з’ява, абумоўленая здольнасцю рэчыва вярцець у розныя бакі плоскасць палярызацыі святла, што праходзіць праз рэчыва; від прасторавай ізамерыі. Звязана з існаваннем рэчыва ў дзвюх формах (лева- і прававярчальнай), якія наз. аптычнымі ізамерамі або аптычнымі антыподамі і ўзнікаюць у выніку асіметрыі (хіральнасці) малекулы.
Аптычныя ізамеры адносяцца адзін да аднаго як несіметрычны прадмет і яго люстраны адбітак; маюць ідэнтычныя фіз. і хім. ўласцівасці, акрамя аптычнай актыўнасці. Адзін ізамер верціць плоскасць палярызацыі святла ўлева [l- ці (-)-форма], другі — управа [d- ці (+)-форма). Дзве формы аднаго і таго ж рэчыва маюць люстрана процілеглыя канфігурацыі. Для вызначэння генетычнай сувязі рэчываў выкарыстоўваюць знакі L і D, якія сведчаць аб роднасці канфігурацыі аптычна актыўнага рэчыва з L- ці D-гліцэрынавым альдэгідам або адпаведна з L- ці D-глюкозай. Аптычныя антыподы (ізамеры), узятыя ў эквімалекулярнай колькасці, утвараюць аптычна неактыўны рацэмат.
Аптычную ізамерыю маюць прыродныя амінакіслоты, вугляводы, алкалоіды. Фізіял. і біяхім. дзеянне аптычных ізамераў рознае: бялкі, сінтэзаваныя з прававярчальных кіслот (прыродныя бялкі — левавярчальныя) не засвойваюцца арганізмам; левы нікацін больш ядавіты, чым правы. У біял. працэсах існуе феномен перавагі левай формы аптычнай ізамерыі, які ўплывае на ўяўленні аб шляхах зараджэння і эвалюцыі жыцця на Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗАФАРБАВА́ЛЬНІКІ,
клас фарбавальнікаў, у малекуле якіх адна ці некалькі азагруп -N=N-, звязаных з радыкаламі арган. злучэнняў (араматычных, гетэраараматычных, з актыўнымі CH2-групамі). У склад малекулы ўваходзяць таксама замяшчальныя і незамяшчальныя аміна- і гідраксігрупы, сульфакіслотная група SO3H, нітратная NO3, карбаксільная COOH і інш. Сінтэз азафарбавальнікаў заснаваны пераважна на рэакцыі азаспалучэння. Па колькасці азагруп адрозніваюць мона-, ды- і поліазафарбавальнікі.
Колер монаазафарбавальнікаў залежыць ад хім. будовы радыкалаў, звязаных з азагрупай, колькасці і месцазнаходжання замяшчальнікаў у іх. Прасцейшыя азафарбавальнікі звычайна жоўтага, аранжавага ці чырв. колеру. Паглыбленне колеру звязана з колькасцю аміна-, гідраксі- і азагруп, велічынёй сістэмы спалучэння малекулы азафарбавальнікаў, яе палярызацыяй, наяўнасцю спалучэння паміж азагрупамі. Паводле хім. будовы, асаблівасцяў узаемадзеяння з матэрыяламі азафарбавальнікі падзяляюцца на: пігменты; дысперсныя азафарбавальнікі (нерастваральныя ў вадзе, растваральныя ў арган. растваральніках і палімерах); асноўныя фарбавальнікі; кіслотныя фарбавальнікі; лакі (звычайна нерастваральныя ў вадзе солі барыю ці кальцыю кіслотных фарбавальнікаў); пратраўныя фарбавальнікі, прамыя фарбавальнікі; актыўныя фарбавальнікі (уступаюць ў хім. рэакцыі з малекуламі матэрыялаў); азагены; металазмяшчальныя комплексныя злучэнні азафарбавальнікаў. Уключаюць фарбавальнікі ўсіх колераў і адценняў, усіх груп па тэхнал. выкарыстанні. На долю азафарбавальнікаў прыпадае больш за палову вытв-сці фарбавальнікаў. Выкарыстоўваюцца на фарбаванне прыродных і сінт. валокнаў, скуры, паперы, гумы, пластмас, як пігменты для лакаў, фарбаў, пры вытв-сці каляровых алоўкаў і інш.
