атрад насякомых. Выкапнёвыя рэшткі вядомы з мелавога перыяду (каля 140 млн. гадоў назад). Больш за 140 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, найб. разнастайныя ў тропіках. На Беларусі каля 1600 відаў з 59 сям. Каля 2/3 з сям.агнёвак, ліставёртак, пядзенікаў, совак і выемчатакрылых моляў. У Чырв. кнізе Беларусі 31 від.
Назва атрада ад лускавінак на крылах — відазмененых і сплошчаных валаскоў. Перапончатых крылаў 2 пары, з размахам ад 3 мм да 30 см (еўрап. віды — да 15 см). Вочы вял., фасетачныя, над імі часта ёсць 2 т.зв. простыя вочкі. Разнастайнасць малюнка крылаў утвараецца будовай і пігментацыяй лускавінак. Развітыя органы нюху (сенсілы) размешчаны на паверхні вусікаў. Органы смаку, акрамя ротавых ч., могуць быць і на лапках. Органы слыху выяўлены ў вышэйшых форм (начныя М.). Ротавы апарат (хабаток) сысучага тыпу. Большасць М. актыўныя на змярканні і ўначы. Некат. віды М. (напр., бражнікі) здольныя рабіць пералёты на сотні кіламетраў са скорасцю да 54 км/гадз. Кормяцца нектарам кветак, сокамі і выдзяленнямі раслін. Раздзельнаполыя, зрэдку назіраецца партэнагенез. Лічынкі (вусені) ліняюць звычайна 4 разы, пераважна расліннаедныя; здольныя выдзяляць шаўковыя ніці (пры пабудове гнёзд і сховішчаў, для пляцення кокана пры акукліванні). Кукалкі пераважна пакрытага тыпу. Большасць відаў М. — апыляльнікі раслін. Некат. віды разводзяць для атрымання шоўку (дубовы шаўкапрад, тутавы шаўкапрад, айлантавы шаўкапрад і інш.). Шкоднікі раслін, вырабаў з шэрсці і футра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКАЕ ЎЗВЫ́ШША.
На ПнЗ Мінскай вобл., пераважна ў Маладзечанскім р-не; у складзе Мінскага ўзвышша; водападзел (у цэнтр.ч.) паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў. Абмежавана верхнім участкам даліны р. Бярэзіна (прыток р. Нёман), ускраінай Нарачана-Вілейскай нізіны на Пн, плаўна пераходзіць да Валожынскага ўзв. на З і зліваецца з Лагойскім узв. на ПнУ. Найб.выш. 335 м (гара Маяк). Паводле В.А.Дзяменцьева паўн.-зах.ч. Р.ў. — Аляхновіцкае ўзвышша.
У тэктанічных адносінах Р.ў. прымеркавана да паўн.-ўсх.ч.Беларускай антэклізы. Асадкавы чахол складзены з сярэднедэвонскіх глін, мергеляў, даламітаў, пясчанікаў. Антрапагенавыя ўтварэнні ўключаюць адклады ўсіх ледавіковых (акрамя паазерскай) і міжледавіковых эпох. Пераважаюць дняпроўскія, сожскія марэнныя адклады, магутнасць якіх перавышае 250 м. На вяршынях узгоркаў і град марэна буравата-карычневая, лёгкасугліністая і супясчаная з вял. колькасцю валуноў.
