ВІШНЕ́ЎСКІ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 17.2.1955, в. Балотчыцы Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. мастак, графік. Чл.Бел. акадэміі выяўл. мастацтва (1995). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1979). З 1988 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе пераважна ў галіне станковай і кніжнай графікі. Выкарыстоўвае складаныя графічныя тэхнікі. Сярод станковых твораў: серыі афортаў «Будаўніцтва чалавека» (1987—88), «Птушкаловы» (1987—89); «Дзяды», «Pieta (Чарнобыльская)» (1995—96), афорты «Сейбіт», «Белы і чорны анёлы», «Рука-пісьмо» (усе 1991) і інш. Аформіў зб. вершаў Я.Коласа «Родныя вобразы», выканаў іл. да кніг «Вянок беларускіх народных песень» (1988), «Палата кнігапісная» М.Нікалаева, «Янка і Ружа» і «Ці вернецца князь Кук?» У.Ягоўдзіка (усе 1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́ЕЎ (Міхаіл Веніямінавіч) (н. 10.7.1922, г. Тамбоў, Расія),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Маскоўскі ін-тдэкар.-прыкладнога мастацтва (1950). З 1950 у Львоўскім ін-це дэкар.-прыкладнога мастацтва, з 1962 у Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе ў галіне керамікі. У аснове творчасці — легенды, казкі, алегарычныя сюжэты. Работы вылучаюцца кампазіцыйнай завершанасцю, вобразнай выразнасцю. Аўтар дэкар. кампазіцый «Лясная песня» (трыптых па творах Л.Украінкі, 1958); алегарычных скульптур «Бярэзіна» (1967), «Яблынька» (1979), «Лясун»; серыі «Поры года»; 5 дэкар. масак для фантана каля Дзярж.т-ра музкамедыі Беларусі (усе 1981); маст.-керамічнай абліцоўкі вытв. корпуса Бел. тэлебачання (1985), «Сцяпан Палубес», «Весці Чарнобыля», «Перакаці-поле» (усе 1990), «Казка» (1992) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВАЕ́ННЫЯ СПРА́ВЫ КАРАЛЯ́ СТАФА́НА БАТО́РЫЯ»
(«Sprawy wojenne króla Stefana Batornego»),
збор гіст. дакументаў пра ўладаранне Стафана Баторыя. Выдадзены ў 1887 у Кракаве (у серыі «Acta Historica», т. 11). Змешчаны 164 дакументы 1576—85: лісты Баторыя да Радзівілаў, Хадкевічаў; вітанне караля пры яго вяртанні з Лівонскай вайны 1558—82, дыярыушы Я.Збароўскага пра ўзяцце замкаў Веліж, Усвяты і Вял. Лукі, Л.Дзялынскага пра аблогу і ўзяцце Веліжа, Вял. Лук і Завалочча; вальнага сейма ў Варшаве 1581; матэрыялы па перагаворах Баторыя са шведамі ў 1582, яго перапіска з Іванам IV і інш. Дакументы ўзяты з архіўных сховішчаў Польшчы, перадрукаваны з выданняў 16 ст., польск. і рас. археаграфічных выданняў 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯСТРО́МЫ (ад бія... + грэч. stroma подсціл),
1) арганагенныя пабудовы, утвораныя арганізмамі жывёльнага і расліннага паходжання (сцелюцца па дне вадаёмаў). Бываюць слаістыя, радзей масіўныя пластападобныя. Марфалагічна біястромы як геал. целы — пласты, серыі пластоў або сплюшчаныя лінзы, палеагеаграфічна — падводныя зараснікі, лугі. Біястромы, якія развіваюцца адна над адной, могуць утвараць біястэпы. У асадкавых адкладах Беларусі вядомы выкапнёвыя, пераважна складзеныя з сіне-зялёных водарасцяў (страматаліты) бістромы ва ўтварэннях верхняга пратэразою і сярэдняга дэвону Аршанскай упадзіны, сілуру і ніжняга дэвону Брэсцкай упадзіны, верхняга дэвону і карбону Прыпяцкага прагіну. У Прыпяцкім прагіне бістромы цікавыя як пасткі нафты і газу.
