ПЯТРО́ЎШЧЫНСКІ ПАКА́З, Пятроўшчынскае прадстаўленне,
адна з першых пастановак на бел. мове, якая адбылася 20.4.1906 у б. маёнтку Пятроўшчына (цяпер у межах Мінска). Арганізатары А.Бурбіс, А.Уласаў, С.Кукель і інш. Была пастаўлена камедыя М.Крапіўніцкага «Па рэвізіі». Да спектакля выпушчана рукапісная праграма, у якой пад псеўданімамі названы перакладчык (Апанас К.; дакладна не ўстаноўлена, гэта Н.Чарноцкі ці Кукель) і выканаўцы [К.Лявончык, Тодар Гус, Л.Квач, А.Каліна, Б.Дзяргач (Бурбіс)]. Сцэну абсталявалі на падворку. Прысутнічала больш за 300 гледачоў. Прадстаўленне ішло ў муз. суправаджэнні (цымбалы, скрыпка, бубен). Прагучалі таксама вершы Я.Купалы «Што ты спіш?..», «Не рвіся к багатым», «Пашкадуй мужыка!» у выкананні Бурбіса.
В.У.Скалабан.
т. 13, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДАЎ Сямён Абрамавіч (24.1.1893, г. Херсон, Украіна —24.5.1968),
рускі паэт, літаратурны крытык, перакладчык. Адзін з рэдактараў час. «На посту» (1923—25), адначасова адказны сакратар Маскоўскай (1923—24), у 1924—26 Усерас. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў. Друкаваўся з 1912. Аўтар паэт. зб-каў «Мая сяўба» (1918), «Перабежка бліскавіц» (1921), «Стальны строй» (1923), паэм «Іна», «Нашы душы» (абедзве 1922), зб-каў арт. «Арганізацыя пралетарскай літаратуры» (1925), «У літаратурных баях» (1926), «На пасту» (1931). На рус. мову перакладаў творы Я.Купалы, Я.Коласа, А.Кулакоўскага, М.Лупсякова, М.Паслядовіча, Э.Самуйлёнка, А.Якімовіча.
А.С.Малінін.
т. 13, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУМО́ЎСКІ Сцяпан Якаўлевіч (9.11.1734, в. Стары Пагост Цвярской вобл., Расія — 18.7.1812),
расійскі астраном. Акад. Пецярбургскай АН (1767). У 1765—90 кіраўнік геагр. дэпартамента, з 1800 віцэ-прэзідэнт Пецярбургскай АН. У 1803—12 апякун Казанскай вучэбнай акругі. Навук. працы па астраноміі і картаграфіі. Пасля апрацоўкі вынікаў уласных назіранняў праходжання Венеры па дыску Сонца (1761, Забайкалле; 1769, Кольскі п-аў) атрымаў блізкае да сучаснага значэнне паралакса Сонца 8″, 67. Кіраваў картаграфічнымі работамі, склаў і апублікаваў першы для Расіі каталог 62 астр. пунктаў (1802). Адзін са складальнікаў першага ў Расіі этымалагічнага слоўніка. Вядомы як перакладчык твораў Ж.Бюфона, Тацыта, Л.Эйлера.
т. 13, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДО́Ф’ЕЎ Ілья Іванавіч (24.7.1889, С.-Пецярбург — 17.7.1965),
рускі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1912. Першы паэт. зб. — «Дынама-вершы» (1918). Аўтар зб-каў вершаў «Прасцей простага» (1925), «Крутое жыццё» (1929), паэмы «Індустрыяльная жалейка» (1923), кн. апавяд. «Акрываўленая лесвіца» (1920) і інш. На рус. мову перакладаў вершы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Глебкі, М.Машары, П.Панчанкі, П.Пестрака, М.Танка. Перакладаў з укр. і літ. моў. Яго вершы на бел. мову перакладалі А.Бялевіч, А.Гурло, І.Калеснік, А.Якімовіч.
Тв.:
Избранное. М.; Л., 1960;
Песня о Родине. Л., 1953;
Индустриальная свирель. Л.,1971.
А.С.Малінін.
т. 14, с. 79
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКО́ВІЧ (Sakowicz) Фабіян (6.11.1742—1787?),
польскі паэт і перакладчык. Нарадзіўся на Беларусі. У 1759—62 вучыўся ў Віцебскім і Нясвіжскім езуіцкіх калегіумах. Выкладаў у Нясвіжы. З 1766 у Варшаве, у 1772—77 супрацоўнічаў у час. «Zabawy przyjemne і pożyteczne» («Прыемныя і карысныя забавы»), дзе апублікаваў большасць сваіх вершаў (некат. з іх прысвечаны ўраджэнцам і жыхарам Беларусі). На польскую мову пераклаў песні Гарацыя (т. 1—2, 1773—75). У 1777 памагаў А.Нарушэвічу перапісваць тэксты для яго «Гісторыі...». Жыў у яго маёнтку Павець каля Пінска. У 1778 пераехаў у в. Чарнаўчыцы (Камянецкі р-н Брэсцкай вобл.).
