АСТРАМЕ́ТРЫЯ (ад астра... + ...метрыя),

раздзел астраноміі, які вывучае ўзаемнае размяшчэнне нябесных целаў у прасторы і змену яго з цягам часу, а таксама памеры і форму планет і іх спадарожнікаў. Уключае фундаментальную астраметрыю (вызначае найб. дакладную сістэму сферычных каардынат), сферычную астраномію (распрацоўвае матэм. метады рашэння задач, звязаных з бачным размяшчэннем і рухам свяціл на нябеснай сферы), практычную астраномію (распрацоўвае астранамічныя інструменты і прылады). Да астраметрыі належыць таксама вызначэнне момантаў сонечных і месяцавых зацьменняў, вырашэнне праблем календара. На падставе астраметрычных назіранняў вызначаны шкала дакладнага часу, даныя пра становішча восі вярчэння Зямлі ў прасторы і ў целе Зямлі, сістэма астранамічных пастаянных, каталогі зорак, пунктаў зямной паверхні з астр. каардынатамі і пунктаў з планетаграфічнымі каардынатамі на паверхні Месяца, Марса, Меркурыя і інш. планет. Еўрапейскае касмічнае агенцтва ў 1989 запусціла астраметрычны спадарожнік «Гіпаркос», які вызначыў каардынаты, уласныя рухі і трыганаметрычныя паралаксы 118 тыс. зорак з дакладнасцю да 2-тысячных доляў вуглавой секунды і амаль для мільёна зорак з меншай дакладнасцю. Выкарыстанне ў астраметрыі сродкаў радыё-, электроннай і выліч. тэхнікі дазваляе выконваць арыентацыю касм. апаратаў у час працяглых міжпланетных палётаў, назіраць ШСЗ і інш. Метадамі астраметрыі карыстаюцца ў геадэзіі, картаграфіі і навігацыі.

Літ.:

Подобед В.В., Нестеров В.В. Обшая астрометрия. 2 изд. М., 1982;

Бакулин П.Н. Фундаментальные каталоги звезд. 2 изд. М., 1980;

Бакулин П.И., Блинов Н.С. Служба точного времени. 2 изд. М., 1977;

Положенцев Д.Д. Радио- и космическая астрометрия. Л., 1982.

Дз.​Дз.​Палажэнцаў.

т. 2, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПТУ́Н,

восьмая па парадку ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, знак . Адкрыты ў 1846 ням. астраномам І.​Гале паводле тэарэт. прадказанняў У.Ж.Левер’е і Дж.К.Адамса.

Сярэдняя адлегласць ад Сонца 4504,4 млн. км. Перыяд абарачэння вакол Сонца 164,788 года, вакол восі 16 гадз 6 мін. Экватарыяльны дыяметр 49 528 км. Нахіл экватара да плоскасці арбіты 29°. Маса 1,03∙10​26 кг (17,22 масы Зямлі). сярэдняя шчыльн. 1640 кг/м³. Унутраныя ​2/3 часткі Н. складаюцца з сумесі літага каменю, вады. вадкага аміяку і метану; вонкавая трэць — з сумесі нагрэтых газаў (вадароду, гелію. метану) і пары вады. Састаў атмасферы: метан, вадарод, гелій Нетры Н. вылучаюць вял. колькасць энергіі. Атрымлівае ад Сонца ў 2.5 раза менш энергіі, чым Уран; т-ра атмасферы Н. (каля 214 °C) амаль такая ж, як ва Урана. Адна з гіпотэз існавання ўнутр. крыніц энергіі — эвалюцыйнае сцісканне планеты. Простым вокам Н. не бачны (яго бляск каля 7,8 візуальнай зорнай велічыні). Паглынанне чырвоных прамянёў атмасферным метанам абумоўлівае сіні колер планеты. Мае 8 спадарожнікаў (гл. Спадарожнікі планет). Выяўлена 5 кольцаў на адлегласці ад 41,9 тыс. да 62.9 тыс. км ад цэнтра планеты, якія складаюцца з пылу. Большасць звестак пра Н. атрымана пры дапамозе аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Вояджэр».

Літ.:

Тейфель В.Г. Уран и Нептун — далекие планеты-гиганты. М., 1982;

Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. 2 изд. М., 1984;

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984.

