карэ́нне, ‑я, н., зб.

1. Карані (у 1–3 знач.). Улетку [людзі] збіралі грыбы і ягады, капалі карэнне і запасілі на зіму. Якімовіч. [У Альбіны] тут няма ні роду ні заводу, яе ўсё карэнне там, па той бок мяжы з паласатымі слупамі. Сабаленка.

2. Падземныя часткі некаторых раслін (пятрушкі, сельдэрэю і інш.), якія ідуць у ежу як прыправа.

3. Курыва, прыгатаванае са сцяблоў тытуню. — Насадзіць [бацька] тытуню, гарод увесь. .. А тады .. таўчы яму тое карэнне, пыл есць вочы і горла забівае. Ермаловіч.

•••

Пусціць карэнне гл. пусціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВОДААХО́ЎНАЯ ЗО́НА,

тэрыторыя, што мяжуе з акваторыямі рэк, азёр і інш. водных аб’ектаў, дзе ахоўваюцца падземныя і паверхневыя воды або наладжаны асаблівы рэжым гасп. дзейнасці. Водаахоўныя зоны могуць уключаць надпоймавыя тэрасы, берагі, а таксама лагчыны і яры, непасрэдна злучаныя з рачной далінай, лясныя насаджэнні на вадазборах, па берагах рэк і азёр (гл. Водаахоўныя лясы). У водаахоўнай зоне забараняецца выкарыстанне і захоўванне ядахімікатаў, складзіраванне мінер. угнаенняў, размяшчэнне жывёлагадоўчых комплексаў і фермаў, расшырэнне дзейных і буд-ва новых прамысл. прадпрыемстваў, стаянка і абслугоўванне аўтамотатранспарту і інш. віды гасп. дзейнасці. У межах водаахоўнай зоны па берагах вадаёмаў вылучаюцца прыбярэжныя палосы, на тэр. якіх забараняюцца таксама аранне зямлі, выпас жывёлы, выкарыстанне ўгнаенняў, стварэнне месцаў адпачынку. Напр., на Беларусі для зберажэння прыроднага комплексу воз. Нарач вылучана водаахоўная зона ў межах яго вадазборнай плошчы.

т. 4, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ДЫ СУ́ШЫ,

воды рэк, азёр, вадасховішчаў, балот, ледавікоў, глеб, а таксама падземныя воды ў вадкім, цвёрдым і газападобным стане. Прэсныя воды сушы — асн. крыніца водных рэсурсаў. З агульных запасаў вод у гідрасферы Зямлі 48,6 млн. км³ (3,5%) адносяцца да вод сушы, у т. л. 35 млн. км³ (або 2,5% усіх вод Зямлі) прэсныя. Найб. аб’ём прэсных вод знаходзіцца ў ледавіках і вечных снягах — каля 24 млн. км³ (1,7%), у падземных водах іх каля 11 млн. км³ (0,8%, разам з мінералізаванымі і расоламі каля 24 млн. км³), у глебе, вадаёмах, вадацёках, балотах, жывых арганізмах каля 1,4 млн. км³ (менш як 0,1%). На Беларусі воды сушы назапашаны ў рачной сетцы, азёрах і вадасховішчах, слоі глебы і ў падземных ваданосных гарызонтах.

Літ.:

Мировой водный баланс и водные ресурсы Земли. Л., 1974.

В.​В.​Дрозд.

