БРЫЖЭ́ЙКА,

складка брушыны, што прымацоўвае ўнутрыбрушныя органы ў другаснай поласці цела чалавека і жывёл. Развіваецца ў зародку з унутраных (вісцэральных) лісткоў бакавых пласцінак, якія зрастаюцца паміж сабой над і пад кішэчнікам і ўтвараюць 2 брыжэйкі: спінную і брушную.

У сталых арганізмах звычайна захоўваецца толькі адна брыжэйка. У пазваночных — спінная брыжэйка; на ёй падвешваецца кішэчнік і да яго ў тоўшчы брыжэйкі праходзяць нервы, крывяносныя і лімфатычныя сасуды. Брушная брыжэйка рэдукуецца, яе пярэдні аддзел ператвараецца ў серпападобную звязку печані, задні ўтварае звязку, якая падтрымлівае ў некаторых рыб і земнаводных клааку, а ў млекакормячых мачавы пузыр. У чалавека брыжэйка — складка брушыны, што ўкрывае ножку кожнага ўнутрыбрушнога органа, якой ён прымацаваны да сценкі брушной поласці. Вонкава брыжэйка падобная на даўнейшы каўнер са складкамі — брыжы (адсюль назва).

т. 3, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОСЦЬ,

асноўная частка шкілета пазваночных жывёл і чалавека. Развіваецца з эмбрыянальнай злучальнай тканкі — мезенхімы. У састаў К. ўваходзяць касцявая тканка, надкосніца, касцявы мозг, крывяносныя і лімфатычныя сасуды, нервы, часам храстковая тканка. Па форме і будове К. бываюць доўгія (трубчастыя; напр., плечавыя, сцегнавыя), плоскія (шырокія; напр., К. чэрапа) і кароткія (напр., пазванкі). У доўгіх К. адрозніваюць сярэднюю ч. (цела К. — дыяфіз) і 2 канцы (эпіфізы). Паводле характару злучэння К. бываюць нерухомыя (зрашчэнні, або сінартрозы, напр., швы чарапных К.) і рухомыя (суставы, або дыяртрозы, напр., злучэнні К. канечнасцей). З суставамі і звязкамі, якія злучаюць К. паміж сабой, і мышцамі, якія прымацоўваюцца да К. сухажыллямі, К. ўтвараюць апорна-рухальны апарат. Касцявая тканка шкілета ў чалавека амаль поўнасцю перабудоўваецца праз 10 гадоў.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 8, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАХЕ́Я (ад грэч. tracheia artēria дыхальнае горла), дыхальнае горла,

паветраправодны трубчасты орган дыхальнай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека. Размешчана паміж гартанню і бронхамі наперадзе стрававода (у некат. земнаводных не адасоблена ад гартані, не падзяляецца на бронхі). У чалавека даўж. Т. 9—11 см, дыям. 15—18 мм. Аснова яе — храстковыя паўкольцы, сценка ўтворана слізістай, падслізістай, фіброзна-храстковай і адвентыцыяльнай абалонкамі.

У падслізістай размешчана вял. колькасць слізістых залоз, якія ўвільгатняюць паветра, тут развіты сасудзістыя спляценні, якія саграваюць паветра. У фіброзна-храстковай абалонцы 16—20 гіялінавых храстковых паўкольцаў, якія аблягчаюць рух ежы па страваводзе, захоўваюць прасвет Т. Вонкавая абалонка ўтворана рыхлай валакністай злучальнай тканкай, мае крывяносныя сасуды, нервы. Т. наз. таксама паветраносныя дыхальныя трубачкі ў некат. беспазваночных.

А.​С.​Леанцюк.

