ЗЛАЧЫ́НСТВА,

у крымінальным праве Рэспублікі Беларусь забароненае законам грамадска небяспечнае дзеянне (або бяздзейнасць), якое пасягае на асобу, канстытуцыйны лад дзяржавы, уласнасць, а таксама на інш. аб’екты, якія ахоўваюцца законам. Неабходнай прыкметай З. з’яўляецца наяўнасць віны (наўмыснасць або неасцярожнасць дзеяння). Не з’яўляюцца З. дзеянне або бяздзейнасць, якія фармальна маюць прыкметы якога-н. З., але з-за сваёй малазначнасці не ўяўляюць сабой грамадскай небяспекі. Грамадска небяспечнае дзеянне не можа быць прызнана злачынным, калі на момант учынення яно не было прадугледжана крымін. законам, г. зн. не было процізаконным, проціпраўным. Сукупнасць названых прыкмет (віны і проціпраўнасці) утварае склад З. Адсутнасць любой з іх выключае паняцце З.

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь асобна вылучае паняцце цяжкае З. — наўмыснае дзеянне, якое ўяўляе сабой павышаную грамадскую небяспеку (іх пералік змешчаны ў агульнай частцы крымін. кодэкса). У адпаведнасці з сучаснай крымін. дактрынай краіны асаблівая частка кодэкса падзяляе З. паводле аб’екта пасягання на дзярж., супраць уласнасці, супраць асобы, супраць грамадскай бяспекі і грамадскага парадку, супраць правасуддзя, воінскія З. і інш.

т. 7, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНАГАГРА́ННІК у трохмернай прасторы,

геаметрычная фігура, састаўленая з канечнага ліку плоскіх многавугольнікаў так, што: кожная старана любога многавугольніка з’яўляецца стараной і некаторага іншага, сумежнага з ім; кожная пара любых старон гэтых многавугольнікаў — звёны ламанай лініі, якая ўтвараецца са старон інш. многавугольнікаў. Такія многавугольнікі наз. гранямі, іх стораны і вяршыні — рэбрамі і вяршынямі М.

М. наз. выпуклым, калі ён цалкам ляжыць з аднаго боку плоскасці любой яго грані. Такі М. разразае прастору на ўнутраную і знешнюю часткі. Унутраная частка ўтварае выпуклае цела. Выпуклы М. наз. правільным, калі ўсе яго грані — роўныя правільныя многавугольнікі і ўсе мнагагранныя вуглы пры вяршынях роўныя і правільныя; такіх М. (цел Платона) 5: актаэдр, дадэкаэдр, ікасаэдр, куб, тэтраэдр. Калі ўсе грані — правільныя разнайменныя многавугольнікі, а мнагагранныя вуглы роўныя, М. наз. паўправільным (целам Архімеда; гл. Паўправільныя мнагаграннікі). Правільнымі нявыпуклымі наз. М., у якіх грані перасякаюць адна адну або самі грані з’яўляюцца самаперасякальнымі многавугольнікамі (т.зв. целы Пуансо).

Правільныя нявыпуклыя мнагаграннікі (целы Пуансо).

т. 10, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЙБО́ЛЬШАГА СПРЫЯ́ННЯ РЭЖЫ́М у міжнародным праве,

адзін з найважнейшых прынцыпаў рэгулявання эканам., у т. л. гандл-, адносін паміж дзяржавамі. Кожная з дагаворных дзяржаў абавязваецца даваць другой такія ж правы і прывілеі ў пэўнай галіне іх узаемаадносін, якія яна ўжо дала трэцяй дзяржаве. Гэта выяўляецца ў правілах вядзення знешнегандлёвых аперацый, у т. л. пры ўстанаўленні мытных плацяжоў і збораў, што спаганяюцца пры ўвозе і вывазе тавараў. У гандл. дагаворах і пагадненнях звычайна пералічваюцца ўмовы, на якія не распаўсюджваецца Н.с.р., у іх ліку перадумовы, што вынікаюць з удзелу кожнага з дагаворных бакоў у мытных саюзах, зонах свабоднага гандлю і інш. формах рэгіянальнай эканам. інтэграцыі (напр., Н.с.р., што існуе ў Беларусі з краінамі СНД), а таксама розныя прывілеі, якія адзін з дагаворных бакоў дасць на падставе міжнар. пагадненняў краінам, што стаяць на шляху развіцця, або любой суседняй краіне для палягчэння прыгранічнага (прыбярэжнага) гандлю. Н.с.р. — адна з цэнтр. задач лібералізацыі знешняга гандлю, абвешчаных пры стварэнні ў 1994 Сусветнай гандлёвай арганізацыі (Беларусь атрымала ў ёй статус наглядальніка).

