БЕНЗО́ЙНЫ АЛЬДЭГІ́Д, бензальдэгід,

найпрасцейшы альдэгід араматычнага шэрагу, C6H5CHO, мал. м. 106,12. Бясколерная вадкасць з пахам горкага міндалю; tкіп 179 °C, шчыльн. 1,0477∙10​3 кг/м³, раствараецца ў этаноле, эфіры. На паветры акісляецца да бензойнай кіслаты. Атрымліваюць каталітычным акісленнем талуолу. Ёсць у эфірных алеях (напр., пачуліевы), у насенні горкага міндалю, костачках вішні, абрыкоса, персіка. Бензойны альдэгід выкарыстоўваецца як духмянае рэчыва ў парфумерыі, кампанент харч. эсенцый, сыравіна для інш. духмяных рэчываў і фарбавальнікаў.

т. 3, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАСУЛЬФА́ТЫ, бісульфаты, гідрагенсульфаты,

кіслыя солі сернай кіслаты. У цвёрдым стане вылучаны гідрасульфаты шчолачных металаў (напр., гідрасульфат калію KHSO4, бясколерныя крышталі, tпл 220 °C, шчыльн. 2400 кг/м³).

Гідрасульфатыц шчолачна-зямельных і некаторых інш. металаў існуюць толькі ў водных растворах. Атрымліваюць узаемадзеяннем сернай к-ты з сульфатамі і хларыдамі адпаведных металаў. Выкарыстоўваюць гідрасульфаты калію і натрыю як кампанент флюсу ў металургіі, рэагент для пераводу (сплаўленнем) нерастваральных аксідаў (напр., аксіды алюмінію, жалеза і інш.) у растваральныя сульфаты.

т. 5, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛЬМІЙ (лац. Holmium),

Ho, хімічны элемент III групы перыяд, сістэмы, ат. н. 67, ат. м. 164,9304, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 1 стабільны ізатоп ​165Ho. Адкрыты швед. хімікам П.​Клеве ў 1897.

Метал светла-шэрага колеру, tпл 1470 °C, шчыльн. 8799 кг/м³. Лёгка паддаецца мех. апрацоўцы. У паветры акісляецца, узаемадзейнічае з вадой і мінер. к-тамі (акрамя фторыставадароднай), пры награванні — з вадародам, азотам, галагенамі. Выкарыстоўваюць як кампанент магн. сплаваў, спец. шкла, актыватар люмінафораў.

т. 5, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМІ́ЛАВЫЯ СПІРТЫ́,

аліфатычныя насычаныя спірты, C5H11OH. Вядома 8 ізамерных амілавых спіртоў, у т. л. ізаамілавы спірт (CH3)2CHCH2CH2OH — асн. кампанент сівушнага масла, з якога яго і атрымліваюць. Бясколерная вадкасць з непрыемным пахам, tкіп132 °C, шчыльн. 0,81∙10​3 кг/м³, мала растваральная ў вадзе, ядавітая. Амілавыя спірты — сыравіна для вытв-сці амілацэтатаў, растваральнікі для лакафарбавых матэрыялаў, пенаўтваральнікі ў флатацыі, кампаненты ў вытв-сці пораху, лекаў і інш. Аказваюць наркатычнае дзеянне на чалавека.

т. 1, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУСТЫ́Т (ад прозвішча Ж.Л.Пруста), рубінавае серабро, рубінавая падманка, сярэбраная падманка,

мінерал класа сульфідаў, мыш’яковая сульфасоль серабра, Ag3AsS3. Мае 65,42% серабра. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Утварае зярністыя агрэгаты, прызматычныя крышталі, часта двайніковыя і трайніковыя зросткі. Колер рубінава-чырвоны, паўпразрысты. Бляск алмазны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 5,6 г/см³. Трапляецца ў кальцытавых жылах нізкатэмпературных гідратэрмальных радовішчаў. Гіпергенны П. утвараецца ў зоне акіслення сярэбраных радовішчаў. Важны кампанент сярэбраных руд. Трапляецца ў Чылі, Францыі, Чэхіі, Канадзе, ЗША, Мексіцы.

Прустыт.

