ініцыяты́ва, ‑ы, ж.

1. Самастойны пачын, першы крок у якой‑н. справе, абумоўлены ўнутраным пабуджэннем да дзеяння. Зрабіць па сваёй ініцыятыве. □ Па ініцыятыве тэатра і ў супрацоўніцтве з ім пісаў К. Чорны п’есу «Бацькаўшчына». «Полымя». // Вядучая роля ў якіх‑н. дзеяннях. Узяць ініцыятыву ў свае рукі. □ — Соль — патрэба найважнейшая, — зноў перахапіў ініцыятыву гаваркі стары Хвядос, — але ці да справы гаварыць пра яе ў такі для партызан час? Кавалёў.

2. Здольнасць да самастойных актыўных дзеянняў; прадпрымальнасць. Выхаванне ініцыятывы. Гаспадарчая ініцыятыва. Разгортваць ініцыятыву. □ [Русаковіч:] Трэба даць прастор творчай ініцыятыве. Крапіва. Колькі здольнасці ў гэтага чалавека, колькі энергіі, вытрымкі, разумнай ініцыятывы! Кулакоўскі.

•••

Заканадаўчая ініцыятыва — права ўзбуджаць пытанне аб выданні новых законаў і ўносіць на разгляд законапраекты ў заканадаўчы орган.

[Фр. initiative.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неспако́й, ‑ю, м.

1. Душэўная трывога, узбуджэнне, выкліканыя чым‑н. (страхам, апаскай, чаканнем і пад.). Я пачынаю хвалявацца, адчуваю, як нараджаецца неспакой. Галавач. У юных сэрцах неспакой — то радасць, то трывога: Як павядзе іх у прастор жыццёвая дарога? Ставер. Шабуня па адзін міг кінуў на камісара быстры адкрыты позірк, у якім, быў відаць неспакой і трывога. Мележ. // Шум, рух, хваляванне. На пероне былі яшчэ большая мітусня, шум і неспакой, і.. [жанчына] разгубілася. Мележ.

2. Масавае хваляванне, узбуджэнне. Тым часам наступаў вялікі неспакой сярод польскіх войскаў. Чарот. Навокал было неспакойна, і Мікодым у гэтым грамадскім неспакоі шукаў сабе рады. Сабаленка.

3. Турботы, клопаты. Благаслаўляю адзіноту, Але такую, за якой Прыходзіць свет тае работы, Якая любіць неспакой... Лось.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спуд 1, ‑у, М ‑дзе, м.

Спалох. Ад спуду, ўроку, ад зрушэння Мне памагаў часінай той Не мудрагелістых жэньшэняў, А беларускіх траў настой... Ляпёшкін. — Рыгор, сынок мой, з кім жа я застануся? — схамянулася як ад спуду Стэпа. Гартны. Ледзь закінеш толькі вуду — не зявай браток: на вадзе, нібы са спуду, дрогне паплавок. Вялюгін.

спуд 2, ‑у, М ‑дзе, м.

Толькі ў выразах: пад спудам — а) у схове, у патаемным месцы. Недзе ж пляснее ў скрынях пад спудам Хараство — ўзоры слуцкай зямлі. Калачынскі; б) перан. пад цяжарам, прыгнётам чаго‑н. Пад спудам царкоўнага засілля; з-пад спуду — а) з патаемнага месца; б) перан. з забыцця. З-пад спуду вырваўшыся, следам Выходзіць праўда на прастор. Аўрамчык.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́мкі, ‑ая, ‑ае.

1. Круты, абрывісты. Заходні бераг — высокі і стромкі — быў вельмі выгадны для абароны. Мележ. У мяне, здаецца, моцна калацілася сэрца, калі я падымаўся па стромкай чыгуннай лесвіцы некуды пад самы дах. Асіпенка. / у перан. ужыв. Пішы заметкі, карэспандэнцыі, надрукуй нават нарыс — ты прайшоў яшчэ не ўсё, стромкіх і цяжкіх вяршынь ты яшчэ не дасягнуў. Навуменка.

