біквадра́тны

(ад бі- + квадратны)

чацвёртай ступені;

б-ае ўраўненне — прыватны выпадак ураўнення чацвёртай ступені, рашэнне якога зводзіцца да рашэння квадратнага ўраўнення падстаноўкай y = x​2.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

нулісо́мія

(ад лац. nullus = нізкі + сома)

адсутнасць у храмасомным наборы клетак арганізма якой-н. пары гамалагічных храмасом у норме, уласцівай дадзенаму віду; прыватны выпадак анеуплаідыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

прыватыза́цыя

(фр. privatisation, ад лац. privatus = прыватны)

перадача (продаж) дзяржаўных прадпрыемстваў, сродкаў транспарту, жылых будынкаў і г. д. у прыватную ўласнасць.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ГІДРАФІ́ЛЬНАСЦЬ І ГІДРАФО́БНАСЦЬ,

характарыстыкі розных тыпаў узаемадзеяння рэчываў з вадой; прыватны выпадак ліяфільнасці і ліяфобнасці. Гідрафільнымі ці гідрафобнымі могуць быць розныя рэчывы, а таксама паверхні цвёрдых цел і тонкія слаі на мяжы падзелу фаз.

Гідрафільнасць уласцівая рэчывам, малекулы якіх утвараюць трывалыя каардынацыйныя і вадародныя сувязі з малекуламі вады. Асабліва выражана ў мінералаў з іоннай крышт. рашоткай (напр., карбанатаў, сілікатаў, глін). Гідрафобныя рэчывы (металы, парафіны, тлушчы, воскі і інш.) слаба ўзаемадзейнічаюць з вадой. Гідрафобнасць — прычына моцнага прыцяжэння ў вадзе паміж непалярнымі часціцамі, якое наз. гідрафобным узаемадзеяннем. Гідрафобным узаемадзеяннем абумоўлены: адсорбцыя паверхнева-актыўных рэчываў з водных раствораў на мяжы з паветрам, непалярнымі вадкімі ці цвёрдымі фазамі; экстракцыя непалярных рэчываў з вады і водна-арган. сумесей; міцэлаўтварэнне ў водных растворах многіх арган. рэчываў.

С.​М.​Ляшчоў, Я.​М.​Рахманько.

т. 5, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЕ́ЛЬСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

старэйшы універсітэт ЗША. Прыватны. Засн. ў 1701 у г. Нью-Хейвен як каледж. З 1887 сучасная назва. Да 1969 быў толькі мужчынскі. У складзе І.у. каледжы і школы. У 1996/97. навуч. г. больш за 10 тыс. студэнтаў; каледжы: мастацтва і гуманіт. дысцыплін (выкладаюцца археалогія, архітэктура, стараж. гісторыя, праблемы дзяцінства, класічныя мовы і мовы народаў Азіі і Б. Усходу, слав. мовы і л-ры і інш.); тэхн. навук (электратэхніка і механіка, хім. вытв-сць, прыкладная матэматыка, камп’ютэр і псіхалогія, генетыка і інш.); сац. навук (сацыялогія, паліталогія, рэлігія, філасофія, антрапалогія, міжнар. адносіны і інш.); школы: медыцыны, багаслоўя, мастацтва, архітэктуры, мастацтва і навукі, аховы навакольнага асяроддзя і інш. Ва ун-це адна з буйнейшых б-к і адзін са старэйшых музеяў ЗША — Музей натуральнай гісторыі Пібадзі з 1701.

В.​М.​Навумчык.

т. 7, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ ФІНА́НСАВАЯ КАРПАРА́ЦЫЯ (МФК; International Finance Corporation),

спецыялізаваная ўстанова ААН. Створана ў 1956 як філіял Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця (МБРР) для капіталаўкладанняў у прыватны сектар-краін, якія сталі на шлях развіцця. У 1995 у МФК уваходзіла 161 дзяржава (у т. л. Рэспубліка Беларусь; з 1992). Мэта МФК — садзейнічанне эканам. развіццю краін-членаў шляхам заахвочвання інвестыцый прыватнага капіталу за мяжой, пераважна ў краіны, якія развіваюцца, а ў апошнія гады ва ўсходне-еўрап. краінах. Вышэйшы орган МФК — Савет кіраўнікоў, бягучую дзейнасць карпарацыі накіроўвае дырэктарат на чале з прэзідэнтам МФК. Капітал карпарацыі складаецца з узносаў краін-удзельніц; найб. ўзносы зроблены ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй і інш. развітымі краінамі. Да крыніц фінансавання МФК адносяцца таксама крэдыты МБРР, адлічэнні ад прыбыткаў, сродкі ад вернутых крэдытаў і прыцягнутыя на міжнар. рынках.

