ВІНДСЁРФІНГ (англ. wind-surfing),

разнавіднасць паруснага спорту, гонкі на спец. дошцы (сёрфер, даўж. 3,7 м, шыр. 0,65 м, вага 27 кт) з замацаванай на ёй мачтай (выш. 4,2 м) з парусам (пл. 5,2 м²). Спартсмен стаіць на дошцы, рукамі ўтрымліваючы мачту з парусам, якая свабодна паварочваецца. Зарадзіўся ў ЗША (1968). Дзейнічае (з 1973) Міжнар. асацыяцыя віндсёрфінга (ІВА), чэмпіянаты свету і Еўропы з 1973; спаборніцтвы праводзяцца паводле правіл парусных рэгат. На Беларусі развіваецца з 2-й пал. 1970-х г.

т. 4, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

адчуванне, пачуццё, пачуванне, чуццё, уражанне, інстынкт, асацыяцыя

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

«ВА́ТРА», Беларуская асацыяцыя ўкраінцаў «Ватра»,

грамадская культ.-асв. арг-цыя. Засн. 25.9.1990 у Мінску з мэтай захавання і развіцця ўкр. мовы, культуры, нар. традыцый, гіст. і культ. спадчыны, фарміравання нац. самасвядомасці, падтрымкі культ. і дзелавых сувязей з Украінай і інш. краінамі, дзе жывуць украінцы, а таксама для абароны правоў і нац. гонару членаў асацыяцыі. Праводзіць фестывалі ўкр. песні, конкурсы дзіцячых малюнкаў, выстаўкі мастакоў, святкаванні юбілейных урачыстасцей укр. пісьменнікаў і дзеячаў культуры. Працуюць абл., раённыя і гар. аддзяленні (г. Гомель, Кобрын, Маладзечна, в. Калодзішчы Мінскага р-на).

т. 4, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

zrzeszenie

н. таварыства; аб’яднанне; саюз; асацыяцыя;

zrzeszenie sportowe — спартыўнае таварыства;

zrzeszenie branżowe — галіновае аб’яднанне

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

МАК-КЛІ́НТАК (McClintock) Барбара (16.6.1902, г. Хартфард, ЗША — 1992),

амерыканскі генетык. Чл. Нац. АН ЗША, Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыла Бруклінскі і Корнелскі ун-ты (1927). З 1927 у Корнелскім, з 1936 у Місурыйскім ун-тах, з 1941 у ін-це Карнегі ў Вашынгтоне. Навук. працы па цытагенетыцы. Апісала рад нястачы асобных локусаў у храмасомах кукурузы і яго генет. вынікі. Даказала наяўнасць абмену аднолькавымі гамалагічнымі ўчасткамі храмасом разам з лакалізаванымі ў іх генамі пры красінговеры. Вызначыла механізм сістэмы геннага кантролю на прыкладзе сістэмы «дысацыяцыя—асацыяцыя», адкрыла існаванне «кантралюючых элементаў», якія павялічваюць мутабільнасць. Нобелеўская прэмія 1983.

Б.Мак-Клінтак.

т. 9, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ САВЕ́Т АХО́ВЫ ПТУ́ШАК,

(International Council for Bird Preservation), міжнародная асацыяцыя нацыянальных арніталагічных і прыродаахоўных арганізацый. Засн. ў 1922 (з 1993 Bird Libe International). Дамагаецца захавання біял. разнастайнасці і ўстойлівага карыстання прыроднымі рэсурсамі шляхам аховы птушак і іх месцапражыванняў, а таксама адукацыі насельніцтва. Мае партнёраў і прадстаўнікоў больш чым у 100 краінах. Афіц. стратэгія і праграмы М.с.а.п. абмяркоўваюцца кожныя 4 гады на сусв. і рэгіянальных канферэнцыях. Кіруючы орган — Сусв. савет, каардынацыйны — сакратарыят. Самая аўтарытэтная ў свеце арг-цыя папытаннях статуса птушак сусв. фауны і пагрозы іх існаванню. М.с.а.п. супрацоўнічае з рэсп. т-вам «Ахова птушак Беларусі».

А.​Я.​Вінчэўскі.

т. 10, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІЯТЛО́Н,

спартыўнае комплекснае зімовае і летняе мнагабор’е. Уключае практыкаванні з лёгкай атлетыкі, лыжнага спорту, кулявой стральбы і плавання. Міжнар. асацыяцыя П. заснавана ў 1992. Летнія чэмпіянаты свету праводзяцца з 1992, зімовыя — з 1993, спаборніцтвы на Кубак свету — з 1995. Каманда Беларусі — сярэбраны прызёр летніх (1993, 1997) і зімовага (1994) чэмпіянатаў свету. Сярод бел. спартсменаў — чэмпіёны свету па летнім П.: П.​Варатынскі (1999), Г.​Галаўнёва (1993, 1997, 1998), Л.​Гісаў (1996), Н.​Лункіна (1999), А.​Няфёдаў (1997), Дз.​Парахневіч (1997), А.​Прыгажаеў і па зімовым П. — Н.​Бабкова (1994), Д.​Шаплыка (1993, 1994).

