КРА́ЙСКІ (Kreisky) Бруна (22.1.1911, Вена — 29.7.1990),

аўстрыйскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Д-р права. Скончыў Венскі ун-т. Член, з 1959 нам. старшыні, з 1967 старшыня, у 1983—87 ганаровы старшыня Сацыяліст. партыі Аўстрыі. За ўдзел у с.-д. руху ў 1935—37 і сак.—жн. 1938 зняволены. У час аншлюсу Аўстрыі (1938—45) у эміграцыі ў Швецыі. З 1945 на дыпламат. службе, у т. л. сакратар аўстр. пасольства ў Стакгольме (1946—51), дзярж. сакратар (1953—59) і міністр замежных спраў Аўстрыі (1959—66). У 19.56—83 дэп. Нац. савета (парламента). У 1970—83 федэральны канцлер Аўстрыі. Праводзіў курс на захаванне нейтралітэту краіны, выступаў за вырашэнне Блізкаўсходняга канфлікту (урад К. ў 1980 першым на Захадзе прызнаў Арганізацыю вызвалення Палесціны) і інш. Аўтар прац «Аспекты дэмакратычнага сацыялізму» (1974), «Час, у які мы жывём» (1978), «Блізкаўсходняя праблема. Прамовы, інтэрв’ю, каментарыі» (1985), «У струмені палітыкі. Вопыт еўрапейца» (1988) і інш.

Б.Крайскі.

т. 8, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНАСЦЬ (ад экс... + лац. territorialis тэрытарыяльны),

падпарадкаванне грамадзян, дыпламат. прадстаўнікоў на тэр. інш. дзяржавы законам сваёй дзяржавы і іх поўны імунітэт ад юрысдыкцыі дзяржавы знаходжання. Выкарыстоўваўся для абазначэння статусу грамадзян і юрыд. асоб метраполіі ў залежных краінах (гл. таксама Сетльмент). У сучасным міжнар. праве тэрмін «Э.» практычна не ўжываецца.

т. 18, кн. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗАВУІ́РАВАННЕ (ад франц. désavouer адмаўляцца, выказваць неадабрэнне),

заява пра нязгоду з дзеяннямі сваёй даверанай асобы ці аб тым, што дадзеная асоба не ўпаўнаважана дзейнічаць ад імя заяўніка. У міжнар. праве — заява кіраўніка дзяржавы ці ўрада аб тым, што дыпламат. прадстаўнік або інш. афіц. асоба дзейнічала без адпаведнага даручэння ці з перавышэннем паўнамоцтваў.

т. 6, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДАМС (Adams) Джон Куінсі (11.7.1767, Куінсі, штат Масачусетс, ЗША — 23.2.1848),

дзяржаўны дзеяч ЗША, дыпламат. Сын прэзідэнта Дж.Адамса. Першы пасланнік ЗША у Расіі (1809—14), садзейнічаў умацаванню рас.-амер. адносін. У 1815—17 пасланнік ЗША у Англіі. У 1825—29 прэзідэнт ЗША. Адзін з аўтараў Манро дактрыны. Выступаў у кангрэсе як прадстаўнік памяркоўнага крыла праціўнікаў рабства.

Дж.Адамс.

т. 1, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭЙ, Грэй оф Фаладан (Grey of Fallodon) Эдуард (25.4.1862, каля г. Эмблтан, Вялікабрытанія — 7.9.1933), англійскі дыпламат і дзярж. дзеяч, віконт. З 1885 чл. парламента ад Ліберальнай партыі. У 1892—95 нам. міністра, у 1905—16 міністр замежных спраў. Заключыў пагадненне з Расіяй, якое садзейнічала афармленню Антанты. Палітыка Грэя зрабіла ўплыў на падрыхтоўку і развязванне 1-й сусв. вайны.

т. 5, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́,

глабальнае проціборства кааліцый (саюзаў, блокаў) дзяржаў з выкарыстаннем усіх форм барацьбы (узбр., паліт., эканам., ідэалаг. і дыпламат.). У адрозненне ад лакальнай вайны С.в. ахоплівае большасць краін свету, вял. тэрыторыі. Паліт. змест і характар С.в., як і кожнай інш. вайны, вызначаецца мэтамі бакоў, якія ваююць. Гл. таксама Вайна, Першая сусветная вайна 1914—18, Другая сусветная вайна 1939—45.

т. 15, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМЫ́КА Андрэй Андрэевіч (18.7.1909, в. Старыя Грамыкі Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. — 2.7.1989),

савецкі парт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Двойчы Герой Сац. Працы (1969, 1979). Д-р эканам. н. (1956). Скончыў эканам. ін-т (1932). З 1939 на дыпламат. службе. Надзвычайны і паўнамоцны пасол СССР у ЗША (1943—46 і па сумяшчальніцтве пасланнік на Кубе) і Вялікабрытаніі (1952—53). Узначальваў сав. дэлегацыю на Думбартан-Окс канферэнцыі 1944 і Устаноўчай канферэнцыі ААН (1945), удзельнічаў у працы Крымскай і Патсдамскай канферэнцый кіраўнікоў урадаў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі (1945). Пастаянны прадстаўнік СССР у Савеце Бяспекі ААН (1946—48). Міністр замежных спраў СССР у 1957—85. Чл. ЦК КПСС (з 1956) і Палітбюро ЦК КПСС (1973—88). 1-ы нам. старшыні СМ СССР (1983—85). Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР (1985—87). Дэп. Вярх. Савета СССР (1946—50, 1958—88). Аўтар працы «Знешняя экспансія капіталу: гісторыя і сучаснасць» (1982), успамінаў «Памятнае» (кн. 1—2, 2-е выд., 1990) і інш. Ленінская прэмія і Дзярж. прэмія СССР 1984. У Гомелі яму ўстаноўлены бюст.