У рэльефе ўзвышша сістэма градаваўзгорыста-ўвалістых утварэнняў спалучаецца з групамі і асобнымі купалападобнымі марэннымі і камавымі ўзгоркамі. Адносныя вышыні дасягаюць 35—50 м. На камавых участках, дзе захаваліся хвойныя лясы, а стромкасць схілаў 20—25°, рэльеф набывае гарысты характар. Паўн. схіл мае выгляд уступу выш. каля 50 м над Нарачана-Вілейскай нізінай. Вуглы нахілу 25—30°. Эразійная сетка ўключае даліны рэк, шматлікія лагчыны сцёку, кароткія яры. На спадзістых схілах сфарміраваліся дэлювіяльныя шлейфы. У межах узвышша знаходзяцца вярхоўі рэк Свіслач, Уша, Бярэзіна (прыток Нёмана). Даліны і вярхоўі рэк адрозніваюцца значнай глыбінёй і распрацаваны ў выніку рэгрэсіўнай эрозіі. Асн.ч. ўзвышша значна разарана, лясная і лугавая расліннасць трапляецца мясцінамі. З Пн на Пд Р.ў. перасякае Вілейска-Мінская водная сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЛІ́ННАСЦЬ,
сукупнасць расл. згуртаванняў (фітацэнозаў) Зямлі або асобных яе рэгіёнаў. Характарызуецца колькасцю і спалучэннем відаў, наяўнасцю розных жыццёвых форм раслін, іх прасторавай структурай і дынамікай. Пакрывае амаль усю паверхню мацерыкоў (акрамя ледзяных пустынь унутр.тэр. Антарктыды, Грэнландыі, самых высокіх раёнаў горных масіваў і сухіх пустынь), знаходзіцца ў акіянах і інш. вадаёмах. Утварае важны кампанент біясферы (фітасферу), звязана з асаблівасцямі клімату, воднага рэжыму, глебы, рэльефу, а таксама з жывёльным светам, разам з якім фарміруе розныя біягеацэнозы. Адыгрывае найважн. ролю ў першасным сінтэзе арган. рэчыва і кругавароце рэчываў. Размеркаванне Р. мае пераважна занальны характар і звязана з кліматычнымі паясамі (асабліва на раўнінах, а ў гарах выяўляецца верт. пояснасцю). У розных класіфікацыях адрозніваюць Р. водную, мезафітную, ксерафітную, галафітную, або драўнінную, травяністую, кустовую, хмызняковую. Асн. класіфікацыйныя адзінкі — асацыяцыя, фармацыя, тып. Некалькі дзесяткаў тыпаў Р. сушы характарызуюць самыя буйныя біёмы: тундру, лясны (тайга, трапічныя лясы і інш.), саванну, стэп, пустыню і інш. На Беларусі прыроднае расліннае покрыва займае 67,2% тэр., якая адносіцца да 2 буйных батаніка-геагр. абласцей — Еўрапейскай таежнай хвойна-лясной (барэальнай) і Еўрапейскай шыракаліста-лясной (немаральнай). Пашырана Р. лясная (35,6%), лугавая (17,1%), балотная (12,2%) і хмызняковая (2,3%). Асобны тып утварае водная Р. — макрафіты. Паводле прыродна-кліматычных умоў вылучаюць 3 геабат. падзоны: дубова-цемнахвойныя лясы (Паўночная), грабава-дубова-цемнахвойныя лясы (Цэнтральная) і шыракаліста-хваёвыя лясы (Паўднёвая). На Р. адмоўна ўплываюць гасп. дзейнасць чалавека, тэхнагеннае забруджванне прыродных экасістэм, змены экалагічных умоў, таму яна патрабуе рацыянальнага выкарыстання, пастаяннай аховы і аднаўлення. Вывучае Р. геабатаніка, фітацэналогія і экалогія. Гл. таксама Геабатанічнае раянаванне і іл. да яго, Расліны, Флора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Бон, бом ’выгаралая глыбокая яма ў тарфяным балоце, якая запоўнена вадой, глыбокая яма ў рацэ’ (усх.-палес.; Талстой, Геогр., 202). Талстой (там жа) параўноўвае з укр. (закарп.) бо́ня, бо́нище ’глыбокая яма ў балоце, запоўненая вадой’, укр. (бойк.) бо́ня ’стаячая вада’, кашуб.bonawa, bonawka ’дзёран, трава’, н.-луж.bon, bonk ’вільготны, мокры дзёран; луг, паляна’. Усё гэта, быццам, старое запазычанне з герм. (ням.Bonn ’мокрая лугавая трава’). Але зыходзячы з таго, што бон — гэта і ’месца, дзе рыбакі выцягваюць з вады сетку’ (Яшкін), магчыма, лепш лічыць, што бон, бом як тэрмін рэльефу звязаны з такімі словамі, як рус.бом, бон ’плавучы насціл у гавані’ < герм. (аб гэтых словах гл. Фасмер, 1, 191, 192).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мы́чка1, мучка ’абчасаная на грэбені і скручаная скруткам жменька ільновалакна, падрыхтаваная да пражы’ (Юрч., Касп., Бяльк., Растарг., Мат. Гом., Мат. Маг., Рам. 3, Нар. Гом., Нар. словатв., ТС, Ян.), ’недапрадак’, ’абдзіркі’ (нараўл., петрык., ЛАПИ). Укр.мичка, рус.мычка, мычки, польск. варміньска-мазурск. myczki ’кудзеля’. Памыкаць? (гл.).
Мы́чка2 ’месца пад заднім пальцам на капыце каня’ (кобр., Нар. лекс.). Да -мыкаць, змыкацца (прасл. тъ£-): у гэтым месцы нага каня змыкаецца з капытом.