А.В.Мальдзіс.
т. 14, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМАНО́ЎСКІ Іосіф Бенцыянавіч (24.4.1892, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 8.10.1967),
бел. бібліятэказнавец, бібліёграф, перакладчык. Засл. дз. культ. Беларусі (1957). Скончыў Бернскі ун-т (1914; Швейцарыя). У 1918—21 заг. Бабруйскай гар. б-кі. У 1922—37, 1944—61 дырэктар Дзярж. б-кі БССР імя Леніна, у 1937—41 — Навук. мед. б-кі Беларусі. Выкладаў у Маскоўскім бібліятэчным (1942—44) і Мінскім пед. (1944—57) ін-тах. Аўтар прац па тэорыі і методыцы бібліятэказнаўства. На бел. мову перакладаў творы Г.Гейнэ, А.Міцкевіча, на рус. — Э.Верхарна.
Тв.:
Белорусская советская библиография. Ч. 1. Мн., 1965.
т. 14, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМЁНАЎ Глеб Сяргеевіч (18.4 1918, С.-Пецярбург — 23.1 1982),
рускі паэт, перакладчык. Скончыў Ленінградскі ун-т. Друкаваўся з 1935. У паэт. зб-ках «Святло ў вокнах» (1947), «Плячо ў плячо» (1952), «Адпачынак у верасні» (1964), «Сосны» (1972) і інш. роздум пра радзіму, апяванне рус. прыроды, боль-успамін пра ленінградскую блакаду. Пераклаў каля 50 твораў Я.Купалы. У перакладзе С. многія вершы Я.Купалы загучалі ўпершыню на рус. мове. Яго пераклады перадаюць не толькі змест і форму, але і інтанацыі, маст. своеасаблівасць паэзіі бел. паэта.
Тв.:
Стихотворения. Л., 1979;
Прощание с осенним садом: Стихи. Л., 1986.
т. 15, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТА́ЛІЙ,
усходнеславянскі рэліг. дзеяч і пісьменнік 1-й пал. 17 ст. Аўтар духоўных вершаў, перакладчык царк. кніг з грэч. і лац. моў. Пераклаў на царк.-слав. мову і выдаў кн. «Дыёптра, або Люстра жыцця людскога на тым свеце...» (Еўе, 1612; перавыдадзена ў Еўі і Вільні ў 1642, Куцейне ў 1651 і 1654, Магілёве ў 1698, Клінцах у 1786), прасякнутую царк.-рэліг. тэндэнцыямі. У кнізе змешчаны таксама тыпова барочныя паводле характару і стылю філас.-дыдактычныя вершы Віталія, у якіх праводзяцца ідэі хрысц. аскетызму, марнасці зямнога жыцця.
Літ.:
Франко І. Забутий український віршописець XVII в. // Зап. наук. т-ва ім. Шевченка. 1898. Т. 22, кн. 2.
А.Ф.Коршунаў.
т. 4, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЕ́ДЗІЧ Мікалай Іванавіч (13.2.1784, г. Палтава, Украіна — 15.2.1833),
расійскі паэт, перакладчык. Скончыў Харкаўскі калегіум (1800), вучыўся ў Маскоўскім універсітэцкім пансіёне (1800 — 02). Чл.-кар. Пецябр. АН з 1826. Уваходзіў у т-ва «Бяседа аматараў рускага слова», зблізіўся з Вольным таварыствам аматараў расійскай славеснасці; падтрымліваў сувязі з дзекабрыстамі. Вольналюбівыя матывы ў вершах «Інтэрнат» (1804), «Перуанец да іспанца» (1805). Аўтар аповесці «Морыц, альбо Ахвяра помсты» (1802), паэмы «Нараджэнне Гамера» (1817), ідыліі «Рыбакі» (1822) і інш. У 1829 апублікаваў поўны пераклад «Іліяды» Гамера, над якім працаваў больш за 20 гадоў. Перакладаў таксама творы Ф.Шылера, Вальтэра, У.Шэкспіра.
Тв.:
Стихотворения. Поэмы. М., 1984.
т. 5, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РСАЎ Іван Цярэнцьевіч (н. 19.12.1927, г. Клімавічы Магілёўскай вобл.),
рускі паэт, перакладчык. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1962). Працаваў у час. «Нёман», у выд-ве «Молодая гвардия» (Масква). Друкуецца з 1953. Аўтар зб-каў паэзіі «Грамата гадоў» (1977), «Пясочны гадзіннік» (1981), «Круг» (вершы, паэма, 1986), кніг вершаў і казак для дзяцей «Едзе лес» (1961), «Вясёлыя небыліцы» (1970), «Краіна Блакітнага Сонца» (1973), «Казкі, поўныя цудаў» (1979), «Сорак сарок» (1988) і інш. Перакладае з бел. і ўкр. моў на рускую (зб-кі паэзіі А.Астрэйкі, Р.Барадуліна, Д.Бічэль-Загнетавай, П.Броўкі, Г.Бураўкіна, В.Зуёнка, У.Караткевіча, Е.Лось, К.Цвіркі і інш.).
т. 3, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)