвалюцыі 1905—07 (1906). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 П.с. ў СССР былі часткай парт.-сав. сістэмы ўлады. У 1-й чвэрці 20 ст. ў выніку абвастрэння сац. праблем і ўздыму рэв. руху П.с. кансалідуюцца на міжнар. ўзроўні. Найб. буйнымі і ўплывовымі міжнар.прафс. аб’яднаннямі сталі Амстэрдамскі інтэрнацыянал прафсаюзаў (1919—45), Міжнар. канфедэрацыя хрысц. прафсаюзаў (1920, з 1968 Сусветная канфедэрацыя працы), Чырвоны інтэрнацыянал прафсаюзаў (1921—37). Сац.-паліт. канфлікты 20 ст. сталі прычынай расколу міжнар.прафс. руху, як і рабочага руху ў цэлым, на 2 асн. плыні: сацыял-дэмакр. (рэфармісцкую) і камуніст. (рэвалюцыйную). У 1945 большасць П.с. свету стварыла Сусветную федэрацыю прафсаюзаў (СФП), з якой у 1949 вылучылася рэфармісцкая Міжнародная канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў (МКСП).
На Беларусі прафс. рух пачаўся ў канцы 19 ст. Сярод першых узніклі П.с. шчаціншчыкаў (1894), гарбароў Смаргоні, Беластока, Вільні, Ашмян і Крынак (1898), друкароў Гомеля (1901), гарбароў Віцебска (1904). Масавы прафс. рух разгарнуўся на Беларусі ў рэвалюцыю 1905—07. У маі 1907 тут зарэгістраваны 101 прафсаюз (14,5 тыс.чл.). Пасля Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917, у перыяд замежных інтэрвенцый і грамадз. вайны (1918—20) П.с. былі арэнай барацьбы розных паліт. сіл, але да пач. 1920-х г. у іх перамагла бальшавіцкая тэндэнцыя. 1-ы Усебел. з’езд П.с. (7—13.5.1921) завяршыў арганізац. афармленне бел. П.с. як ч.сав. грамадска-паліт. сістэмы, 4-ы з’езд (14—18.6.1924) стварыў Цэнтр. савет П.с. Беларусі. У 1937 П.с. БССР аб’ядноўвалі больш за 500 тыс.чл. Парушэнне дэмакр. прынцыпаў кіраўніцтва П.с. праявілася ў нескліканні з 1932 да 1958 прафс. з’ездаў. П.с. Зах. Беларусі (у складзе Польшчы) знаходзіліся пад уплывам розных паліт. сіл і былі нешматлікімі (каля 18 тыс.чл. у 1935). У перыяд ням.-фаш. акупацыі Беларусі (1941—44) з 1942 існавалі створаныя акупантамі і калабарацыяністамі прафаш. П.с. Пасля вызвалення рэспублікі (1943—44) адноўлена структура сав. П.с. На 1-й Бел. міжсаюзнай канферэнцыі П.с. (ліст. 1948) утвораны Бел.рэсп. савет прафсаюзаў (Белсаўпроф). З 1954 П.с. ўдзельнічаюць у рабоце Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). У 1980 П.с. БССР аб’ядноўвалі да 5 млн.чл. У 1960—80-я г. ўзмацнілася адзяржаўленне П.с., наданне ім некат. дзярж. функцый: яны займаліся вытв.-эканам., абарончай, культ.-выхаваўчай, нарматыўнай (па працоўных адносінах), міжнар. дзейнасцю, аздараўленнем працоўных, кіравалі бюджэтам дзярж.сац. страхавання. Ва ўмовах перабудовы з канца 1980-х узнікалі апазіц. да камуніст. улад свабодныя або незалежныя П.с. 17-ы з’езд П.с. Беларусі (5—6.10.1990) скасаваў Белсаўпроф, абвясціў стварэнне на яго базе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), а сябе — 1-м з’ездам. У 1990-я г. ва ўмовах змены эканам. адносін і паліт. сістэмы грамадства П.с. пазбаўлены дзярж. функцый і засяродзілі ўвагу на абароне сац.-эканам. правоў працоўных. У Рэспубліцы Беларусь зарэгістраваны (2000) 2 прафс. цэнтры: ФПБ (32 галіновыя прафсаюзы, 2 прафсаюзы прадпрыемстваў, 6 абл. аб’яднанняў, больш за 4,2 млн.чл.) і Бел. кангрэс дэмакр. П.с. (5 П.с., каля 15 тыс.чл.). П.с. Беларусі падтрымліваюць сувязі з прафс. цэнтрамі СНД, Еўропы, Азіі, Амерыкі, з МКСП, удзельнічаюць у рабоце МАП.
Літ.:
«Профсоюзы Беларуси: история и современность»: Материалы респ. науч.-практ. конф., посвящ. 90-летию профсоюз. движения в Беларуси, 75-летию 1 Всебел. съезда профсоюзов. Мн., 1996.