Сму́глы1 ‘з больш цёмнай афарбоўкай (у параўнанні са звычайным колерам) скуры’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сцяшк.; іўеў., Сл. ПЗБ), сюды ж смуго́лы ‘блякла-чырвоны, ружаваты’, смуго́ль ‘загарэлы, зрудзелы на сонцы’ (Барад.). Укр. смугли́й, рус. сму́глый, рус.-ц.-слав. смугльныи ‘цёмны’, серб.-харв. смугао. Лічыцца роднасным літ. smáugti ‘ціснуць, душыць’, с.-в.-ням. smouch ‘дым’, англ.-сакс. sméocan ‘дыміць’, англ. to smoke ‘дыміць, курыць’, грэч. δμύχω ‘вару; смажу на слабым агні’ і інш., гл. Фасмер, 3, 693 з іншай літ-рай. На падставе існавання формы смяглы (гл.) Брандт (РФВ, 24, 181) і інш. дапускалі чаргаванне галосных *smǫg‑:*smęg‑, якія працягваюць і.-е. *(s)mū̆k(h)/(*s)meuk(h)‑/(*s)meug(h)‑ ‘дыміць, павольна спальваць; дым’; гл. ЕСУМ, 5, 330. Міклашыч (311), Праабражэнскі (2, 340) меркавалі таксама аб сувязі са смага (гл.), як у пары хмура/хмара. У Огледна св. (69–70) выводзіцца з прасл. *smugъ, акрамя серб. смуг ‘попельна-шэры’, прадстаўленага і ў бел. смуга ‘імгла, імжа’, як варыянта да *smǫglъ, што паходзіць ад незахаванага *smǫgnǫti. Гл. таксама Рачава, Studia Etym. Brun., 3, 326.

Сму́глы2гонкі (пра дрэва)’ (брасл., Сл. ПЗБ). З польск. smukły ‘высокі і шчуплы; тонкі, стройны’, якое ад ст.-польск. smuknąć ‘пагладзіць, дакрануцца’; гл. Борысь, 564.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

race

I [reɪs]

1.

n.

1) вы́перадкі, го́нкі (у бе́гу, пла́ваньні)

2) су́сьцігі, ска́чкі pl.

obstacle race — ска́чкі зь перашко́дамі

2.

v.i.

1) браць удзе́л у го́нках

2) ху́тка ру́хацца, бе́гчы

3.

v.t.

1) гнаць (каня́)

2) гнаць машы́ну, дава́ць по́ўны газ

- race against time

II [reɪs]

n.

1) ра́са f.

the white race, the yellow race — бе́лая ра́са, жо́ўтая ра́са

the human race — чалаве́цтва n.

2) паро́да f., род -у m.

3) гру́па f., кля́са f.

the brave race of seamen — му́жны род марако́ў

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

МІЛІТАРЫ́ЗМ (ад лац. militaris ваенны),

сістэма палітычных, эканамічных і ідэалагічных сродкаў, арыентаваных на нарошчванне ваен. моцы дзяржавы, стварэнне ваен.-паліт. блокаў, узмацненне ў грамадстве ролі ўзбр. сіл, ваен.-прамысл. комплексаў (ВПК) і звязаных з імі ін-таў і арг-цый.

