разбе́гчыся, ‑бягуся, ‑бяжышся, ‑бяжыцца; ‑бяжымся, ‑бежыцеся, ‑бягуцца; пр. разбегся, ‑глася; зак.
1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Бягом накіравацца з аднаго месца ў розныя бакі (пра некалькіх, многіх людзей або жывёл). Натоўп разбегся. Аставаліся купкі загнаных у падваротні, прыціснутых да зачыненых пад’ездаў людзей. Караткевіч. Салдаты разбегліся садзіцца ў цяплушкі, зазываючы да сябе гарманіста. Гурскі. Шмыгануўшы цераз вал, імкліва скаціліся два пушыстыя клубочкі, чорны і белы, і разбегліся ў розныя бакі. Гэта былі маладзенькія трусы. Ракітны. // Разысціся, рассеяцца, пабегшы ў розных напрамках (пра некалькіх, многіх людзей або жывёл.) — Ну, пайшлі, — падняўся дзядзька і паклікаў пляменнікаў, якія разбегліся па лесе. С. Александровіч. Часам недзе вылі ваўкі. Казалі, што гэта нямецкія аўчаркі, якія разбегліся па лесе, калі пачалося наша наступленне. Асіпенка.
2. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Паспешліва пакінуць каго‑, што‑н., накіраваўшыся ў розныя бакі (пра некалькіх, многіх людзей або жывёл). У той дзень, калі ўступілі немцы, у бальніцы заставаўся ён, Сцяпан Андрэевіч, ды я. Усе разбегліся. Нават хворыя паўцякалі, хто мог хадзіць. Шамякін. // Спешна пакінуць месца сваёй работы, службы (пра многіх). — Як жа я магу цяпер узяць цябе на будоўлю?! Уся брыгада разбяжыцца. Чарнышэвіч.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка расступіцца, рассунуцца ў розныя бакі (пра неадушаўлёныя прадметы). Калі заслона разбеглася па баках, Міхась адразу ж вылучыў з усяго квяцістага хору дзяўчыну, якую сустрэў на вуліцы. Рамановіч. Раптоўна кусты разбегліся ў бакі, і падарожнікі апынуліся перад шырокай лесвіцай з высокімі выцертымі ступенямі. Б. Стральцоў.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка перакінуцца з прадмета на прадмет, не спыніўшыся ні на адным (пра думкі, пачуцці). Думкі разбегліся.
5. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Хутка разысціся ад чаго‑н. у розныя бакі. Разбегліся чародкі хмарак Ад крылаў іх [буслоў], Як ад вінта. Чарняўскі. // Накіравацца з аднаго месца ў розных напрамках (пра вуліцы, дарогі, ручаі і пад.). Разбегліся ў полі Жытнёвыя сцежкі... Кляўко. Вуліцы вёскі Камсамольская разбегліся па ўзгоркавых схілах каля невялікай рачулкі. Хведаровіч. Калі мінуць хвойнічак, ідучы праз яго, дык праз чвэртку кіламетра якога разбяжыцца поле і шлях. Чорны. Ляснічы бачыў, як перажывае Лугавы за сына, як змарнеў чалавек за тыя дні: маршчыны частымі барознамі разбегліся ад шчылінаквачэй. Даніленка.
6. У бегу набраць вялікую скорасць. Бяда толькі, што не разбяжышся, як след: і цесна, і маці ўшчувае: — Кінь ты дурыкамі займацца. Лынькоў. То разбяжыцца, То пухам засцелецца, Гойкае, кружыць, Спявае мяцеліца. Броўка.
7. Прабегчы некаторую адлегласць, каб набраць скорасць для скачка, пад’ёму і пад. Схапіўшы на рукі Марынку, я разбеглася. Лёд затрашчаў пад нагамі, але мы праехалі каляіну да канца. Савіцкі. Віця апусціў рэйку ніжэй. Мара адышоў да дзвярэй, потым разбегся і скочыў. Бяганская.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хутка, скора, шпарка, быстра, спешна, паспешна, паспешліва, спехам, спяшаючыся, торапка, таропка, тарапліва, жвава, мігам, уміг, імкліва, імпэтна, імгненна, вокамгненна, увачавідкі, ураз, умомант, бегла, маланкава, кулём, стрымгалоў, наўскач, бягом, бегма, лёцьма, улёт; наскора, духам (разм.); шыбка, моцна, борзда, борздка, хапатліва, хапліва, упохапкі, хапаючыся, вобмельгам, вомегам, вобцас, кумільгом, кумільгна, наўскапыта, учвалам, угрунь, сугрунём (абл.); ліхаманкава, шалёна, ашалела, птушкай, каменем, куляй, стралой, ветрам, віхрам, агнём, перуном, маланкай, безаглядна (перан.) □ у хуткім тэмпе, на скорую руку, спешным парадкам, наспех, у той жа час, у адзін момант, як адзін момант, у хвіліну, за адну хвіліну, у мінуту, у імгненне, у адно імгненне, у імгненне вока, у міг вока, у два мігі, у вачах, на вачах, як бачыш, як відзіш, як на дражджах, не па днях, а па гадзінах, на ўвесь дух, ва ўвесь дух, у адзін дух, адным духам, што ёсць духу, адным дыхам, колькі сілы, што сілы, на ўсю сілу, як дуж, як мага, на ўсе жылы, адным махам, у абгонкі, на хаду, на ўвесь ход, на поўны ход, на ўвесь скач, на адной назе, ва ўсе ногі, з усіх ног, з усіх чатырох ног, не чуючы ног, у два скокі, ва ўсе лапаткі, на злом галавы, на злом шыі, з усіх капытоў, без аглядкі, як на пажар, высалапіўшы язык, як куля, як корак з бутэлькі, як птушка, на крылах, на крыллях, як маланка, як страла, як вецер, як віхор, на ляту, раз-раз, раз-два
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)