godowy

godow|y

1. заал. шлюбны;

okres ~y — шлюбны перыяд;

2. уст. вясельны; святочны;

szata ~a — а) заал. шлюбнае ўбранне;

вясельны строй

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

будзённы, ‑ая, ‑ае.

1. Не святочны, будны. Быў звычайны будзённы дзень, калі Паходны прынеслі з Лашыч паведамленне ад Ваўчка. Хадкевіч. // Прызначаны на штодзень. На сцяне вісела будзённая вопратка. Гартны. // Штодзённы, звычайны. Колькі радасці можна знайсці ў звычайным будзённым жыцці. Мурашка. А чым мяне сустрэне бераг новы — Будзённым тлумам, навізною спраў? Панчанка.

2. перан. Сумны, аднастайны. [Рыма:] — Ты таксама вершы пішаш? Люблю паэтаў, яны непасрэдныя, шчырыя, не такія, як усе, будзённыя. Сабаленка. Пытанняў.. нарадчыца чуе за дзяжурства дзесяткі, яны — самыя будзённыя, як і адказы на іх. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ІКАНАСТА́С (ад ікона + грэч. stasis месца стаяння),

перагародка з абразамі і варотамі паміж асн. і алтарнай часткамі інтэр’ера правасл. храма.

І. склаўся на аснове нізкай алтарнай перагародкі з абразамі над ёй. У класічнай форме (распрацавана ў 15 ст. на Маск. Русі) складаецца з 5 радоў (чыноў) абразоў, якія ў пэўнай паслядоўнасці паказваюць жыццё царквы ад пачатку да Страшнага Суда. Верхні чын («праайцоўскі») з абразом св. Тройцы («Гасціннасць Аўраама») у сярэдзіне сімвалізуе перыяд ад Адама да Майсея. Наступны чын («прарочы») прадстаўляе старазапаветную царкву ад Майсея да Хрыста, у цэнтры — абраз «Маці Божая Знаменне», выказванне прароцтва Ісаі і пераемнасці Новага запавету ад Старога. «Святочны» чын адлюстроўвае падзеі Новага запавету, якія на працягу года асабліва ўрачыста адзначаюцца царквою. Гал. частка І. — «дэісусны» чын, у якім вакол абраза Спаса з Маці Божай і Іаанам да тэмы малення царквы за свет далучаны выявы 12 апосталаў, свяціцеляў, пакутнікаў і інш. У ніжнім («мясцовым») чыне па баках царскіх варот (сімвал уваходу ў Царства Нябеснае) абразы Спаса і Маці Божай з дзіцем і храмавыя, на бакавых дзвярах — архангелаў або дыяканаў.

На Беларусі І. вядомы з 15 ст. Захаваліся І. сярэдзіны 17 ст. (Жыровічы, Магілёў, Супрасль), для якіх характэрна разное аздабленне ў стылі барока. Існавалі ў правасл. і уніяцкіх храмах. Бел. І. вызначаўся пэўнымі асаблівасцямі: колькасць радоў 3—4, «дэісусны» чын ператвораны ў «апостальскі», які разам з абразамі, змешчанымі па вертыкалі над царскімі варотамі, утвараў крыжовы кампазіцыйны стрыжань і нёс асн. сэнсавую і дэкар. нагрузку; «праайцоўскі» чын адсутнічаў або змяшаны з «прароцкім», апошнім часам рабіўся ў выглядзе групы картушаў. У сярэдзіне 18 ст. ва уніяцкіх храмах заменены алтарамі на ўзор касцельных. У правасл. цэрквах як самабытная з’ява існаваў да 1840-х г., пазней І. стваралі па зацверджаных тыпавых праектах і пакідалі ў аздабленні толькі асобныя самабытныя дэкар. элементы.

А.​А.​Ярашэвіч.

Іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра ў Маскве. Разьбяры К.​Міхайлаў, Д.​Залатароў і інш. 1683—86.
Іканастас Міхайлаўскай царквы ў в. Сцяпанкі Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобл. 18 ст.
Іканастас царквы ў в. Бярозавічы Пінскага раёна Брэсцкай вобл. Канец 18 — пач. 19 ст.