Як сацыяльная з’ява М. узнік ва ўмовах пераходу першабытнаабшчыннага ладу ў рабаўладальніцкі. З цягам часу паліт., эканам. і інш. грамадскія адносіны ўсё больш замацоўваліся насіллем, у т. л. ўзброеным, расло значэнне мілітарысцкай палітыкі ў міжнар. адносінах (тэрмін «М.» з’явіўся ў сярэдзіне 19 ст.). Мілітарысцкая палітыка шэрагу дзяржаў прывяла ў 20 ст. да 2 сусв. і больш як 300 лакальных войнаў, у час якіх загінула каля 100 млн. чал. Да 1970-х г. у выніку гонкі ўзбраенняў ядзерныя арсеналы вядучых дзяржаў свету шматразова перасягнулі т.зв. ўзровень «непрымальнай шкоды» (сукупная ядзерная магутнасць 400 Мт дастатковая для знішчэння ​1/3 насельніцтва і ​1/2 прамысл. патэнцыялу буйной краіны). Новая стратэг. сітуацыя, якая атрымала назву «ўзаемнага гарантаванага знішчэння», а таксама шэраг інш. вынікаў мілітарызацыі, звязаных гал. чынам з узмацненнем яе негатыўных сац. бакоў (разбурэнне эканомікі, ускладненне экалагічных праблем, пагроза псіхіцы чалавека і інш.) прымусілі найб. моцныя ядзерныя дзяржавы да заключэння шэрагу пагадненняў (дагавораў) пра абмежаванне стратэг. наступальных узбраенняў, сістэм проціракетнай абароны і інш., а таксама па папярэджванні развіцця М. ў грамадстве. У сучасных умовах ядро М. ў большасці дзяржаў складаюць іх узбр. сілы з адпаведнай інфраструктурай, базай камплектавання, сістэмай кіравання і ідэалаг. забеспячэння. Суб’ектамі мілітарызацыі з’яўляюцца таксама ваен.-паліт. блокі і іх органы кіравання. Важным звяном М. з’яўляюцца навук. і даследчыя цэнтры, грамадскія арг-цыі, якія дзейнічаюць у інтарэсах ВПК, і інш. М. ўласціва гонка ўзбраенняў, рост ваен. бюджэтаў, нарошчванне ваен. прысутнасці па-за межамі сваіх краін, стварэнне і пашырэнне ваен.-паліт. блокаў, агрэсіўныя паводзіны ў адносінах да інш. дзяржаў, а таксама ўзмацненне ўплыву ВПК на эканоміку, палітыку, ідэалогію, выкарыстанне ўзбр. сіл у інтарэсах груповак, якім належыць улада, і інш. М. з’яўляецца апорнай базай аўтарытарных і таталітарных паліт. рэжымаў.

Да пач. 1990-х г. у сувязі з шэрагам геапалітычных фактараў (ваен.-паліт. процістаянне СССР і ЗША і інш.), а таксама з прычыны вываду шэрагу часцей, злучэнняў і аб’яднанняў Узбр. Сіл СССР з Германіі, Польшчы, Венгрыі і Чэхаславакіі ў зах. рэгіёны СССР мілітарызацыя тэр. Беларусі значна павялічылася. Пасля атрымання незалежнасці Рэспубліка Беларусь пачала раззбраенне, канверсію, рэфармаванне Узбр. Сіл і ваенна-прамысл. комплексу. Упершыню ў сусв. гісторыі бяз’ядзерны статус атрымала краіна, на тэр. якой знаходзіўся вял. ядзерны арсенал і значны патэнцыял М.

Літ.:

Рыбкин Е.И. Война и политика в современную эпоху. М., 1973;

Денисов В.В. Социология насилия. М., 1975;

Космическое оружие: Дилемма безопасности. М., 1986;

История войн. Т. 1—3. Ростов н/Д, 1997;

Каурин М.И. Наш ориентир — профессионалы // Армия. 1996. № 1.

Р.​Ч.​Лянькевіч, В.​М.​Пташнік.

т. 10, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНА́,

вырашэнне сродкамі ўзбр. насілля эканам., нац., грамадска-паліт., рэліг., тэр. і інш. супярэчнасцей паміж дзяржавамі, народамі, нацыямі і сац. групамі. Гал. сродкі вядзення вайны — узбр. сілы, армія, інш. ваенізаваныя фарміраванні. Вайна, як правіла, вядзе да буйных чалавечых ахвяр, страты матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, разбуральна ўздзейнічае на грамадства.

У першабытнаабшчынным грамадстве ўзбр. сутыкненні родаў і плямён былі разнавіднасцю барацьбы за выжыванне. З узнікненнем дзяржавы як органа ажыццяўлення ўнутр. і знешняй палітыкі пануючых класаў вайна набыла грамадска-паліт. змест, што запатрабавала стварэння спец. атрада ўзбр. людзей — арміі. Узбр. насілле станавілася ўсё больш дзейсным сродкам узбагачэння, узмацнення эканам. і паліт. панавання, заняволення народаў. Як мера ў адказ на сац. насілле і эксплуатацыю барацьба заняволеных народаў нярэдка набывала форму грамадзянскай вайны або вызваленчай.

