зборная назва падобных па выглядзе і памерах парнакапытных жывёл сям. пустарогіх. 19 відаў. Пашыраны ў пустынях, стэпах і лесастэпах Афрыкі і Азіі. Жывуць статкам. Найб. вядомыя джэйран, дзерэн, газель-дама (Gasella dama) і інш.
Даўж. да 170 см, выш. ў карку да 120 см, маса да 85 кг. Целасклад лёгкі, зграбны. Маюць лірападобныя рогі даўж. да 80 см. Афарбоўка шаравата-пясочная або карычняватая з больш светлым нізам. Хутка бегаюць. Кормяцца расліннасцю. Нараджаюць 1—2 дзіцянят. Аб’екты палявання. 3 віды і 7 падвідаў у Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЙЦЫ́ (Lepus),
род млекакормячых сям. зайцавых атр. зайцападобных. Каля 23 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Афрыцы. Найб. вядомыя З.: бяляк (L. timidus), русак (L. europaeus), талай (L. tolai). На Беларусі 2 віды: бяляк і русак.
Даўж. да 75 см, маса да 7 кг. Заднія канечнасці звычайна значна даўжэйшыя за пярэднія. Вушы доўгія, хвост кароткі. Размнажаюцца да 5 разоў за год. Дзіцяняты (2—8) нараджаюцца відушчыя, укрытыя поўсцю, здольныя адразу бегаць. Кормяцца травяністай расліннасцю, карой, пупышкамі, галінкамі дрэў і кустоў, сенам і інш. Аб’екты палявання.
Зайцы: 1 — бяляк, 2 — русак, 3 — талай (а — летам; б — зімой).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІЦТВАЎПАРА́ДКАВАННЕ,
комплекс мерапрыемстваў па арганізацыі навукова-абгрунтаванага вядзення паляўнічай гаспадаркі на вызначанай тэрыторыі. Уключае работы па ўпарадкаванні, захаванні і рацыянальнай эксплуатацыі паляўнічага фонду, рэгуляванні колькасці паляўнічых жывёл, аздараўленні папуляцый і інш. Поўны цыкл П. працягваецца звычайна 1,5 года і ўключае дэталёвае вызначэнне месцазнаходжання і межаў гаспадаркі, інфармацыю аб прыродна-эканам. умовах аб’екта, аналіз папярэдняй паляўніча-гасп. дзейнасці, баніціроўку паляўнічых угоддзяў, складанне паляўнічых карт і інш. Распрацоўваюцца таксама рэкамендацыі па прапускной дзейнасці гаспадаркі па асн. відах палявання, правядзенні біятэхн. мерапрыемстваў і інш. На Беларусі П. праводзяць з 1968 Белдзяржпаляванне, Гомельскі ун-т і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
фокстэр’е́р
(англ. fox-terrier, ад fox = ліса + terrier = тэр’ер)
парода паляўнічых сабак групы тэр’ераў, якая выкарыстоўваецца для палявання ў норах на лісіц, барсукоў і іншых невялікіх звяроў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
Трэ́нер ‘спецыяліст, які кіруе трэніроўкай’ (ТСБМ). Праз польскую ці рускую мову з англ.trainer ‘трэнер, інструктар, дрэсіроўшчык’. Аналагічна: трэ́нінг ‘трэніроўка’ (ТСБМ), трэнава́нне ‘тс’ (Некр. і Байк.), трэнава́ць ‘праводзіць трэніроўкі’ (Некр. і Байк.) і трэнірава́ць ‘навучаючы каго-небудзь, праводзіць сістэматычныя практыкаванні па чым-небудзь’ (ТСБМ), ‘тармазіць (плыт)’ (шальч., Сл. ПЗБ); параўн. да апошняга англ.train ‘шэраг, ланцуг, гуж’, ‘чарада’. Сюды ж трэніроўка ‘навучанне маладога сабакі да палявання’ (Сцяшк.). Гл. Брукнер, 576; ЕСУМ, 5, 629; Арол, 4, 98.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВЕЛЬШТЭР’Е́Р,
парода паляўнічых норных сабак. Выведзена ў 19 ст. ў Вялікабрытаніі (Уэльс) для палявання на лісоў і трусоў. На Беларусі іх невялікая колькасць. Выкарыстоўваюць пры здабычы баброў, выдраў, норак, янотападобных сабак, а таксама пры паляванні на лася, дзіка.
