ДУГА́ШАЎ (Газіз Ніязавіч) (н. 20.12.1917, г. Алматы, Казахстан),
дырыжор. Нар. арт. Казахстана (1957). Скончыў экстэрнам Алма-Ацінскую кансерваторыю (1957). У 1944—48 дырыжор, у 1956—59 гал. дырыжор, у 1969—76 дырэктар і маст. кіраўнік Каз. тэатра оперы і балета. У 1966—68 гал. дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета БССР, дзе кіраваў пастаноўкамі опер «Брэсцкая крэпасць» К.Малчанава і «Алеся» Я.Цікоцкага (1967), «Рыгалета» Дж.Вердзі (1968), балетаў «Альпійская балада» Я.Глебава (1967), «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева (1968). Пад яго кіраўніцтвам зроблены запіс першай бел. тэлеоперы «Ранак» Г.Вагнера (1967). Выкладаў у Маскоўскай і Алма-Ацінскай кансерваторыях, у 1968 вёў клас опернай падрыхтоўкі ў Бел. кансерваторыі. Дзярж. прэмія Казахстана імя К.Байсеітавай 1972.
т. 6, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛІ́Б ((Delibes) Клеман Філібер Леа) (21.2.1836, Сен-Жэрмен-дзю-Валь, цяпер у межах г. Ла-Флеш, Францыя — 16.1.1891),
французскі кампазітар. Чл. Ін-та Францыі (1884). З 1848 вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі ў А.Адана і інш. (з 1881 яе праф.). З 1853 акампаніятар «Тэатр лірык» і царк. арганіст у парыжскіх саборах, даваў урокі фп. У 1865—72 другі хормайстар т-ра «Гранд-Апера». Працаваў пераважна ў муз.-тэатр. жанрах. Найб. вядомыя яго оперы «Так сказаў кароль» (1873) і «Лакмэ» (1883) — адна з лепшых франц. арыентальных опер. Наватар у галіне балета, сімфанізаваў балетную музыку, развіў у ёй драм. пачатак. Яго лепшыя балеты «Капелія» (1870) і «Сільвія» (1876) зрабілі вял. ўплыў на развіццё муз.-харэаграфічнага мастацтва.
Літ.:
Давидсон И. Балеты Делиба // Сов. музыка. 1961. № 2.
т. 6, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗУ́РА ((Kazuro) Станіслаў) (2.8.1881, б. фальварак Тэклінаполь Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. — 30.11.1961),
польскі кампазітар, харавы дырыжор, педагог. Скончыў Варшаўскую кансерваторыю (1910) і акадэмію «Санта Чэчылія» ў Рыме (1914). У 1916—39 праф., у 1945—51 рэктар Вышэйшай муз. школы ў Варшаве. Арганізатар і кіраўнік масавых хароў у Варшаве, у т. л. Польскай нар. капэлы, аратарыяльнага хору Варшаўскай філармоніі. Аўтар опер, араторый, сімф. паэм, канцэртаў для розных інструментаў з аркестрам, рамансаў і песень, падручнікаў па спевах для агульнаадук. і муз. школ. У канцы 1920-х г. запісаў у в. Камаі (Пастаўскі р-н Віцебскай вобл.) шэраг бел. нар. песень, частку іх апрацаваў для аматарскіх хароў і голасу сола («Чырвоная калінанька», «Малады дубочак» і інш.).
Г.І.Цітовіч.
