БАЛОТАЗНАЎСТВА
Пачатак развіццю балотазнаўства на Беларусі дала экспедыцыя І.І.Жылінскага па асушэнні балот Палесся (1873—98). Яе ўдзельнік Г.І.Танфільеў апісаў расліннасць палескіх балот і распрацаваў іх першую класіфікацыю. У 1875 В.В.Дакучаеў апублікаваў працу «Па пытанню асушэння балот увогуле і ў прыватнасці аб асушэнні Палесся». У 1911 арганізавана Мінская балотная станцыя (з 1930 — Усесаюзны НДІ балотнай гаспадаркі, з 1957 — Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, з 1993 — Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства). У 1912—15 у Мінску выдаваўся часопіс «Болотоведение». Супрацоўнікі БСГА А.Д.Дубах і Х.А.Пісаркоў даследавалі ў 1926—29 прырост сфагнавых імхоў і торфу. Балотную расліннасць вывучалі В.С.Палянская, З.М.Дзянісаў, В.А.Міхайлоўская, гісторыю развіцця і геагр. пашырэнне асобных тыпаў балот даследаваў У.С.Дактуроўскі, стратыграфію тарфяных пакладаў — С.М.Цюрэмнаў. У 1925—30 закладзены асновы акультурвання балот (А.Т.Кірсанаў, М.Ф.Лебадзевіч, А.Ф.Флёраў). У 1934 арганізаваны Ін-т торфу (з 1990 — Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі). У 1934 складзена першая карта балот Беларусі, распрацавана класіфікацыя тарфяных радовішчаў (Л.Я.Лепін). У 1940 выдадзены «Кадастр тарфяных радовішчаў БССР».
Пасля Вял. Айч. вайны пачалося інтэнсіўнае вывучэнне і буйнамаштабнае выкарыстанне торфу на энергетычныя і с.-г. мэты. У 1953 выдадзена праца «Тарфяны фонд Беларускай ССР» з картай. Вывучаліся заканамернасці фарміравання радовішчаў торфу, праводзілася ацэнка іх рэсурсаў, ствараліся спец. рэсурсныя заказнікі тарфяной сыравіны. Праведзена паглыбленае вывучэнне стратыграфіі тарфяных радовішчаў (С.Г.Беленькі), узросту балот Беларусі (С.М.Цюрэмнаў, М.І.Нейштат, А.П.Підоплічка і інш.), механізму забалочвання азёр (А.П.Підоплічка, М.А.Канойка). Складзена карта расліннага покрыва Беларусі, дзе адзначаны балотныя супольніцтвы рознага генезісу (Дз.С.Голад). Прапанавана новая класіфікацыя тарфяных пакладаў на аснове іх прыродна-гіст. эвалюцыі (А.Г.Дубавец).
З 1990-х г. развіваецца новы кірунак балотазнаўства — балотаводства, мэта якога — выкарыстанне прыродных рэсурсаў балот без парушэння балотаўтваральнага працэсу. Вылучаны 4 кірункі балотаводства: экалагічны (выкарыстанне балот у экалагічных мэтах, аднаўленне парушаных балот), агранамічны (вырошчванне балотных ягадных, лек. і меданосных культур), энергатэхналагічны (вырошчванне хуткарослых раслін на балотах для атрымання біямасы ў тэхн. і энергетычных мэтах), культурна-рэкрэацыйны (выкарыстанне балот як аб’ектаў турызму, навукі і інш.). Распрацаваны «Схема рацыянальнага выкарыстання і аховы тарфяных рэсурсаў Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2010 г.» і аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма «Тарфяны фонд Рэспублікі Беларусь» (І.Г.Танавіцкі з супрацоўнікамі). Абгрунтавана неабходнасць дзярж. аховы балот і тарфяных радовішчаў; надання ім статусу ўгоддзяў міжнар. значэння з уключэннем у склад аб’ектаў Сусветнай прыроднай спадчыны; складзены Чырвоны спіс балот Беларусі, які ўключае 230 балот.
Літ.:
Смоляк Л.П., Рубан Н.Н. Сравнительная продуктивность болот Полесья. Мн., 1983;
Смеловский В.Е. Выработанные торфяные месторождения и их использование. Мн., 1988;
Тановицкий И.Г., Обуховский Ю.М. Антропогенные изменения торфяно-болотных комплексов. Мн., 1988;
Развитие исследований в области генезиса, использования и охраны торфяных месторождений // Твердые горючие отложения Беларуси и проблемы охраны окружающей среды. Мн., 1992;
Кухарчик Т.И. Верховые болота Беларуси. Мн., 1996;
Лиштван И.И. Развитие химических наук и наук о земле в Республике Беларусь // 70 лет Национальной академии наук Беларуси. Мн., 2000;
Основные итоги исследований в области генезиса, использования и охраны болот и торфяных месторождений Республики Беларусь // Природопользование. Мн., 2002. Вып. 8;
Биосферно совместимое использование лесных и болотных экосистем. Мн., 2003.
М.М.Бамбалаў.
т. 18, кн. 2, с. 562