КАНО́ВА ((Canova) Антоніо) (1.11.1757, Пасаньё, каля г. Басана-дэль-Грапа, Італія — 13.10.1822),
італьянскі скульптар, буйнейшы прадстаўнік італьян. класіцызму. Вучыўся ў Венецыі (1768—74). Працаваў пераважна ў Венецыі і Рыме. З 1810 дырэктар акадэміі Св. Лукі ў Рыме. На пачатку творчасці прытрымліваўся традыцый барока («Арфей», 1776—78), пазней працаваў у рэчышчы класіцыстычнага наследавання ант. скульптуры. Творам уласцівы ўрачысты спакой кампазіцыі, яснасць і вытанчанасць пластычнай формы, якая спалучалася з халаднаватай адасобленасцю, падкрэсленай дакладнай апрацоўкай і паліроўкай паверхні мармуру: «Амур і Псіхея» (1793), «Пацалунак Амура і Псіхеі» (1796), «Персей» (1801), «Пааліна Баргезе ў выглядзе Венеры» (1805—07) і інш. У 1812 выканаў скульптуру «Багіня міру» для ўладальніка Гомеля М.П.Румянцава. Аўтар надмагілляў пап Клімента XIV у царкве св. Апосталаў у Рыме (1787) і Клімента XIII у саборысв. Пятра ў Рыме (1792), эрцгерцагіні Марыі Крысціны ў царкве аўгусцінскага манастыра ў Вене (1798—1805). Пластыка К. зрабіла вял. ўплыў на еўрап. акадэмізм 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДСКАЕ МАСТА́ЦТВА,
мастацтва сярэдніх вякоў і Адраджэння (т.зв. старанідэрландская школа), якое ўзнікла і склалася на тэр. сучасных Бельгіі, Нідэрландаў, Люксембурга і паўн.-ўсх. Францыі. У архітэктуры 12—13 ст. развіваліся раманскі стыль і готыка, часам іх рысы спалучаліся (сабор у Турнэ), у 13—14 ст. — грамадз. архітэктура (гандл. рады і ратуша ў Бруге і інш. гарадах). У 16 ст. горадабудаўніцтва імкнулася да рэнесансавай ансамблевай забудовы цэнтр. плошчаў, важнае месца займалі гар. ратушы — у Бруселі, Антверпене (арх. К.Флорыс). У выяўл. і дэкар.-прыкладным мастацтве ў 12—13 ст. развіваліся маст. ліццё і ювелірнае мастацтва (рэлікварый у Кёльнскім саборы). У 14—16 ст. высокага маст. ўзроўню дасягнулі кніжная мініяцюра (браты Лімбург) і жывапіс (Пітэр Артсен, Дз.Баўтс, Х.Босх, П.Брэйгель, Р. ван дэр Вэйдэн, Х. і Я. ван Эйкі і інш.). Пра развіццё мастацтва фламандскай і галандскай школ гл. ў арт.Бельгія, Нідэрланды.
Б.А.Зярноў.
Да арт.Нідэрландскае мастацтва. Х.Босх. Спакушэнне св. Антонія.Да арт.Нідэрландскае мастацтва. П.Брэйгель. Сляпыя. 1568.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́КЛА,
месца знаходжання душ грэшнікаў, асуджаных на вечныя пакуты (паводле большасці рэліг. вучэнняў). Уяўленні пра П. ўзніклі з першапачатковых вераванняў у замагільнае існаванне душы. З развіццём рэлігіі паняцце «П.» пачало разумецца як месца для душ памерлых грэшнікаў. У стараж.-грэч. міфалогіі ў царстве ценяў (царстве памерлых) самай змрочнай часткай быў Тартар — месца знаходжання злыдняў. У іудаізме першапачаткова П. (шэол) — падземная частка, куды зыходзілі цені памерлых грэшнікаў і праведнікаў. Пазней склалася ўяўленне пра П. як месца, дзе пакутуюць выключна душы грэшнікаў. Вучэнне пра вечнасць пакут грэшнікаў у П. зацверджана на царк.саборы ў 533. У Новым запавеце ёсць папярэджанне аб Страшным судзе і апісанне стыхій П.: агонь, цемра, боль, плач. У апакрыфічнай л-ры часам даецца дэталізаваная карціна П. У «Боскай камедыі» Дантэ 9 колаў П. ў залежнасці ад цяжкасці грахоў складаюць своеасаблівую іерархію асуджаных. У процілегласць П. праведныя хрысціяне насяляюць рай. Паняццю аб П. блізкія нарака (індуісцкае, будыйскае), джаханам (мусульманскае).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЦЭ́ЦІ ((Pizzetti) Ільдэбранда) (20.9.1880, г. Парма, Італія — 13.2.1968),
італьянскі кампазітар, музыказнавец, педагог. Чл.Італьян. акадэміі (з 1939). Скончыў Пармскую кансерваторыю (1901), з 1907 яе праф. З 1908 праф. фларэнційскага муз. ін-та, з 1917 яго дырэктар. З 1924 дырэктар Міланскай кансерваторыі, у 1936—58 праф.Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме, у 1948—51 яе прэзідэнт. Імкнуўся адрадзіць нац. асновы італьян. музыкі, выкарыстоўваў традыцыі нар. песні, грыгарыянскага харала, музыкі італьян. Адраджэння і барока. Сярод твораў: больш за 10 опер, у т.л. «Федра» (паст. 1915), «Чужаземец» (паст. 1930), «Каліёстра» (паст. 1953), «Забойства ў саборы» (паст. 1958), «Клітэмнестра» (паст. 1965); балетаў; 2 сімфоній (1914, 1940); канцэртаў для інстр. з арк.; камерна-інстр. ансамбляў; хораў; музыкі для пастановак п’ес Г. Д’Анунцыо, Эсхіла, Сафокла, У.Шэкспіра, К.Гальдоні і інш. Аўтар кн. «Грэчаская музыка», «Сучасная музыка» (абедзве 1914), «Паганіні» (1940) і інш.