Літ.:
Аналитическая химия синтетических красителей: Пер. с англ.Л., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСАЛЮ́ТНЫ НУЛЬ,
пачатак адліку абсалютнай тэмпературы па шкале Кельвіна; знаходзіцца на 273,16 К ніжэй за трайны пункт вады. Адпавядае стан з найменшай магчымай энергіяй, пры якой часціцы (атамы і малекулы) выконваюць т.зв. «нулявыя» ваганні. Пры абсалютным нулі ўсе рэчывы, акрамя гелію, знаходзяцца ў цвёрдым крышталічным стане. Атрыманы т-ры, якія толькі на мільённыя долі градуса адрозніваюцца ад абсалютнага нуля, аднак на практыцы абсалютны нуль недасягальны (гл.Нернста тэарэма). Пры ахаладжэнні да т-р, блізкіх да абсалютнага нуля, некаторыя рэчывы набываюць звышцякучасць, звышправоднасць і інш. своеасаблівыя ўласцівасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЯТРО́ПНЫЯ РАДЫ́,
рады іонаў, размешчаных у парадку ўзмацнення або аслаблення іх уплыву на ўласцівасці растваральніку, а таксама на скорасць і глыбіню хім. рэакцый і фіз.-хім. працэсаў, што адбываюцца ў ім.
Уплыў іонаў растворанага рэчыва на растваральнік наз.ліятропным дзеяннем іонаў. Вядомы Л.р. іонаў, састаўленыя, напр., па іх здольнасці адсарбіравацца з водных раствораў на адсарбентах, па ўплыве на растваральнасць і набуханне палімераў. Паслядоўнасць іонаў у Л.р. вызначаецца зарадам і памерам іонаў, іх здольнасцю звязваць малекулы растваральніку (гл.Сальватацыя) і мяняцца пры змене саставу растваральніку, канцэнтрацыі вадародных іонаў, т-ры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАГА́ДРА ((Avogadro) Амедэо) (9.8.1776, г. Турын — 9.7.1856),
італьянскі фізік і хімік. Атрымаў юрыд. адукацыю, самастойна вывучаў хімію, фізіку і матэматыку. Чл.-кар. (1804), ардынарны акад. (1819) АН у Турыне. У 1820—22 і 1834—50 праф. фізікі Турынскага ун-та. Прапанаваў гіпотэзу (1811), паводле якой малекулы газаў складаюцца з аднаго або некалькіх атамаў (гэтая думка выказана на 70 гадоў раней М.В.Ламаносавым). Сфармуляваў адзін з асн. законаў ідэальных газаў (гл.Авагадра закон), прапанаваў метад вызначэння атамных і малекулярных масаў. Імем Авагадра наз.Авагадра пастаянная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭГІДРАГЕНІЗА́ЦЫЯ,
хімічны працэс адшчаплення вадароду (гідрагену) ад малекулыарган. злучэння; рэакцыя, адваротная гідрагенізацыі. Звычайна прыводзіць да ўтварэння падвойнай сувязі (C=C, C=O і інш.). Ажыццяўляецца ў прысутнасці каталізатараў або пад уплывам акцэптараў вадароду пры т-ры 300—550 °C і паніжаным ціску (0,1—5 МПа). У чалавека і жывёл Д. — адна са стадый біял. акіслення рэчываў, якія паступаюць у арганізм, адбываецца ў прысутнасці ферментаў — дэгідрагеназ. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці этылену з этану, стыролу з этылбензолу, бутадыену з бутану ці бутэнаў, ацэтону з ізапрапілавага спірту і інш.; адбываецца пры тэрмічным крэкінгу і каталітычным рыформінгу. Гл. таксама Дэгідрацыклізацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІКАГЕНО́ЛІЗ (ад глікаген + ...ліз),