т. 7, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Рачане́ц ’гадавіна’ (Арх. Федар.), ’падарунак на свята, святочны гасцінец’ (маладз., Гіл.), рача́нец (račánic) ’устаноўлены час’ (Варл.), ’рэжым’ (Сцяшк. Сл.), ’тэрмін’ (пух., рагач., Сл. ПЗБ), ’гадавое свята’ (Сцяц.), ’вялікае свята, якое святкуецца праз год’ (ваўк., віл., Сл. ПЗБ), часцей у мн. л. рачанцы́ ’тэрмін ачышчэння пасля родаў’ (Гарэц.), ’дванаццацідзённы тэрмін пасля нараджэння (жывёлы)’ (Касп.), ’пэўная колькасць дзён ад нараджэння, да заканчэння якіх за грэх лічылася ўжываць у ежу маладых жывёл’ (Нас., Янк. Мат.), рычанцы́ ’тэрміны, прызначаныя для выканання чаго-небудзь’ (Растарг.), сюды ж рачанца́ ’зрэдку, несістэматычна (пра ўжыванне ежы)’ (Янк. Мат.). Параўн. укр. речене́ць ’тэрмін’. Насовіч праз форму роченцы́ (Нас., 567) выводзіць з рок 1 ’год; устаноўлены тэрмін’ (гл.); першапачаткова, відаць, ад *рэчаны ’сказаны, абумоўлены’, што да ракці́ ’сказаць’, гл. рэкнуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

strój, ~oju

str|ój

м. убор, убранне; строй;

~ój odświętny — святочны ўбор (строй);

~ój kąpielowy — купальны касцюм;

~ój ludowy (narodowy) — народны строй;

~ój wieczorowy — вечаровы строй

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

wyjściowy

wyjściow|y

1. выхадны, выходны;

garnitur ~y — выхадны (святочны) касцюм;

2. выхадны, прызначаны для выхаду;

drzwi ~e — выхадныя дзверы;

3. зыходны; пачатковы;

punkt ~y — зыходны пункт

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

баль, ‑ю, м.

1. Вечар з танцамі і вясёлымі забавамі. У дадатак да белага плацця з шаўковага палатна, што шылася да выпускнога балю, было зроблена яшчэ два. Асіпенка.

2. Вялікі званы абед. А праз два тыдні такі баль гадалі бацькі маладых, што вёска як жыве, не бачыла. Чарот. За багаты сядзем стол Баль святочны справіць. А. Александровіч.

3. перан. Пагард. Нястрымны разгул чаго‑н. (рэакцыі, ваеншчыны і пад.). Рукі байца — Гартаваная сталь, Рукі армейца Нястомны. Панства, Крывавы спраўляючы баль, Нашы ўдары Прыпомніць. Хведаровіч. / у перан. ужыв. Ладзіць баль завіруха. Куляшоў. На баль вясновы запрашэнне Прыслалі родныя бары. Жычка.

•••

Баль-маскарад — касцюміраваны вечар з танцамі.

[Фр. bal.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выхадны́, ‑а́я, ‑о́е.

1. Які служыць для выхаду, выйсця. Выхадныя дзверы. Выхадны комін. □ Ззаду засталіся станцыйныя пабудовы, прамільгнуў выхадны светафор. Васілёнак.

2. Не для працы; святочны, парадны. Выхадны касцюм.

3. (у спалучэнні са словам «дзень»). Нерабочы. Выхадны дзень. // у знач. наз. выхадны́, ‑о́га, м. Дзень адпачынку. Часам нават у выхадны.. [Ціхона] можна было знайсці толькі на заводзе. Грамовіч.

4. у знач. наз. выхадны́, ‑о́га, м.; выхадна́я, ‑о́й (‑о́е), ж. Той, хто выкарыстоўвае свой дзень адпачынку. [Зелянюк:] — Бачыш, я выхадны сёння. Зарэцкі. — Добрай раніцы, мамачка, — пацягнулася Ларыска рукамі да маці. — Ты сёння выхадная, праўда? І ў мяне сёння выхадны дзень. Так? Арабей.

•••

Выхадная дапамога гл. дапамога.

Выхадная роля гл. роля.