2. Роўны і высокі. На агромністай пасецы-плешыне, акружанай магутнай сцяной старога лесу, выступалі з травы вялізныя пні старадрэвін,.. сям-там паднімаліся ў неба стромкія яліны і сосны. Колас. З канца вуліцы, за ракою, дзе адкрываецца шырокі прастор палёў, як вялікі куст стогадовых ліп, абнесены жываплотам з ялін і стромкіх таполяў, відзён быў той самы хутар Тамарын. Лобан.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ядна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Злучацца, збліжацца, утвараючы адзінае цэлае. Мы гаварылі, і наша мінулае ажывала, ядналася з нашым сучасным. Вышынскі. Стаіць.. [вёска] на лясной паляне, што толькі з аднаго боку яднаецца з яшчэ большай, узгорыстай палянай. Навуменка. І смутак, і радасць ядналіся разам. Чорны.

2. Аб’ядноўвацца, згуртоўвацца для дружных агульных дзеянняў. Сучасны сусветны рэвалюцыйны працэс развіваецца пад лозунгам: «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» «Звязда». Паэт сваім перакладам [«Слова аб палку Ігаравым»] быццам сцвярджаў, што ворагаў рэвалюцыі можна перамагчы толькі тады, калі народы былой царскай Расіі будуць яднацца ў сваіх баявых і працоўных намаганнях. Палітыка.

3. Уступаць у блізкія, сяброўскія адносіны, падтрымліваць сувязь з кім‑н. Сусед яднаецца з суседам, Каб даць прастор сваім палям. Глебка.

4. Зал. да яднаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Со́пуха ‘сажа (у пячным коміне)’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Сцяшк., Жд. 3, З нар. сл., Жыв. сл., Нар. словатв., Сл. ПЗБ, ТС, Сл. Брэс.), ‘ліпучы бруд ад лучыннага і газнічнага дыму’ (Варл.), ‘вусце печы’ (ТСБМ), ‘комін, скляпенне коміна’ (Гарэц., Касп.), ‘чалеснікі печы’ (Шатал.), со́пух ‘цёплы дух ад печы’ (Сцяшк. Сл.), ‘сажа’ (Бяльк.), ‘брудная заношаная адзежына’ (навагр., Нар. сл.), ‘чалеснікі печы’ (Нар. словатв.), сапу́ха ‘сажа’ (Сцяшк., Сержп. Прык.), ‘засланка’ (Мат. Гом.), таксама соп ‘сажа (ТС), со́па ‘тс’ (Сл. ПЗБ). З іншай суфіксацыяй сюды ж со́пат, со́пар ‘дым, сажа’ (Ласт., Нас.), со́пат ‘чалеснікі’ (ЛА, 4). Укр. со́пу́ха ‘сажа’, ‘чорная, як сажа, кашуля’, со́пух ‘чад’, рус. дыял. со́пуха ‘душнік у печы’, сопуха́ ‘сажа ў коміне або ў курной хаце’, польск. дыял. sopuchaпрастор у хлебнай печы’, ‘сажа, чад’, ‘адтуліна коміна’, чэш. sopouch ‘комін’, ст.-чэш. sopúch, дыял. capouch, славац. sopuch, sopucha ‘тс’, славен. sópih, sopúh ‘дым, чад’. Ад *sopěti (гл. сапці) з суф. ‑uxa; гл. Праабражэнскі, 2, 357; Фасмер, 3, 720; Махэк₂, 567; ЕСУМ, 5, 355; Бязлай, 3, 290; SEK, 4, 344; Дзімітрова–Тодарава, Studia Etym. Brun., 3, 60 (< прасл. *sopuxъ, *sopuxa).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