працэс анаэробнага ферментатыўнага распаду глікагену ў тканках. Ажыццяўляецца гідралітычна (пры ўздзеянні амілаз) і фасфаралітычна (галоўны шлях) — пад уздзеяннем глікагенфасфарылазы ў прысутнасці неарган. фасфату ад глікагену аддзяляецца глюкоза-1-фасфат, які ператвараецца фосфаглюкамутазамі ў глюкоза-6-фасфат. У клетках печані пазваночных гэтае злучэнне гідралізуецца глюкоза-6-фасфатазай з утварэннем свабоднай глюкозы, якая паступае ў кроў. У клетках шкілетных мышцаў усе наступныя пераўтварэнні глюкоза-6-фасфату аналагічныя гліколізу. Энергетычны выхад ад фосфаралітычнага распаду глікагену да малочнай к-ты выражаецца ў сінтэзе 2 малекул АТФ у разліку на адно звяно глюкозы малекулы глікагену.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЦБЕРГ ((Herzberg) Герхард) (н. 25.12.1904, г. Гамбург, Германія),
канадскі фізік і фізікахімік. Чл. Канадскага каралеўскага т-ва (з 1939). Скончыў Тэхн.ін-т у г. Дармштат (1927), дзе працаваў у 1930—35. У 1935 эмігрыраваў у Канаду. З 1949 у Нац. даследчым цэнтры ў г. Атава. Навук. працы па атамнай і малекулярнай спектраскапіі. Вызначыў энергію дысацыяцыі малекулы кіслароду (1930), знайшоў малекулярны вадарод у атмасферы планет. Ідэнтыфікаваў спектры малекул аксіду і дыаксіду вугляроду, аксіду азоту (II), ацэтылену, метану (1946—48), даследаваў спектры больш як 30 свабодных радыкалаў. Аўтар кнігі «Спектры і будова простых свабодных радыкалаў» (1974). Нобелеўская прэмія 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРБАРА́НЫ,
борарганічныя злучэнні агульнай формулы CnBmHn+m, дзе n = 1—6, m = 3—10. Малекулы К. маюць структуру паліэдраў, у вяршынях якіх размешчаны атамы бору B і вугляроду C, звязаныя шматцэнтравымі сувязямі (гл.Каардынацыйная сувязь). Кожны атам B і C злучаны з атамам вадароду Н.
Лятучыя бясколерныя вадкасці ці цвёрдыя рэчывы. Не раствараюцца ў вадзе, раствараюцца ў арган. растваральніках. Ніжэйшыя К. (з m = 3—5) у паветры павольна акісляюцца, вышэйшыя (m = 10) — устойлівыя і нетаксічныя. Атрымліваюць узаемадзеяннем вытворных ацэтылену з боравадародамі. Выкарыстоўваюць як кампаненты рэактыўнага паліва. сыравіну ў вытв-сці тэрмаўстойлівых палімераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРБАЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ (ад карба... + грэч. kyklos кольца),
клас арган. рэчываў, малекулы якіх маюць адзін або некалькі цыклаў (кольцаў) з трох і болей атамаў вугляроду. Падзяляюць на аліцыклічныя злучэнні і араматычныя злучэнні (бензол і поліцыклічныя злучэнні, пабудаваныя з кандэнсаваных бензольных кольцаў).
Першым К.з. з вызначанай структурай быў бензол, для якога ням. хімік Ф.Кекуле прапанаваў у 1865 цыклічную шасцічленную структурную форму. У 1882—85 сталі вядомыя 3-, 4-, і 5-членныя карбацыклы. У 1920—34 Л.Ружычка сінтэзаваў аліцыклічныя кетоны, цыклы якіх мелі ад 8 да 34 атамаў вугляроду. Магчымы сінтэз карбацыклаў з неабмежаванай колькасцю атамаў.