А.​А.​Шымбалёў.

Агульны выгляд планеты Нептун (фотаздымак атрыманы аўтаматычнай міжпланетнай станцыяй «Вояджэр-2»).

т. 11, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНЕ́ТЫ (ад грэч. planētēs блукаючы),

вялікія нябесныя целы, якія абарачаюцца вакол Сонца (ці інш. зоркі), свецяцца іх адбітым святлом і маюць масы недастаткова вял. для таго, каб стаць зоркай. Паміж П. і Сонцам існуе ўзаемнае прыцягненне (гл. Сусветнага прыцягнення закону рух П. вакол Сонца прыблізна апісваецца Кеплера законамі.

Паводле сучасных даных у Сонечнай сістэме 9 вял. П. Паводле фіз, характарыстык адрозніваюць П. зямной групы (Меркурый, Венера, Зямля, Марс), П.-гіганты (Юпітэр, Сатурн, Уран, Нептун) і Плутон, які з 1999 лічыцца вял. П. і астэроідам адначасова. П. зямной групы маюць адносна невял. памеры, значную сярэднюю шчыльнасць, цвёрдыя паверхні, больш ці менш разрэджаныя атмасферы (акрамя Венеры); вярчэнне вакол восі павольнае; знаходзяцца на адносна невял. адлегласцях ад Сонца, таму атрымліваюць ад яго значную колькасць цеплаты. П.-гіганты характарызуюцца значна большымі масамі і памерамі, малой сярэдняй шчыльнасцю (газападобныя, з невял. цвёрдым ядром), хуткім вярчэннем вакол восі, значнай колькасцю спадарожнікаў. У межах Сонечнай сістэмы знаходзіцца вял. колькасць малых планет, ці астэроідаў (асн. частка ў поясе астэроідаў паміж арбітамі Марса і Юпітэра, другая — за арбітай Нептуна, у поясе Койпера). Непасрэдна не выяўлены П., якія б абарачаліся вакол інш. зорак (акрамя Сонца), але атрыманы даныя, якія ўскосна сведчаць пра наяўнасць П. у больш чым 20 зорак. Гл. таксама Касмагонія.

Літ.:

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984, Маров М.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986;

Хаббард У.Б. Внутреннее строение планет: Пер. с англ. М., 1987.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 12, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Плане́та ’нябеснае цела’ (ТСБМ), плянэ́та ’тс’ (Яруш.), планэ́та ’тс’ (Шат.), ’поўня’ (ігн., Сл. ПЗБ), плане́та ’лёс’ (ТСБМ; Юрч. СНЛ), ст.-бел. планета, плянета ’планета’, лёс’ (1518 г.) запазычана са ст.-польск. planeta (м. р.), płaneta ’тс’, якія з лац. planēta, ст.-грэч. πλανήτης ’які блукае’ < πλανάεσθαι ’блукаць’, πλανάειν ’збівацца з дарогі’ (Фасмер, Этюды, 151; Праабражэнскі, 2, 67; Банькоўскі, 2, 597). Сюды ж плане́тнік ’кніга прадказанняў’ (Юрч. СНЛ), параўн. ст.-чэш. planetník ’прадказальнік лёсу паводле планет’ (Махэк₃, 454), польск. planetnik ’астролаг, які ўмее прадказваць лёс па зорках’, ст.-рус. планитникъ ’астролаг’ (XVII ст.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

планета́рый

(п.-лац. planetarium)

1) апарат для паказу на купалападобным экране зорнага неба і руху Сонца, Месяца і планет;

2) будынак, у якім дзейнічае такі апарат.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АПТЫ́ЧНАЯ ЛАКА́ЦЫЯ,

выяўленне аддаленых аб’ектаў, вызначэнне іх месцазнаходжання, геам. памераў і скорасці руху з дапамогай эл.-магн. хваляў аптычнага дыяпазону (10​14—10​15 Гц). Бывае пасіўная (пры ўласным выпрамяненні аб’екта) і актыўная (лазерная; пры адбіцці ад паверхні аб’екта выпрамянення лакацыйнай станцыі). Крыніца эл.-магн. выпрамянення для зандзіравання — лазер. Аптычная лакацыя адрозніваецца высокай раздзяляльнай здольнасцю (да доляў метра), высокай дакладнасцю ў вызначэнні вуглавых каардынатаў (да адзінак вуглавых секундаў) і скорасці аб’екта. Выкарыстоўваецца ў паветр. і касм. навігацыі, ваен. справе (навядзенне ракет, снарадаў), астраноміі (аптычная лакацыя планет), для даследавання стану атмасферы, дакладнага картаграфавання паверхні Зямлі, Месяца і інш.

