палінгене́з

(ад гр. palin = зноў + -генез)

1) з’яўленне ў зародка прымет, уласцівых для дарослых форм далёкіх продкаў;

2) пераўтварэнне горных парод шляхам пераплаўлення ў глыбокіх зонах зямной кары.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

марфагене́з

(ад гр. morphe = форма + -генез)

1) працэс узнікнення і развіцця форм рэльефу зямной паверхні;

2) узнікненне і развіццё органаў і частак арганізма ў час яго індывідуальнага развіцця (антагенезу).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

намагене́з

(ад гр. nomos = закон + -генез)

антыдарвінаўская канцэпцыя развіцця жывой прыроды, паводле якой эвалюцыя арганізмаў адбываецца не на аснове прыроднага адбору, а пад уздзеяннем унутраных заканамернасцей (гл. таксама аўтагенез).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

катагене́з

(ад ката- + -генез)

1) кірунак эвалюцыйнага працэсу ў бок спрашчэння будовы і функцыі арганізмаў;

2) змена асадачных горных парод пасля з’яўлення іх у выніку дыягенезу да ператварэння ў метамарфічныя пароды.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аўтагене́з

(ад аўта- + -генез)

агульная назва кірункаў у эвалюцыйным вучэнні, якія разглядаюць гістарычнае развіццё жывой прыроды як працэс, што адбываецца незалежна ад умоў існавання толькі пад уздзеяннем унутраных, нематэрыяльных фактараў (проціл. эктагенез).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

біягене́з

(ад бія- + -генез)

1) утварэнне арганічных злучэнняў жывымі арганізмамі;

2) тэорыя ўзнікнення жыцця на Зямлі, паводле якой мяркуецца, што зародкі жывых істот былі занесены на Зямлю з іншых нябесных цел (параўн. абіягенез).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АНТАГЕНЕ́З [ад грэч. on (ontos) існае + ...генез],

індывідуальнае развіццё арганізма ад яго зараджэння да смерці (у аднаклетачных арганізмах да дзялення клеткі і ўтварэння новых асобін). Уключае паслядоўныя марфал., біяхім., функцыян. пераўтварэнні, што ўзнікаюць на працягу існавання арганізма. З’яўляецца сціслым, кароткім паўторам (рэкапітуляцыяй) філагенезу (паводле Э.​Гекеля, ням. заолага, які ўвёў тэрмін у 1866). Паводле сучасных уяўленняў, антагенез рэалізуецца па пэўнай праграме, закладзенай у кодзе спадчыннай інфармацыі. Усе новыя ў эвалюц. адносінах прыкметы ўзнікаюць у раннім антагенезе і могуць перадавацца наступным пакаленням. Найбольш распаўсюджаны 3 тыпы антагенезу жывёл: лічынкавы (развіццё з метамарфозай, непрамое), нелічынкавы (прамое развіццё, калі фарміраванне арганізма з зіготы адбываецца ў яйцы), унутрывантробнае развіццё (пры жыванараджэнні, калі фарміраванне дзіцяняці да нараджэння адбываецца ў яйцаводах і матцы мацярынскага арганізма). У кожным з тыпаў антагенезу вылучаюць перыяды, якія адрозніваюцца формамі жыццёвай дзейнасці. Пераход з аднаго перыяду ў другі — пераломны момант у жыцці асобін. У жывёл, што размнажаюцца палавым шляхам, і ў чалавека адрозніваюць асн. перыяды: перадзародкавы (утварэнне палавых клетак у працэсе гаметагенезу), эмбрыянальнае развіццё (драбленне, гаструляцыя, аргана- і гістагенез) і пасляэмбрыянальнае развіццё. У рэгуляцыі антагенезу ў шматклетачных жывёл і чалавека вял. роля належыць нерв. і эндакрыннай сістэмам. У раслін, якія размнажаюцца палавым шляхам, антагенез пачынаецца з развіцця аплодненай яйцаклеткі; характэрная яго асаблівасць — чаргаванне бясполага (спарафіт) і палавога (гаметафіт) пакаленняў. Пры вегетатыўным размнажэнні антагенез пачынаецца з дзялення саматычных клетак, у т. л. клетак спецыялізаваных органаў (клубняў, цыбулін, карэнішча і інш.). Цэласнасць раслін у антагенезе забяспечваюць фітагармоны і абмен метабалітамі паміж рознымі іх органамі. Залежна ад умоў навакольнага асяроддзя ў антагенезе раслін магчымы перыяды спакою, інтэнсіўнага росту і інш.

