СЕ́ЦЯЛЯ (Setälä) Эміль Нестар (27.2.1864, г. Кокемякі, Фінляндыя — 8.2.1935),

фінскі мовазнавец, дзярж. дзеяч; заснавальнік фіна-угорскага параўнальна-гіст. мовазнаўства. У 1913—14 прэзідэнт Фінл. акадэміі навук і л-ры, у 1893—1929 праф. Хельсінкскага ун-та. У 1925 міністр асветы, адначасова ў 1925—26 міністр замежных спраў Фінляндыі. З 1926 канцлер ун-та ў г. Турку. У 1888—90 ажыццявіў паездкі да ліваў, вотаў, вепсаў, вывучаў іх мовы і этнаграфію. Упершыню выкарыстаў метад аналогіі ў фіна-угразнаўстве. Распрацаваў транскрыпцыю для фіна-угорскіх моў. Вывучаў фальклор, гісторыю, этнаграфію фіна-угорскіх народаў.

т. 14, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЯШКО́ВІЧ Таццяна Піліпаўна (25.12.1904, г. Чэрвень Мінскай вобл. — 6.11.1986),

бел. мовазнавец. Засл. настаўніца Беларусі (1947). Канд. філал. н. (1956). Скончыла БДУ (1930). Працавала настаўніцай, у 1947—83 у Гродзенскім ун-це (у 1957—74 заг. кафедры). Даследавала дыялекталогію і гісторыю бел. мовы, дыялектную лексіку, мову твораў К.​Крапівы, М.​Лынькова. Аўтар прац «Гаворкі Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці. БССР» (1959), «З назіранняў над мовай К.​Крапівы» (1961), «Мова эпапеі Міхася Лынькова «Векапомныя дні» (1965), «Матэрыялы да слоўніка Гродзенскай вобласці» (1972), «Займеннік у беларускай мове» (1977), «Слоўнік Гродзенскай вобласці» (1983).

т. 15, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫПУ́ЦЬКА Юзаф (7.7.1910, в. Маліноўшчына Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 1983),

шведскі мовазнавец-славіст. Скончыў гімназію ў Вілейцы (1929), Віленскі ун-т (1934). Выехаў у Хельсінкі выкладаць польскую мову. З 1940 ва ун-це г. Упсала (Швецыя), з 1966 праф. У працах «Мова Уладзіслава Сыракомлі» (т. 1—2, 1955—57), «Пра мову ўспамінаў Францішка Міцкевіча» (1970) адзначаў беларусізмы аўтараў, спасылаўся на працы Я.​Карскага, інш. бел. мовазнаўцаў. Аўтар працы пра слав., у т. л. бел., прыслоўі, бел. рэаліі ў творчасці Э.​Ажэшкі.

І.​У.​Саламевіч.

т. 16, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УХВА́НАВА-ШМЫ́ГАВА Ірына Фролаўна (н. 19.6.1951, Мінск),

бел. мовазнавец, сацыёлаг. Д-р філал. н. (1997), праф. (1997). Скончыла Мінскі пед. ін-т замежных моў (1973). З 1973 працуе ў БДУ (з 1999 заг. кафедры англ. мовы і маўленчай камунікацыі). Даследаванні па прагмалінгвістыцы, сацыялінгвістыцы, тэорыі мовы. Сааўтар кн. «Мова і ідэалогія» (1981), «Прагматычныя аспекты функцыянавання мовы» (1983), «Новыя даследаванні ў замежнай лінгвістыцы» (1996), «Метадалогія даследаванняў палітычнага дыскурсу: Актуальныя праблемы зместу аналізу грамадска-палітычных тэкстаў» (вып. 1—2, 1998—2000), «Электаральныя сацыялагічныя даследаванні» (2002), падручнікаў і навуч. дапаможнікаў.

т. 16, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАТЭ́РНІК Мікалай Васілевіч (11.9.1890, в. Старына Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 2.12.1934),

бел. мовазнавец і педагог. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1914), Бел. дзярж. вышэйшы пед. ін-т (1934). У 1914—29 настаўнічаў на Міншчыне, у 1933—34 выкладчык бел. мовы і л-ры ў Аршанскім пед. тэхнікуме. Складальнік «Краёвага слоўніка Чэрвеньшчыны» (1929), у якім растлумачыў і праілюстраваў прыкладамі звязнага тэксту значэнне каля 9 тыс. слоў і фразеалагізмаў, сабраных у 35 населеных пунктах б. Ігуменскага павета. Аўтар артыкулаў па пытаннях педагогікі і методыкі.

І.​К.​Германовіч.