т. 15, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

папаверы́н

(ад лац. papaver = мак)

алкалоід, які змяшчаецца ў опіуме; выкарыстоўваецца ў медыцыне як сродак, што супакойвае боль і расшырае сасуды.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ангіястамі́я

(ад ангія- + гр. stoma = адгуліна)

налажэнне на крывяносныя сасуды фістул, што дазваляе перыядычна браць у жывёлы кроў ва ўмовах працяглага доследу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

трабеку́лы

(лац. trabecula = невялікая бэлька)

пласцінкі ў рэчыве косці, перагародкі і цяжы, якія ўтвараюць каркас органа; пракладкі, па якіх праходзяць крывяносныя сасуды.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

СІМПАТЫ́ЧНАЯ НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА (ад грэч. sympathēs чуллівы, успрымальны),

частка вегетатыўнай нервовай сістэмы пазваночных. Прымае ўдзел у падтрыманні гамеастазу, спрыяе хуткай мабілізацыі фізіял. функцый арганізма, стымулюе працэсы катабалізму. Мае цэнтры, якія знаходзяцца ў бакавых рагах грудных і паяснічных сегментаў спіннога мозга, у нерв. вузлах (гангліях), размешчаных па баках пазваночніка (паравертэбральныя) і ў брыжэйцы (прэвертэбральныя гангліі). Прэвертэбральныя гангліі здольныя ўтвараць рыхлыя скопішчы, звязаныя валокнамі, — нерв. спляценні (буйнейшае з іх — сонечнае). Гангліі злучаны паміж сабой, са спінным мозгам, з выканаўчымі органамі. С.н.с. інервуе крывяносныя сасуды і ўнутр. органы, што забяспечвае рэфлекторную ўзаемасувязь паміж імі, а характэрнае для гэтай сістэмы галінаванне нерв. ствалоў спрыяе генералізаванаму ўплыву на некалькі ўнутр. структур. Медыятары С.н.с. — ацэтылхалін (прэгангліянарныя валокны) і норадрэналін (постгангліянарныя валокны, акрамя тых, што інервуюць потавыя залозы).

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дыяпедэ́з

(гр. diapedesis = прасочванне)

пранікненне клетачных элементаў крыві (эрытрацытаў, лейкацытаў) праз непашкоджаную сценку крывяносных сасудаў, назіраецца пры запаленчай рэакцыі тканак, што акружаюць сасуды.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

лімфаты́чны фізіял. lymphátisch, Lymph-;

лімфаты́чныя сасу́ды Lýmphgefáße pl;

лімфаты́чная зало́за Lýmphdrüse f -, -n;

лімфаты́чны ву́зел Lýmphknoten m -s, -;

лімфаты́чная сістэ́ма Lymph(gefäß)system n -s, -e

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

ЛІМФАТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,

сукупнасць сасудаў пазваночных жывёл і чалавека, што збіраюць лімфу ад тканак і органаў і адводзяць яе ў вянозную сістэму. Складаецца з капіляраў, сасудаў, праток, вузлоў. З міжклетачных поласцей лімфа напампоўваецца сляпымі канцамі лімфатычных капіляраў, якія зліваюцца ў больш буйныя сасуды, пратокі і ўпадаюць у вены ў месцах найменшага крывянога ціску (вобласць ярэмных вен, хваставая, заднія полыя вены). Вытворнае вянознай сістэмы. Адрозніваюць паверхневую Л.с., утвораную пераважна сеткай падскурных капіляраў і сасудаў (ніжэйшыя пазваночныя), і глыбокую — грудныя пратокі з’яўляюцца вываднымі сасудамі (вышэйшыя пазваночныя). Асн. функцыі: дрэнажаванне з міжклетачных поласцей вадкасці, раствораных бялкоў і інш. буйных малекул, якія не здольны вярнуцца ў кроваток праз крывяносныя капіляры; ахоўная; фільтрацыйная.

А.​С.​Леанцюк.

Да арт. Лімфатычная сістэма. I. Сістэма лімфатычных сасудаў: 1 — тканкі; 2 — артэрыяльная сістэма; 3 — вянозная сістэма; 4 — лімфатычная сістэма; 5 — лёгкія. II. Размяшчэнне рэгіянарных лімфатычных вузлоў.

т. 9, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)