помнік горадабудаўніцтва барока. Сфарміраваўся ў 1760—70-я г. ў в. Варняны (Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Арганізаваны вакол прамавугольнай у плане плошчы. Дамінантай ансамбля з’яўляецца размешчаны на ўсх. баку Георгіеўскі касцёл (пабудаваны ў 1767—69 у стылі позняга барока, дабудаваны ў 1880, 1909, фундатарка — уладальніца Варнян М.Абрамовіч, арх. А.Казакоўскі) — двухвежавы 1-нефавы мураваны храм з трансептам. Арх. пластыка (прафіляваныя цягі, ліштвы, вязкі пілястраў, раскрапоўкі, фігурныя завяршэнні вежаў і шчыта) сканцэнтравана на гал. фасадзе. Касцёл фланкіруюць 2-павярховыя мураваныя дом аптэкара і плябанія (1770), якія ствараюць перад касцёлам раскрыты на плошчу курданёр з акруглай па абрысе агароджай. На зах. баку плошчы быў палацава-паркавы комплекс (2-я пал. 18 — 1-я пал. 19 ст.; не захаваўся). На паўд. і паўн. баках плошчы размяшчалася па 8 аднатыпных драўляных 1-павярховых жылых дамоў, накрытых вальмавымі дахамі (захаваліся часткова). Мураваныя сцены іх фасадаў, злучаныя паміж сабой арачнымі праездамі, утваралі суцэльны фронт вулічнай забудовы, у якую ўваходзілі карчма і гандлёвыя рады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́НЬША,
возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл. (Беларусь), на мяжы з Пскоўскай вобл. (Расія), у бас.р. Дрыса (цячэ праз возера), за 37 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 2,53 км², даўж. 4 км, найб.шыр. 1,44 км, найб.глыб. 7,1 м, даўж. берагавой лініі 9,9 км. Пл. вадазбору 1782 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, падзелена 2 астравамі (агульнай пл. 0,17 км²) і паўвостравам на 2 часткі, злучаныя вузкімі пралівамі. Схілы выш. 10—15 м (на ПнУ 5—8 м) пясчаныя, пад лесам. На Пн і У тэраса выш. 1,2 м. Пойма шыр. 10—20 м, укрытая хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі, пясчаныя, моцна зрэзаныя, утвараюць многа невял. заліваў. Дно да глыб. 2,5—3 м пясчанае, ніжэй ілістае і сапрапелістае. Зарастае да глыб. 3,5 м, асабліва паўн. частка. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці шыр. 20—30 м, да глыб. 2,2 м. У залівах паўн.-ўсх.ч. возера расце вадзяны арэх, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Злучана пратокамі з азёрамі Валоба (на ПнЗ) і Данское (на Пд). Турызму, зона адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛАДЗІ́МІРА-СУ́ЗДАЛЬСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,
адна з мясц. школ стараж.-рус. дойлідства. Склалася ў 12—13 ст. у перыяд узмацнення Уладзіміра-Суздальскага княства. Найб. выявілася ў культавым буд-ве. Пабудовы вызначаліся вытанчанасцю маст. аблічча, гарманічнасцю форм, урачыстым дэкорам. Адметныя рысы: белакаменная тэхніка, разны́я перспектыўныя парталы, аркатурна-калонкавыя паясы пасярэдзіне вонкавых сцен, складанапрафіляваныя пілястры з калонкамі. У 1160-я г. існавала буд. арганізацыя, дзе сумесна працавалі мясц., галіцкія і зах.-еўрап. (прысланыя імператарам Фрыдрыхам I Барбароса) майстры. Да яе ранняга перыяду (12 ст.) адносяцца помнікі: Спаса-Праабражэнскі сабор у Пераслаўлі-Залескім, царква Барыса і Глеба ў Кідзекшы, Уладзімірскі Дзмітрыеўскі сабор, Уладзімірскі Успенскі сабор, Пакроваў Прасвятой Багародзіцы на Нерлі царква, ансамбль у Багалюбаве (злучаныя паміж сабой пераходам сабор Раства Багародзіцы і палац; не захаваўся). У 13 ст. ўзмацніўся жывапісна-дэкар. пачатак: з’явіліся кілепадобныя закамары, шарападобныя «пацеркі» на парталах (сабор Раства Багародзіцы ў Суздалі), разны́ арнамент і шматфігурныя кампазіцыі амаль цалкам пакрывалі паверхні фасадаў (Георгіеўскі сабор у Юр’еве-Польскім).