Выхадныя даныя гл. даны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЖНІ́ЎНЫЯ ПЕ́СНІ, жнейскія, жытныя песні,

«жніво», частка летняга цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Вядомы пераважна ў слав. і балцкіх народаў. На Беларусі — узор традыц. сялянскай нар.-песеннай класікі. Выконваліся жнеямі на полі. Падзяляюцца на зажынкавыя, уласна жніўныя (гал. жанрава-тэматычная група) і дажынкавыя. Пераважае прац., сацыяльна- і сямейна-бытавая тэматыка; асн. матыў — выказванне гора, крыўды, якія жняя давярала ніве, скарга яе на непасільную працу, нялёгкае жыццё ў сям’і мужа з проціпастаўленнем свайго і чужога дома, роднай і няроднай маці, нараканне на адзіноцтва ўдавы, сіраты, шкадаванне аб страчанай дзявочай прыгажосці. Вобразны лад вызначаюць псіхал. тонкасць, яркасць бытавых замалёвак. Разгорнутыя маналогі жняі (часам перарастаюць у дыялогі) уключаюць зварот да нівы, сонца, ветру, бору, хмар. У гумарыст. сюжэтах матыў скаргі амбівалентна пераасэнсоўваецца («Ох, і дайце ж мне раду, мой загонічак ззаду»). З часоў прыгону ў Ж.п. больш, чым у інш. каляндарна-земляробчых, выявілася антыпрыгонніцкая накіраванасць. У некат. песнях традыц. скарга жняі набывае характар пратэсту, перарастае ў праклён («Бадай пана громы ўбілі, як мы ручкі патамілі»).

Напевы Ж.п. яскрава выяўляюць характэрны для алігатонных ладава-меладычных сістэм драматургічны прынцып адначасовага кантрасту — рознанакіраванасць выразных сродкаў пры іх раўнапраўнасці, што надае падобным напевам асаблівую выразнасць. Нягледзячы на невял. гукавы дыяпазон, напевы Ж.п. уражваюць шырынёй меладычнага дыхання, дзякуючы свабоднай імправізацыйнай рытміцы з доўга працягнутымі апорнымі гукамі ладу. У паўд. (Палессе) і ўсх. раёнах Беларусі Ж.п. гучаць напружана (накшталт плачу-галашэння), у паўн. (Паазер’е) пераважна лірычна, у зах. і некат. цэнтр. раёнах часта набываюць эпічныя рысы (з эпічнымі зачынамі паэт. тэкстаў: «А заспорыў Дунай з морам за бедную сіраціну», «Да цераз лесы, цераз боры брат сястрыцы пакланяецца»). У асобных мясцовасцях Ж.п. збліжаюцца і нават зліваюцца з сенакоснымі (напевы, якія іх аб’ядноўваюць, наз. «лета»). Гучанне песень «лета», як і веснавых песень, яскрава прадстаўляе нар. школу галаснога спеву. Параўнальна невял. колькасць зажынкавых песень мае рытуальна заклікальны характар («Радзі, ніва, жыта, жыта і пшаніцу, усякую пашніцу»), дажынкавыя — велічальны, святочны, нярэдка афарбаваны ў гумарыст. тоны. Ад уласна жніўных яны адрозніваюцца меншай распеўнасцю, большай рытмічнай акрэсленасцю. Суправаджаюцца абрадамі «першага снапа» (зажынкавыя), «апошняга снапа» і «завівання барады» (дажынкавыя). І песні і абрады пранізвае адзін матыў — стаўленне да хлеба як да святыні.

Публ.:

Беларускія народныя песні / Запіс Р.​Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;

Жніўныя песні / Скл. А.​С.​Ліс, В.​І.​Ялтаў В.​І.​Ялатаў. Мн., 1974;

Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.​Цітовіч. 2 выд. Мн., 1975;

Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.