т. 1, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

метагене́з

(адмета- + -генез)

1) адна з форм чаргавання пакаленняў у жывёл, пры якой пакаленне, што развілося палавым шляхам, змяняецца пакаленнем, якое размнажаецца бясполым шляхам;

2) сукупнасць працэсаў ператварэння асадачных горных парод пры апусканні іх у больш глыбокія гарызонты літасферы ва ўмовах павышэння ціску і тэмпературы (параўн. гетэрагонія).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АНТРАПАГЕНЕ́З (ад антра́па... + ...генез),

1) станаўленне чалавека як біял. віду ў працэсе фарміравання супольнасці — сацыягенезу.

2) Раздзел антрапалогіі, які вывучае гэту з’яву. Тэорыя антрапагенезу дае адказы на пытанні, дзе і пры якіх абставінах з’явіўся чалавек на Зямлі. Тэорыя эвалюцыі грунтуецца на выніках біял. і грамадскіх навук. Іх узаемадзеянне па пытанні ўзнікнення чалавека і яго развіцця склала паняцце «сінтэтычная тэорыя эвалюцыі». Факты, якія пацвярджаюць роднасныя сувязі чалавека і жывёл, падзяляюцца на прамыя (касцявыя рэшткі выкапнёвага чалавека, яго бліжэйшых продкаў і блізкія да іх формаў) і ўскосныя (параўнальна-анатамічныя, фізіялагічныя, біяхімічныя, генетычныя і інш.).

Асн. прынцыпы навук. тэорыі антрапагенезу (роднаснасць продкаў чалавека з чалавекападобнымі малпамі шымпанзэ, гарылай, арангутангам) абгрунтавалі ў канцы 19 ст. Ч.​Дарвін і Т.​Гекслі. Вывучэнне выкапнёвых рэшткаў паказала, што ў чалавека і ў сучасных малпаў былі агульныя продкі, якія засялялі Афрыку, Азію, часткова Еўропу больш за 20 млн. г. назад. У біял. эвалюцыі чалавека вылучаюць паслядоўныя стадыі: пераходных істот, або аўстралапітэкаў, якія з’явіліся каля 5 млн. г. назад; архантрапаў (жылі каля 1,5 млн. — 200—150 тыс. г. назад); палеаантрапаў (жылі больш за 100—35 тыс. г. назад); сучаснага чалавека (Homo sapiens; з’явіўся больш за 50 тыс. г. назад). Найб. важныя фактары антрапагенезу — прыстасаванне (адаптацыя) да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя праз працоўную дзейнасць і пераход ад расліннай ежы да мясной. Гэтыя змены ў паводзінах былі выкліканы пагаршэннем умоў існавання ў ледавіковую эпоху.

Вылучаецца біял. адаптацыя, у ходзе якой мяняюцца марфалагічныя асаблівасці (прамахаджэнне і звязаная з ім зменлівасць верхніх і ніжніх канечнасцяў, будова таза і інш.), і адаптацыя паводзін, звязаных са зменай спосабаў жыцця (гл. Адаптацыя сацыяльная). Развіццё грамадства (сацыягенез) адбывалася разам з біял. эвалюцыяй чалавека. Першыя прылады працы з’явіліся больш за 2 млн. г. назад. Мова як сродак зносін людзей сфарміравалася на стадыі архантрапаў. На стадыі палеаантрапаў пачалі фарміравацца ідэалагічныя ўяўленні, якія працягваюць развівацца ў людзей больш позніх відаў, а таксама выявіліся культ. адрозненні — аснова сучасных этнічных асаблівасцяў.

Літ.:

Алексеев В.П. Становление человечества. М., 1984;

Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989;

Фоули Р. Еще один неповторимый вид: Пер. с англ. М., 1990.

Л.​І.​Цягака.

т. 1, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)