Мы́чка3, мучка ’пакручастая нярэзкая неядомая белая лугавая трава сівец, Nardus L.’ (Бяльк., Мат. Гом., Нар. Гом., ТС, Ян.), ’густая сухадольная дзярніна сіўцу’ (жытк., Яшк.). Да мьічка?. Названа паводле падабенства кусціка травы з валасістым покрывам пад заднім пальцам ля капыта каня.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АСТРАХА́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
на Пд Еўрапейскай часткі Расійскай Федэрацыі. На ПнУ і У мяжуе з Казахстанам, на Пд абмываецца Каспійскім морам. Утворана 27.12.1943. Пл. 44,1 тыс.км². Нас. 1008,8 тыс.чал. (1994), гарадскога 70%. Цэнтр — г.Астрахань. Найб. гарады: Ахтубінск, Харабалі, Алтанжар.
Прырода. Вобласць у межах Прыкаспійскай нізіны з Волга-Ахтубінскай поймай і дэльтай Волгі. Паверхня раўнінная (б.ч. тэрыторыі ніжэй за ўзр. м., ад -2,7 м на Пн да -27,5 м на Пд). Характэрны ўзгоркавыя падняцці (саляныя купалы выш. да 150 м) і Бэраўскія бугры ў дэльце Волгі. Карысныя выкапні: кухонная соль, гіпс, нафта, газ, бішафіт. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Сярэдняя т-растудз. ад -10 °C на Пн да -6 °C на Пд, ліп. каля 25 °C. Ападкаў каля 200 мм за год. Гал. рака Волга (з Ахтубай), падзяляецца на мноства рукавоў (больш за 800, найб. Бахтэмір, Болда, Бузан), якія ўтвараюць яе складаную дэльту. Шматлікія прэсныя (ільмені) і мінер. азёры; самае вял. салёнае возера — Баскунчак. У раслінным покрыве пераважаюць злакі (кавыль, ціпчак, жытнік), палын і салянкі паўпустыняў на светла-каштанавых саланцаватых і бурых глебах. У Волга-Ахтубінскай пойме і дэльце Волгі — пойменныя лясы, лугавая расліннасць на алювіяльных глебах; трапляюцца лотас, чылім (вадзяны арэх), зараснікі трыснягу. У водах больш за 50 відаў рыб, каля 30 — прамысловыя. У Астраханскай вобласці — Астраханскі запаведнік.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: лёгкая (трыкат., швейная, гарбарна-абутковая, футравая), харч. (рыбная, агароднінакансервавая, мясная, саляная), машынабудаванне і металаапрацоўка (суднабудаванне, суднарамонт). Развіты дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, нафтагазаздабыўная (гл.Астраханскае радовішча), хім. і інш.прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Пасевы збожжавых, вырошчванне агародніны, садавіны, бахчавых; асн. культуры — рыс, памідоры, кавуны (на арашальных землях). Мяса-воўнавая авечкагадоўля і мяса-малочная жывёлагадоўля. Развіты рачны і марскі транспарт. Порт — Астрахань. Чыг. лініі Астрахань—Саратаў, Астрахань—Верхні Баскунчак—Валгаград, Астрахань—Гур’еў; аўтадарогі Астрахань—Валгаград, Астрахань—Эліста і Астрахань—Кізляр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУЦЬ,
рака ў Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абл., правы прыток р. Дняпро. Даўж. 295 км. Пл. вадазбору 5020 км². Пачынаецца за 1 км на З ад в. Раздольная Талачынскага р-на Віцебскай вобл., вусце на паўд. ускраіне г. Рагачоў. Агульная даўж. рачной сістэмы Д. 2000 км. Асн. прытокі: Крывая, Няропля, Вабіч, Арлянка, Балонаўка, Грэза (злева), Аслік, Малыш, Даўжанка, Дабрыца (справа). Вадазбор у вярхоўі ў межах Аршанскага ўзв., на астатнім працягу — ва ўсх.ч. Цэнтральнабярэзінскай раўніны.