т. 12, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫПІ́ЛЕРЫ (ад англ. repeal разрыў),

удзельнікі нац. руху ў Ірландыі ў 1830—40-я г. за разрыў англа-ірландскай уніі 1801 і аднаўленне асобнага ірландскага парламента. Арганізатар руху Р. — Д.​О’Конел, пад кіраўніцтвам якога ў пач. 1830-х г. створаны першыя суполкі Р. У крас. 1840 засн. агульнанац. асацыяцыя Р., якая арганізоўвала мітынгі, петыцыі і інш. грамадз. акцыі ў падтрымку сваіх патрабаванняў. У 1842 сфарміравалася крыло радыкальных Р., якія лічылі разрыў уніі першым крокам у дасягненні поўнай незалежнасці Ірландыі. Фактычна рух Р. перастаў існаваць пасля смерці О’Конела. На яго аснове ўзнік шэраг новых ірландскіх нац. арг-цый.

т. 13, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНІТА́РЫІ (ад лац. unitas адзінства),

1) у шырокім сэнсе — тое, што антытрынітарыі.

2) Прыхільнікі унітарыянства — плыні ў пратэстантызме, што адмаўляе догмат пра Святую Тройцу, хрысц. вучэнне пра грэхападзенне і царк. таінствы. Цярпелі ганенні і ад католікаў, і ад пратэстантаў. З 1652 кансалідаваліся ў Англіі. У 1796 створана першая унітарыянская царква ў ЗША. З 20 ст. назіраецца тэндэнцыя да аб’яднання У. з прадстаўнікамі інш. пратэстанцкіх рухаў: у 1928 у Англіі створана Ген. асамблея унітарыянскіх і свабодных хрысц. цэркваў, у 1961 — Унітарыянска-універсалісцкая асацыяцыя, якая аб’яднала 800 цэркваў і 300 абшчын у ЗША, Канадзе і Мексіцы.

т. 16, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРГІ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (Virgin Islands), Віргінскія брытанскія астравы,

уладанне Вялікабрытаніі ў Вест-Індыі, на Малых Антыльскіх а-вах. Уключае ч. Віргінскіх а-воў. Пл. 153 км². Нас. 16,6 тыс. чал. (1991). Адм. ц. і порт Род-Таўн (каля 2,5 тыс. ж.) на в-ве Тартола. Афіц. мова англійская. Дзейнічае канстытуцыя 1977. Брыт. манарха прадстаўляе губернатар, у кампетэнцыі якога знаходзяцца абарона, унутр. бяспека, знешняя палітыка, дзярж. службы, сістэма правасуддзя. Ён жа ўзначальвае Заканадаўчы і Выканаўчы саветы.

Ва ўладанне ўваходзяць 40 астравоў, населены 16. Найбольшыя Тартола (54,4 км²), Анегада (38,8 км²), Вёрджын-Горда (21,4 км²). Астравы гарыстыя (г. Сейдж, 540 м), складзены з вапнякоў і крышт. парод. Клімат трапічны, гарачы і вільготны, з 2 засушлівымі сезонамі. Т-ра паветра 17—28 °C (зімой), 26—31 °C (летам). Ападкаў 1270 мм за год, з ліп. да ліст. ўраганы. У гарах захаваліся ўчасткі трапічных лясоў. Жывуць пераважна негры і мулаты. Больш за 80% насельніцтва на в-ве Тартола. Сярод вернікаў пераважаюць англікане, метадысты, адвентысты. Асн. галіна гаспадаркі — абслугоўванне турыстаў (каля 50% нац. даходу). Штогод астравы наведваюць каля 200—250 тыс. турыстаў пераважна з ЗША. Прадпрыемствы лёгкай, харч. (выраб рому, перапрацоўка рыбы), буд. матэрыялаў (экспарт жвіру і пяску) прам-сці. Здабыча солі. Вырошчваюць цукр. трыснёг, какосавыя арэхі, садавіну, агародніну. Пад ворывам каля 2 тыс. га, пад пашай каля 4 тыс. га. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, птушку. Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. і марскі. Грашовая адзінка — долар ЗША.

У 1960 абвешчаны асобнай тэрыторыяй, у 1967 атрымалі абмежаванае самакіраванне.

Дзейнічаюць Партыя Віргінскіх а-воў (кіруючая) і Аб’яднаная партыя, 2 прафсаюзы — Асацыяцыя працоўных грамадзян і Асацыяцыя настаўнікаў.

т. 4, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)