няўры́мслівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не можа супакоіцца, суняцца; непаседлівы. Сам гарачы, няўрымслівы, .. [Рэндал] і другім не дае сядзець без работы. Гамолка. Толькі няўрымслівыя хлапчукі.. увесь час выскоквалі на віднае месца, за што ім перападала ад бацькоў і матак. Броўка. // Уласцівы такому чалавеку. Лёня спрактыкаваным вокам прыкмеціў, што не ад хвалявання стары такі рухавы — характар няўрымслівы. Новікаў. Няўрымслівая натура не давала .. [Ганне] спакою, асабліва цяпер, калі яна апынулася ў гушчы барацьбы. Няхай. // Які не сціхае, не змаўкае, не спыняе працяглы час сваёй дзейнасці. Кіпіць у цяснінах, ляціць на прастор Бурлівы, няўрымслівы Вахш. Кірэенка. Вее вецер вясновы, няўрымслівы, свежы. Зарыцкі.

2. Нецярплівы. Самыя наравістыя, самыя няўрымслівыя коні ў яго станавіліся рахманыя, супакойныя, пакорлівыя. Дубоўка. Маленькім крыклівым няўрымслівым сынам наогул здаецца, што час стаіць на месцы... Гаўрылкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раздо́лле, ‑я, н.

1. Шыр, прастор; шырокая вольная прастора. Стэпавае раздолле. □ Абрысы хат з заснежанымі стрэхамі зводдалі ў цемры нельга было разабраць, і агеньчыкі нагадвалі буйныя зоркі, што ўпалі з неба на снегавое раздолле. Хадкевіч. Прыемна было ісці па гэтай роўнядзі, па гэтым свежым раздоллі, упрыгожаным зыбучай павуцінкай золкавай расы. Кулакоўскі.

2. Разм. Шырокая прастора, якая дае магчымасць свабодна дзейнічаць каму‑, чаму‑н., праяўляцца чаму‑н. і пад. Высечаныя дрэвы далі раздолле тым, што асталіся з бакоў, і яны галінамі сваімі пацягнуліся на прагалы і стварылі жывыя шаты. Пальчэўскі. [Кажамяка:] — Толькі асушыць балота, тады будзе тваёй птушцы раздолле. Гурскі. // перан. Поўная свабода, адсутнасць абмежаванняў у чым‑н.; спрыяльныя, зручныя абставіны, умовы для каго‑, чаго‑н. Пачынаецца раздолле для аматараў грыбоў. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЛУЖА́НІН (Максім) (сапр. Каратай Аляксандр Амвросьевіч; н. 2.11.1909, в. Прусы Салігорскага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Засл. дз. маст. Беларусі (1969). Скончыў Мінскі бел. пед. тэхнікум (1928). Вучыўся ў БДУ (1928—31). Працаваў у час. «Узвышша», на Бел. радыё (1930—32). 10.8.1933 незаконна асуджаны. Пакаранне адбываў у Марыінску Кемераўскай вобл. Рэабілітаваны ў 1956. З 1935 на выдавецкай рабоце ў Маскве. У 1944—53 у газ. «Звязда», час. «Вожык». У 1967—71 гал. рэдактар сцэнарнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». Друкуецца з 1925. Раннія вершы (зб. «Крокі», 1928) прасякнуты эмац.-рамантычным успрыняццем рэчаіснасці. У зб-ках вершаў і паэм «Неаплачаны рахунак» (1930), «Галасуе вясна за вясну», «Кастрычнікам! Ліпенем! Маем!», «Аднагалосна» (усе 1931), «Першамайская вуліца» і «Галасы гарадоў» (абодва 1932) зварот да надзённых тэм жыцця вёскі і горада, паглыбленне іх грамадскага гучання. Творы ваен. перыяду (зб. «Шырокае поле вайны», 1945) адлюстроўваюць мужнасць і гераізм воінаў, вышыню чалавечага духу ў час смяротнай небяспекі. Пасляваенная паэзія Л. ўславіла мірныя справы людзей працы (зб-кі «Поступ», 1950; «Святло Радзімы», 1952; «Моваю сэрца», 1955). Кніга вершаў «Прасторы» (1958) пашырыла паэтычны свет аўтара. Вершы і паэмы грамадзянскага гучання ў кнігах «Росы на коласе» (1973), «Прага крыла» (1974), «Як нараджаўся новы свет» (1975), «Лявоніха» (1977), «Галасы пад выраем» (1980), «Паразмаўляй са мной, зямля» (1983). Ў сярэдзіне 1980—90-я г. паэзія Л. набывае праніклівае філасофска-быційнае гучанне, у якім зноў абвастраецца асабістая памяць, рахункі сваіх і агульных крыўдаў, пачуццё справядлівасці, але ўсё перажытае ўраўнаважваецца мудрым чалавечым вопытам, удзячнай любоўю да жыцця і хвалою ў яго гонар. Паэзіі Л. ўласціва жанрава-стылявое багацце, разнастайнасць вобразна-моўных сродкаў, паэт. майстэрства. Піша прозу («Колас расказвае пра сябе», 1964, Літ. прэмія імя Я.​Коласа 1965; «Дванаццаць вячорных вогнішчаў», 1968; «Людзі, птушкі, прастор», 1976; «Трое», 1989). Выступае як крытык і публіцыст (кнігі «Вачыма часу», 1964; «Рэпартаж з рубцом на сэрцы», 1973; «З ранку да вечара», 1978). Выдаў зб. гумару «Сілівон на дачы» (1958), вершы і апавяданні для дзяцей, паэму-казку «Хто робіць пагоду» (1959). Аўтар сцэнарыяў фільмаў («Паўлінка», 1951; «Народны паэт», 1952; «Першыя выпрабаванні», 1960 і «Запомнім гэты дзень», 1967, з А.​Куляшовым). На бел. мову пераклаў «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, «Вечары на хутары ля Дзіканькі» М.​Гогаля, «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.​Радзішчава, асобныя творы А.​Пушкіна, У.​Маякоўскага, А.​Фадзеева, А.​Міцкевіча, У.​Сыракомлі і інш.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—2. Мн., 1960;