Літ.:
Богоявленский С. Итальянская музыка 1-й половины XX в.: Очерки. Л., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГО́ЗА (Міхаіл) (каля 1540 — паміж 18.6 і 15.8.1599),
праваслаўны, потым уніяцкі царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Са шляхецкага роду герба «Рагоза» Мінскага ваяв. Пасля прыняцця манаства архімандрыт манастыроў — Мінскага Ушэсця (з 1579), Слуцкага Траецкага (з 1582), Морацкага. З 1589 мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Праводзіў рэформы правасл. царквы з мэтай павысіць аўтарытэт і адукацыю духавенства і паменшыць умяшанне свецкіх улад у царк. справы. Пры ім забаронена свецкім асобам кіраваць манастырамі, усталявана новая працэдура прызначэння епіскапаў і мітрапаліта (з 1590 кароль зацвярджаў адну з 4 кандыдатур, вылучаных на штогадовым саборы духавенства з удзелам шляхты і брацтваў). Сабор 1594 падпарадкаваў брацтвы царк. іерархам, што ўзмацніла супярэчнасці паміж імі. З 1594 далучыўся да падрыхтоўкі злучэння правасл. царквы з рымска-каталіцкай. Пад яго старшынствам царк. сабор у Брэсце абвясціў Брэсцкую унію 1596 і зацвердзіў яе ўмовы, за што правасл. сабор 1596 пазбавіў яго сана. Ва уніяцкай царкве Р. захаваў тытул мітрапаліта. У пашырэнні уніі карыстаўся падтрымкай каралеўскай улады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРКАФА́Г (грэч. sarkophagos літар. пажыральнік мяса ад sarx мяса + phagos пажыральнік),
труна, невял. грабніца ў народаў старажытнасці; у шырокім сэнсе — любая архітэктурна і па-мастацку аформленая труна з дрэва, каменю, металу і інш.Найб. вядомы С. стараж.-егіпецкія (складаліся з мноства частак, першапачаткова ў выглядзе жытла, з 3-га тыс. да н.э. — муміяпадобныя), этрускія (з фігурай памерлага на вечку), эліністычныя, стараж.-рым. і раннесярэдневяковыя (аздобленыя рэльефамі і арх. дэкорам). Тып ант. С. развіваўся і ў эпоху рэнесансу і барока. У Кіеўскай Русі С. паявіліся з прыняццем хрысціянства (напр., Яраслава Мудрага ў Кіеўскім Сафійскім саборы). Самы стараж. С. на Беларусі знойдзены ў г.п. Тураў Гомельскай вобл. (12 ст.). Вядомы С. кн. Радзівілаў (17 — пач. 20 ст., Нясвіжскі касцёл Божага Цела), Сапегаў (18 ст., Гальшанскі касцёл францысканцаў).
М.М.Чарняўскі.
