...ГЕНЕЗ (ад грэч. genesis паходжанне), другая састаўная частка складаных слоў, што па значэнні адпавядае словам «род», «паходжанне» і абазначае: які звязаны з працэсам утварэння, узнікнення і далейшага развіцця, напр., гістагенез, алагенез.

т. 5, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАГЕНЕ́З (ад грэч. oros гара + ...генез) у геалогіі, тое, што Гораўтварэнне.

т. 1, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАГЕНЕ́З (ад гетэра... + ...генез),

1) змена спосабаў размнажэння ў арганізмаў на працягу двух ці больш пакаленняў.

2) Раптоўнае ўзнікненне асобін, якія рэзка адрозніваюцца шэрагам прыкмет ад бацькоўскіх формаў. Адкрыццё гетэрагенезу ням. гістолагам Р.А.Кёлікерам (1864) і рус. вучоным С.І.Каржынскім (1899) дало пачатак мутацыйнай тэорыі.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОРФАГЕНЕ́З (ад морфа + ...генез),

формаўтварэнне, узнікненне і развіццё структур арганізма ў індывідуальным (антагенез) і эвалюцыйным (філагенез) развіцці. Індывідуальны М. — сукупнасць працэсаў развіцця аплодненай яйцаклеткі, што прыводзіць да ўтварэння складанага шматклетачнага арганізма. У філагенет. М. пры атрыманых у спадчыну зменах генома відазмяняюцца морфагенет. карэляцыі арганізма. Працэсы, што спрыяюць выжыванню віду, замацоўваюцца натуральным адборам, у выніку паяўляюцца патомкі з новай структурай.

А.С.Леанцюк.

т. 10, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫСТАГЕНЕ́З (ад грэчаскага aristos найлепшы + ...генез),

эвалюцыйная канцэпцыя аўтагенетычнага характару (гл. Аўтагенез), паводле якой прагрэсіўная эвалюцыя ажыццяўляецца ў выніку ўзнікнення і назапашвання асобных «генаў паляпшэння» — арыстагенаў; разнавіднасць неаламаркізму. На думку амерыканскага біёлага Г.Осбарна (1931, аўтара арыстагенезу), змены, абумоўленыя арыстагенамі, пры ўзнікненні нязначныя і непатрэбныя, але паступова, на працягу многіх пакаленняў, пад уплывам розных фактараў яны назапашваюцца, узмацняюцца і пад уздзеяннем натуральнага адбору вядуць да ўзнікнення новага прыстасавання.

т. 2, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАГЕНЕ́З (ад аўта... + ...генез),

у эвалюцыйным вучэнні адна з канцэпцый, у аснове якой ляжыць перадумова аб незалежнай ад знешніх умоў эвалюцыі жывой прыроды, што накіроўваецца і рэгулюецца ўнутр. нематэрыяльнымі фактарамі. Аўтагенез блізкі да віталізму. Аўтагенетычны характар маюць вучэнні аб градацыі Ж.Б.Ламарка, арыстагенез Г.Осбарна, батмагенез Э.Копа, номагенез Л.С.Берга і інш. Прыхільнікі аўтагенезу бачаць доказы аўтагенетычных тэндэнцый эвалюцыі ў з’явах эвалюцыйнага паралелізму і канвергенцыі ў біялогіі.

т. 2, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЦЭНАГЕНЕ́З (ад біяцэноз +...генез),

гістарычны працэс фарміравання і развіцця біяцэнозаў. Адбываецца праз змену (экзагенез) відаў, якія дамінуюць (з іх кансорцыямі), змену складу біяцэнозаў уключэннем і выключэннем (трансгенез) відаў і некаторай іх трансфармацыяй (спецыягенез). Кожны этап біяцэнагенезу ва ўмераным клімаце дынамічны і адбываецца на працягу некалькіх тысячагоддзяў; на раўнінах трапічнай зоны доўжыцца мільёны гадоў. Суправаджаецца фарміраваннем новых рознасцяў глебаў, жывых арганізмаў і інш. Сінонімы біягенацэнозу — філацэнагенез і фітацэнагенез — прапанаваў сав. вучоны У.М.Сукачоў.

т. 3, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАГЕНЕ́З (ад грэч. kata уніз + ...генез),

кірунак эвалюцыі, які прыводзіць да агульнага недаразвіцця і спрашчэння будовы арганізма дадзенай групы. Звязаны з пераходам у спрошчанае экалагічнае асяроддзе (напр., сядзячы спосаб жыцця, паразітызм і інш.). Прыводзіць да агульнага зніжэння морфафізіял. арганізацыі, дэзінтэграцыі, дэгенерацыі і рэдукцыі некат. органаў і іх сістэм (катамарфоз). Абумоўлены экалагічнымі і генет. аспектамі рэгрэсіўнай эвалюцыі. Напр., групы, якія зведалі К.: абалоннікі, імшанкі, калаўроткі, падводныя кветкавыя расліны, тлі, чарвяцы.

т. 8, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАГЕНЕ́З (ад літа... + ...генез),

сукупнасць прыродных працэсаў утварэння і пераўтварэння асадкаў і асадкавых горных парод у нетрах. Асн. фактары Л. — тэмпература, ціск, падземныя воды і арган. рэчывы. Вылучаюць 3 стадыі Л. (дыягенез, катагенез і метагенез), якім адпавядаюць аднайменныя зоны ў асадкавым чахле. Зоны Л. мяжуюць з зонамі седыментагенезу ці гіпергенезу ўверсе і зонай метамарфізму ўнізе.

Літ.:

Байков А.А., Седлецкий В.И. Литогенез (мобилизация, перенос, седиментация, диагенез осадков). Ростов н/Д, 1997;

Страхов Н.М. Основы теории литогенеза. Т. 1—3. М., 1960—62.

А.А.Махнач.

т. 9, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАГЕНЕ́З (ад ала... + ...генез),

кірунак эвалюцыі групы арганізмаў, пры якой у блізкіх відаў адбываецца змена адных прыватных прыстасаванняў на іншыя, а агульны ўзровень арганізацыі застаецца ранейшым. Выяўляецца гэта ў адаптыўных ператварэннях (напр., пры змене асяроддзя наземнага на воднае) — аламарфозах, або ідыяадаптацыях.

Адзначаецца на ўсіх стадыях індывід. развіцця жывёлы — ад зародка, лічынкі і маляўкі да дарослай асобіны. Пры гэтым адны органы прагрэсіўна развіваюцца, іншыя — трацяць функцыян. значэнне і рэдукуюцца. Прыкладам прыстасавання арганізмаў да спецыфічных умоў эмбрыянальнага або лічынкавага развіцця (цэнагенез) з’яўляюцца якасныя новаўтварэнні: амніён, харыён, плацэнта і інш.

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)