Зб. тв. Т. 1—3. Мн., 1968—70;

Зб. тв. Т. 1-4. Мн., 1979—81;

Вярнуся ветрам: Лірыка, гумар, сатыра. Мн., 1987.

Літ.:

Арочка М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979;

Яго ж. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981;

Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;

Кісялёў Г. Крокі // Полымя. 1984. № 11;

Гніламёдаў У. Натхненне і майстэрства: Творчасць М.​Лужаніна // Роднае слова. 1998. № 5.

У.​В.​Гніламёдаў.

М.Лужанін.

т. 9, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

вы́валачы, ‑лачу, ‑лачаш, ‑лача; ‑лачам, ‑лачаце, ‑лакуць; пр. вывалак, ‑ла; зак., што.

1. Выцягнуць волакам што‑н. адкуль‑н. Вывалачы лодку з вады на бераг. // Разм. Выцягваючы, выбавіць што‑н., што загрузла, засела. Вывалачы воз з гразі. □ Царкоўны стараста.. стаяў і спакойна пазіраў, як а. Мадэст церабіўся ў гразі і не мог вывалачы з балота ног. Колас. // Вынесці каго‑, што‑н. Яна [цётка Броня] вывалакла на ганак зэдлік, які раней валяўся ў сенцах. Шыловіч. Марна павалэндаўшыся так з гадзіну, двое паліцаяў вывалаклі Сотнікава з памяшкання і кінулі ў тую самую камеру, дзе стараста. Быкаў. // Выцягнуць, прымусіць выйсці. Хлопцы амаль сілком вывалаклі мяне з інтэрната на прастор ракі. Сабаленка. [Сцяпан:] — Не мог [Быкоўскі], як трэба, па-хрысціянску — з сватам.. маю дачку ўзяць, але, як злодзей, хацеў праз акно вывалачы! Купала.

2. Разм. Украсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)