Войны класіфікуюць паводле вылучэння найб. істотных падстаў для іх развязвання. Найб. агульныя і найчасцей выкарыстоўваліся сац.-паліт., ваен.-тэхн., маштабныя (колькасныя), гіст. падставы. Паводле сац.-паліт. падстаў войны падзяляюць на роды, тыпы і віды, кожны з іх аб’ядноўвае пэўныя групы войнаў, якія маюць падобныя сац.-паліт. прыкметы. У сучаснай ваен. тэорыі пашыраны падзел войнаў на справядлівыя і несправядлівыя. Да справядлівых адносяць войны народаў за вызваленне ад эксплуатацыі і нац. прыгнёту або для абароны сваёй краіны ад агрэсіі; несправядлівыя войны накіраваны на задушэнне нац.-вызв. барацьбы, захоп чужых тэрыторый, заняволенне і рабаванне інш. народаў і г.д. Сіламі міжнар. рэакцыі падрыхтаваны і развязаны першая сусветная вайна 1914—18, самая вял. і кровапралітная ў гісторыі чалавецтва другая сусветная вайна 1939—45. Састаўной часткай апошняй была справядлівая Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. У перыяд навук.-тэхн. прагрэсу войны становяцца асабліва разбуральныя. Уступленне чалавецтва ў 2-й пал. 20 ст. ў ядзерны век істотным чынам змяніла змест войнаў, адносіны да іх сусв. супольніцтва. Пагроза ядзернай вайны паставіла перад чалавецтвам пытанне пра неабходнасць выключэння войнаў як сродку вырашэння любых міждзярж. і ўнутрыдзярж. спрэчак. Статут ААН замацаваў прынцып забароны вайны. У 1974 29-я сесія Генеральнай асамблеі ААН прыняла спец. рэзалюцыю «Аб вызначэнні агрэсіі», паводле якой для дзяржавы-агрэсара прадугледжана паліт. і матэрыяльная адказнасць, а асобы, вінаватыя ў планаванні, падрыхтоўцы і развязванні вайны (агрэсіі), нясуць крымін. адказнасць. Такая ж мера пакарання выкарыстана Нюрнбергскім і Такійскім міжнар. трыбуналамі ў 1945 у адносінах да ваен. злачынцаў фаш. Германіі і мілітарысцкай Японіі, якія развязалі 2-ю сусв. вайну.

Сац. і маральны прагрэс з’яўляецца гіст. перадумовай выключэння вайны з жыцця грамадства і ўсталявання трывалага міру і згоды на зямлі. Практыка міжнар. жыцця ўсё больш схіляецца да ідэі мірнага суіснавання, спынення гонкі ўзбраенняў, абмежавання, скарачэння і ліквідацыі назапашаных сродкаў вядзення вайны (гл. Раззбраенне). Ажыццяўляюцца меры па стварэнні матэрыяльных гарантый міжнар. бяспекі; паміж вядучымі дзяржавамі заключаны пагадненні па аслабленні пагрозы вайны. Падзеі канца 1980 — пач. 1990-х г.: аб’яднанне Германіі, спыненне супрацьстаяння блокаў ваенных пасля роспуску арганізацыі Варшаўскага Дагавора 1955, выступленне сіл шматнацыянальнай кааліцыі супраць анексіі Іракам Кувейта, супрацоўніцтва краін у рамках праграмы Арганізацыі паўночна-атлантычнага дагавора (НАТО) «Партнёрства дзеля міру» па спыненні грамадз. вайны ў Босніі і Герцагавіне і г.д., — зрабілі ўплыў на ўсю структуру сучасных міжнар. адносін, павысілі аўтарытэт і ролю ААН, АБСЕ, выявілі значэнне міжнар. супрацоўніцтва ў справе процістаяння войнам і агрэсіі. Аднак у розных рэгіёнах свету не затухаюць ваен. канфлікты, гінуць людзі, знішчаюцца матэрыяльныя і культ. каштоўнасці, а на ваен. падрыхтоўку затрачваюцца вял. сродкі.

Тэр. Беларусі з-за яе геагр. становішча неаднаразова на працягу апошніх стагоддзяў станавілася арэнай самых актыўных ваен. дзеянняў, якія прывялі да вял. матэрыяльных і людскіх страт (у 2-ю сусв. вайну Беларусь страціла каля 2,5 млн. жыхароў). Пасля набыцця незалежнасці і прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 у знешняй палітыцы Беларусі перш за ўсё замацаваны прынцыпы роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутр. справы інш. дзяржаў. Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай. Прапаганда вайны, паводле нац. заканадаўства, з’яўляецца злачынствам і праследуецца ў крымін. парадку.

Літ.:

Фуллер Дж.Ф. Вторая мировая война 1939—1945 гг.: Пер. с англ. М., 1956;

Вержховский Д.В., Ляхов В.Ф. Первая мировая война 1914—1918 гг. М., 1964;

Кибернетика, ноосфера и проблемы мира. М., 1986.

Г.​А.​Маслыка.

т. 3, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)