Літ.:

Лазерная локация. М., 1984.

Я.​В.​Алішаў.

т. 1, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЫЗАНТА́ЛІ, ізагіпсы,

лініі (ізалініі) на картах, якія злучаюць аднолькавыя абсалютныя вышыні рэльефу Зямлі, Месяца і інш. планет. З’яўляюцца асн. спосабам адлюстравання рэльефу на тапагр., агульнагеагр., фіз. і гіпсаметрычных картах. Уяўляюць сабой праекцыі сячэння рэльефу ўзроўневымі паверхнямі, праведзенымі праз зададзены для карты інтэрвал (асноўныя гарызанталі), які наз. вышынёй сячэння рэльефу. Для больш падрабязнага адлюстравання паверхні гарызанталі наносяць праз палавіну (або чвэрць) асн. сячэння (дадатковыя гарызанталі). На Зямлі гарызанталі праводзяцца звычайна адносна ўзроўню Сусветнага ак. (на Беларусі ад узроўню Балтыйскага м. па футштоку ў Кранштаце). Выкарыстоўваюцца для вызначэння абс. і адносных вышынь, стромкасці схілаў, расчлянення і інш. марфалагічных характарыстык рэльефу.

А.​В.​Саломка.

т. 5, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІЯПАРЭ́ЛІ ((Schiaparelli) Джавані Вірджыніо) (14.3.1835, г. Савільяна, Італія — 4.7.1910),

італьянскі астраном. Замежны чл.-кар. (1874) і ганаровы чл. (1904) Пецярбургскай АН. Скончыў Турынскі ун-т (1854). З 1859 у Пулкаўскай абсерваторыі. З 1860 у астр. абсерваторыі ў Мілане (у 1862—90 дырэктар). Навук. працы па даследаванні планет, камет і падвойных зорак, а таксама гісторыі астраноміі, матэматыцы і метэаралогіі. Распрацаваў тэорыю метэораў і ўстанавіў сувязь метэорных патокаў з каметамі (1866). Выявіў на паверхні Марса сетку тонкіх ліній, т.зв. «каналаў» (1877), гіпотэза аб штучным паходжанні якіх не атрымала пацвярджэння. Правёў грунтоўныя назіранні Меркурыя і Венеры.

Літ.:

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966. С. 411—418.

т. 14, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

астрапалярыме́трыя

(ад астра- + палярыметрыя)

раздзел астрафізікі, які вывучае паводле ступені палярызацыі святла нябесных свяціл фізічную прыроду іх выпрамянення, склад і шчыльнасць міжзорнага асяроддзя, атмасферы планет і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

рух, -у, мн. -і, -аў, м.

1. У філасофіі — форма існавання матэрыі, бесперапынны працэс развіцця матэрыяльнага свету.

Няма матэрыі без руху і руху без матэрыі.

2. Перамяшчэнне каго-, чаго-н. у пэўным напрамку.

Вярчальны р.

Механізм прыйшоў у р.

Р. планет.

3. Змяненне становішча цела ці яго частак.

Р. рукі.

Танцавальныя рухі.

Ляжаць без руху.

4. перан. Унутраны штуршок, выкліканы якім-н. пачуццём, перажываннем.

Душэўныя рухі.

5. Язда, хада ў розных напрамках.

Р. транспарту.

Правілы дарожнага руху.

6. перан. Развіццё, напружанасць дзеяння.

Драматычны р. апавядання.

7. Актыўная дзейнасць многіх людзей, накіраваная на дасягненне агульнай сацыяльнай мэты.

Р. прыхільнікаў міру.

Нацыянальна-вызваленчы р.

8. Колькаснае ці якаснае змяненне; рост, развіццё.

Р. народанасельніцтва.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)