т. 7, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́МПЕРЭР ((Klemperer) Ота) (14.5.1885, г. Вроцлаў, Польшча — 6.7.1973),
нямецкі дырыжор, кампазітар. Вучыўся ў кансерваторыі ў Франкфурце-на-Майне (з 1901) і Берліне. Вучань Г.Пфіцнера. З 1907 працаваў у оперных т-рах Еўропы. З 1933 у эміграцыі, да 1939 узначальваў сімф. аркестр у Лос-Анджэлесе (ЗША). У 1947—50 у Будапешцкай дзярж. оперы, у т-ры «Комішэ-опер» у Берліне. Жыў у Швейцарыі, Лондане. Дырыжор Лонданскага філарманічнага аркестра, т-ра «Ковент-Гардэн». Інтэрпрэтатар твораў В.А.Моцарта, Л.Бетховена, І.Брамса, А.Брукнера, Г.Малера, Р.Штрауса, прапагандаваў творы П.Хіндэміта, І.Стравінскага, С.Пракоф’ева. Аўтар оперы, месы, 6 сімфоній, камерна-інстр. твораў, рамансаў, літ. прац («Мае ўспаміны пра Г.Малера і іншыя аўтабіяграфічныя нарысы», 1960). Прэмія імя І.В.Гётэ 1932.
т. 8, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРПІ́НСКІ ((Kurpiński) Караль Казімеж) (6.3.1785, Влашакавіцы, Польшча — 18.9.1857),
польскі кампазітар, дырыжор, муз. тэарэтык. Музыцы вучыўся ў бацькі — арганіста Марціна К. З 1810 2-і дырыжор «Т-ра Нарадовы», у 1824—40 1-ы дырыжор і дырэктар «Т-ра Велькі» ў Варшаве. У 1835—40 кіраваў першай польск. Школай муз. і драм. мастацтва. Адыграў значную ролю ў стварэнні нац. оперы. Аўтар больш як 25 опер (усе паст. ў Варшаве), у т. л. «Шарлатан, або Уваскрэсенне з мёртвых», «Ядвіга, каралева Польшчы» (абедзве 1814), «Новыя кракавякі» (1816), «Замак на Чарштыне, або Баямір і Ванда» (1819), аперэт, балетаў, мес, кантат, арк. і камерна-інстр. твораў, арк. і фп. паланэзаў, песень; муз. падручнікаў і артыкулаў па муз. этнаграфіі.
Літ.:
Przybylski T. K.Kurpmski. Warszawa, 1980.
т. 9, с. 51
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСА́Ж ((Lesage) Ален Рэнэ) (8.5.1668, г. Сарзо, Францыя — 17.11.1747),
французскі пісьменнік; прадстаўнік Асветніцтва. У сатыр. камедыях «Крыспэн — сапернік свайго гаспадара» (1707) і «Цюркарэ» (1709) прадоўжыў традыцыі Мальера. У сац.-быт. раманах «Кульгавы д’ябал» (1707), «Гісторыя Жыль Бласа з Сантыльяны» (1715—35) яскравыя сатыр. карціны франц. жыцця прасякнуты рысамі асветніцкага класіцызму, барока і ранняга ракако. Аўтар раманаў «Прыгоды Роберта Шэвалье...» (1732), «Гісторыя Эстэбаніла Гансалеса» (1734), «Саламанкскі бакалаўр» (1736), сатыр. аповесці «Дзень Парак» (1735), зб-каў камічных опер «Кірмашовы тэатр, або Камічная опера» (т. 1—10, 1721—37), п’ес «Іспанскі тэатр» (1700) і інш. Паўплываў на развіццё быт. і сатыр. рамана на рубяжы 18—19 ст. у Расіі.
Тв.:
Рус. пер. — Хромой бес. М., 1969;
Похождения Жиль Бласа из Сантильяны. М., 1990.
Г.В.Сініла.
т. 9, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ ЛІТАРАТУ́РНА-МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ГУРТО́К Існаваў у Магілёве ў 1905—14. Аб’ядноўваў мясц. інтэлігенцыю
(у 1912 каля 300 чал.). Меў у сваім складзе сімф. аркестр (дырыжор У.Крэвінг),
хор (кіраўнікі М.Фідзюноў, В.Зубоўскі), вял. групу прафес. музыкантаў (спевакі С.Мігай, Ю.Рэйдэр, Я.Казанская, Е.Калабазіна, піяністы В.Багалюбава і А.Боркус, скрыпач С.Дзісман, музыказнаўцы С.Вяржбіцкі, Ю.Дрэйзін). Удзельнікі гуртка наладжвалі канцэрты і муз. вечары (больш за 10 у сезон), чыталі лекцыі пра жыццё і творчасць выдатных кампазітараў, пісьменнікаў і паэтаў, ставілі асобныя дзеі і акты, выконвалі уверцюры, арыі, ансамблі, хары, у т. л. з опер «Жыццё за цара» і «Руслан і Людміла» М.Глінкі, «Пікавая дама» і «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага і інш.