т. 4, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭЗІЯ́НСКІЯ ВО́ДЫ,

напорныя пластавыя падземныя воды, якія залягаюць паміж водатрывалымі слаямі. Прымеркаваны да адмоўных геаструктур — сінкліналяў, мульдаў, прагінаў, упадзін. Напор узнікае пры гідраўлічнай ізаляванасці ваданосных гарызонтаў ад перавышэння вобласці жыўлення над вобласцю разгрузкі. Пры залішнім гідрастатычным ціску выліваюцца на паверхню зямлі або фантануюць пры ўскрыцці. Ва ўмовах актыўнага водаабмену артэзіянскія воды прэсныя, застойных — салёныя ці расолы (гл. Мінеральныя воды). Артэзіянскія воды звычайна звязаны з артэзіянскімі басейнамі. На Беларусі ўскрыты амаль на ўсёй тэр. на глыб. ад некалькіх дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў, належаць да Аршанскага гідрагеалагічнага басейна, Брэсцкага гідрагеалагічнага басейна, Прыпяцкага гідрагеалагічнага басейна і Беларускага гідрагеалагічнага масіву. Артэзіянскія воды з’яўляюцца асн. крыніцай пітнога водазабеспячэння.

А.​В.​Кудзельскі.

Фарміраванне артэзіянскіх водаў у артэзіянскім басейне: 1 — гліністыя пароды; 2 — ваданосныя пяскі; 3 — вапнякі; ф — месца (крыніца, свідравіна) выхаду вады на паверхню.

т. 1, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХТЫ́ ГУСЕ́ЙН (сапр. Гусейнаў Мехты Алі аглы; 17.4.1909, с. Шыхлы, Азербайджан — 10.3.1965),

азербайджанскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Азербайджана (1964). Друкаваўся з 1927. У ранніх апавяданнях, аповесцях («Тарлан», 1940; рус. пер. «Схватка», 1956), раманах «Разводдзе» (1933—36), «Раніца», (ч. 1—2, 1950—53), «Падземныя воды цякуць у акіян» (выд. 1966) адлюстраваў напружанасць і складанасць класавай барацьбы за перабудову азерб. вёскі ў пач. 20 ст. Пачынальнік жанру гіст. аповесці («Камісар», 1942), тэмы рабочага класа ў нац. л-ры: дылогія пра жыццё і працу нафтавікоў «Апшэрон» (1947) і «Чорныя скалы» (1957), У яго творах гіст. канкрэтнасць, дынамічнасць сюжэта спалучаны з дакладнасцю бытавых і псіхал. замалёвак. Вядомы як драматург. На бел. мову яго асобныя творы пераклалі А.​Васілевіч, В.​Рабкоў. Дзярж. прэмія СССР 1949.

Тв.:

Рус. пер. — Утро. М., 1970;

Повести. Рассказы. Пьесы. М., 1971.

т. 10, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

спа́ржа

(іт. sparagio, ад лац. asparagus < гр. asparagos)

травяністая расліна сям. лілейных з тонкім лускаватым лісцем і дробнымі жаўтавата-зялёнымі кветкамі, пашыраная ў розных кліматычных зонах, а таксама яе тоўстыя белыя падземныя парасткі, якія ўжываюцца ў ежу.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЛЯСНЫ́Я ПАЖА́РЫ (Узнікаюць па віне насельніцтва) (да 90%),

у выніку с.-г. і лесагасп. работ, забруджвання лесу, самаўзгарання торфу, ад маланак і інш. Асабліва схільныя да Л.п. хвойныя насаджэнні. Адрозніваюць Л.п. нізавыя (найчасцейшыя), верхавыя, падземныя (тарфяныя); нізавыя і верхавыя бываюць беглыя і ўстойлівыя, тарфяныя — устойлівыя. Прычыняюць вял. страты нар. гаспадарцы; разбураюць або аслабляюць лясныя біяцэнозы, спыняюць аднаўленне лесу, садзейнічаюць забалочванню, глебавай эрозіі, пашырэнню шкодных насякомых, дрэваразбуральных грыбоў; пагаршаюць уласцівасці глебы, склад, ахоўныя, сан.-гігіенічныя, рэкрэацыйныя функцыі лясоў. Для прадухілення Л.п. лес ачышчаюць, ствараюць проціпажарныя лясныя палосы і разрывы, праводзяць проціпажарную прапаганду. На Беларусі ў 1990-я г. рэгістравалася ад 0,9 да 8,1 тыс. Л.п. за год на пл. ад 0,3 да 26 тыс. га.