Старажытнаегіпецкі саркафаг Тутанхамона.Саркафаг з выявай 12 апосталаў. 5 ст. (г. Равена, Італія).Саркафаг з г.п. Тураў Гомельскай вобл. 12 ст.Саркафаг К.С.Радзівіла Пане Каханку ў крыпце Нясвіжскага касцёла Божага Цела. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЯ́НСТВА,
адна з буйнейшых хрысціянскіх плыняў (артадаксальнай царквой трактуецца як ерась). Узнікла ў 4 стагоддзі ва Усходняй Рымскай імперыі. Заснавальнік — александрыйскі прэсвітэр Арый (каля 256—336). Паводле яго вучэння, 2-я асоба Тройцы, Хрыстос, не роўны Богу-бацьку, ён Сын Божы не па сутнасці, а па ласцы Божай. Арый абвяргаў, што Сын адзінасутны (адзінапрыродны) з Айцом. У веры ў боскасць Хрыста ён бачыў пагрозу двухбожжа. Нікейскі сабор 325 асудзіў арыянства і пацвердзіў артадаксальны сімвал веры, падкрэсліўшы, што Сын ёсць адзінасутны з Айцом. Арыянства распалася на некалькі кірункаў, працягвала пашырацца на Усходзе пры падтрымцы імператараў. У 381 арыянства зноў асуджана на саборы ў Канстанцінопалі. На арыянаў пачаліся жорсткія ганенні, і да канца 4 стагоддзя іх амаль не засталося сярод грэка-рымскага насельніцтва імперыі. Да 6—7 стагоддзя арыянства затрымалася сярод готаў і іншых тэўтонскіх плямёнаў, якія прынялі хрысціянства ад арыянскіх місіянераў. У 16 стагоддзі ідэі арыянства адрадзіліся ў асяроддзі радыкальных рэфармацыйных плыняў. Розныя кірункі арыянства (сацыніянства, антытрынітарызм) існавалі і на Беларусі (С.Будны, В.Цяпінскі). Цяпер арыянства існуе на Захадзе ў невялікіх рэлігійных суполках (унітарыі і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́Й (у свеце Мацукевіч Міхаіл; н. 2.6.1917, хутар Суяцін Саратаўскай вобл., Расія),
бел. рэлігійны і грамадскі дзеяч у эміграцыі. Бацькі паходзілі з в. Моталь Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл., у 1-ю сусв. вайну выехалі ў Паволжа і ў 1921 вярнуліся на радзіму. Скончыў укр. духоўную семінарыю ў Вініпегу (Канада, 1954). У 1939 служыў у Войску Польскім. У час ням.-фаш. акупацыі Беларусі ў крас. 1944 вывезены на прымусовую працу ў Германію. З сак. 1945 у Англіі, адзін са стваральнікаў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі. Са жн. 1951 у Канадзе. У маі 1952 пасвячоны ў святара, з 1954 настаяцель прыхода св. Кірылы Тураўскага ў г. Таронта Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ) на эміграцыі. У 1966 прыняў манаства, у 1968 пасвячоны ў епіскапа турава-пінскага і таронцкага. У маі 1983 на Надзвычайным Саборы БАПЦ выбраны яе першаіерархам. Адзін з ініцыятараў стварэння Бел.к-та дапамогі ахвярам радыяцыі (1989, у эміграцыі). Выдаў. «Праваслаўны малітоўнік» (1966) і «Службоўнік» (1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЛ СО́РСКІ (у свеце Мікалай Майкаў; 1433, Масква — 1508),
расійскі царк. і грамадскі дзеяч, кіраўнік несцяжацеляў. Манах Кірыла-Белазерскага манастыра. У 1473—89 шмат падарожнічаў, быў у Палесціне, Канстанцінопалі, Афоне, дзе пазнаёміўся з містычным вучэннем ісіхазму (шлях чалавека да яднання з Богам праз «ачышчэнне сэрца»). Пасля вяртання заснаваў першы на Русі манаскі скіт на р. Сора каля Кірыла-Белазерскага манастыра. У творах «Статут скіцкага манаскага жыцця», «Паданне вучням сваім аб жыхарстве манаскім» і інш. патрабаваў засяроджвання вернікаў на сваім ўнутр. свеце, асабістага перажывання веры як непасрэднага яднання верніка з Богам. Выступаў за ўдзел манахаў у прадукц. працы, рэформу манаства на пачатках скіцкага жыцця, заклікаў духавенства адмаўляцца ад роскашы, ўладання зямлёй і сялянамі («несцяжання»). У адносінах да ератыкоў рэкамендаваў адмову ад насілля і ганенняў. Удзельнічаў у саборы 1503, дзе несцяжацелі пацярпелі паражэнне ад іасіфлян. Прадаўжальнікамі ідэй Н.С. былі Васіян Патрыкееў Касы і Арцемій Троіцкі.
Літ.:
Замалеев А.Ф. Философская мысль в средневековой Руси (XI—XVI вв.). Л., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАВА́НА ((Padovano) Джавані) (Ян) Марыя [сапр.Моска да Падова (Mosca da Padova) Джанмарыя; каля 1493, г. Падуя (?),
Італія — 31.3.1574], італьянскі скульптар і архітэктар; прадстаўнік Адраджэння. У 1515—30 працаваў у Падуі і Венецыі, з 1532 у Рэчы Паспалітай, у т. л. ў Вільні. Прыдворны мастак вял. князя ВКЛ Жыгімонта I Старога. Майстар надмагільнай пластыкі. Сярод твораў: барэльеф «Цуд са шклянкай» для базілікі св. Антоніа ў Падуі, надмагіллі Б.Тарноўскай (каля 1536), Я.Тарноўскага і яго сына (1561—70) у саборы ў Тарнуве, С.Алясніцкага (1450) у кафедральным касцёле ў Познані, П.Гамрата (1545) і С.Мацеёўскага (1552) у кафедральным касцёле на Вавелі ў Кракаве, жонак Жыгімонта II Аўгуста Лізаветы (1546—52) і Барбары Радзівіл (1553—63, абодва не захаваліся) у Вільні, ківорый для касцёла Дзевы Марыі ў Кракаве (1551—54) і інш. Аўтар 4 медалёў з партрэтамі Жыгімонта I Старога і яго сям’і (1532), арх. праектаў атыкаў і лесвіцы ў «Сукеніцэ» (1555—59) і нішаў для каралеўскіх надмагілляў у капліцы Жыгімонтаў на Вавелі (1571—74).