А.Л.Капілаў.
т. 9, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РШНЕР ((Marschner) Генрых Аўгуст) (16.8.1795, г. Цытаў, Германія — 14.12.1861),
нямецкі кампазітар, дырыжор; прадстаўнік ранняга ням. рамантызму. Ганаровы д-р Лейпцыгскага ун-та (1834). У 1811—16 вучыўся кампазіцыі ў І.Шыхта. З 1827 дырыжор у Лейпцыгу, у 1831—59 прыдворны капельмайстар у Гановеры. У творчасці развіваў традыцыі К.М.Вебера, асабліва ў жанры рамант. оперы на казачна-фантаст. і сярэдневяковыя сюжэты; імкнуўся да псіхал. распрацоўкі характараў, сімфанізацыі муз.-драм. дзеяння. У лепшых з 14 опер («Вампір», паст. 1828; «Храмоўнік і яўрэйка», паст. 1829; «Ганс Гейлінг», паст. 1833) прадвызначыў прынцыпы муз. драмы Р.Вагнера. З інш. твораў: балет «Гордая сялянка» (1810), зінгшпілі, духоўныя творы; 2 арк. уверцюры, камерна-інстр. ансамблі, мужчынскія хары, песні, музыка да драм. спектакляў і інш.
т. 10, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕДРЭ́ЛЬ ((Pedrell) Феліпе) (19.2.1841, г. Тартоса, Іспанія — 19.8.1922),
іспанскі кампазітар, фалькларыст, педагог, вядучы дзеяч ісп. муз. адраджэння, т.зв. Рэнасім’ента. Чл. ісп. Каралеўскай акадэміі прыгожых мастацтваў (1895—1904). З 1873 працаваў у Барселоне, у 1895—1903 выкладаў у Мадрыдскай кансерваторыі. Выдаваў муз. часопісы, публікаваў узоры класічнай і нар. ісп. музыкі. Працы па муз. фальклоры («Іспанскія народныя песні», т. 1—4, 1918—22, 2 выд., т. 1—2, 1936), а таксама сучаснай ісп. музыцы паклалі пачатак сучаснаму ісп. музыказнаўству. П. узначаліў новую ісп. кампазітарскую школу і значна паўплываў на яе фарміраванне. Аўтар опер, у т. л. патрыят. трылогіі з пралогам «Пірэнеі» (1891), праграмных сімф. твораў, кантат і хароў з аркестрам, духоўнай музыкі, рамансаў і песень, якім уласцівы яркі нац. каларыт.
т. 12, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГО́ЎСКІ ((Rogowski) Людамір Міхал) (3.10.1881, г. Люблін, Польшча — 14.3.1954),
польскі кампазітар і дырыжор. Скончыў Варшаўскую кансерваторыю (1906). У 1909—12 працаваў дырыжорам у Вільні. Творчасць цесна звязана з бел. муз. культурай: кіраваў хорам у Бел. муз.-драм. гуртку, ствараў муз. афармленне да спектакляў трупы І.Буйніцкага, склаў «Беларускі песеннік з нотамі для народных і школьных хароў» (выд. ў 1911), куды ўключыў і ўласныя апрацоўкі бел. нар. песень. Аўтар 7 сімфоній, 6 опер, 2 балетаў, у т. л. «Купала» (паст. 1926, Варшава), сімф. паэм і сюіт, у т. л. Бел. сюіты для сімф. аркестра (1910), камерных, харавых, у т. л. на верш Я.Купалы «А хто там ідзе?» (1910) і.інш. твораў. З 1925 жыў у Дуброўніку (Харватыя).
т. 13, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)