т. 10, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гамеамо́рфія

(ад гамеа- + гр. morphe = выгляд, форма)

значнае падабенства прадстаўнікоў дзвюх або некалькіх груп арганічнага свету, не звязаных паміж сабой непасрэдным сваяцтвам; прыватны выпадак канвергенцыі 2.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

агульна...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: 1) агульнаадзіны, абавязковы для ўсіх і ўсяго ў меж. вызначаных другой часткай слова, напрыклад: агульнагарадскі, агульнавайсковы, агульнаславянскі; 2) уласцівы ўсім тым, хто названы або ўсяму таму, што названа ў друг частцы слова, напрыклад: агульначалавечы, агульнадэмакратычны; 3) які датычыцца усіх і пашыраецца на ўсіх; уласцівы ўсім (пр; якасць, уласцівасць, названую ў другой частцы складанага слова), напрыклад: агульнаабавязковы, агульнавядомы, агульнакарысны; 4) які закранае самае галоўнае, істотнае, не прыватны, не спецыяльны, напрыклад: агульнаадукацыйны, агульнатэарэтычны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВЫ́ГІН у супраціўленні матэрыялаў,

від дэфармацыі, які праяўляецца ў скрыўленні восі або пасярэдняй паверхні цела (бэлькі, бруса, пліты, абалонкі і інш.) пад дзеяннем знешняй сілы ці т-ры. У адносінах да прасцейшых цел (напр., бруса) велічыня скрыўлення ў межах пругкасці залежыць ад велічыні выгінальнага моманту і жорсткасці цела.

Адрозніваюць выгіны: просты, або плоскі (знешнія сілы ляжаць у адной плоскасці); складаны (выклікаецца сіламі, што дзейнічаюць у розных плоскасцях); касы (прыватны выпадак складанага выгіну); чысты (дзеянне толькі выгінальных момантаў); папярочны (дзейнічаюць таксама і папярочныя сілы). У інж. практыцы разглядаюцца таксама падоўжныя і падоўжна-папярочныя выгіны. Разлікі на выгіны (у т. л. трываласці матэрыялаў на выгіны) робяць пры праектаванні машын, механізмаў, інж. збудаванняў, даследаванні сістэм будаўнічай механікі.

М.​К.​Балыкін.

Выгін бруса: 1 — чысты; 2 — папярочны; 3 — падоўжны; 4 — папярочна-падоўжны; M — выгінальны момант; P — знешняя сіла.

т. 4, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЙ ЖАНО́ЧАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры эклектыкі ў Мінску. Пабудаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст. на рагу вуліц Пецярбургскай і Міхайлаўскай (цяпер вул. Кірава і Міхайлаўскі зав.) як прыватны жылы дом (3-павярховы). З 1910 у ім знаходзілася прыватная жаночая гімназія Я.​Рэймана (надбудаваны 4-ы паверх, зменена планіроўка). Цагляны трапецападобны ў плане 4-павярховы будынак з 2 уваходамі (першы вылучаны манум. парталам, другі просты на дваровым фасадзе). Гал. фасад вылучаны цэнтр. рызалітам і бакавымі зрэзанымі вугламі з трохвугольнымі атыкамі, якія маюць паўцыркульныя завяршэнні ў цэнтры. Фасады (акрамя дваровага) насычаны дэкар. дэталямі, выкананымі цаглянай муроўкай. Асобныя ляпныя элементы (руставаныя пілястры, капітэлі, ліштвы акон, карнізы, картушы і інш.) былі пакрыты белай тынкоўкай. Па перыметры будынка (паміж 3-м і 4-м паверхамі) праходзіць аркатурны фрыз, які быў размаляваны фрэскамі (не захаваліся).

Т.​І.​Чаркяўская.

Мінскай жаночай гімназіі будынак.

т. 10, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)