т. 13, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАБРО́ САМАРО́ДНАЕ,

мінерал класа самародных элементаў, Ag. Колькасць серабра ў С.с. 99%. Мае прымесі вісмуту, медзі, жалеза, цынку, мыш’яку. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае выгнутыя і скручаныя воласападобныя, дротавыя (да 10 см), пласціністыя, шкілетныя і дэндрытавыя выдзяленні, тонкія ўкрапванні ў сульфідах. Колер серабрыста-белы. Бляск моцны металічны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 10,5 г/см³. Вельмі коўкі. Праваднік цяпла і электрычнасці. Паходжанне гідратэрмальнае і гіпергеннае. Трапляецца ў поліметалічных і сульфідных радовішчах. Гал. кампанент сярэбраных руд.

т. 14, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫРКО́НІЮ ДЫАКСІ́Д,

злучэнне цырконію з кіслародам, ZrO2. У прыродзе — мінерал бадэлеіт.

Бясколерныя крышталі, tпл 2700 °C. Не раствараецца ў вадзе і к-тах, раствараецца ў канцэнтраванай сернай к-це. Пры награванні рэагуе з аксідамі, гідраксідамі, карбанатамі 1- і 2-валентных металаў. Атрымліваюць гартаваннем гідраксідаў цырконію або яго тэрмічна няўстойлівых солей, напр., нітратаў. Прамежкавы прадукт пры атрыманні цырконію. Выкарыстоўваюць як кампанент керамікі, эмалей, спец. шкла, лазерных матэрыялаў; цвёрды электраліт, п’езаэлектрык. Сінт. монакрышталі Ц.д. — імітатар брыльянтаў (фіяніт).

т. 17, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́БЫЯ КАРМЫ́,

сухія раслінныя кармы (сена, салома, мякіна, сянаж, травяная мука, галінкавы корм) з адносна малой колькасцю пажыўных рэчываў. Маюць вады менш за 40%, сырой клятчаткі больш за 19%. Пажыўнасць 1 кг грубых кармоў — 0,1—0,65 карм. адзінкі. Скормліваюць жвачнай с.-г. жывёле, часам трусам. Грубыя кармы — неабходны кампанент зімовых рацыёнаў траваедных жывёл, спрыяюць нармальнаму страваванню і засваенню пажыўных рэчываў, адрозніваюцца хім. саставам і пажыўнасцю. Найб. значэнне мае сена, у якім ёсць амаль усе неабходныя для жывёлы пажыўныя рэчывы.

т. 5, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАПАСАВА́ННЕ ў мовазнаўстве,

падпарадкавальная сувязь, пры якой форма залежнага слова (кампанента) прыпадабняецца да формы галоўнага ў родзе, ліку і склоне. Грамат. паказчык Д. — канчатак; характэрная асаблівасць — змяненне формы асн. кампанента патрабуе адпаведных змяненняў у форме дапасаванага (напр., рыжы ліс, рыжага ліса і г.д.). Адрозніваюць поўнае Д. (залежны кампанент цалкам дубліруе форму галоўнага і не мае самаст. грамат. значэння) і няпоўнае Д. (ахоплівае толькі асобныя формы галоўнага, напр., на станцыі «Маскоўская», з прафесарам Пятровай).

Т.​Р.​Рамза.

т. 6, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАКТУРО́НАВАЯ КІСЛАТА́,

аднаасноўная гексуронавая кіслата, монацукрыд. Утвараецца ў арганізмах з D-галактозы шляхам акіслення яе першаснай гідраксільнай групы да карбаксільнай. Вельмі пашырана ў прыродзе: структурны кампанент многіх вышэйшых поліцукрыдаў, утвараецца ў тканках раслін, уваходзіць у састаў пекцінавых рэчываў, камедзей, слізей, спецыфічных поліцукрыдаў некат. мікробаў і інш. У раслінах пад уздзеяннем ферменту дэкарбаксілазы галактуронавая кіслата ператвараецца ў арабінозу. Пры награванні водных раствораў галактуронавая кіслата ў прысутнасці солей некат. металаў можа дэкарбаксіліравацца з утварэннем L-арабінозы.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 4, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)