Літ.:
Воронин Н.Н. Зодчество Северо-Восточной Руси XII—XV вв. Т. 1. М., 1961;
Вагнер Г.К. Мастера древнерусской скульптуры. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭМНІЙАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
рэчывы, малекулы якіх маюць атамы крэмнію (Si), злучаныя з атамам вугляроду непасрэдна або праз атам інш. элемента. Падзяляюць на манамерныя (у малекуле адзін ці некалькі атамаў Si) і высокамалекулярныя — крэмнійарганічныя палімеры.
Вядомы розныя групы К.з.: з адным атамам Si (звычайна іх разглядаюць як вытворныя сілану SiH4) — арганагалагенсіланы [напр., (CH3)3SiCl трыметылхлорсілан], алкоксісіланы [напр., (C2H5O)3SiH трыэтоксісілан], арганасіланолы [напр., (C6H5)2Si(OH)2 дыфенілсіландыол] і інш.; з некалькімі атамамі Si — арганасілаксаны ці сілаксаны [напр., (CH3)3SiOSi(CH3)3 гексаметылдысілаксан], маюць у малекуле групоўку Si—O—Si, арганасілазаны з групоўкай Si—N—Si у малекуле [напр., (CH3)3SiNHSi(CH3)3 гексаметылдысілазан] і інш.; крэмнійэлементаарганічныя злучэнні — К.з., у малекуле якіх ёсць сувязь Si—M і Si—Y—M, дзе M — атам металу ці неметалу (напр., літый, алюміній, бор, фосфар), Y — група, якая мае атам вугляроду, кіслароду, азоту, серы, злучаны з Si. Большасць К.з. — бясколерныя вадкасці; дыэлектрыкі. Раствараюцца ў арган. растваральніках, некат. (напр., арганасіланолы) — і ў вадзе. Біялагічна актыўныя рэчывы. Выкарыстоўваюць у сінтэзе крэмнійарган. палімераў, лек. сродкаў, вытв-сці крэмнійарган. вадкасцей і каўчукоў, смол і лакаў, у якасці гідрафабізатараў, антыадгезіваў, напаўняльнікаў пластмас, цепланосьбітаў (да 400 °C) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ШЧАРДА, Няшчэрда,
возера ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р.Нешчарда (выцякае з возера), за 15 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 27,4 км², даўж. 11,9 км, найб.шыр. 4,6 км, найб.глыб. 8,1 м, даўж. берагавой лініі 50 км. Аб’ём вады 84,7 млн.м³. Пл. вадазбору 170 км². Катлавіна падпруднага тыпу. Схілы выш. 5—10 м, спадзістыя, тэрасавыя, разараныя, зах. часткова пад лесам, на Пд і Пн марэнныя ўзгоркі выш. 10—15 м. Берагі нізкія, забалочаныя, пад хмызняком, у залівах сплавінныя. Падводная ч. катлавіны карытападобнай формы, падзяляецца на 2 плёсы, злучаныя вузкім пралівам. Найб.глыб. ў паўн. плёсе, у паўд. 2—5 м. 3 астравы агульнай пл. 0,23 км². Прыбярэжная ч. дна шыр. да 200 м (на асобных участках пашыраны да глыб. 4—5 м), выслана пясчанымі адкладамі, цэнтр. — сапрапелем. Ледастаў з канца ліст. да красавіка. Мінералізацыя вады да 150 мг/л, празрыстасць 0,7 м. Эўтрофнае. Зарастае. Шырыня паласы прыбярэжнай расліннасці 10—250 м. Упадаюць 7 ручаёў і р. Атлайская. У пратоцы паміж Н. і воз. Доўгае водзяцца бабры. Багатае рыбай і вадаплаўнай птушкай. Гідралагічныя назіранні з 1935.