Сабакі моцнай канстытуцыі, тэмпераментныя, рухавыя, вынослівыя, непатрабавальныя да догляду. Лёгка дрэсіруюцца. Выш. ў карку да 40 см, сярэдняя маса цела 9,5 кг. Масць рыжая з чорным чапраком, які не павінны спускацца ніжэй скакальных суставаў, або чорная з сівізной. Лоб плоскі, сківіцы моцныя, морда падоўжаная, на галаве шчацінне (асн. тып шэрсці пароды) утварае вусы і бараду. Характэрны алюр — галоп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́ЧНІКІ,
сяляне-слугі ў ВКЛ 14—18 ст., гал. абавязкам якіх была ахова пушчаў вял. князя ці буйных феадалаў, падрыхтоўка палявання і ўдзел у ім. Жылі ў асобных вёсках ці на хутарах каля пушчаў, вызваляліся ад паншчыны і грашовых падаткаў, удзельнічалі ў ваен. паходах. Паводле «Уставы на валокі» 1557 за службу атрымлівалі 2 валокі зямлі, якія не абкладаліся падаткамі. З развіццём фальваркаў эканам. становішча асочнікаў пагоршала, іх зямельныя надзелы паменшалі да 1—0,5 валокі. У 18 ст. асочнікаў пераводзілі на чынш, а за зямельны надзел яны павінны былі выплачваць дзякло, ахоўваць лясы, рамантаваць дарогі і масты ў пушчах, перавозіць пошту і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ЖЛЫ,
група парод паляўнічых сабак. Паходзяць ад стараж. сабак Зах. і Паўд. Еўропы. Пашыраны ва ўсіх краінах свету. Выкарыстоўваюцца для палявання на балотную, стэпавую і палявую дзічыну, радзей на звера. Выжлаў падзяляюць на астраўных англ. (пойнтэр і сетэры — англ., ірландскі і шатландскі, або гардон) і кантынентальных (ням. каратка-, даўга- і цвердашэрсная выжла, чэшскі фаўсек, венгерская і вял. мюнстэрлендэрская выжла і інш.).
Мускулістыя і зграбныя сабакі, выш. ў карку 53—67 см, характэрны алюр — галоп.
Для кантынентальных парод найб. уласціва гнаць дзічыну па крывавым следзе ўголас. Масць разнастайная, у залежнасці ад пароды. Астраўных выжлаў трымаюць як дэкар.-пакаёвых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРШНЭ́П (Lymnocryptes minimus),
птушка сям. сяўцовых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў тундры, лесатундры, на травяністых і сфагнавых балотах паўн.ч. Еўразіі. Селіцца на адкрытых багнах з невял. травастоем, на глеістых берагах азёр, балотах, якія параслі хвашчом, асакой ці чаротам. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца пераважна на пралётах, у паўн. раёнах зрэдку гняздуецца; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. каля 20 см, маса да 80 г. Спіна карычнявата-бурая з зеленаватым металічным адлівам і вохрыстымі падоўжнымі палоскамі па баках. Над вачамі белыя палосы, брушка белае з рыжаватымі плямкамі. Дзюба доўгая, тонкая, прамая; ногі кароткія. Выседжвае 3—4 птушанят. Корміцца насякомымі, іх лічынкамі, чарвямі і малюскамі. Аб’ект спарт.палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЧ, дзяркач (Crex crex),
птушка сям. пастушковых атр. жураўлепадобных. Пашыраны па ўсёй Еўропе, Зах. Азіі (да Байкала). Жыве на вільготных травяністых лугах, у пасевах с.-г. культур, на лясных высечках, агародах. На Беларусі звычайны пералётны від (нар. назвы дзяргач, дзяргун). Актыўны пераважна ўначы.
Даўж. цела 18—27 см, маса 100—200 г. Афарбоўка светла-рыжая з цёмнымі стракацінамі. Дзюба кароткая, моцная. Бегае хутка. Вясной самец выдае моцныя скрыпучыя гукі (адсюль назва). Гняздуецца парамі. Гняздо — ямка пад кустом або на купіне. Нясе 7—12 яец. Птушаняты ўкрыты чорна-бурым пухам. Корміцца насякомымі, смаўжамі, дажджавымі чарвямі, насеннем пустазелля і інш. Аб’ект палявання. Зімуе ў Афрыцы і Міжземнамор’і.