А́НГЛА-БІРМА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,

захопніцкія войны Англіі супраць Бірмы (цяпер М’янма). У першай англа-бірманскай вайне (1824—26) англ. войскі сустрэлі ўпартае супраціўленне бірманскай арміі на чале з Бандулам. Аднак пасля смерці Бандулы англічанам удалося прасунуцца да бірманскай сталіцы Ава. Паводле навязанага Бірме дагавора яна страціла вобласці Аракан, Тэнасерым, княствы Асам і Маніпур, абавязвалася выплаціць кантрыбуцыю і заключыць з Англіяй гандл. дагавор. У выніку другой англа-бірманскай вайны (1852) да англ. уладанняў далучана бірманская вобл. Пегу. У трэцяй англа-бірманскай вайне (1885) бірманская армія разгромлена і капітулявала. Бірма трапіла пад англ. панаванне і ўключана ў склад Індыі як асобная правінцыя.

т. 1, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗНАЧЭ́ННЕ ў граматыцы,

даданы член сказа, які паясняе словы з прадметнымі значэннямі, называючы прыкмету прадмета (яго якасць, форму, памер, матэрыял, адносіны да інш. прадметаў і г.д.). У бел. мове азначэнні падзяляюцца на дапасаваныя (сінтаксічная сувязь — дапасаванне, сродкі выражэння — прыметнік, дзеепрыметнік, займеннік, лічэбнік: «зялёная ялінка», «бацькава парада», «неадасланае пісьмо», «нашы сябры», «трэці год») і недапасаваныя (сінтаксічная сувязь — прымыканне, сродкі выражэння — назоўнік ва ўскосных склонах часам з прыназоўнікам, займеннік, інфінітыў, прыслоўе, а таксама словазлучэнні розных тыпаў: «дом восем», «дарога бацькоў», «дзяўчынка з бантам», «яе клопат», «імкненне вучыцца», «паварот налева», «стары высокага росту»). Асобная форма азначэнняў — прыдатак.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЫ́КУЛ (ад лац. articulus артыкул, раздзел),

1) невялікі (бывае і значны памерам) навуковы, публіцыстычны або літ.-крытычны твор у газеце, часопісе, зборніку, кнізе.

2) У праве — асобная самаст. частка нарматыўнага акта, у якой найчасцей змешчана адна юрыд. норма, адно абавязковае правіла. На Беларусі падзел нарматыўных актаў на паасобныя артыкулы практыкаваўся са старажытнасці, але тэрмін «артыкул» стаў ужывацца ва «Уставе на валокі» 1557, а потым і ў Статутах 1566 і 1588. З часам і асобныя законы пачалі называць артыкуламі.

3) У бухгалтарскім уліку і фін. планах — раздзел, які змяшчае назвы крыніц прыбытку і мэтавага прызначэння фінансавых затрат.

т. 1, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎХО́РДАВЫЯ (Hemichordata),

тып беспазваночных жывёл з групы другаснаротых. Вядомы з кембрыю (каля 550 млн. г. назад). 3 класы: выкапнёвыя грапталіты (паводле інш. класіфікацый падтып), сучасныя кішачнадыхальныя і перыстажабравыя; каля 95 сучасных відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, жывуць на дне. Рухомыя і прымацаваныя, адзіночныя і каланіяльныя формы.

Даўж. ад 0,2 мм да 2,5 м. Цела двухбакова-сім., складаецца з 3 аддзелаў хабатка (або галаўнога шчытка), каўнерыка і тулава. У кожным аддзеле ёсць асобная цэламічная поласць. Маюць хордападобны орган (натахорд, або стамахорд), які выконвае апорную функцыю. Кормяцца дэтрытам, дробнымі прыдоннымі і доннымі арганізмамі. Раздзельнаполыя і гермафрадыты, некат. могуць размнажацца пачкаваннем.

т. 12, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНАК,

матэрыяльны, пачуццёва ўспрымальны прадмет (з’ява, дзеянне), які выступае як прадстаўнік іншага прадмета, уласцівасці або адносін і выкарыстоўваецца для фіксавання, захоўвання, перапрацоўкі і перадачы інфармацыі. Адрозніваюць З. моўныя і нямоўныя (апошнія падзяляюцца на З.-копіі, З.-прыкметы, З.-сімвалы). Выконваюць гнасеалагічную (абазначае думку) і камунікатыўную (служыць сродкам зносін) функцыі. Разуменне З. немагчыма без высвятлення яго значэння: прадметнага, сэнсавага або экспрэсіўнага.

Гнасеалагічныя функцыі З. разглядалі ант. філосафы (Платон, Арыстоцель, стоікі), мысліцелі 17—18 ст. (Дж.​Лок, Г.​Лейбніц, Э.​Кандыльяк). У 19 ст. новае ў даследаванні З. ўнеслі лінгвістыка і матэм. логіка. У 20 ст. склалася асобная навука пра З. — семіётыка.

І.​І.​Мячыкава.

т. 7, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Моўчкі ’нічога не гаворачы’, ’паціху’, ’тайком’, ’пакорліва’, ’не пратэстуючы’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., ТС; КЭС, лаг.), моўчачкі, моўчыкі ’тс’ (петрык., З нар. сл.; Ян.), ст.-бел. мовчки — прыслоўе ў форме Т. скл. мн. л. о‑асноў (‑кы > ‑кі), утворанае ад наз. маўчок (< мовчокъ). Сюды ж моўчыкіасобная частка ў дзіцячай гульні ў скокі, калі трэба маўчаць’ (ТС). Да маўча́ць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трысціна́ ‘сцябло трыснягу’ (ТСБМ), трысціна́ ‘палка’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘трыснёг, Phragmites communis Trin.’ (зэльв., ваўк., слонім., віл., ЛА, 1), трысьцінаасобная пласцінка ў бёрдзе’ (Нік. Очерки), ‘кій, ляска, мыліца’ (Некр. і Байк.), тросці́на ‘пласцінка ў бёрдзе’ (ТС), ст.-бел. тростина, трисцина, трстина, трыстина ‘чарот’, ‘стрэмка’, ‘трыснёг’ (ГСБМ). Да тросць1, 2 (гл.) з суфіксам адзінкавасці ‑ін‑, гл. трасціна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

кадр

(фр. cadre = paмa)

1) асобны здымак на фота- або кінаплёнцы;

2) асобная сцэна або эпізод з кінафільма.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

фармуля́р, ‑а, м.

1. У дарэвалюцыйнай Расіі — паслужны спіс, куды заносіліся звесткі аб праходжанні службы чыноўнікам.

2. Спец. Асобная кніга або бланк, куды адносяцца асноўныя звесткі аб стане, эксплуатацыі, рамонце і пад. якога‑н. механізма, збудавання. Фармуляр машыны.

3. Бібліятэчная картка, у якой адзначаюцца звесткі аб кнізе і аб карыстанні ёю чытачом.

[Ням. Formular ад лац. formula — форма.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

курс², -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Закончаны цыкл, увесь аб’ём спецыяльнага навучання, якіх-н. працэдур.

К. сярэдняй школы.

К. гразелячэння.

2. Асобная гадавая ступень адукацыі ў вышэйшай школе і спецыяльных навучальных установах, а таксама група навучэнцаў гэтай ступені.

Скончыць к. ва ўніверсітэце.

Стараста курса.

Студэнт трэцяга курса.

3. Выклад навуковай дысцыпліны ў вышэйшай школе, у спецыяльнай навучальнай установе.

Прачытаць к. лекцый па гісторыі Беларусі.

|| прым. курсавы́, -а́я, -о́е.

Курсавая работа студэнта.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)