Даліна да ўпадзення р. Крывая невыразная, ніжэй трапецападобная шыр. 1,5—2,5 км. Схілы парэзаныя, выш. 8—30 м, да г.п. Бялынічы адкрыцця і пад ворывам, ніжэй па цячэнні пераважна пад лесам. Левы схіл больш спадзісты, правы сярэдне стромкі, нярэдка абрывісты. Пойма ў асноўным двухбаковая (на асобных участках у нізоўі левабярэжная, у верхнім цячэнні часткова затопленая Цяцерынскім, у ніжнім Чыгірынскім вадасх.), адкрытая, лугавая. Паверхня поймы ў прырэчышчавай ч. роўная, месцамі ўзгорыстая, перасечаная старыцамі, асушальнымі канавамі. лагчынамі. Рэчышча каналізаванае на 2 участках у вярхоўі агульнай працягласцю каля 16 км, на астатнім працягу моцназвілістае, свабодна меандрыруе, ніжэй упадзення р. Вабіч разгалінаванае на пратокі і рукавы са шматлікімі старыцамі і залівамі. Шыр. ракі ў межань у вярхоўі 10—20 м, ніжэй 30—50 м. Берагі пераважна стромкія, месцамі абрывістыя (выш. да 5 м), у вусцевай ч. спадзістыя (выш. да 1 м). Жыўленне мяшанае: снегавое, дажджавое, грунтавое. Асаблівасць рэжыму — вельмі выразнае веснавое разводдзе, на якое прыпадае 54% гадавога сцёку. Веснавы крыгаход каля 3 сутак. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 31,6 м³/с. Рака прымае сцёк з меліярац. каналаў. Суднаходная ніжэй плаціны Чыгірынскага вадасх. (за 84 км ад вусця) у паўнаводны перыяд. У ніжнім цячэнні каля в. Чыгірынка Чыгірынская ГЭС. На Д. гарады Талачын і Рагачоў, г.п. Круглае і Бялынічы, зоны адпачынку Чыгірынка, Маліна, Друць, Лужкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСЬКО́ (Павел Андрэевіч) (н. 14.3. 1931, в. Знамя Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1955). Працаваў у друку, у час. «Полымя», з 1972—80 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1954. Першы зб. апавяданняў «Калодзеж» (1967). Кнігі нарысаў «Гаспадыні свайго лёсу» (1968), «Дрэва жыцця» (1973), аповесць «Ціхае лета» (1973), раман «Градабой» (1980) прысвечаны пасляваен. вёсцы. Падзеі Вял.Айч. вайны адлюстраваў у аповесцях «Поезд ішоў на Захад» (1972), «Калянае лісце» (1974), рамане «Мора Герадота» (1976). Ваеннае і пасляваен. жыццё ў рамане «Хлопцы, чые вы будзеце...» (ч. 1—2, 1989—92). Аўтар дэтэктыўна-фантаст. аповесці «Ніль адмірары, або Я выбіраю смерць» (1999). Творчасці М. ўласцівы ўвага да бытавой стыхіі нар. жыцця, шчырыя адносіны да чалавека працы, жывое шматфарбнае нар. слова. Аўтар зб-каў сатыры і гумару «Дзівак-чалавек» (1972), «Чэрці ў коміне» (1978), «Вясельны марафон» (1984), «Лекцыя з падвывам» (1988), «Развітальная гастроль» (1991), п’ес «Ліха крадзецца ціха» (1976), «Канфлікт мясцовага значэння» (1989) і інш. У творы для дзяцей уводзіць прыгодніцкі і фантаст. элемент (кнігі «Падарожжа ў калгас», 1970; «Зямля ў нас такая», 1971; «Навасёлы, або Праўдзівая, часам вясёлая, часам страшнаватая кніга пра незвычайны месяц у жыцці Жэні Мурашкі», 1972; «Прыгоды Бульбобаў», 1977; «Грот афаліны», 1985; «Эрпіды на планеце Зямля», 1987; «Прыйдзі, дзень-залацень!», 1993, і інш.). Піша вершы.
На бел. мову пераклаў паэму М.Гогаля «Мёртвыя душы», казку П.Яршова «Канёк-гарбунок», аповесці Я.Носава «Шуміць лугавая аўсяніца» і «Чырвонае віно перамогі», У.Цендракова «Ноч пасля выпуску» і інш.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1991;
Між мінулым і будучым. Мн., 1986;
Акрабат у бутэльцы. Мн., 1994.
Літ.:
Юрэвіч У. Абрысы. Мн., 1976;
Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977;
Дзюбайла П. Беларускі раман. Гады 70-я. Мн., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЙМА, поплаў,
частка дна рачной даліны, якая заліваецца вадой у разводдзе або ў час паводкі. Фарміруецца ў выніку адкладання наносаў пры бакавых зрухах рэчышча.