А.А.Грамыка.

т. 5, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙСКО́ВА-ДЫПЛАМАТЫ́ЧНАЯ МІ́СІЯ БНР у Латвіі і Эстоніі,

дыпламатычнае прадстаўніцтва Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—21. Накіравана ў вер. 1919 Радай нар. міністраў на чале з А.​І.​Луцкевічам для консульскай працы і арганізацыі бел. узбр. сіл на тэр. Эстоніі. Была акрэдытавана пры ўрадах Латвіі і Эстоніі, размяшчалася ў Рызе. Начальнік місіі К.​Б.​Езавітаў. 5.4.1920 паўнамоцтвы місіі пацверджаны ўрадам В.​Ю.​Ластоўскага. Пры місіі дзейнічалі рэгістрацыйна-пашпартныя аддзелы ў Таліне і ў Ліепаі; ёй падпарадкоўвалася консульства БНР у Рызе. Місія ўдзельнічала ў рабоце бел.-лат. памежнай камісіі (сак. 1920), падрыхтавала надзвычайную дыпламат. місію на чале з В.​І.​Захаркам у Маскву (ліп. 1920) і Бел. нац.-паліт. нараду ў Рызе (20.10.1920); кіравала Асобным атрадам БНР на чале з С.​Н.​Булак-Балаховічам, змагалася за ўдзел БНР у Канферэнцыі балт. дзяржаў (жн. 1920). Яна садзейнічала арганізац. афармленню бел. калоніі ў Латвіі, стварэнню бел. прэс-бюро ў Рызе, культ.-асв. т-ва «Бацькаўшчына», курсаў беларусазнаўства і інш. Дзейнасць місіі спынена 1.2.1921 у выніку дыпламат. націску Сав. Расіі на ўрад Латвіі напярэдадні падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921.

Р.​А.​Лобаў.

т. 3, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНАМО́ЦНАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВА БССР ПРЫ СНК РСФСР,

дзяржаўная ўстанова для забеспячэння сувязі паміж БССР і РСФСР у 1921—22. Створана 24.3.1921 па ініцыятыве бел. кіраўніцтва на падставе дагавора аб ваенным і гаспадарчым саюзе паміж РСФСР і БССР. Падпарадкоўвалася Наркамату замежных спраў (НКЗС) БССР, выконвала функцыі дыпламат. прадстаўніцтва, падтрымлівала афіц. кантакты з НКЗС РСФСР, кіраўнікамі і супрацоўнікамі інш. дыпламат. прадстаўніцтваў, акрэдытаваных у Маскве. Паўпрэд (М.​І.​Мароз) і саветнік прызначаліся Прэзідыумам ЦВК БССР. Выконвала ў межах РСФСР даручэнні бел. ўрада, ЦК КП(б)Б, наркаматаў і ведамстваў БССР, вяло работу па вяртанні на радзіму спецыялістаў — ураджэнцаў Беларусі, пошуку вывезеных з тэр. рэспублікі матэрыяльных каштоўнасцей. Выдача замежных пашпартоў для грамадзян БССР перайшла пад кантроль НКЗС РСФСР. Пашпарты, выдадзеныя НКЗС БССР без візы НКЗС РСФСР і Асобага аддзела ВЧК, лічыліся несапраўднымі. Гэта ўшчамляла суверэнныя правы БССР у зносінах з РСФСР, інш. сав. рэспублікамі і прадстаўніцтвамі замежных дзяржаў. Пасля ўтварэння СССР (30.12.1922) прадстаўніцтва пераўтворана ў Пастаяннае прадстаўніцтва СНК (СМ) БССР пры СНК (СМ) СССР (гл. Пастаяннае прадстаўніцтва Савета Міністраў БССР пры Савеце Міністраў СССР).

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 12, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕФЕ́РЫС (Seferis; сапр. Сеферыядыс; Sepheriadēs) Гіоргас

(19.2.1900, г. Ізмір, Турцыя — 20.9.1971),

грэчаскі пісьменнік, дыпламат; адзін з пачынальнікаў інтэлектуальнай плыні ў сучаснай навагрэч. паэзіі. Вучыўся ў Афінах і Парыжы (1914—25). У 1926—41, 1946—62 на дыпламат. службе. Друкаваўся з 1931. У ранніх зб-ках паэзіі «Паварот» (1931), «Вадаём» (1932), паэме «Легенды» (1935) уплывы неарамантызму; у зб-ках вершаў і паэм «Міфгісторыя» (1935), «Гімнапедыя» (1936), «Сшытак практыкаванняў» (1940), «Карабельныя дзённікі» (т. 1—3, 1940—55), «Кіхлі» (1947), «Кіпр, край майго прароцтва» (1955), «Тры шчырыя паэмы» (1966) і інш. уплывы франц. паэтаў-сімвалістаў і Т.​С.​Эліята, перапляценне інтэрпрэтацый стараж.-грэч. міфаў з роздумам пра цяперашні лёс суайчыннікаў, найперш інтэлектуалаў. Аўтар эсэ, у т. л. «Пра іншаземны верш» (1932), «Дыялог пра паэзію» (1939), «Спробы» (1944), «Мова нашай паэзіі» (1965), дарожных нататак «Тры дні ў манастырах Кападокіі» (1953), рамана «Шэсць начэй на Акропалі» (апубл. 1976), дзённікаў і інш. Нобелеўская прэмія 1963.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Геракл и мы: Современная греч. поэзия. М., 1983;

У кн.: Поэты-лауреаты Нобелевской премии. М., 1997.

Л.​П.​Баршчэўскі.

Г.Сеферыс.

т. 14, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)