Від на возера Нешчарда з боку в. Гарбачэва Расонскага раёна Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РА́ЎБІЧЫ»,
рэспубліканскі спарт. комплекс непадалёку ад в. Раўбічы Мінскага р-на, прызначаны для трэніровак і спаборніцтваў па біятлоне, лыжных гонках, лыжным дваябор’і, скачках на лыжах з трампліна, слаламе, канькабежным спорце, фрыстайле, сноўбордзе; асн. цэнтр падрыхтоўкі бел.нац. зборных па зімовых і інш. відах спорту Пабудаваны ў 1974 (арх. В.Аладаў, У.Крывашэеў, С.Неўмывакін) сярод ляснога ландшафту, на тэр. 36 га. У 1980—90-я г. плошча комплексу пашырана да 80 га. У комплекс уваходзяць: спарт. збудаванні — стрэльбішчы асноўнае (150 × 140 м) з 100-метровым жалезабетонным бліндажом і трэніровачнае (150 × 50 м); трасы — лыжная (3 пятлі агульнай даўж. 20 км, 3 лыжныя трампліны са штучным пакрыццём, разліковая даўж. скачка 20, 40 і 60 м), спецыялізаваная лыжаролерная з асфальтабетонным пакрыццём, малая слаламная. ролікадром (150 × 60 м) і інш.; універсальная спарт. зала, 2 гасцініцы, медыка-рэабілітацыйны цэнтр, судзейскі павільён з прэс-цэнтрам, вузлом сувязі і інш., адм.-гасп. корпус. На штучных земляных валах размешчаны трыбуны для гледачоў, злучаныя пераходнымі мастамі з трыбунамі каля судзейскага павільёна. У «Р.» праводзяцца буйныя міжнар. і рэсп. спаборніцтвы.
В.Б.Ангелаў.
Спартыўны комплекс «Раўбічы». Адзін з лыжных трамплінаў.Спартыўны комплекс «Раўбічы». Універсальная спартыўная зала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЎАНТЫНСУ́Ю (на мове кечуа — чатыры злучаныя стараны свету),
імперыя інкаў у 15 — пач. 16 ст. Стварэнне Т. пачалося з часу заваёўніцкіх паходаў інкскага правіцеля (сапа інка) Пачакутэка [1438—63]; працягваліся ў час кіравання Амару Інка Юпанкі [1463—71] і Тупак Інка Юпанкі [1471—93]. Пры Уайне Капаку [1493—1525] Т. ахоплівала тэр. сучасных Перу, Балівіі, Эквадора, ч.тэр. Аргенціны і Чылі. Яна падзялялася на 4 часткі (сую): Кальясую, Кандэсую, Чынчасую і Антысую, што павінна было сімвалізаваць вяршэнства вярх. правіцеля Т. над усімі 4 старанамі свету. Дзярж. лад Т. ўяўляў дэспатыю, пры якой вярх. правіцель спалучаў функцыі рэліг. і адм. улады. Пасля смерці ў 1525 Уайна Капака пачаліся міжусобіцы і грамадз. войны. Правіцель Атаўальпа захоплены ў палон іспанцамі на чале з Ф.Пісара і ў 1533 пакараны смерцю. Пасля гэтага тэр. Т. ўключана ў склад ісп.калан. уладанняў, хоць інкі працягвалі барацьбу ў цяжкадаступных раёнах; іх апошні правіцель Тупак Амару ўзяты іспанцамі ў палон і пакараны смерцю ў 1572.
Літ.:
Кузьмищев В.А. Царство сынов Солнца. 2 изд. М., 1985;
Стингл М. Государство инков: Слава и смерть «сыновей Солнца»: Пер. с чеш. М., 1986;
Березкин Ю.Е. Инки: Ист. опыт империи. М., 1991;
Инки: владыки золота и наследники славы: Пер. с англ.М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
анса́мбль, ‑я, м.
1. Мастацкая зладжанасць у якім‑н. выкананні (харэаграфічным, музычным). Новы выканаўца ўносіў у спектакль свае адценні, і трэба было, каб яны гарманічна ўліліся ў агульны ансамбль спектакля.«Полымя».// Стройнае адзінства частак чаго‑н. цэлага. Архітэктурны ансамбль. Гарадскі ансамбль. □ Злучаныя паміж сабою крылы будынка ўтвараюць прыгожы ансамбль вакол двара.«Маладосць».