2) Сучасныя каралавыя рыфы. Пры жыцці арганізмаў біястромы могуць уваходзіць у склад рыфа або яго лагуннай часткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАСІМЕ́НКА (Юрый Паўлавіч) (9.11.1948, в. Даўгінава Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 15.2.1997),
бел. графік. Скончыў Бел.тэатр.маст.Ін-т (1977). Выкладаў у Маладзечанскім муз. вучылішчы імя К.Агінскага (з 1995). Працаваў у кніжнай, станковай і абстрактнай графіцы, у жанры партрэта. Выканаў ілюстрацыі да кніг «Маўчанне травы» В.Зуёнка (1980), «Выбранае» Я.Коласа (1981), «Казкі і краскі» В.Віткі (1983), «Знак бяды» В.Быкава (1984), да «Беларускага календара» на 1992 год; серыі станковых работ «Поры года», паводле паэмы Коласа «Новая зямля» (1977), «Мае сябры» (1979), «Здані» (1980), «Кампазіцыя» (1991); партрэты Я.Коласа (1972), аўтапартрэт (1978), «Ніна» (1979), «Марыся» (1980) і інш. Яго творы вылучаюцца кампазіцыйнай і прасторавай выразнасцю, філасафічнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДКЕ́ВІЧ (Уладзімір Васілевіч) (н. 15.11.1954, г. Жодзіна Мінскай вобл.),
бел. графік і жывапісец. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1975), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1986). З 1987 выкладчык Бел.АМ (з 1997 дацэнт). Аўтар станковых графічных твораў: серыі «Хворыя воблакі» (1989), «Вяртанне Францыска Скарыны» (1990), «Стварэнне свету» (1992), «Вузлы і дрэвы» (1995) і інш. Аформіў і праілюстраваў паэму «Тарас на Парнасе» (1992), зб. «Легенды і казкі польскіх і беларускіх паэтаў» (1992), кн. «Зіма з летам сустракаецца» (1995). Сярод жывапісных твораў: «Затопленыя вёскі» і «Малітва» (усе 1994—95), трыпціх «Метамарфозы» (1996) і інш. Валодае разнастайнай сімволіка-алегарычнай выяўл. мовай, у творах — імкненне да апалітычнасці і маст. абагульнення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІЯ́НІ ((Damiani) Даміяна) (н. 23.7.1922, Пасьяна ды Пардэноне, Італія),
італьянскі кінарэжысёр. Вучыўся ў Міланскай акадэміі прыгожых мастацтваў. З 1953 у кіно. У яго творчасці спалучаліся дзве тэндэнцыі — цікавасць да сац. і псіхал. праблем грамадства і цяга да вострасюжэтнага фільма з напружаным дзеяннем. Пазней яны аб’ядналіся ў серыі фільмаў пра сіцылійскую мафію і яе сувязь з палітыкамі: «Дзень савы» (1967, у сав. пракаце «Сава з’яўляецца днём»), «Прызнанне камісара паліцыі пракурору рэспублікі» (1971), «Следства скончана — забудзьцеся» (1972), «Чаму забіваюць суддзяў» (1975), «Я баюся» (1977), «Чалавек на каленях» (1979), «Папярэджанне» (1980; у сав. пракаце «Следства з рызыкай для жыцця») і інш. У сваіх фільмах Д. новымі маст. сродкамі прадаўжае традыцыі неарэалізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМЕ́НЦЬЕЎ (Уладзімір Андрэевіч) (н. 27.12.1928, г. Новаўкраінка, Украіна),
бел. мастак кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1979). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1962). Працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Мастак-пастаноўшчык маст. фільмаў «Вуліца малодшага сына» (1962, з У.Белавусавым), «Трэцяя ракета» (1963), «Праз могілкі» (1965, абодва з Я.Ігнацьевым), «Іван Макаравіч» (1968, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1970), «Я, Францыск Скарына» (1970), «Бацька» (1972), «Братушка» (1976, з Л.Трапковым), «Трэцяга не дадзена» (1981), «Ветразі майго дзяцінства» (1982), «Развітальныя гастролі» і «Слава богу, не ў Амерыцы» (1992), «Тутэйшыя» (1993) і інш., а таксама тэлевізійных «Гора баяцца — шчасця не бачыць» (1974) і «Нас выбраў час» (3, 4. 5-я серыі, 1979).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДМАХО́ЎСКІ (Фадзей Уладзіслававіч) (1858, каля г. Пінск — ?),
бел. жывапісец і графік. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1873—77), у Кракаве ў Я.Матэйкі. У 1907 выкладаў арнаментыку ў Вышэйшай школе заахвочвання мастацтваў у Пецярбургу. Пісаў кампазіцыі на гіст. тэмы і пейзажы («Прысяга князя», «Лясная глуш»). Аўтар серыі малюнкаў гербаў бел. гарадоў для «Гербоўніка літоўскага», які публікаваўся ў пач. 20 ст. ў віленскіх час. «Kwartalnik Litewski» («Квартальнік літоўскі») і «Litwa i Rus» («Літва і Русь»). Вядома яго графічная серыя партрэтаў польскіх каралёў (Леха, Крака, Мешкі II, Пяста і інш.), гіст. асоб (Т.Касцюшкі, Напалеона) і дзеячаў культуры (А.Міцкевіча і інш.).
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУНІКО́ЎСКІ ((Dunikowski) Ксаверы Францішак) (24.11.1875, г. Кракаў, Польшча — 26.1.1964),
польскі скульптар, мастак. Скончыў Кракаўскую АМ (1903), з 1930 яе прафесар. Прафесар Дзярж. вышэйшай школы пластычных мастацтваў у Вроцлаве (з 1959). Творчасць Д. зазнала ўплыў сімвалізму (цыкл «Чалавек», 1898—1905), кубізму («Надмагілле Баляслава Смелага», 1917—20), Майстар партрэтаў (А.Міцкевіч, 1908, і інш.). У 1925—29 выканаў для Вавельскага замка ў Кракаве серыю «Вавельскія галовы». У 1940-я г. стварыў «Пантэон польскай культуры». Аўтар помніка Ю. Дзятлу ў Кракаве (1937—39), мемар. манументаў «Помнік паўстанцам» каля г. Аполе (1946—52), «Помнік вызвалення зямлі Варміньскай і Мазурскай» у Ольштыне (1949—53). Дзярж. прэміі Польшчы 1948, 1955.
К.Дунікоўскі. Адам Міцкевіч. З серыі «Вавельскія галовы». 1925—29.