т. 11, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ВА,

сістэма агульнаабавязковых сацыяльных норм, якія ўстаноўлены або санкцыяніраваны дзяржавай і рэгулююць дзеянні, паводзіны і адносіны людзей, іх груповак, дзярж. і грамадскіх органаў, арг-цый і ўстаноў. Найважнейшыя рысы П.: нарматыўны характар; агульнаабавязковасць і ўсеагульнасць; дакладнасць, пэўнасць і абязлічанасць норм; прымяненне роўнага маштабу да розных людзей у аднолькавых сітуацыях; забяспечанасць пагрозы выкарыстання санкцый з боку дзяржавы і інш. Забяспечанасць пагрозы санкцый карэнным чынам адрознівае нормы П. ад інш. сац. норм (напр., ад маральных, рэліг., традыцыйных і інш.). П. належыць вядучая роля ў сац. рэгуляванні ў цывілізаваных дзяржавах. Яно ахоўвае ўладкаванасць і стабільнасць існуючых грамадскіх парадкаў, адносін, іх удасканаленне і змяненне і ў той жа час накіравана на барацьбу са злачыннасцю і інш. правапарушэннямі. Аснову прававой сістэмы краіны складае канстытуцыя. Нормы П. абумоўлены сац.-эканам. фактарамі, характарам і ўзроўнем развіцця духоўнай культуры. Удасканаленне П., яго дэмакратызацыя і гуманізацыя, строгае, няўхільнае і дзейснае прымяненне яго норм, прызнанне прыярытэту закона ў любой сферы грамадскай дзейнасці — неад’емная ўмова для ўсталявання прававой дзяржавы.

т. 12, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАДПРЫЕ́МСТВА,

самастойны гаспадарчы суб’ект з правамі юрыд. асобы, які на аснове выкарыстання працоўным калектывам маёмасці вырабляе і рэалізуе прадукцыю, выконвае работы, аказвае паслугі. Мае права займацца любой гасп. дзейнасцю, якая не забаронена заканадаўствам і адпавядае мэтам, прадугледжаным у статуце П. Мае самаст. баланс, разліковы і інш. рахункі ў банках, пячатку са сваім найменнем. Адрозніваюць П. дзяржаўныя, камунальныя, калектыўныя, індывідуальныя (сямейныя, прыватныя). Дзярж. П. ствараюцца за кошт бюджэтных асігнаванняў або ўкладаў інш. дзярж. устаноў, атрыманых даходаў і інш. крыніц. Маёмасць камунальных П. ствараецца за кошт асігнаванняў са сродкаў адпаведнага мясц. бюджэту або з укладаў інш. камунальных П. і інш. законных крыніц, што знаходзяцца ва ўласнасці раёна, інш. адм.-тэр. утварэнняў, органаў мясц. самакіравання. Калект. і індывід. П. фарміруюцца з маёмасці калектываў, сем’яў, грамадзян або ў выніку набыцця імі дзярж. або камунальнага П. Ва ўмовах пераходу да рынку адначасова з пашырэннем самастойнасці дзеючых П. узнікла мэтазгоднасць стварэння новых форм эканам. інтэграцыі — асацыяцыі, біржы, кансорцыумы, канцэрны, таварыствы, прадпрыемствы сумесныя і малыя і інш.

т. 12, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фарма́льна, прысл.

1. З захаваннем неабходных фармальнасцей. [Максім:] — Мне перайсці ў каталіцкую веру фармальна лёгка, — але ж я ўсёй сваёй істотай супроць любой рэлігіі. Машара. // Па фармальных прыкметах, афіцыйна. Самуйлёнак фармальна не быў членам партыі, але творы яго прасякнуты духам партыйнасці. «Маладосць».

2. Знешне. Булай прадставіў заводакіраўніцтву шырокі план па ўкараненню знойдзеных рэзерваў. Фармальна гэта выглядала правільным. Шыцік. // Не ўнікаючы ў сутнасць справы. Рэальная, узятая з жыцця сітуацыя сапраўды магла прывабіць аўтара і паслужыць канвой для цікавага апавядання, калі 6 пісьменнік не паставіўся да сваёй задачы фармальна. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

характэ́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адметныя, рэзка выяўленыя, своеасаблівыя рысы. Толькі ад вагранак і электраплавільнай печы далятала характэрнае патрэскванне ды прыглушана гула вентыляцыя. Карпаў. Пан быў вельмі абураны, задрыжаў яго характэрны падбародак. Бядуля.

2. Уласцівы пэўнай асобе, прадмету, з’яве. Характэрнаю рысаю стылю [Бядулі] з’яўляецца спалучэнне бытавізму з паэтычнасцю. Адамовіч. Трэба было ўнесці ў гэтую справу тую наладжанасць, тую празрыстую яснасць, якія былі характэрны для любой справы, за якую б ні браліся бальшавікі. Лынькоў.