2. Група артыстаў, якія выступаюць разам і складаюць адзіны мастацкі калектыў. Ансамбль песні і танца. □ Пасля лекцыі выступаў калгасны ансамбль, а затым пачаліся агульныя танцы.Дуброўскі.
3. Музычны твор для некалькіх музыкантаў ці спевакоў. Дуэт цымбалаў — прыгожы ансамбль.«Маладосць».
[Фр. ensemble — разам.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БАЛХА́Ш,
бяссцёкавае возера на ПдУ Казахстана ў Балхаш-Алакольскай катлавіне, на выш. 342 м над узр. м.Пл. зменьваецца ад 17 да 22 тыс.км². Даўж. 605 км, найб.шыр. 74 км, найб.глыб. да 26 м, сярэдняя каля 6 м. Пл. вадазбору каля 501 тыс.км². Зах. і паўн. берагі высокія, скалістыя, паўд. ўзбярэжжа — плоская раўніна з зараснікамі трыснягу. П-аў Сарыесік падзяляе Балхаш на 2 часткі, злучаныя прал. Узун-Арал (шыр. 4 км): зах. — шырокую, з моцна парэзанай берагавой лініяй і ўсх. — вузкую, берагавая лінія менш звілістая. У зах. частку ўпадае р. Ілі, ва ўсх. — р. Каратал, Аксу, Лепсы і інш. Самыя вял. а-вы Басарал і Тасарал. Клімат у раёне возера пустынны. Высокая летняя т-ра паветра (каля 24 °C), нізкая адносная вільготнасць (55—60%), моцныя вятры спрыяюць выпарэнню (ад 950 да 1200 мм за год). Т-ра вады на паверхні ад 0 °C у снеж. да 28 °C у ліп. Ледастаў з ліст. да красавіка. Вада ў зах. частцы амаль прэсная (да 1‰), празрыстасць да 1 м, жоўта-шэрага колеру, ва ўсх. частцы — саленаватая (5‰), празрыстая да 5,5 м, колер ад блакітнаватага да ізумрудна-зялёнага. Прамысл. рыбы: сазан, судак, марынка, акунь. Шмат вадаплаўных птушак. Суднаходства. На паўн. беразе г. Балхаш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́ТА КРЫМІНА́ЛЬНАГА СУДА́,
вышэйшы судовы орган па крымінальных справах у губернях Рас. імперыі. Уведзены на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» 1775. У 1778 П.к.с. ўведзены ў Полацкай і Магілёўскай губ., у 1795 — у Мінскай губ. Апеляцыйная інстанцыя (2-я інстанцыя) для верхняга земскага суда, губернскага магістрата, верхняй расправы. У якасці рэвізійнай (рашаючай) інстанцыі разглядала справы аб злачынствах, якія прадугледжвалі смяротнае пакаранне, гандлёвае пакаранне, пазбаўленне гонару; у якасці суда 1-й інстанцыі — справы па абвінавачванні ў службовых злачынствах. Апеляцыйнай і рэвізійнай інстанцыяй для П.к.с. быў Сенат. У склад палаты ўваходзілі старшыня, 2 саветнікі і 2 асэсары. Паводле ўказа Паўла I ад 6.2.1797 П.к.с. на тэр. Беларусі скасаваны і заменены гал. судамі. Адноўлены ў 1831 як апеляцыйная і рэвізійная інстанцыя для павятовых судоў і магістратаў. Ў якасці 1 -й інстанцыі разглядалі справы аб службовых злачынствах чыноўнікаў. У адносінах да судоў 1-й інстанцыі мелі адм. паўнамоцтвы і маглі аб’яўляць вымовы і накладаць штрафы на чыноўнікаў ніжэйшых судоў. Пасля 1831 у склад палаты ўваходзілі старшыня, саветнік (з 1837 таварыш старшыні) і па 2 засядацелі ад дваран і купецтва. Справаводства вялося на рус. і польскай (да 1831) мовах. У 1867 П.к.с. паводле ўказа Сената аб’яднаны з палатамі цывільнага суда ў злучаныя палаты крымінальнага і цывільнага суда.