т. 17, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛІЧ (Beluħ) Аляксандр (14.8.1879, Бялград — 26.2.1960),

сербскі мовазнавец. Чл. Пецярбургскай АН (1910). Праф. Бялградскага ун-та (1905). З 1937 прэзідэнт Сербскай АН. Працы па дыялекталогіі, гісторыі, граматыцы сучаснай серб. мовы («Гісторыя сербска-харвацкай мовы», т. 1—2, 1950—51 і інш.). Зрабіў значны ўклад у параўнальную граматыку слав. моў («Паходжанне праславянскай дзеяслоўнай сістэмы», 1935, і інш.). У сваіх поглядах на агульнае мовазнаўства далучаўся да младаграматызму, пазней адышоў ад іх і стварыў т.зв. бялградскую школу. Асн. лінгвістычныя погляды выклаў у кн. «Аб прыродзе і развіцці мовы» (т. 1—2, 1941—59). Заснавальнік (1913) і рэдактар час. «Іужнословенски филолог» («Паўднёваславянскі філолаг»).

т. 3, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎРА́НЕК (Hauránek) Багуслаў (30.1.1893, Прага — 2.3.1978),

чэшскі мовазнавец, славіст. Адзін з заснавальнікаў Пражскага лінгвістычнага гуртка. Акад. Чэхаславацкай АН, праф. ун-та ў Брно (з 1929), Карлава ун-та ў Празе (з 1945). Працы па чэшскім мовазнаўстве («Чэшскія дыялекты», 1934; «Развіццё чэшскай літаратурнай мовы», 1936; «Нарыс літаратурнай мовы», 1963), параўнальнай граматыцы і параўн.-гіст. вывучэнні літ. слав. моў («Genera verbi ў славянскіх мовах», 1928—34). Распрацоўваў функцыянальна-структурную тэорыю. Адзін з заснавальнікаў і рэдактар часопісаў «Slavia» («Славія»), «Slovo a slovesnost» («Слова і славеснасць»), «Naše řeč» («Наша мова»). Дзярж. прэмія ЧССР 1957. А.​А.​Кожынава.

т. 5, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУ́ШАК Тамара Сцяпанаўна (н. 3.1.1927, г. Луганск, Украіна),

бел. мовазнавец-германіст. Д-р філал. н. (1991), праф. (1992). Скончыла 1-ы Маскоўскі пед. ін-т замежных моў (1954). З 1961 у Арэнбургскім пед. ін-це, з 1965 у Мінскім лінгвістычным ун-це (у 1965—77 заг. кафедры). Даследаванні ў галіне параўнальнай граматыкі германскіх моў, распрацоўвае праблемы функцыянальнага плана ням. і часткова англ. моў. Аўтар працы: «Функцыянальная стылістыка нямецкай мовы» (1981), а таксама арт. «Стан і асноўныя напрамкі лінгвастылістычнай праблематыкі ў мовазнаўстве Беларусі» (1979), «Моўная намінацыя і грамадска-культурны працэс» (1991) і інш.

т. 5, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРАШЭ́ЎСКІ (Doroszewski) Вітольд Ян (1.5.1899, Масква — 26.1.1976),

польскі мовазнавец. Чл. АН у Кракаве (1947) і Польскай АН (1952). Д-р філал. н. (1928), праф. Варшаўскага ун-та (з 1930). Рэдактар час. «Poradnik Językowy» («Моўны дарадчык», з 1932). Даследаваў словаўтварэнне, фанетыку, дыялекталогію, семантыку польск. мовы: «Манаграфія пра словаўтварэнне» (ч. 1—4, 1928—31), «Асновы польскай граматыкі» (ч. 1, 1952), «Пра культуру слова» (ч. 1—3, 1962—79), «Элементы лексікалогіі і семіётыкі» (1970) і інш. У 1931—34 вывучаў бел. нар. гаворкі Палесся. Пытанні бел. мовы разглядаў у арт. «Роднасць моў у святле фактараў дыялекталогіі» (1939). Дзярж. прэмія Польшчы 1969.

т. 6, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАРО́ДЗІЦКІ Васіль Аляксеевіч (19.4.1857, Йашкар-Ала, Марый-Эл — 23.12.1941),

рускі мовазнавец. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1915), праф. Казанскага ун-та (1893). Вучань І.А.Бадуэна дэ Куртэнэ, прадстаўнік казанскай лінгвістычнай школы. Працаваў у галіне агульнага, рус. і цюрк. мовазнаўства, фанетыкі і параўн.-гіст. граматыкі. Аўтар прац: «Нарысы па мовазнаўстве і рускай мове» (1901; 4-е выд. 1939), «Агульны курс рускай граматыкі» (1904; 5-е выд. 1935), «Уводзіны ў вывучэнне сучасных раманскіх і германскіх моў» (1953) і інш. У працах па рус. мове звяртаў увагу на некаторыя асаблівасці бел. мовы. У 1884 стварыў першую ў Расіі эксперыментальна-фанетычную лабараторыю.

т. 2, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)