Літ.:

Чулюков В.И., Чайков М.А. Торфяные пожары и меры борьбы с ними., 1969;

Белов С.В. Лесная пирология. Л., 1982.

П.​І.​Лабанок.

т. 9, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тэ́рмы

(лац. thermae, ад гр. theime = цяпло)

1) грамадскія лазні ў Стараж. Рыме з заламі для спорту, сходаў і інш.;

2) падземныя воды і крыніцы, якія маюць тэмпературу вышэй за 20 °С;

3) лікі, якія характарызуюць энергетычныя ўзроўні атамаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АХО́ЎНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ грамадзянскай абароны,

інжынерныя збудаванні для аховы і жыццезабеспячэння насельніцтва ад зброі масавага знішчэння і звычайных сродкаў нападу. Падзяляюцца на сховішчы, супрацьрадыяцыйныя і найпрасцейшыя ўкрыцці. Сховішчы грамадз. абароны (асобныя збудаванні павышанай умяшчальнасці) забяспечваюць ахову насельніцтва ад ядз. зброі, атрутных рэчываў, бактэрыяльных сродкаў і інш. Пад іх прыстасоўваюць таксама падвальныя памяшканні будынкаў, абсталёўваюць метрапалітэны, тунэлі, падземныя пераходы. Супрацьрадыяцыйныя ўкрыцці забяспечваюць ахову насельніцтва пераважна ад радыеактыўнага і светлавога выпрамянення. Пад іх абсталёўваюць падвальныя і наземныя памяшканні будынкаў, горныя вырабаткі, пячоры і інш. Выкарыстоўваюцца таксама спецыяльна пабудаваныя і хуткаўзведзеныя ўкрыцці, укрыцці катлавіннага тыпу і інш. Найпрасцейшыя сховішчы — шчыліны і траншэі.

Да арт. Ахоўныя збудаванні грамадзянскай абароны. а. Сховішча ў падвале будынка: 1 — тамбур з засцерагальна-герметычнымі дзвярамі; 2 — памяшканне для людзей; 3 — фільтравентыляцыйная ўстаноўка; 4 — аварыйны выхад і забор паветра. б. Супрацьрадыяцыйнае ўкрыцце з лесаматэрыялаў: 1 — уваход з заслонамі; 2 — памяшканне для людзей; 3 — выцяжны кораб.

т. 2, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

радовішчы карысных выкапняў, якія ўтвараюцца пры асаджэнні рэчываў, раствораных у гарачых (ад 600—700 °C да 50—25 °C) мінералізаваных водах, што цыркулююць у нетрах Зямлі. Крыніцы такіх раствораў: магматычная, метамарфічная, поравая, або метэорная вада, што вызваляецца пад уздзеяннем розных геахім. і геал. працэсаў; растворанае мінер. рэчыва, выдзеленае астываючай магмай або мабілізаванае з парод, праз якія фільтруюцца падземныя воды.

Гідратэрмальныя радовішчы фарміруюцца ў шырокім інтэрвале — ад паверхні Зямлі да глыбінь больш за 10 км. Паводле саставу пераважнай часткі каштоўных кампанентаў вылучаюць 5 тыпаў руд гідратэрмальных радовішчаў: сульфідныя (медзь, цынк, свінец, малібдэн, вісмут, нікель, кобальт і інш.), вокісныя (жалеза, вальфрам, ніобій, волава, уран і інш.), карбанатныя (марганец, жалеза і інш.), самародныя (золата, серабро), сілікатныя (азбест, слюды), рэдкіх металаў (берылій, літый і інш.). Па глыбіні і т-ры ўтварэння гідратэрмальныя радовішчы падзяляюць на гіпатэрмальныя, мезатэрмальныя і эпітэрмальныя радовішчы.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)