Літ.:

Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня. Мн., 1977;

Эвальд З.В. Социальное переосмысление жнивных песен Белорусского Полесья // Эвальд З. Песни Белорусского Полесья. М., 1979;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 6, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕСТЫВА́ЛЬ (франц. festival ад лац. festivus вясёлы, святочны),

масавае свята, паказ дасягненняў у галінах музыкі, т-ра, кіно, эстрады і інш. Вытокі ў алімпійскіх гульнях Стараж. Грэцыі, спаборніцтвах трубадураў, мінезінгераў і інш. Узніклі ў Вялікабрытаніі ў пач. 18 ст. З 20 ст. пашырыліся міжнар. фестывалі. Сярод найб. вядомых міжнар. тэатр. і муз. Ф.: Шэкспіраўскі ў Стратфардзе (1-ы ў 1769, з 1886 рэгулярна) і Эдынбургскі (з 1947) у Вялікабрытаніі, Байройцкі (Вагнераўскі, з 1876) у Германіі, Зальцбургскі ў Аўстрыі (з 1917), Фларэнційскі муз. май у Італіі (з 1933), Авіньёнскі (з 1947) і «Тэатра Нацыі» (з 1957) у Францыі, «Варшаўская восень» у Польшчы (з 1956), «Руская зіма», «Маскоўскія зоркі», «Белыя ночы» ў Расіі (усе з 1964) і інш. Наладжваюцца Ф. кінамастацтва (гл. Кінафестываль), праводзіліся Сусветныя фестывалі моладзі і студэнтаў і інш. Бел. маст. калектывы з 1930-х г. удзельнічалі ва ўсесаюзных Ф. У 1939 у Мінску адбыўся 1-ы Усебел. Ф. калгасна-саўгасных т-раў. У пасляваен. час праводзіліся рэсп. і міжрэсп. Ф. Найб. значныя Ф. на Беларусі: тэатральныя — міжнар. Прыбалтыкі і Беларусі «Прыбалтыйскія тэатр. вёсны» (1956—92), міжнар. аматарскіх т-раў Прыбалтыкі і Беларусі «Рампа дружбы» (1978, Мінск; 1988, Гродна), «Славянскія тэатр. сустрэчы» (1991, Мінск, з 1994 у Гомелі), «Белая Вежа» (з 1996, Брэст), Ф. монаспектакляў «Я» (1993, 1996, 1998, Мінск), Ф. майстроў сцэны «Маладзечанская сакавіца» (з 1993), Ф. нац. драматургіі імя В.​Дуніна-Марцінкевіча (1998, 2001, Бабруйск). Адбыліся Ф. тэатраў лялек: рэсп. (1981, Мінск; 1983, Магілёў; 1986, Гродна), міжнар. (1990, 1993, 1995, Мінск), Ф. т-раў лялек Прыбалтыкі і Беларусі (1960—80-я г.). Ф. музычна-тэатральныя: у Мінску — усесаюзныя майстроў опернага і балетнага мастацтва (1968, 1972), творчай моладзі т-раў оперы і балета (1976, 1979, 1982) і Ф. муз. т-раў «Тэатр і час» (1987); Ф. старадаўняй бел. інстр. музыкі «Музы Нясвіжа» (з 1995), міжнар. Ф. «Я люблю балет» (1992—96) і сучаснай харэаграфіі (з 1988), нац. Ф. «Музыка і тэатр» (з 1996). Музычныя Ф.: усесаюзны камернай музыкі (1968, 1971, Мінск), рэсп. «Бел. муз. восень» (з 1974), «Адраджэнне бел. капэлы» (з 1991), Ф. духоўнай музыкі «Магутны божа» (з 1992, Магілёў), Ф. джазавай музыкі «Віцебская восень» (з 1979); міжнар. — «Міжнар. парад дыксілендаў» (з канца 1970-х г., Віцебск), «Міжнар. джаз-фестываль», Міжнар. Ф. фальклору «Карагод сяброў» (1994, Брэст і Мінск), «Славянскі базар у Віцебску» і інш. Праводзяцца Ф. аматарскага мастацтва, у т. л. міжнар. Ф. нар. музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» (з 1991, г. Паставы Віцебскай вобл.), рэсп. духавой музыкі «Беларускія фанфары» (з 1996, г. Баранавічы Брэсцкай вобл.), Усебел. Ф. нац. культур (з 1996, Гродна), міжнар. Ф. харэаграфіі «Сожскі карагод» (Гомель) і сучаснай харэаграфіі «IFMC» (Віцебск), Ф. нар. творчасці «Сузор’е» (Мінск) і інш.

т. 16, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)