ПАЛІЯТЛО́Н,

спартыўнае комплекснае зімовае і летняе мнагабор’е. Уключае практыкаванні з лёгкай атлетыкі, лыжнага спорту, кулявой стральбы і плавання. Міжнар. асацыяцыя П. заснавана ў 1992. Летнія чэмпіянаты свету праводзяцца з 1992, зімовыя — з 1993, спаборніцтвы на Кубак свету — з 1995. Каманда Беларусі — сярэбраны прызёр летніх (1993, 1997) і зімовага (1994) чэмпіянатаў свету. Сярод бел. спартсменаў — чэмпіёны свету па летнім П.: П.​Варатынскі (1999), Г.​Галаўнёва (1993, 1997, 1998), Л.​Гісаў (1996), Н.​Лункіна (1999), А.​Няфёдаў (1997), Дз.​Парахневіч (1997), А.​Прыгажаеў і па зімовым П. — Н.​Бабкова (1994), Д.​Шаплыка (1993, 1994).

т. 12, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)