3. У мастацтве — уласцівы пэўнаму народу, эпосе, грамадскаму асяроддзю. Характэрныя танцы. Характэрныя ролі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

hook1 [hʊk] n. крук, кручо́к;

a hook and eye кручо́к, аплі́к (засцежка)

by hook or by crook любо́й цано́й, так ці іна́кш;

get (smb.) off the hook/let smb. off the hook вы́зваліць (каго́-н.) з бяды́;

hook, line and sinker зусі́м, ца́лкам;

take the telephone off the hook зняць тэлефо́нную тру́бку (каб ніхто не званіў)

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

Лю́бы, лю́бый ’які выклікае пачуццё любві; блізкі, дарагі, мілы сэрцу, каханы’ (Нас., Гарэц., Яруш., Др.-Падб., Шат., Касп., Бяльк., ТСБМ, ТС; мядз., Сл. ПЗБ), ’той, каго любяць, шкадуюць’ (КЭС, лаг.). Укр. лю́бий ’тс’, люб ’мілы’, лю́ба ’каханая’; рус. люб, любый (люба ’каханая’); польск. устар. luby, н.- і в.-луж. luby (прыметнік і назоўнік), палаб. lʼaibě (< ljubъjь); чэш. libý, ст.-чэш. ľubý, ľub, ľúb, славац. ľúby (ľúba ’каханая’); славен. ljȗb, ljúba ’мілы, каханы, дарагі’ (ljúbi ’каханы’, ljȗba ’каханая’), серб.-харв. паўн.-зах. љуб (з XVII ст. і як назоўнік), љу́ба ’жонка’, макед. љуба ’каханая’, ’жонка’, балг. люба ’любка, каханая’, ст.-слав. любъ ’мілы, прыемны’. Прасл. lubъ ’мілы, прыемны, каханы’ (Слаўскі, 4, 360–362), роднаснымі да якога з’яўляюцца літ. liaupsė́ ’пашана’, ’хвалебная песня’, liáupsinti ’ўсхваляваць’, ст.-інд. lúbhayati ’моцна жадае’, lōbhas ’жаданне, прага’, lōbháyati ’ўзбуджае жаданне’, гоц. liufs, ст.-в.-ням. liob, н.-в.-ням. lieb, ст.-грэч. λυπτά ’юрлівая’, ’каханка’, лац. lubet (libet) ’мне падабаецца’, ’я жадаю, маю ахвоту’, lubīdō, libīdō ’страснае жаданне’, алб. laps ’жадаю, прагну’ — і.-е. *leubhos (Фасмер, 2, 544; Слаўскі, 4, 360–362; Скок, 2, 337–339; Бязлай, 2, 146; Шустар-Шэўц, 12, 864; БЕР, 3, 572; Трубачоў, Эт. сл., 15, 181–182). Сюды ж лю́бенькі, любе́нькі, лю́бінькі, любу́нка — ветлівы зварот да людзей, любе́й ’мілей’, любе́йшы ’мілейшы’ (Бяльк., Шат., Нас., Мікуц., Рам. 8–9; КЭС, лаг.), лю́ба, лю́бо ’міла, з любоўю’, ’падабаецца’, ’па сэрцу’, ’добра’ (ТСБМ, Бяльк., Растарг., ТС; калінк., З нар. сл.; воран., Сл. ПЗБ), любя ’даспадобы’ (мядз., Жыв. сл.)

Любы́ ’кожны, усякі’, ’які хочаш (на выбар)’, ’абы-хто’ (ТСБМ, ТС; КЭС, лаг.; брасл., Сл. ПЗБ), рус. любой, ст.-рус. любой ’які хочаш’ (XVI ст.), славен. poljúben, чэш. libovolný, славац. ľubovolný ’тс’. Да лю́бы (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАГА́ННІ,

рух (працэс), які мае пэўную ступень паўтаральнасці ў часе. Незалежна ад іх прыроды матэматычна апісваюцца аднолькавымі ўраўненнямі і вызначаюцца аднымі і тымі ж заканамернасцямі. Асн. характарыстыкі: перыяд ваганняў, амплітуда, скорасць нарастання або спадання амплітуды, спектр частот і форма ўласных ваганняў складаных сістэм. Могуць распаўсюджвацца ў асяроддзі, дзе знаходзіцца іх крыніца. Працэс распаўсюджвання ваганняў (а таксама інш. узбурэнняў) наз. хвалямі.

Паводле фіз. прыроды ваганні бываюць механічныя (напр., ваганні маятніка), электрамагнітныя (ваганні току і напружання ў вагальным контуры), электрамеханічныя (ваганні п’езаэл. датчыкаў), тэмпературныя (ваганні т-ры на Зямлі) і інш., паводле спосабу ўзбуджэння — уласныя ваганні, вымушаныя ваганні, параметрычныя ваганні і аўтаваганні. Кінематычна ваганні любой фіз. прыроды падзяляюць на перыядычныя (напр., гарманічныя ваганні, прамавугольныя, пілападобныя), амаль перыядычныя (гл. Затуханне ваганняў) і выпадковыя (белы шум). Кожны складаны вагальны працэс можна выявіць як суму гарманічных ваганняў (гл. Гарманічны аналіз). Спецыфічныя ваганні ўласцівы таксама некаторым біял. працэсам (гл., напр., Біялагічныя рытмы), гэты тэрмін у геаграфіі ўжываецца пры характарыстыцы многіх прыродных з’яў (напр., шматгадовых змяненняў клімату перыяд. характару).

П.​С.​Габец.

Віды ваганняў: а — прамавугольныя; б — пілападобныя; в — гарманічныя; г — затухальныя; д — нарастальныя.

т. 3, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)