У аснове П. залягае рэчышчавы алювій або карэнныя пароды, перакрытыя поймавым наілкам, які штогод намнажаецца ў разводдзе. Выш. П. над рэчышчам у межань — ад некалькіх дзесяткаў сантыметраў да некалькіх метраў, шырыня на вял. раўнінных рэках ад некалькіх да дзесяткаў кіламетраў. У далінах горных рэк П. трапляюцца толькі на асобных участках. П. падзяляюцца на прырэчышчавыя — найб. высокія, складзеныя з буйназярністага пяску; цэнтральныя — складзеныя з больш дробнага матэрыялу; прытэрасныя — паніжаныя, забалочаныя, высланыя ілістым матэрыялам. Адрозніваюць П. двухбаковыя і аднабаковыя. Паверхня П. часта падзелена невысокім уступам на нізкую, якая заліваецца вадой штогод, і высокую, якая затапляецца 1 раз у некалькі гадоў (у час высокіх паводак). Рэльеф П. ўскладняецца прырэчышчавымі валамі, поймавымі грывамі, старыцамі, старычнымі азёрамі, дзюнамі, астанцамі першай надпоймавай тэрасы. На П. фарміруюцца ўрадлівыя поймавыя глебы. Расліннасць пераважна лугавая, цэнтр. і прытэрасная П. звычайна ўкрыты хмызнякамі або поймавымі лясамі. Жывёльны свет П. багаты вадаплаўнымі і балотнымі птушкамі. Вясной на П. нерастуе рыба. Скарыстоўваюцца пад сенажаць і пашу, асушаныя ўчасткі — зрэдку пад ворыва.
На тэр. Беларусі, у вобласці распаўсюджвання ледавіковых адкладаў апошняга зледзянення (Бел. Паазер’е), дзе рачныя даліны вызначаюцца адноснай маладосцю, П. не распрацаваныя, вузкія (шыр. да 300—500 м, месцамі 2,5—3 км) або адсутнічаюць. У больш стараж. распрацаваных далінах (цэнтр. і паўд. раёны) шыр. П. ад 2—8 да 15 км, месцамі 20—30 км (р. Прыпяць пры ўпадзенні Піны і Ясельды). Выш. П. над межанным узроўнем у рачных далінах Палесся 0,5—3 м, у цэнтр. і паўн.ч. — ад 1,5—4 да 6 м. У разводдзе П. затапляецца на глыб. 0,3—0,8 м, найб. 1,5—2 м. Перыяд затаплення на сярэдніх і вял. рэках 1—3 месяцы, на малых — ад некалькіх сутак да месяца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́НЯ,
рака ў Віцебскай і Магілёўскай абл., правы прыток р. Сож (бас.р. Дняпро). Даўж. 172 км. Пл. вадазбору 4910 км². Пачынаецца каля в. Ланенка Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., вусце на ўсх. ускраіне г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. Цячэ пераважна з Пн на Пд па Аршанска-Магілёўскай раўніне. Асн. прытокі: Галыша, Бася, Раста (справа), Парасіца, Быстрая, Вербаўка, Кашанка (злева). Даліна слабазвілістая, добра распрацаваная, глыбокаўрэзаная, скрынкападобная, у вярхоўі невыразная, шыр. ад 0,4—0,6 км у верхнім цячэнні да 1—2 км у ніжнім. Схілы стромкія, часам абрывістыя, выш. ад 3 да 20 м, значна парэзаны ярамі, асабліва каля гарадоў Горкі і Слаўгарад. Ніжэй вусця р. Бася трапляюцца невял. тэрасы. Пойма роўная, двухбаковая, лугавая, шыр. 0,25—0,5 км, у вусці 0,8—1,2 км (на асобных участках звужаецца да 80 м), ніжэй вусця р. Быстрая пашыраецца да 3,8 км. Рэчышча каналізаванае на працягу 19 км: ад вытоку да вусця р. Пнёўка (15 км) і ад паўд. ускраіны г. Горкі ўніз па цячэнню (4 км), на астатнім працягу звілістае або моцна звілістае, каля г. Горкі разгаліноўваецца на некалькі рукавоў. Шыр. ракі 15—20 м, у ніжнім цячэнні месцамі да 50 м. Берагі пераважна стромкія, абрывістыя, у верхнім цячэнні нізкія і забалочаныя, адкрытыя, выш. 1—1,5 м, на асобных участках да 7 км. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 26,8 м³/с. Ледастаў з сярэдзіны снеж. да канца сакавіка. Веснавы ледаход 3—5 сут. Веснавое разводдзе доўжыцца каля 50 дзён. Найб. ўзровень разводдзя звычайна ў пач.крас., сярэдняя выш. над межанным узроўнем каля 3 м. Летне-асенняя межань (каля 5 мес) амаль кожны год 2—4 разы за сезон парушаецца дажджавымі паводкамі працягласцю 5—20 сут і выш. 0,5—1,5 м. П. выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац.сістэм. На рацэ гарады: Горкі (пры ўпадзенні р. Парасіца) і Слаўгарад (пры ўпадзенні П. ў р. Сож).